19.06.2024
19.06.2024

Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў? Частка 2 (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Новы прытулак для мураша Грышкі раніцою стаяў на тумбачцы ля яго ложка. Ён блішчэў і, быццам радаваўся, што вось-вось прачнецца яго будучы вядомы на ўсё наваколле шчаслівы карыстальнік і ўсклікне ў захапленні: «Ах, якая прыгажосць!»

Дамок выштуаваны з натуральных матэрыялаў унутры. Збоку – шырокі ложак, накрыты да самай падлогі белай прасціной, бліжэй да акенца – вялікае крэсла-качалка. Як там было прыгожа! Звонку арганічнае шкло давала цудоўную магчымасць Грышку бачыць наваколле да-а-лёка. А срэбраны ланцужок, на якім мацаваўся перанасны дамок так і прасіўся на шыю кемлівага Ягоркі, каб той хутчэй узяў ды панёс свайго артыста для новых адкрыццяў і забаў.

Дарэчы, так і здарылася. Толькі мураш адкрыў вочы, як сонечны праменьчык слізгануў па фіранцы і прасачыўся акурат на празрыстае акенца дамка: «Ах, якая прыгажосць! Ягорка, Ягорка! Зазірні сюды! Гэта хто так пастараўся?»

Мураш

Ягорка маўчаў. Ён толькі глядзеў на мураша і разам з ім радаваўся новаму дню і цудоўнаму настрою.

— Ажно не верыцца! Ягорка, ну ты чалавек слова! – дзівіўся мураш. — Сказаў і зрабіў. Нават сярод нашага брата не кожны на такое здатны: можа паабяцаць і тут жа забыць. Так што і санітары лесу не абавязковымі бываюць. Памятаю гэта зусім нядаўна было. Мы гуртам сабраліся крочыць на паляны, што ўтварыліся пасля вялікага буралому. Згаварыліся там папрацаваць, каб паскорыць раскладанне трухлявай драўніны, сабраць сухое лісце і галінкі. А яшчэ ачысціць расліны ад вусеняў, кляшчоў ды пільшчыкаў.

— Ну і што там зрабілася?

— Ды асаблівага нічога, калі не лічыць галоўнага – многія пацягнуліся на бярозы, адкуль даносіўся прываблівы пах бярозавіка. Нам давялося і працаваць за дваіх, а пасля і мурашнік бараніць ад Сіваваронкі. Тая прыгажуня убілася ў суседні вялікі мурашнік і так заўзята купалася, пазбаўляючыся ад шкоднікаў, што ледзь ушчэнт не разбурыла яго, аставіўшы ў бядзе малечу. Не лішне было б тых парушальнікаў агульнай дысціпліны і розгамі іх выцяць.

— Ну, дык што замінала? – спытаў хлопчык. – Калі заслужылі…

— Яны бясконца паўтаралі, што невінаватыя, што незнарок атрымалася. Быццам нехта іх увесь час клікаў.

— А гэта ўжо цікава, - насцярожыўся Ягорка. – Я ад дзядулі свайго чуў. Дык вось неяк ехаў ён з аднавяскоўцамі з млыну, дык іх нячысцік дурыў ледзь не ўсю ноч у дарозе.

— Як гэта дурыў?

— Дык вось як тое было. Прывезлі яны збожжа на млын, —казаў Ягорка. — Змалолі, і вярталіся дахаты. Ажно па дарозе спыніліся перакусіць. Праз якія паўгадзіны зноўку рушылі ў дарогу. Ужо цямнела. Марозік быў невялічкі. У лесе ён зусім не адчуваецца. Едуць сабе на чатырох падводах, жартуюць, смяюцца. Адзін чалавек ажно песню заспяваў. «Што нам лес, што мароз…» Толькі мінулі лясок, з пярэдняй фурманкі раптам хтось і крычыць:

— Мужчыны, не туды вы паехалі.

Не туды, дык не туды. Павярнулі коней.

— Я ўжо наструніўся, — казаў мураш.

— Чаго так? Слухай далей.

— Дык вось, — казаў Ягорка. – Толькі яны трохі праехалі, зірнулі на дзікую яблыню пры дарозе – здалося ім, што не так едуць. Зноў павярнулі назад і хутка прыехалі на тое ж месца, з якога ад'ехалі колькі часу таму, толькі не з таго боку. Чорт ведае, што гэта такое! – як не адным голасам прамовілі мужчыны.

— Няўжо тое самае месца?

— Так казаў. Месца тое, але калодзеж перанесены воддаль ад дарогі. Зноўку вярнуліся. Коні трохі прамерзлі, дык толькі адно слова вымаві і конь шпарчэй бяжыць.

— Ну ты што? Сам бяжыць без пугі? –  выцягнуўся ва ўвесь рост мураш. – Пэўна вучоныя коні?

— Ды дзе там! Звычайныя! Слухай далей. Пруць коні як не галопам, толькі пад палазамі рыпіць. Зірнулі яны налева-направа зноў тая ж яблынька пры дарозе.

— Зноў збіліся?

Казка пра хлопчыка і мураша.

— Так. Дзядуля казаў, што ў той момант вельмі злыя былі. Злезлі яны з павозак ды пачалі раіцца, куды ехаць. Адзін кажа – уперад, другі – назад, трэці – трэба павярнуць направа, чацьвёрты - што варта трымацца левага боку.

— Дык усё ж куды яны рушылі? – ужо пачынаў смяяцца і мураш.

— Нікуды! Разам як закрычаць на ўвесь голас, што ігліца і нават сухі ліст з дрэў паабсыпаліся, дык і сам чорт не разбярэ, куды ехаць. А падводы поўныя мукі…

— І што?

— Вось так цалюсенькую ночку яны і ездзілі з аднаго месца ў другое. Ужо надыходзіў дзень, а нячысты ўсё іх дурыў ды круціў у полі. Нарэшце, мабыць, і яму надакучыла з імі валэндацца, дык ён кудысьці знік.

— І чым скончыліся тыя забавы? – не змаўкаў мураш.

— Як толькі нячысьцік знік, яны адразу сваю вёску і ўбачылі.

— Вось дык дзіва! А кажуць няма вакол нас нячысьцікаў? -  нарэшце заўсміхаўся мураш Грышка.

— Не трэба тое слова зусім прамаўляць, тады ніхто не прылепіцца.

— Так ужо і не трэба! Наадварот – не толькі цікава, але і загадкава. Ад такіх забаў мне захацелася патанчыць. Як ты лічыш, Ягорка, можна мне павесяліцца?

— А чаму не! Толькі хто табе складзе кампанію?

— А хаця б з суседскімі гадаванцамі – птахамі ды жывёламі.

— Я не супраць.

Не паспеў Ягорка дагаварыць, як яго рыжы сябар ужо сядзеў у сваім новым дамку і паказваў, каб яго неслі забаўляцца.

Кемлівым паказаў сябе мураш. Усялякае разумнае слова і справу на ляту лавіў. Колькі часу пабыў у Ягоркі, а ўжо многіх далёка абышоў. І стаў хлопчыку першым і сябрам, і памочнікам.

— Во жыццё! – па-сяброўску падумаў Ягорка. – Жыве сабе прыпяваючы, яшчэ і загадвае. Але добра, што разумны, ды і да дзядулі з бабуляю пачціва адносіцца. Яны таксама, як і ўнука, яго апякаюць.

Танга з папугаем    

Танга з папугаем

Ягорка добра ведаў, што ў суседскай сям'і багата дзяцей. І бацькі, каб хаця крыху разрадзіць абстаноўку сярод малечы, завялі сапраўдны заапарк. Тут і птахі, і поўзаючыя, і скачучыя, і …

Першым, хто іх сустрэў вітальным «Пр-р-р-ывет! Чаго прыпёрліся?» – быў вялікі рознакаровы прыгажун папугай Жако.

— На цябе паглядзець! – не даючы перавесьці дыханне разумнаму афрыканцу парыраваў Грышка.

Папугаю гэта не вельмі спадабалася, бо ён затэпаў на сваім шастку, застукаў магутнаю дзюбай. Бачна было, што ён праяўляе агрэсію. Але гэта ніяк не паўплывала на рэакцыю мураша: ён быў спакойным і занадта ўпэўненым.

— Мяне завуць Грышкам! Чуў можа пра мае здольнасці як гімнаста?

— Ці чулі вы: гэты замукрышка – гімнаст! Ой, ну ты рыжае малое і рассмяшыў мяне! – заходзіўся ад смеху Жако.

Амазоны сабраліся кучкай і аб чымсьці між сабой гаманілі. Іх гутарка была добра зразумелай, амаль чалавечай. Воддаль – вельмі яскравыя, чырвона-сіне-зялёна-жоўтага колеру Разелла спявлі нейкую мелодыю. Іх гукі нібыта меладычная флейта ліліся павольна і дужа і нагадвалі прыцягальную мелодыю.

За ўсім гэтым дзействам назіраў самы прыгожы і вялікі папугай Ара.

— Ты асцярожна са словамі, Жако! Не раскідвай сваю сліну налева-направа. Я цябе не баюся, чуў! – выпячваў наперад свае вузкія грудзі мураш.

— Глядзіце на гэтага зуха! – не супакойваўся самы актыўны птушыны суразмоўца. — Ён мяне выклікае на дуэль, чуеце! Зараз ад смеху звалюся, — бегаў па гарызантальнай жэрдачцы і матляў галавой, штораз стукаючы дзюбкаю ў металічную клетку сваіх апартаментаў. Грымеў і пры гэтым не забываўся распраўляць свае крылы Жако. Затым ён падбягаў да сваіх інтэрактыўных цацак – фуражыровак, у якіх схаваны ласунак. Тут жа распакоўваў дзюбкаю і са злосці з'ядаў.

Ара толькі паглядзеў на мураша, але нават не засмяяўся, а ледзь заблішчэў блакітнымі вачыма.

За спінай яго схаваліся самыя дружалюбныя і самыя малыя, як і самыя «гаваркія» з усіх папугаі - неразлучнікі. Яны не выносяць адзіноты, і заўсёды трымаюцца парай. Вось і зараз яны ўжо гатовыя пасябраваць са смелым Грышкам.

— Ну што, сацыяльная істота? Выходзь на дуэль, Жако! – зусім расхрабрыўся Грышка.

Папугай неспадзявана стукнуў нагою ў дзверцы клеткі, яны і расчыніліся. І тут жа аказаўся побач з мурашом, але той ракетаю сарваўся ўвысь і ў адно імгненне аказаўся на рознакаляровай спіне Жако.

Папугай скруціўся ў тры пагібелі і адным крылом сцягуў Грышку. Той моцна ўхапіўся за яго падкрылкі і яны ў іскрыстым танга панесліся па пакоі.

— Глядзіце! Глядзіце! Мураш вальсуе з Жако! – раздаваліся галасы і птушак, і жывёл, і чалавека. – Брава! Мурашу Грышку брава! Вось гэта смяльчак! Вось гэта – наш сябар!

Жако быў настолькі разгублены, што нейкі момант не мог нават два словы вымавіць у сваё апрааўданне. А можа і не хацеў пасля ўсяго таго, што зараз адбылося. А хутчэй за ўсё зразумеў, што з такімі адчайнымі смельчакамі лепш за ўсё сябраваць. Таму ён зірнуў на непрыкметнага мураша і папрасіў прабачэнння за сваю нястрыманасць.

— Даруй, калі ласка, мураш, - без асаблівай гордасці прамовіў Жако.

— Калі ласка! Я не пакрыўдзіўся, верыш? Нават ні кропелькі.

Відаць, Жако з тых, хто прабачаецца, бо даражыць адносінамі. Мураш Грышка таксама атрымаў добры ўрок узаемаадносін у стасунках са старэйшымі і дужымі, бо асабліва не рызыкуючы, ён рызыкаваў у сто разоў больш.

Ягорка стаяў побач і быў на сёмым небе ад шчасця. Ад паўнацэнных стасункаў свайго ляснога суразмоўцы з навакольным светам, і з чалавекам. Хаця дагэтуль ён сам адчуваў уласную віну, бо не лічыў сябе карысным, калі рызыкаваў сваім гадаванцам. Да якога ўжо моцна прывязаўся.

Зараз яны ўтрох пераглядаюцца і смяюцца. Прыязна смяюцца, як даўнія таварышы і нават сябры.

