З надыходам першых маразоў дадалося працы ва ўрачоў. Толькі за суткі да медыкаў звярнуліся па дапамогу дзясяткі пацярпелых ад галалёдных траўмаў.
Аб мерах бяспекі ў марознае надвор'е і пры галалёдзіцы ў Нацыянальным прэс-цэнтры нагадалі:
- намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Леанід Ломаць;
- галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, к.м.н. Аляксей Часнойць.
Паслізнуўся, упаў, апрытомнеў – гіпс
Як адзначыў Леанід Ломаць, у першыя марозныя дні ў прыёмным пакоі РНПЦ значна павялічылася колькасць пацыентаў з пераломамі і ўдарамі.
Каб пазбегнуць траўмаў, спецыяліст параіў:
- высокія абцасы лепш пакінуць на вясну, перавагу аддаваць больш устойліваму абутку;
- абутак варта выбіраць са зручнай падэшвай, якая не слізгае;
- адзенне павінна быць зручным і не абмяжоўваць рухі;
- калі на вуліцы слізка, не варта спяшацца, а найбольш небяспечныя месцы лепш абысці;
- пры падзенні, хаця зрабіць гэта хутка бывае і даволі складана, трэба прысесці, тым самым знізіўшы вышыню падзення, згрупавацца.
Дарэчы, ходкае меркаванне, што чалавек у стане алкагольнага ап'янення расслаблены і таму менш атрымлівае траўмаў, абсалютна няправільнае, падкрэсліў спецыяліст. Па статыстыцы, вялікая частка галалёдных траўмаў адбылася менавіта ў выніку злоўжывання алкаголем.
Калі ўпаў…
Трэба выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу. Асабліва калі боль моцны і вы не можаце рухацца. Не трэба спрабаваць управіць самастойна, напрыклад, плячо. Гэтым вы можаце нашкодзіць і пагоршыць сітуацыю. Пацярпелую канечнасць пажадана імабілізаваць (абезрухоміць), каб у выпадку пералому не было зрушэння.
Пры ўдарах, параіў Леанід Ломаць, адразу можна прыкласці холад. Калі ацёк і кровазліццё доўга не праходзяць, а пацярпелая канечнасць моцна турбуе, лепей звярнуцца па дапамогу да спецыяліста, а не займацца самалячэннем.
Не замерзнуць
Часцей за ўсё выпадкі адмаражэння адбываюцца ў студзені і лютым. Але і ў снежні, і нават у цёплае надвор'е чалавек можа атрымаць падобную траўму. Умовы, якія спрыяюць:
- мокры абутак або адзенне,
- моцны вецер,
- доўгае знаходжанне на вуліцы нават пры невялікай плюсавай тэмпературы.
Адмаражэнне – гэты халадовае пашкоджанне тканак, якое адбываецца ў выніку паражэння сасудаў, што сілкуюць жыццёва важныя органы.
Парады камбустыёлага
Апранацца трэба максімальна цёпла, па тыпу «капусты». Адзенне – сухое, цёплае, досыць вольнае. Абавязкова шапкі, шалік, пальчаткі, не цесны абутак.
Шалікам можна закрыць твар. Дыхаць варта праз нос, каб цёплае паветра праходзіла праз насавыя хады, тым самым грэючы яго. Пры ўдыханні ротам халоднага паветра высокая верагоднасць прастуды, ажно да пнеўманіі.
Існуе меркаванне, што розныя мазі і крэмы дапамагаюць ад адмарожванняў. На самай справе ўсё з дакладнасцю наадварот. Касметычныя сродкі могуць толькі пагоршыць верагоднасць таго, што чалавек на парывістым ветры пры моцным марозе атрымае адмаражэнне.
Алкаголь не ратуе ад халадовых траўмаў. У большасці выпадкаў менавіта ўжыванне спіртных напояў на марозе становіцца прычынай адмарожванняў.
Яшчэ адным негатыўным фактарам з'яўляецца курэнне. Яно ўзмацняе працэс адмірання клетак на паверхні скуры з-за спазму сасудаў, які адбываецца пры выкурванні нават адной цыгарэты.
Першая дапамога пры адмаражэнні
Ні ў якім разе нельга расцірацца снегам, гарэлкай ці спіртам. Усе гэтыя маніпуляцыі толькі пагаршаюць цячэнне адмаражэння, прыводзяць да пашкоджання скуры і хутчэйшага астывання скурных пакроваў.
Калі вы доўгі час знаходзіліся на халоднай вуліцы, а па вяртанні дадому адчуваеце, што баліць і паколвае скура, не варта спрабаваць сагрэцца ў гарачай ванне.
Калі вы адмарозілі рукі, можна іх сагрэць у падпахавых упадзінах ці ў пахвіннай вобласці, дадаў эксперт.
Адубелі ногі? Не варта здымаць абутак на вуліцы і расціраць ступні. Лепш папярэдне зайсці ў цёплае памяшканне. Цалкам магчыма, што траўма мацней, чым уяўляецца, ногі літаральна за лічаныя хвіліны ацякуць і пасля не ўлезуць у абутак.
У выпадку, калі вы доўгі час знаходзіцеся на вуліцы і не адны, пажадана паглядаць адзін на аднаго. Заўважылі, што скура на шчоках, носе ці вушах збялела, паведаміце пра гэта свайму таварышу або блізкаму. Чалавек не заўсёды адчувае боль або тое, што ён што-небудзь адмарозіў.
Убачылі, што чалавек ляжыць на вуліцы, – не праходзьце міма. Выклікайце хуткую медыцынскую дапамогу ці паспрабуйце адвесці яго ў цёплае памяшканне. Не заўсёды прычынай таго, што чалавек ляжыць, з'яўляецца алкагольнае ап'яненне, магчыма, ён страціў прытомнасць.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by