Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, у 2017/2018 годзе па ўсёй краіне 426,3 тысячы дзяцей наведваюць 3 812 устаноў дашкольнай адукацыі.
Пытанне, як уладкаваць малечу ў дзяржаўны дзіцячы сад, часта хвалюе бацькоў з моманту нараджэння дзіцяці. Усім хочацца аддаць малое ў добры садок ля дома альбо побач з працай аднаго з бацькоў. А калі дзяцей двое ці больш, было б добра, каб яны хадзілі ў адну і тую ж дашкольную ўстанову. Бо адвозіць і забіраць дзяцей з дзіцячага садка вам давядзецца кожны дзень на працягу некалькіх гадоў.
І калі ў сельскай мясцовасці і старых спальных мікрараёнах вялікіх гарадоў пытанняў з афармленнем дзіцяці ў дзіцячы сад практычна не ўзнікае, то ў раёнах з вялікай колькасцю новых будынкаў, дзе шмат маладых сем'яў (асабліва ў сталіцы), існуе праблема недахопу месцаў у дзіцячых садках.
Рэгістрацыю на чаргу ў дзіцячы сад лепш не адкладаць! Аптымальным будзе адразу ж пасля нараджэння дзіцяці вызначыцца з установай, у якую б вы хацелі аддаць дзіця, і стаць на чаргу ў адміністрацыі раёна.
У адпаведнасці з заканадаўствам для ўладкавання дзіцяці ў дзяржаўны дзіцячы сад першапачаткова неабходна паставіць яго на ўлік як таго, каму патрэбна ўладкаванне ва ўстанову адукацыі для атрымання дашкольнай адукацыі. Як правіла, пастаноўка на ўлік ажыццяўляецца ў службе «Адно вакно».
Дакументы для пастаноўкі ў чаргу:
- пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці;
- копія пасведчання аб нараджэнні дзіцяці;
- пашпарт аднаго з бацькоў.
Ужо ў момант пастаноўкі на ўлік вы можаце самі выбраць мову навучання і выхавання вашага дзіцяці ў дзіцячым садку: беларускую або рускую. Яе, як правіла, абірае заснавальнік дзіцячага саду з улікам пажаданняў законных прадстаўнікоў выхаванцаў.
Свой выбар вам неабходна пазначыць у рэгістрацыйна-кантрольнай карце пры пастаноўцы на ўлік.
Па заканчэнні рэгістрацыі ў службе «Адно вакно» вам выдадуць рэгістрацыйна-кантрольную карту, з якой вы потым зверніцеся ва ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі вашага раёна.
Калі малое часта хварэе, мае сэнс аддаць яго ў санаторны дзіцячы сад. Для чаго акрамя рэгістрацыі ў службе «Адно вакно» неабходна прынесці ва ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі раёна шэраг дадатковых дакументаў.
Дакументы для пастаноўкі ў чаргу ў санаторны дзіцячы сад:
- рэгістрацыйна-кантрольная карта;
- заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі (даведка УКК) пра тое, што дзіця мае патрэбу ў санаторнай дашкольнай установе адукацыі.
Пасля гэтага ваша малое паставяць у асобную чаргу ў санаторна дашкольную ўстанову.
Калі ж дзіцёнку патрабуецца спецыяльная дашкольная ўстанова для дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, спецыяльная група, група інтэграванага навучання і выхавання, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, пасля рэгістрацыі ў службе «Адно акно» неабходна прынесці ва ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі вашага раёна наступныя дакументы:
- рэгістрацыйна-кантрольную карту;
- заключэнне дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі вашага раёна (заключэнне ЦКРНіР) пра тое, што дзіця мае патрэбу ў адмысловай дашкольнай установе адукацыі / групе.
Пасля гэтага ваша дзіця будзе пастаўлена ў асобную чаргу ў спецыяльную дашкольную ўстанову/групу.
Камплектаванне груп дзіцячага сада ажыццяўляецца з 2 красавiка да 31 жніўня. Ужо ў траўні вам паведамяць, у якi дзіцячы сад уладкавалі вашага дзіцёнка і калі трэба звяртацца па накіраванне ва ўстанову дашкольнай адукацыі. Да 1 верасня групы ўжо, як правіла, цалкам скамплектаваныя. На працягу каляндарнага года прыём дзяцей ва ўстанову дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца пры наяўнасці ў ёй вольных месцаў. Перавод дзяцей з адной узроставай групы ў іншую праводзіцца штогод у пачатку навучальнага года (1 верасня).
Калі за час, пакуль малыш падрастае да неабходнага ўзросту, у вашым раёне пабудуюць новы дзіцячы сад або па якіх-небудзь прычынах вы захочаце, каб ваша дзіця пайшло ў іншую дашкольную ўстанову, вы можаце скарэктаваць - дадаць ці прыбраць дзіцячы сад са спісу ва ўпраўленні адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі вашага раёна. Таксама вы можаце змяніць планаваную дату ўладкавання дзіцяці ў дашкольную ўстанову. Зрабіць усё гэта можна да 31 сакавіка таго года, калі плануеце аддаваць малога ў дзіцячы сад.
Каб у бліжэйшай будучыні не ўзнікла праблем з уладкаваннем вашага малога ў жаданую дашкольную ўстанову, асабліва калі вы жывяце ў новым раёне, паклапаціцеся пра гэта загадзя! Здароўя вам і вашым дзеткам!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by