«Што гэта – загадка?!» – пацікавіцеся вы. Ну, так. Загадка для дачнікаў-агароднікаў найперш. Якую ж расліну трэба паспець ухапіць да таго, як яна зменіць колер? А капусту! Толькі не белакачанную, якой даўно ўжо нікога не здзівіш, а квяцістую ды брокалі.
Хаця квяцістая і атрымала такі назоў, насамрэч яна павінна быць белай. Адценне дапускаецца, толькі не зялёнае.
А брокалі, наадварот, павінна быць зялёнай. Бо калі расцвіце жоўтымі кветачкамі (а такое ў нас здаралася па першасці) – усё, у ежу яе выкарыстоўваць ужо нельга.
Але ёсць і зусім экзатычныя колеры ў адной і другой капусты. Напрыклад, фіялетавы! Але гэта ўжо экзотыка, а мы пра класіку.
На ўчастках капуста ўжо адышла, вядома ж. Хіба толькі якая самая стойкая ды запозненая раптам здзівіць. А чаму я прыгадала пра гэтыя віды капусты ў верасні?! Ды таму, што смачныя стравы з яе, назапашанай на зіму, ужо на стале бываюць. Хаця і восень.
А вы любіце гэтыя віды капусты?
Мо, хтосьці таксама вырошчвае ды нарыхтоўвае на зіму, закладваючы ў лядоўні? А ведаеце, якія яны карысныя?! Як прынята казаць у нашай сям’і – вітаміны ажно пішчаць! 🙂
І яшчэ самае цікавае, што квяцістая і брокалі бы спаборнічаюць адна з адной: якая найбольш карысная?! Але мы не будзем падтрымліваць гэтую спрэчку. Проста нагадаем пра перавагі кожнай.
Як сцвярджаюць спецыялісты, квяцістая капуста па ўтрыманні папулярнага і патрэбнага ўсім вітаміну С пераўзыходзіць нават экзатычны апельсін! Прычым дзённая норма С утрымліваецца ўсяго ў 100 грамах гэтага віду капусты. А яшчэ ў ёй вельмі шмат бялку. Таму яе раяць есці нават дзецям.
А што датычыцца карыснага і нават лекавага ўздзеяння на арганізм, дык квяцістая капуста паляпшае абмен рэчываў, нармалізуе страваванне, станоўча ўплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму, дапамагае пры праблемах з печанню і касцямі.
А брокалі забяспечвае яе аматараў сутачнай нормай вітаміну В. А яшчэ ў ёй шмат аскарбінавай кіслаты, вітаміну А і К. Дзецям таксама раяць спажываць брокалі – пры правільным прыгатаванні, вядома ж. Яшчэ яе можна есці пры язвавай хваробе страўніка. Кажуць, што брокалі дапамагае і ў прафілактыцы анкалагічных захворванняў.
І што з таго, што на ўчастках яе ўжо практычна не ўбачыш ў дваццатых чыслах верасня?! Затое можна знайсці на рынках ды ў крамах і таксама назапасіць на зіму, паклаўшы ў лядоўню.
Наша сям’я ўжо не першы год карыстаецца вось гэтым правераным рэцэптам падрыхтоўкі брокалі і квяцістай капусты (розніцы няма) да замарожвання.
- Капусту разабраць на асобныя суквецці. Выдаліць дробныя лісточкі.
- Добра прамыць суквецці пад праточнай вадой.
- Замачыць на 30-60 хвілін у салёным растворы (на 1 літр вады – 4 ч.л. солі).
- Добра спаласнуць.
- Бланшыраваць (апусціць у кіпень на 1-2 хвіліны).
- Вельмі хутка ахалодзіць, падставіўшы пад струмень халоднай вады.
- Раскласці суквецці на чыстым кухонным ручніку, даць сцячы вадзе.
- Сухія суквецці скласці ў пакеты для замарожвання, выціснуць паветра і пакласці ў аддзяленне лядоўні для хуткага замарожвання.
Што датычыцца рэцэптаў, дык іх у сеціве мора! А мы асабліва любім не адну капусту, а разам з іншай гароднінай. Усё разам запякаецца ў духоўцы... М-м-м-м, смаката! Прычым сцвярджаецца, што пры цеплавой апрацоўцы карысныя рэчывы губляюцца нязначна.
Рэцэптам правераным падзяліцца?! 🙂
Страва называецца – «Запяканка з квяцістай капусты з гароднінай»
Не з сеціва – з кнігі, калісьці падоранай мне сяброўкай на дзень народзінаў. А рэцэпт асвоіла мама. 🙂
Інгрэдыенты:
- квяцістая капуста – 300 грамаў;
- морква – 2-3 штукі;
- зялёная струковая фасоля – 100 грамаў;
- зялёны гарошак – 3 ст.л.;
- яйкі – 2 шт.;
- малако – 1/2 шклянкі;
- масла сметанковае – 2 ст.л.;
- паніровачныя сухары – ¾ шклянкі;
- соль – па смаку.
Калі чагосьці не хапае з гародніны, не страшна. Проста больш дадаём іншай, мяняючы прапорцыі.
Прыгатаванне:
Падрыхтаваную гародніну (квяцістую капусту, моркву, фасолю, зялёны гарошак) адварыць у падсоленай вадзе амаль да гатоўнасці, адкінуць на друшляк, даць сцячы вадзе. Перакласці ў форму, змазаную сметанковым маслам і пасыпаную сухарамі.
Яйкі ўзбіць, змяшаць з малаком, заліць гэтай сумессю гародніну. Зверху пакласці тонкія пласцінкі сметанковага масла, пасыпаць сухарамі.
Запякаць у духоўцы на сярэдняй тэмпературы да ўтварэння румянай скарынкі.
Смачна есці!
А вы яшчэ не вырошчваеце на сваіх участках квяцістую капусту ды брокалі?! Не нарыхтоўваеце яе, набытую, на зіму?! Тады мы ідзём да вас! 🙂
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by