Каляровыя сны або ці баліць галава ў дзятла

Усю ноч сніліся Грышку каларовыя сны. У іх былі браты і сёстры, сябры і звычайныя прыяцелі: усе яны зноў былі дзеці, разам гулялі па лесе, на рэчку бегалі, пісалі алмазнымі грыфелямі на шкляных дошках і разглядвалі чароўныя кніжкі з малюнкамі. Малюнкі ў кніжках былі жывыя: птушкі спявалі і людзі там прысутнічалі. Часам выскокваў іх сабачук Байкал, каб з прыветным брэхам кінуцца да іх ды ластавачкі, якіх яны аберагалі ад злых варон  і выстаўлялі ў ванначцы гліну, калі тыя майстравалі свае гнёзды ў вільчыку  іх вясковай хаціны, шчабяталі  свае песні.

Аднойчы ён спазніўся і вяртаўся ў свой мурашнік. Калі Грышка дабраўся да лесу, была ўжо ноч, і бедны мураш зусім збіўся з ног. Ён лёг на мяккі мох і накрыўся лістком. У лесе было ціха і цёпла. Мільёны светлячкоў, быццам зялёныя агеньчыкі, мільгалі ў траве. Калі мураш дакрануўся рукой да кусціка, нейкія бліскучыя жучкі пасыпаліся з лісця зорным дажджом. Быццам дзяцел моцна-моцна стукнуў па дрэве сваёй  стальной дзюбкаю, і яны не ўтрымаліся. Як і ён некалі ляцеў ад такога ж стуку долу з высокай яліны.

Калі мураш прачнуўся, сонца ўжо было высока, ён нават не мог добра разгледзець яго за густой лістотай дрэў, што церабілася прама ў вокны. Яго гаспадар і сябар Ягорка ўжо даўно быў на нагах. Праз адчыненае акно і зялёныя бярозавыя галіны ў пакой сачыліся рэдкія сонечныя промні і бегалі залатымі зайчыкамі па траве. Непадалёк чулася бульканне ручая і даносіўся стук дзятла.

Хлопчык

— Вось-вось стук дзятла па дрывастоіне! – закрычаў мураш.

Ягорка сеў побач з мурашом і яны гаманілі і пра начныя каляровыя сны, і пра дзятла. Адчувалася, што яго лясному сябруку хацела нечага больш актыўнага, нават на мяжы рызыкі. Але чамусьці стук дзятла па дрывастоіне перамог іншыя развагі.

— Чаму ў мяне няма дзюбы і такая малая галава, Ягорка, га?

— У кожнага свая будова цела – вядомая ісціна.

— Сапраўды, застаецца толькі здзіўляцца, як птушка, выкарыстоўвае галаву і дзюбку ў якасці ўдарнага інструмента, умудраецца пры гэтым не губляць розум. Чаму вучоныя не вывучаюць гэтага ляснога доктара? Як думаеш? Я б вось такія прыродныя адкрыцці абавязкова вывучыў.

— Так. Мне падабаецца як ты разважаеш. Але, мой цікаўны сябар, падобныя з’явы даўно ўжо вывучаныя. З энцыклапедыі я даведаўся, што за секунду дзяцел здольны рабіць да дваццаці пяці ўдараў па дрэве. А гэта, дружа, перавышае нават хуткасць работы зброі, напрыклад, кулямёта.

— Нічога сабе!

— Вось і я кажу, што калі б якая з істот паспрабавала паўтарыць тое ж, яе мазгі ператварыліся б у кашу. Чалавек тут і побач не стаяў, бо яго галава намнога адчувальная да сатрасенняў. А вось канкрэтна для дзятла прырода прыдумала асаблівы механізм.

— Я ўспомніў цікавы эпізод майго ляснога бою з жуком-раганосцам. Не памятаю чаго ён першым распачаў, але, справа гонару перад калектывам не стрымала мяне. Патрэбна было пастаяць  і за сябе. О, гэта было цікавае відовішча! Толькі супернік падбяжыць да мяне, а я кінуся яму пад ногі і знікну. Стаміўся ён, а тады я калі дам-дам яму пад дых. Адразу аказаўся ў накаўце. Казаў, што галава звініць.  Яшчэ абяцаў больш нікога не крыўдзіць.

