30.01.2025
30.01.2025

Кісларод у «сінім» паветры. Выстаўку Веранікі Ракашэвіч прадставілі ў Мінску

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

На другім паверсе Палаца мастацтва ёсць прастора Zal #2. Там зараз працуе выстаўка абстрактнага мастацтва Веранікі Ракашэвіч «Кісларод». У экспазіцыі гледачы могуць убачыць 22 работы мастачкі, у якіх можна разгледзець усе (ці амаль усе) адценні сіняга.

У выставачным праекце Веранікі Ракашэвіч ствараецца прастора паветра і вады, патоку, які неабходны чалавеку для адчування ўласнага існавання. Мастачка, выкарыстоўваючы прыёмы абстрактнага экспрэсіянізму, апускае нас у магутную плынь, энергію свабоды, якая адначасова эфемерная. Кісларод дае нам як бясконцасць быцця, так і адчуванне страху смерці. Ён таксама супярэчыўшы, як сама прырода сіняга. Аднак, у Веранікі Ракашэвіч экспрэсіўныя каляровыя плямы сутыкаюцца ў прасторы белага, што стварае адчуванне спакою і ўспрымання «кіслароду» як паветра.

На выстаўцы самая вялікая работа даўжынёй 12 метраў. Вераніка расказвае, што на стварэнне гэтай карціны спатрэбілася 10 слоікаў фарбы і тры тыдні часу.

 

— Канкрэтна гэтая работа — выклік, яна не ў маёй тыповай тэхніцы. Намаляваць карціну такога памеру прапанавала куратар выстаўкі Кацярына: яна расказала, што тут ёсць вялікая сцяна незвычайнай формы, — расказвае Вераніка. — Калі глядач глядзіць на мае карціны, яму можа быць нічога не зразумела, і часта людзей гэта, вядома, бянтэжыць.

Мастачка вельмі любіць сіні колер, усе яго адценні, перад праектам яна падумала, што ў яе так мала сініх карцін. Цяпер жа іх вельмі шмат! У серыі аўтар зрабіла 30 работ, але у галерэі выстаўлены дваццаць дзве. Мастачцы хацелася, каб у зале было больш паветра, таму спыніліся на такой колькасці.

Кісларод - гэта жыццёва важны элемент, які адыгрывае ключавую ролю ў многіх працэсах на нашай планеце. Ён неабходны для дыхання і фарміруе энергію для ўсіх жывых істот. Менавіта таму ў работах Веранікі Ракашэвіч з абстрактных элементаў раптам можна ўлавіць прыродныя абрысы навакольнага асяроддзя і раслін. З беспрадметнага мастацтва і метаду спантаннай абстракцыі адбываецца пераход да рэальнасці, якая візуалізуе не толькі эмацыйны падыход, але і фізічнае ўсведамленне прыроды.

— Мой шлях да абстракцыі заняў 7 гадоў, — расказвае Вераніка. — Калі я, нарэшце, вырашылася выказаць свае пачуцці на палатне, я ўжо не магла спыніцца. Змешваючы акрылавую фарбу з вадой у тазе, выліваючы яе на палатно і робячы ўпэўненыя мазкі швабрай, я сапраўды адчуваю сябе жывой і шчаслівай.Мне падабаецца рэакцыя людзей, калі яны бачаць мае карціны. Яны выбіраюць, што ім больш падабаецца, і адгадваюць, што гэта — акіян, космас ці, можа, гара? У мяне ёсць месца для кожнай душы. Мае вялікія круглыя ​​абстрактныя палотны поўныя жыцця. Я лічу сябе гідам. Малюнкі прыходзяць у галаву і не адпускаюць да ўсведамлення. Мая мэта — сапраўды перадаць гэтыя сігналы, эмоцыі і энергію на палатно і паказаць людзям.

Вераніка Ракашэвіч праз свае работы гаворыць аб магчымасці ўсвядомленага запаволення ў часе, аб прастаце і складанасці ўсяго існуючага, падпарадкоўваючы сабе прыроду сіняга колеру. «Кісларод» канструюе сузіральную прастору, у якой кожны можа адчуць хваляванне ці спакой, рух ці прыпынак. І ў выніку, праходзячы праз гэты паток, у цэнтры экспазіцыі адбываецца сутыкненне з энергіяй чырвонага ў рабоце «Каханне», якая з'яўляецца засяроджваннем экспрэсіі пачуццёвага пачатку.

Як бортінжэнер стаў скульптарам. Асаблівасці выстаўкі Аляксандра Наймана

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"