Правільна інфармаваны пацыент выклікае ва ўрача павагу і палягчае працу. У тым сэнсе, што ён уважліва ставіцца да свайго здароўя, не запускае хваробу і захоўвае здаровае крытычнае мысленне. Умова толькі адна – браць інфармацыю трэба з вартых даверу крыніцаў.
Усе матэрыялы на Слушна прайшлі экспертную праверку альбо падрыхтаваныя пры непасрэдным удзеле высокакваліфікаваных урачоў-спецыялістаў. А вось наколькі добра вы запаміналі прапанаваную інфармацыю, зараз праверым.
Медыцынскі тэст
1. Прычынай інфекцыйнага эндакардыту з'яўляецца незалечаны карыес.
А. Ну вы прыдумалі! Дзе зубы, а дзе сэрца?!
Б. Менавіта так, асабліва, калі сэрца і да праблемаў з зубамі было не ў парадку.
В. Наадварот! Гэта інфекцыйны эндакардыт прыводзіць да развіцця карыесу. Хаця, трэба прызнаць, не ён адзін.
Правільны адказ: Б.
Важна разумець, што пашкоджаны карыесам зуб – крыніца хранічнай інфекцыі ў арганізме, бомба запаволенага дзеяння. Калі ўстойліва ігнараваць прафілактычныя паходы да стаматолага, хаця б раз у паўгода-год, своечасова не саніраваць поласць рота, хваробы зубоў і дзяснаў у перспектыве могуць стаць прычынай захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.
У прыватнасці, бактэрыі з карыёзнай поласці, трапляючы ў кроваток пры чыстцы зубоў, могуць выклікаць цяжкае інфекцыйнае запаленчае захворванне ўнутранай абалонкі сэрца (эндакардыт), пры якім пашкоджваецца клапанны апарат. Найбольш высокая рызыка развіцця інфекцыйнага эндакардыту ў людзей з сардэчнай паталогіяй, якая ўжо маецца, а таксама ў тых, хто калісьці хварэў на яго.
Як знізіць рызыку інфекцыйнага эндакардыту і ў якіх выпадках неабходны прафілактычны прыём антыбіётыкаў, чытайце ў гэтым матэрыяле.
2. Калі алергіі не было ў дзяцінстве, дык ужо ніколі і не будзе.
А. Не так катэгарычна. Алергіі, як і каханню, скараюцца ўсе ўзросты.
Б. Няпраўда. Алергія ўпершыню можа праявіцца да 35 гадоў. А вось потым рызыкі сапраўды няма.
В. Усё правільна. Алергія – выключна дзіцячая болька.
Правільны адказ: А.
Алергічная рэакцыя на той ці іншы раздражняльнік упершыню можа праявіцца практычна ў любым узросце. Калі да гэтага часу ў вас не было алергіі, гэта не значыць, што ў вас пажыццёвы імунітэт. Напрыклад, ёсць дадзеныя, што прыступ крапіўніцы хаця б раз здараўся ў кожнага 3-га жыхара планеты. А ёсць жа яшчэ паліноз, алергічны рыніт, атапічны дэрматыт з алергічным кампанентам, бранхіяльная астма...
Дрэнная навіна ў тым, што пацверджаная алергія – хранічная хвароба. Адзіная панацэя ад прыступу – строга пазбягаць любога, нават мінімальнага, кантакту з алергенам, няхай гэта будзе пылок раслінаў, харчовы прадукт, лекавы прэпарат, укус насякомых і інш. Тут вы знойдзеце адказы на самыя актуальныя пытанні пра алергію.
3. Плоскаступнёвасць – прадукт цывілізацыі, праблема, якой у пераважнай большасці выпадкаў можна пазбегнуць.
А. Жартуеце?! У плоскаступнёвасці выключна генетычная прырода, якая ніякага дачынення да цывілізацыі не мае. А ад спадчыннасці не ўцячэш.
Б. Заўсёды лічыў (-ла), што гэта прадукт фантазіі навабранцаў, каб «касіць» ад войска.
В. Так, напэўна, вы маеце рацыю. Зрэшты, цывілізацыя «дэфармавала» не толькі ступні...
Правільны адказ: В.
Па статыстыцы, амаль кожны другі з нашых сучаснікаў мае паталогію ступні, і толькі ў 5% выпадкаў размова ідзе пра прыроджаны дэфект. Толькі ўявіце, у 95% выпадкаў плоскаступнёвасці магло б і не быць.
Але прычым тут цывілізацыя, спытаецеся вы? Пры тым, што ў сучасным свеце ў чалавека няма неабходнасці шмат і актыўна рухацца, рыхтаваць сабе ежу з натуральных прадуктаў і ва ўсіх сэнсах быць бліжэй да прыроды. Зараз гэта прывілей, які каштуе вялікіх намаганняў і грошай.
Практычна ўсё аўтаматызаванае, тэхнічна і тэхналагічна пракачанае, прылаўкі забітыя гатовымі паўфабрыкатамі, парадак дня дыктуе мода, а не зручнасць. Адсюль гіпадынамія, лішняя вага і... плоскаступнёвасць, як адзін з пабочных прадуктаў цывілізацыі. Паталогія ступні, у сваю чаргу, цягне за сабой праблемы з суставамі, боль у спіне, галаўны боль...
Калі хочаце ведаць больш, вам сюды.
4. Ці можна прымаць ванну/душ падчас прастуды, грыпу?
А. Трэба! Гігіену ніхто не адмяняў. Хаця на час хваробы замест ляжання ў ванне лепей прымаць душ.
Б. Ды што вы сабе прыдумалі! Строгі пасцельны рэжым на ўвесь час бальнічнага. Мыцца будзем, калі хвароба сыдзе.
В. Можна, але толькі ванну і толькі калі няма гіпертэрміі.
Правільны адказ: А.
Прымаць водныя працэдуры можна і нават трэба. І сапраўды, падчас хваробы лепей аддаць перавагу кароткаму душу. Павышаная тэмпература цела – не супрацьпаказанне. Наадварот, прахалодны душ (тэмпература вады крыху ніжэйшая за тэмпературу цела) адносіцца да фізічных метадаў барацьбы з гіпертэрміяй. Цалкам працоўны варыянт для тых, хто хоча скараціць прыём таблетак да мінімуму. Калі размова ідзе пра дзіця, прахалодны душ можна замяніць абціраннем вадой пакаёвай тэмпературы.
5. Калі ў зубах стаяць пломбы, значыць, на прафесійнае адбельванне можна забыцца.
А. Натуральна! Адбельванне – даволі агрэсіўная працэдура, якая разбурае пломбы.
Б. А вось і не! Але могуць быць нюансы...
В. Наадварот, пацямнелыя ад часу пломбы – адно з паказанняў для прафесійнага адбельвання зубоў.
Правільны адказ: Б.
Наяўнасць пломбаў, у прынцыпе, не з'яўляецца супрацьпаказаннем для адбельвання зубоў, нягледзячы на тое, што ўздзеянне рэчываў, якія выкарыстоўваюцца, мяккім ніяк не назавеш. Напрыклад, у некаторых выпадках яны могуць вытанчыць ці пашкодзіць зубную эмаль, павысіць адчувальнасць зубоў. Але ўрач можа не рэкамендаваць працэдуру ў тым выпадку, калі пломбы ўстаноўленыя няякасна ці з няякаснага матэрыялу. Альбо прапануе адбельванне пасля іх замены.
Варта ўлічыць і яшчэ адзін маленькі нюанс. Адбельванне бяссільнае перад пломбамі. У тым сэнсе, што яны захаваюць «родны» колер пламбіровачнага матэрыялу, нягледзячы на колькасць праведзеных працэдураў. Ёсць толькі адзін варыянт прывесці колер пломбаў у адпаведнасць з адбеленай зубной эмаллю – замяніць іх, падабраўшы патрэбнае адценне. Калі ж вы марыце пра белыя-белыя зубы, дык адбельванне і зусім не ваш варыянт. Каб атрымаць фарфоравую ўсмешку, неабходна пайсці на ўстаноўку спецыяльных пласцінаў (вініраў) альбо каронак.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by