03.06.2019
03.06.2019

Вока ў фокусе. 9 актуальных пытанняў афтальмолагу пра мяккія кантактныя лінзы

logo
Здароўе дарослых
0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Па самых сціплых падліках 125 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце рэгулярна карыстаюцца мяккімі кантактнымі лінзамі. Яны зручныя і простыя ў выкарыстанні, не скажаюць знешнасць, часам нават робяць яе больш прывабнай, дазваляючы змяняць колер вачэй пад вопратку ці настрой.

Улічваючы той факт, што сучаснае жыццё аб'ектыўна не спрыяе захаванню вастрыні зроку, можна меркаваць, што колькасць тых, хто карыстаецца кантактнымі лінзамі, будзе павялічвацца з кожным днём.

Журналіст «Слушна» атрымала адказы на самыя папулярныя пытанні пра лінзы ў афтальмолага аддзялення лазернай мікрахірургіі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Любові Сталяровай.

У чым перавагі кантактных лінзаў перад акулярамі?

Сапраўды, акуляры шмат у чым прайграюць мяккім кантактным лінзам (МКЛ). Перавагі МКЛ умоўна можна падзяліць на дзве катэгорыі: першая – лепшая якасць карэкцыі зроку, другая – эстэтычны аспект.

 
Любоў Сталярова
Афтальмолаг аддзялення лазернай мікрахірургіі 10-й ГКБ г.Мінска
Мяккія кантактныя лінзы – гэта адзін з метадаў карэкцыі анамальнай рэфракцыі або, прасцей кажучы, такіх парушэнняў зроку, як блізарукасць, дальназоркасць і астыгматызм. У мяккіх кантактных лінзах вока працуе так, як павінна працаваць у норме. МКЛ забяспечваюць поўную і якасную карэкцыю зроку, малюнак на сятчатцы атрымліваецца без перыферычнага дэфокусу, чаго, на жаль, не могуць даць акуляры.

МКЛ вельмі дапамагаюць тым, каму некамфортна і нязручна насіць акуляры. Ці для каго сам факт іх нашэння адбіваецца на самаацэнцы і выклікае пачуццё сарамлівасці. З лінзамі такіх пытанняў, як правіла, не ўзнікае. Староннія людзі могуць нават не западозрыць праблемаў са зрокам – у побыце лінзы зусім незаўважныя.

Таксама камфорт і зручнасць лінзаў ацэняць аматары актыўнага адпачынку і спорту. Акуляры моцна абмяжоўваюць кола заняткаў, а то і зусім перашкаджаюць ім.

З якога ўзросту і як доўга можна карыстацца кантактнымі лінзамі?

Лінзы можна насіць з таго часу, як было ўстаноўлена парушэнне зроку. Узроставых абмежаванняў няма, усё зводзіцца да пытання самакантролю.

 
Любоў Сталярова
Афтальмолаг аддзялення лазернай мікрахірургіі 10-й ГКБ г.Мінска
Тут неабходна ўдакладніць, што дзецям можна і трэба насіць мяккія кантактныя лінзы, але не з пэўнага ўзросту, а з таго моманту, калі дзіця само можа адказна падысці да гэтага пытання і ў стане правільна выкарыстоўваць МКЛ. Паколькі дзецям малодшага ўзросту цяжка выконваць правілы бяспечнага выкарыстання лінзаў, дашкольнікам спачатку прызначаюцца акуляры, а потым ідзе паступовае навучанне і пераход на мяккія кантактныя лінзы.

Тое ж датычыцца і пажылых людзей. Лінзы можна насіць да таго ўзросту, пакуль чалавек у стане даглядаць іх і правільна выкарыстоўваць.

Ці трэба даваць вачам адпачынак ад лінзаў?

Спецыяльнай неабходнасці ў гэтым няма, упэўнена эксперт. Самі па сабе кантактныя лінзы пры правільным выкарыстанні вачам не шкодзяць.

 
Любоў Сталярова
Афтальмолаг аддзялення лазернай мікрахірургіі 10-й ГКБ г.Мінска
Але абавязкова трэба ўлічваць, якога рэжыму нашэння выкарыстоўваюцца МКЛ (квартальныя, штомесячнай замены, двухтыднёвыя, аднадзённыя). «Аднадзёнкі», напрыклад, не варта насіць тыднямі. На тое яны і аднадзённыя, каб раніцай надзець, а ўвечары зняць і выкінуць. Не трэба эксперыментаваць і эканоміць на здароўі, бо ў выпадку ўскладненняў лячэнне абыдзецца нашмат даражэй. А ў некаторых выпадках далейшае карыстанне лінзамі можа зрабіцца немагчымым.