— Значыць атрымаў перагрузку галавы. Бо ў дзятла яна, як і ўсё цела з анатамічнымі асаблівасцямі, па-іншаму ўладкавала прырода. Прагрузку ён вытрымлівае ў дзесяць  разоў вышэйшую звычайнага пярнатага.

— Амартызатары, напэўна, стаяць?

—Так, незвычаная сістэма стаіць. Любы ўдар змягчаецца і засцерагаюцца ўсе органы – мазгі, вочы. Таму дзяцел і здзіўляе сваёй дасканаласцю не толькі навукоўцаў і біёлагаў, але таксама фізікаў і інжынераў.

— І чым акрамя пералічанага? – не супыняўся мураш.

— А хаця б па прынцыпе ўнутранага ўладкавання гэтай птушкі створана мноства карысных прыбораў і механізмаў. У тым ліку сістэма, аберагаючая «чорныя» скрыні ў самалётах ад разбурэння ў выпадку авіякатастрофы.

Мураш

— Чаму так цябе дзяцел зацікавіў? І не толькі адзін ён. Напрыклад, я бачыў як ўсю канструкцыю праходчага шчыта, што выкарыстоўваюць для бурэння пад дарогамі і рэкамі скапіравалі з марскога малюска. Як і сучасныя буравыя машыны – таксама павялічаныя механічныя копіі чарвей. Можа і ў тваіх нагах прыладкаваны боты-скараходы. А замест сэрца рухавік?

— Ведаеш, Ягорка, я лічу, што я створаны па ўзору і падабенству вельмі развітай істоты, — з гордасцю  адказваў мураш. — Я магу за некалькі рухаў свайго гнуткага цела пракапаць хады ў зямлі да метра. Там, дзе мы, мурашы, расліннасць больш густая і здаровая, таму што, калі мы рыхлім зямлю, грунт змешваецца і абагачаецца карыснымі рэчывамі. Упэўнены, што няхай сабе не сілаю, а лоўкасцю  і спрытам нават з кракадзілам рызыкнуў бы паспрачацца. І перамагчы!

— Згодны! Думкі ў цябе, Грышка, бягуць без повада, як вада. Канечне ж, асілак ён,і ў Афрыцы асілак. І галава твая на плячах застанецца, а калі ўдасца, яшчэ  і пагойсаеш на тым кракадзіле.

— А што? Гэта ідэя!

Дзіўныя фокусы павука і знойдзены клад

Павук

Грышка быў неўтаймоўны. Ён настаяў, каб Ягорка аднёс яго ў адно таемнае месца. Сам ён сеў у сваё крэсла і, быццам які ваявода ці нават пан, кіраваў куды рухацца.

Над шырокаю лагчынаю ўзвышаўся густы  і быццам таемны бярэзнік. Маладыя дрэвы раслі вельмі цесна. Стройныя белыя яго камлі асвятлялі лес. Старыя людзі казалі, што даўным-даўно, мусіць гадоў пяцьсот таму назад. Можа, болей, можа, меней. Дарога тут была. І ездзілі па ёй адны багацеі. Бо лес той даўно знік, а гэты, маладзенькі калі-нікалі і нагадвае пра тыя часы. Бывае сярод белагя дня, як і цяпер, раптам амаль суцэльны цень пакладзецца на лес, зямлю – усё наваколле. Усё змаўкае.Толькі трапяталася чуткае лісце асіны.

І ніадкуль усё ўсцелецца залатымі галоўкамі кураслепу і воўчага лыка, прыціснуўшы белыя кропелькі лясных званочкаў, малінавых кветак смолкі і суніц. І сонца, што толькі затапляла ўвесь гай моцным святлом, хавалася. З-пад дрэў змрок паўзе, ахутвае ўсю сцяжыну. І раптам непадалёку сіні агеньчык мільгануўся. І ён, той агеньчык, усё разгараецца, чырвоным зрабіўся, потым жоўтым. Такое ззянне пайшло, што і вачам балюча, і сэрцу цяжка. І раздаюцца не галасы жаваранкаў ці іншых птушак, а  чуецца гулкае рэха, як трубяць дзікія алені і зусім побач дыхае нейкая вялізная жывая істота. Можа нівідзіка з мінулых стагоддзяў?  Па целе нават ў самага смелага няверкі бягуць мурашкі і ўздымаюцца дыбам валасы. Так працягваецца з паўгадзіны. Затым дзень і ўсё наваколле вяртаюцца ў сваё звыклае становішча.

— Як цікава і загадкава! – кажа спакойны Грышка. Ягорка толькі маўчыць, слухае: ці праўду кажа яго спадарожнік. І калі праз колькі крокаў Грышка загадвае спыніцца, перапытвае, ці ўпэўнены, што менавіта тут патрэбна.

Хлопчык

— Так, менавіта тут! У мяне тут запісана, - ён паказвае на галаву і мкнецца да дзверцаў.

Ягорка выпускае яго і той стрымгалоў бяжыць да старой разлапістай сасны і знікае.

Раптам зверху чуецца яго незадаволены голас і тупат. “Чаго тут толькі няма! А вось галоўнае знікла?”

— Што знікла? – пытаецце Ягорка.

— Што, што? Клад! – бурчыць Грышка. -Ён шпурляе долу нейкія пахопленыя іржой бразготкі, старыя гадзіннікі. І сам злазіць.

Мураш сеў на мох, прытуліўся да камля сасны. “Ну, што ж ты, мая харошая, не ўпільнавала наш сямейны скарб, маю спадчыну? Мае ж дзяды з табою дамаўляліся. І ты абяцала зберагчы яго да наступнікаў. Што ты! Што ты! – пачаў абдымаць дрэва.”

Рыгорка дыханне затіў. “Мураш… ды раптам спадчыннік скарба? Нешта, здаецца, мне не ўпісваецца ў натуру гарэзы і весельчака Грышкі…”.

— Вой, а гэта што за ўзоры такія? – мураш ужо бег да другой такой жа вялікай, але, мяркуючы па кары, маладзейшай сасны. І, хаця раса ўжо даўно спала, карункавае павуцінне блішчэла мільёнамі дыяментаў і ахутвала некалькі маладых бяроза, што туліліся бліжэй да сасны. Туліліся да старэйшай і больш дужай, нібы ратаваліся ад якой бяды. – Штосьці, здаецца, тут ёсць.

Няйначай старыя павукі-хітрыя блытанікі тут чаравалі. Яшчэ, калі быў зусім маленькім бабуля яму расказвала пра гэтых хітруноў: яны ўсё бачаць, усё чуюць. Схаваць ад іх пільных вачэй наўрад ці ўдавалася каму. Але адчуваюць, калі чалавека ці істоту якуюсь жывую па паводзінах, і нават рухах. Як толькі западозраць штосьці падазронае ў ім – кепская справа: нічога на карысць не пойдзе. Калі ж наадварот – і перахаваюць, і зберагуць.

Мураш Грышка пачаў корпацца пад дрэўцамі. Узрыў як не на паўметра ўглыб і на метр ў дыяметры. Раптам і сам схаваўся. Але раптам, узрадаваны выскачыў з яміны і – да Ягоркі.

Хлопчык

— Знайшоў! Я быў упэўнены, што знайду! – ледзь не захліпаўся ад шчасця мураш . І адчыняў вечка ладнай шкатулкі, адкуль глядзела многа залатых манет. - Продкі мае часцяком у сне нагадвалі пра скарб. І ў душах іх, упэўнены,было больш турбот аб шчасці спадчынніка. Казалі,і каб тое золата на дабро павярнуў. І валодаў ім сабе на карысць, людзям на радасць. І я абяцаў ім споўніць усё. Усё, што  абяцаў. Не заганаруся, не падумай, Ягорка! Вось цяпер мы пабудуем для тваіх дзядулі з бабуляю новы дом! Чуеш, новы дом! А табе купім электраскутар! І будзем мы з табою ездзіць за новымі адкрыццямі ды вясёлымі забавамі.

Хутка яны і дамок шыкоўны для старых пабудавалі. Быў і яна тых ўлазінах. Дзён пяць піраваў, але і да гэтага часу так з-за стала і не вылазіў.

Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў. Частка 3 (казка) + аўдыё

Частка 1

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама