Сярэдняя працягласць жыцця беларуса на працягу апошніх 10 гадоў штогод павялічваецца на 6 месяцаў і ўжо перавысіла планку 73 гады. І гэта не мяжа! Як вам перспектыва жыць 200, 300 ці нават 500 гадоў? Сапраўды, гэта больш падобна на фантастыку, чым на рэальнасць. Але сучасныя веды пра генетыку чалавека дасягнулі такога ўзроўню, што тэарэтычна сёння магчыма пераадоленне самых смелых, нават неверагодных межаў.
А вось адсвяткаваць 100-гадовы юбілей у коле сям'і – абсалютная рэальнасць ледзь не для кожнага чалавека. Галоўнае, ведаць уласны сакрэт даўгалецця. У чым ён заключаецца, журналіст партала Здаровыя людзі даведалася ад загадчыцы лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесара, доктара біялагічных навук Ірмы Масэ.
Гены вырашаюць не ўсё
Чалавек з'яўляецца носьбітам 25 тысяч генаў. Асноўная іх частка адказвае за знешнасць (у тым ліку, умоўна кажучы, форму пазногця, выгіб мочкі вуха, структуру воласа), здольнасці, тэмперамент чалавека. Але пэўная колькасць генаў адказныя за здароўе і паказваюць на схільнасць да тых або іншых захворванняў.
З 2009 года ў лабараторыі генетыкі чалавека ў Рэспубліканскім цэнтры геномных біятэхналогій на базе Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі пачалі праводзіць даследаванні тых генаў, якія аказваюць уплыў на здароўе і працягласць жыцця чалавека з выдачай генетычных пашпартоў насельніцтву. З 2014 года работа наладжана напоўніцу. Навошта гэта трэба і чаму гэта важна?
Генетычны пашпарт – гэта дакумент, які выдаецца на падставе вынікаў даследаванняў і змяшчае звесткі пра генетычныя асаблівасці чалавека. І тут прынцыпова важна ўразумець: гэта не прысуд, а кіраўніцтва да дзеяння.
Навукоўцы-біёлагі Беларусі, зрэшты, як і іх калегі з Італіі, Вялікабрытаніі і іншых краін Еўропы, на падставе праведзеных даследаванняў прытрымліваюцца таго меркавання, што на здароўе і даўгалецце чалавека генетычныя асаблівасці ўплываюць толькі на 25%. Астатняе – гэта ўсё ж такі лад жыцця, харчаванне, навакольнае асяроддзе. Менавіта для разумення таго, як чалавеку скарэктаваць лад жыцця, каб захаваць здароўе і падоўжыць гады, важна ведаць свае генетычныя асаблівасці.
Сёння беларускія навукоўцы з дапамогай даследавання геному маюць магчымасць выяўляць схільнасць чалавека да сардэчна-сасудзістых захворванняў (інсульт, інфаркт, вянозныя трамбозы), дыябету 2-га тыпу, метабалічны сіндром, астэапарозу, цэліякіі і некаторых іншым. Гэта неінфекцыйныя захворванні, якія з'яўляюцца адной з вядучых прычын высокай інвалідызацыі і смяротнасці ва ўсім свеце. У той жа час іх узнікненне абумоўлена не столькі генетычнай схільнасцю, колькі такімі фактарамі рызыкі, як шкодныя звычкі, гіпадынамія, нерацыянальнае і незбалансаванае харчаванне, залішняя вага.
Адпаведна, маючы на руках генетычны пашпарт, чалавек атрымлівае рэальную магчымасць абараніць сваё здароўе і падоўжыць жыццё.
Людзі набываюць танометры, глюкометры, пачынаюць сачыць за сваім здароўем, праходзяць прафілактычныя агляды ва ўрачоў. Такім чынам, павышаюць свае шанцы на здаровае даўгалецце.
Што важна ведаць пра генетычны пашпарт
- Сёння ў Беларусі генетычныя пашпарты маюць каля 13 тысяч чалавек. Асноўная частка – жанчыны са звыклым невыношваннем. З аднаго боку, гэта цалкам вытлумачальна: жанчына, якая марыць пра дзіця, будзе хапацца за любую саломінку ў надзеі на здаровую цяжарнасць і роды. З іншага боку, менавіта гэтыя жанчыны з'яўляюцца яркім пацвярджэннем эфектыўнасці і дакладнасці генетычнага пашпарта. Пасля кансультацыі з акушэрамі-гінеколагамі, якія, абапіраючыся на вынікі генетычных даследаванняў, карэктуюць тэрапію супраць невыношвання, 85,6% жанчын паспяхова цяжараюць і нараджаюць. Некаторыя – адразу двайнят.
- Здаць аналіз на генетычныя даследаванні можа любы жадаючы. Узроставых абмежаванняў няма. Але аптымальны варыянт – з нараджэння да 40-50 гадоў.
- На даследаванне бярэцца сліна. Аналіз не выклікае ніякага дыскамфорту.
- Гатоўнасць вынікаў аналізу – на працягу 2-3 тыдняў.
- Генетычны пашпарт уключае даследаванне 60 генаў чалавека, носіць інфарматыўны характар. Для прыняцця канкрэтных рашэнняў пра змену ладу жыцця, паводзінаў, характару харчавання ў некаторых выпадках неабходны кансультацыі спецыялістаў: урачоў, дыетолагаў.
- Поўны комплекс даследаванняў на генетычны пашпарт каштуе каля 600 рублёў (актуальна на кастрычнік 2018 г.).
- Здаць аналіз можна ў Рэспубліканскім цэнтры геномных біятэхналогій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Лабараторыя генетыкі чалавека, якая праводзіць даследаванні – адзіная ў СНД лабараторыя з акрэдытацыяй на дзейнасць такога кшталту. Дакладнасць і якасць даследаванняў кантралюе Рэферэнсны Інстытут біяаналітыкі (Германія) і пацверджаны адпаведным сертыфікатам.
Больш падрабязная інфармацыя, актуальныя цэны прадстаўлены на сайце Рэспубліканскага цэнтра геномных біятэхналогій. Там жа можна запісацца на генетычнае тэсціраванне ў рэжыме анлайн.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by