Лінзы доўгачасовага выкарыстання абавязкова варта здымаць на ноч, а лінзы кругласутачнага нашэння выкарыстоўваць у выключных выпадках, калі няма магчымасці зняць і правільна іх апрацаваць.

Як выбраць лінзы і дзе купіць?

Як выбраць лінзы і дзе купіць?

Падборам мяккіх кантактных лінзаў павінен займацца афтальмолаг у оптыцы. У паліклініках МКЛ не выпісваюць!

Перш за ўсё доктар правядзе аптаметрычнае абследаванне, каб ацаніць стан глядзельнай сістэмы. На падставе атрыманых дадзеных праводзіцца падбор кантактных лінзаў. Затым урач падрабязна распавядзе пра ўсе правілы нашэння МКЛ, зробіць першую прымерку і прызначыць даты наступнага кантролю.

 
Любоў Сталярова
Афтальмолаг аддзялення лазернай мікрахірургіі 10-й ГКБ г.Мінска
Першасны агляд афтальмолага або зварот да ўрача, калі зрок пагоршыўся, – пытанне асабістай бяспекі і здароўя. Ні ў якім разе нельга купляць МКЛ самастойна па прынцыпе: мне акуляры выпісалі з дыёптрыямі, пайду такія ж лінзы куплю. Пры падборы МКЛ выкарыстоўваюцца розныя крытэрыі і мноства паказчыкаў оптыкі, разабрацца ў якіх неспецыялісту немагчыма. Калі гэты факт не ўлічваць, наўрад ці вы застаняцеся задаволеныя лінзамі.

Да якіх наступстваў можа прывесці няправільнае выкарыстанне лінзаў?

 

Самае частае, да чаго можа прывесці грэбаванне правіламі бяспечнага выкарыстання МКЛ (брудныя рукі, няправільная ачыстка лінзаў, захоўванне ў неналежных умовах, парушэнне тэрмінаў нашэння і г.д.), – гэта запаленчыя захворванні, напрыклад, кан'юктывіт (запаленне слізістай абалонкі вока). Але ён даволі паспяхова лечыцца і не выклікае такіх праблем, як, напрыклад, кератыт – запаленне рагавіцы.

 
Любоў Сталярова
Афтальмолаг аддзялення лазернай мікрахірургіі 10-й ГКБ г.Мінска
Кератыт – на парадак больш сур'ёзная паталогія. Чалавек адчувае моцны боль, дыскамфорт, выяўленую святлабоязь і слёзацячэнне. Калі кератыт ускладняецца язвай рагавіцы, гэта можа прывесці да цяжкіх наступстваў, якія запатрабуюць правядзення складаных аперацый. Таму так важна выконваць правілы нашэння лінзаў.

Навошта мець у запасе акуляры, калі ёсць лінзы?

Пры некаторых станах нашэнне кантактных лінзаў неабходна спыніць.

Напрыклад, нельга карыстацца лінзамі ў выпадку хваробы вачэй альбо пры вострых рэспіраторных інфекцыях. Таму ў любога чалавека з дрэнным зрокам павінны быць не толькі лінзы, але і акуляры.

Выкарыстоўваць МКЛ можна пасля таго, як вочы цалкам адновяцца. На працягу хваробы і аднаўленчага перыяду чалавеку неабходна карыстацца акулярамі.

Але ёсць і абсалютныя супрацьпаказанні да нашэння МКЛ. Да іх адносяцца:

  • вострыя запаленчыя захворванні вока (кан'юктывіт, кератыт, блефарыт, склерыт, увеіт і г.д.);
  • цяжкі сіндром сухога вока, ксерафтальмія;
  • сезонныя абвастрэнні алергічных рэакцый;
  • парушэнне пабудовы вока (напрыклад, птоз – апушчэнне павека і г.д.);
  • касавокасць, пры якой вугал крывізны больш за 15°;
  • падвывіх крышталіка;
  • некампенсаваная глаўкома;
  • сухоты, СНІД;
  • псіхічныя захворванні;
  • індывідуальная непераноснасць;
  • прыём некаторых лекавых сродкаў (напрыклад, дыурэтыкаў).

Ці могуць лінзы сапсаваць зрок?

 
Любоў Сталярова
Афтальмолаг аддзялення лазернай мікрахірургіі 10-й ГКБ г.Мінска
Лінзы не могуць сапсаваць зрок. Хутчэй, да гэтага прывядзе катэгарычная адмова насіць лінзы або акуляры, калі яны паказаныя. Але лінзы, як і акуляры, маюць патрэбу ў перыядычнай карэкціроўцы аптычнай сілы, напрыклад, калі мае месца прагрэсуючая блізарукасць. Асабліва гэта актуальна для падлеткаў і маладых людзей. Пакуль яны растуць, нарастае і блізарукасць. І ўжо, скажам, праз 1-2 гады сілы лінзы можа не хапаць для поўнай карэкцыі. Але гэта не значыць, што лінза сапсавала зрок ці не ўтрымала яго – гэта фізіялагічны працэс змены рэфракцыі вока, і трэба ўсяго толькі зрабіць планавую замену МКЛ.

Ці можна механічна пашкодзіць лінзу або страціць? Якія ўвогуле правілы эксплуатацыі?

Кантактную лінзу, як і вока, можна падрапаць, калі, скажам, ударыць па воку галінкай. Калі ўдар моцны, лінза можа трапіць пад павека ці ўвогуле вываліцца.

 

 
Любоў Сталярова
Афтальмолаг аддзялення лазернай мікрахірургіі 10-й ГКБ г.Мінска
У норме лінза з вока сама па сабе не выпадзе. Ёсць пэўныя крытэрыі правільнай пасадкі лінзаў, таму так важна падбіраць іх разам з урачом. Лінза можа сесці вельмі шчыльна, і тады яна будзе выклікаць дыскамфорт і перашкаджаць. Ці, наадварот, пасадка лінзы можа быць свабоднай, тады яна будзе моцна дыслакавацца па паверхні вока нават пры простым мірганні. Правільна падабраная лінза не давіць, не выклікае дыскамфорт, не можа выпасці, яна павінна быць практычна неадчувальнай на воку.

Да асноўных правілаў эксплуатацыі МКЛ можна аднесці наступныя:

  • захаванне рэжыму нашэння і планавай замены МКЛ, а таксама адпаведных раствораў для ачысткі і кантэйнераў для захоўвання;
  • лінзы, растворы для іх і кантэйнеры павінны быць строга індывідуальнымі;
  • здымаць і ўстаўляць МКЛ варта перад люстэркам, каб пазбегнуць пашкоджання лінзы або вока;
  • пры плаванні ў лінзах у басейне або ў адкрытай вадзе трэба абавязкова выкарыстоўваць спецыяльныя плавальныя акуляры;
  • кантактныя лінзы рэкамендуецца ўстаўляць да нанясення макіяжу;
  • не выкарыстоўваць лінзы пры наяўнасці супрацьпаказанняў да іх нашэння;
  • абавязкова праводзіць падбор МКЛ, а таксама ўдакладняць пытанні, якія ўзнікаюць у працэсе эксплуатацыі лінзаў, толькі ў афтальмолага.

Ці можна карыстацца дэкаратыўнымі кантактнымі лінзамі?

 
Любоў Сталярова
Афтальмолаг аддзялення лазернай мікрахірургіі 10-й ГКБ г.Мінска
Так, можна, калі ёсць жаданне. Але правілы падбору дэкаратыўных лінзаў такія ж, як і звычайных, – толькі на кансультацыі ў афтальмолага.

«Забыць» пра лінзу ў воку рэальна?

Пры правільным падборы лінзаў большасць людзей наогул не адчуваюць іх прысутнасці ў воку. Але забыцца пра іх зусім ці надоўга не атрымаецца – вока нагадае. Запаленнем, свербам, слёзацячэннем, частым мірганнем. Вока – надзвычай адчувальны орган і рэагуе на трапленне нават мікраскапічнай парушынкі. А тут лінза, якую забыліся зняць дзень-два-тыдзень. Гэта ўжо нават не парушынка, а вялікае «бервяно». Так што лепей уважліва сачыць за вачыма самім, а не чакаць, пакуль справа дойдзе да слёз.

Фота – Віталь Гіль.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 28

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама