14.02.2022
14.02.2022

Поліпрагмазія. Чым небяспечная і як пазбегнуць

logo
Здароўе дарослых
0 77
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Старэнне насельніцтва і павелічэнне колькасці людзей з множнай спадарожнай паталогіяй прывяло да таго, што ўсё больш актуальнай становіцца такая праблема, як поліпрагмазія. Гэты тэрмін абазначае адначасовае і часта неабгрунтаванае прызначэнне вялікай колькасці лекавых сродкаў.

Безумоўна, правільна падабраныя спецыялістамі прэпараты (з улікам усіх асаблівасцяў лекавага сродку, яго ўзаемадзеяння з іншымі, неабходнай дазіроўкай i своечасовай карэкцыяй) могуць палепшыць якасць і працягласць жыцця. Разам з тым, неабдуманы прыём вялікай колькасці лекаў прыводзіць да высокай рызыкі развіцця неспрыяльных наступстваў, якія могуць стаць прычынай шпіталізацыі альбо нават смяротнага зыходу.

Пра ўсе нюансы лекавай тэрапіі і пра тое, як пазбегнуць поліпрагмазіі ў сталым узросце, Слушна распавяла галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людміла Жылевіч.

Прычыны поліпрагмазіі

Велізарная колькасць лекавых сродкаў, прадстаўленых сёння ў фармакалогіі, каго заўгодна паставіць у тупік, але часцей «ахвярамі» поліпрагмазіі становяцца сталыя людзі. З гадамі ў чалавека зношваецца арганізм, з'яўляюцца розныя метабалічныя парушэнні, горш функцыянуюць органы і сістэмы, прагрэсуюць хранічныя захворванні. Усё гэта ўплывае на эфектыўнасць таго ці іншага лекавага сродку, яго ўсмоктвальнасць, хуткасць вывядзення з арганізма, што, у сваю чаргу, прыводзіць да таго, што прэпарат працуе «не так, як трэба».

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Нягледзячы на тое, што многім сталым людзям даводзіцца прымаць некалькі прэпаратаў адначасова, часцяком яны грашаць тым, што самастойна прызначаюць сабе лекі (суседка параіла, убачылі ў рэкламе ці прачыталі ў інтэрнэце). У такіх выпадках мы маем сітуацыю, калі дзеянне аднаго прэпарата нейтралізуецца ці наадварот – узмацняецца іншым. У выніку мы атрымліваем зніжэнне эфекту ад тэрапіі, а часам і пагаршэнне прагнозаў. Але ж пры прызначэнні таго ці іншага лекавага сродку строга ўлічваюцца суадносіны «рызыка-карысць» і вывяраецца доза дзеючага рэчыва, узаемадзеянне з іншымі прэпаратамі.

Акрамя таго, адзначыла эксперт, у сталым узросце дапускаюцца пэўныя адхіленні ад тых нормаў, якія дзейнічаюць у людзей маладзейшых. Не заўсёды варта дасягаць ідэальных значэнняў пэўных параметраў, напрыклад, узроўню глюкозы ў крыві ці халестэрыну.

Паводле слоў Людмілы Жылевіч, гэта тычыцца і некаторых узроставых пацыентаў з павышаным артэрыяльным ціскам.

У пэўных выпадках дапушчальная адмена прыёму статынаў з мэтай першаснай прафілактыкі ў чалавека ва ўзросце 75-80 гадоў і старэйшых. Усё вырашаецца індывідуальна, у дачыненні да кожнага канкрэтнага пацыента, з улікам яго самаадчування і стану здароўя.

Поліпрагмазія. Мінімум лекаў.

Акрамя гэтага, пры хранічных захворваннях могуць пашкоджвацца так званыя органы-мішэні.

Як правіла, гэта печань і ныркі – органы, якія абясшкоджваюць і выводзяць з арганізма розныя рэчывы. Таму, упэўненая спецыяліст, любы лекавы сродак павінен прызначацца толькі ўрачом і толькі пасля збору падрабязнага анамнэзу з улікам прэпаратаў, якія ўжо прымаюцца.

Неспрыяльныя пабочныя рэакцыі часцей за ўсё развіваюцца пры ўжыванні:

  • антыкаагулянтаў (памяншаюць вязкасць крыві);
  • гліказідаў (часта прызначаюць пры сардэчнай недастатковасці). Пры няправільным прыёме высокая рызыка развіцця парушэнняў рытму, ажно да спынення сэрца;
  • таблетаваных цукразніжальных сродкаў. З-за зніжэння метабалізму ў сталым узросце нават звычайная доза можа выклікаць стан гіпаглікеміі і прывесці да комы;
  • цытастатыкаў;
  • нейралептыкаў;
  • антыдэпрэсантаў. У сталым узросце гэтыя прэпараты могуць прывесці да адваротнага эфекту (чалавек робіцца санлівым, абыякавым, магчымае развіццё сасудзістых парушэнняў мозгу і прагрэсаванне дэменцыі).
 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Самыя распаўсюджаныя прэпараты, якія могуць прывесці да непажаданых пабочных эфектаў, – нестэроідныя супрацьзапаленчыя лекавыя сродкі, якія часта выкарыстоўваюцца для зняцця сустаўнага і мышачнага болю, а таксама дыўрэтыкі (мачагонныя сродкі) і лекі з групы антыкаагулянтаў (высокая рызыка развіцця крывацёкаў).

Яшчэ адным фактарам, які можа прывесці да поліпрагмазіі, з'яўляецца тое, што чалавек назіраецца ў некалькіх урачоў адначасова. Пры гэтым кожны з іх можа прызначыць лекі, не маючы поўнай інфармацыі пра прэпараты, якія пацыент прымае альбо прымаў раней.

Віды ўзаемадзеяння лекавых сродкаў

Менавіта тое, як узаемадзейнічаюць лекавыя сродкі адзін з адным, часцей за ўсё прыводзіць да негатыўных пабочных рэакцый.

Віды ўзаемадзеяння лекавых сродкаў

1.Першы від узаемадзеяння ўзнікае пры змешванні некалькіх прэпаратаў. Такая сітуацыя можа ўзнікнуць, калі пацыент не выконвае рэкамендацыі па прыёме лекаў.

Напрыклад, прымае два прэпараты адначасова, якія ўзмацняюць дзеянне адно аднаго. Адпаведна, чалавек атрымлівае двайную дозу дзеючага рэчыва.

2. Другі від звязаны са змяненнем канцэнтрацыі прэпарата, калі адно лякарства ўплывае на дзеянне іншага.

Напрыклад, адначасовы прыём некаторых антыбіётыкаў і прэпаратаў, якія зніжаюць халестэрын, павышае верагоднасць развіцця міяпатыі.

3. Трэці від узаемадзеяння верагодны, калі прыняць два лякарствы, адно з якіх павышае рызыку развіцця непажаданых пабочных рэакцый іншага. У такім выпадку адбываецца так званае ўзаемнае павелічэнне рызыкаў.

Напрыклад, небяспечна без узгаднення з урачом прымаць адначасова антыкаагулянты і антыагрэганты (высокая рызыка крывацёкаў).

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Варта памятаць, што з лекамі ўзаемадзейнічаюць не толькі іншыя лекі, але і прадукты харчавання, БАДы і вітамінныя комплексы. Самае бяскрыўднае – калі лячэбны эфект цалкам нейтралізуецца. Напрыклад, калі прэпараты кальцыю запіць газаванымі напоямі, яны губляюць свае ўласцівасці. Тэтрацыклін робіцца бескарысным, калі запіць яго і малаком. Аматары фітатэрапіі таксама павінны ведаць, што прымаць разнастайныя адвары і травяныя настойкі разам з сінтэтычнымі лекамі не рэкамендуецца. Напрыклад, настой на святаянніку пазбаўляе ўсіх уласцівасцяў кантрацэптыўныя прэпараты і антыдэпрэсанты.

Заспакаяльныя сродкі пасля ўзаемадзеяння з танінам альбо кафеінам, якія змяшчаюцца ў гарбаце і каве, прыводзяць чалавека ва ўзбуджаны стан.

Сокі таксама здольныя змяняць уласцівасці лекаў.

Устаноўлена, што грэйпфрутавы сок здольны ўзмацніць дзеянне такіх лекаў як імунадэпрэсанты, сардэчныя, гарманальныя, супрацьпухлінныя сродкі, эрытраміцын у 4 разы! А гэта ўжо відавочная перадазіроўка з усімі адпаведнымі наступствамі.

Вельмі небяспечна прымаць не па правілах прэпараты, якія зніжаюць згусальнасць крыві. Напрыклад, сокі (асабліва журавінавы) настолькі ўзмацняюць іх дзеянне, што могуць справакаваць страўнікавы крывацёк.

Як пазбегнуць прыёму вялікай колькасці лекаў

На прыёме ва ўрача, упэўненая эксперт, важна і трэба ўдакладняць дзеянне таго ці іншага лекавага сродку, пытацца пра верагодныя пабочныя рэакцыі, нюансы прыёму, даведвацца пра спалучальнасць таго ці другога прэпарата з іншымі.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Пытайцеся ў свайго ўрача пра патэнцыяльныя рызыкі пры ўжыванні прэпаратаў, іх перавагі, распавядайце пра ўсе непажаданыя рэакцыі альбо выпадкі пагаршэння самаадчування пасля прыёму таго ці іншага прэпарата.

Ёсць захворванні, пры якіх лекі асабліва і не патрэбныя, напрыклад, ВРВІ. Часам пры прастудзе патрэбныя толькі спакой і цёплае пітво.

Не варта саромецца пытацца, для чаго патрэбны той ці іншы прэпарат. Як правіла, для лячэння аднаго захворвання патрабуецца не больш за 3 віды лекаў. Калі дыягназ адзін, а лекаў вельмі шмат, трэба задаць пытанне: «Навошта?» Калі ўсе гэтыя прэпараты неабходныя для таго, каб «падтрымаць імунітэт», «забіць вашыя вірусы ў арганізме», «падтрымаць печань», «умацаваць сасуды», «палепшыць мазгавы кровазварот», дык у такім выпадку прыём лекаў часцяком не апраўданы. Магчыма, варта атрымаць яшчэ адно меркаванне эксперта.

І яшчэ адна парада. Неабходна ў абавязковым парадку пералічыць урачу ўсе лекі, якія вы прымаеце, ажно да вітамінных комплексаў альбо лячэбнай травы. Раскажыце доктару пра ўсе вашыя хранічныя захворванні. Цалкам верагодна, што гэтая інфармацыя можа паўплываць на выбар тэрапіі.

Поліпрагмазія. Гутарка з урачом.

Асноўнае правіла – чым старэйшы ўзрост, тым меншая доза лекавага сродку. У сталым узросце нават дазіроўка прэпарата можа прывесці да незваротных наступстваў, нагадала Людміла Жылевіч. Таму не варта кіравацца парадамі, напрыклад, іншых людзей. Акрамя гэтага, варта ведаць клінічныя прыкметы перадазіроўкі лекавага сродку. Калі яны з'явіліся, лепей звярнуцца да ўрача для карэкцыі дозы прэпарата ці змены тэрапіі.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
З-за хранічнага цячэння захворванняў у людзей старэйшага ўзросту лекі, як правіла, прызначаюцца на доўгі час. Гэта можа выклікаць прывыканне. А можа назапасіцца небяспечная доза і выклікаць перадазіроўку, што значна павышае небяспеку інтаксікацыі. З гадамі часта ўзрастае і рызыка пабочных рэакцый. Менавіта таму варта акуратна ставіцца да прыёму лекавых сродкаў, прымаць усе меры для змяншэння іх колькасці (умераная фізічная актыўнасць, карэкціроўка рацыёну), захоўваць дозу і схему прыёму прэпаратаў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 77

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама