Па статыстыцы СААЗ, каля 87% працаздольнага насельніцтва пакутуе ад неўралагічных праяў астэахандрозу, з якімі звязаныя болевыя сіндромы ў пазваночніку і канечнасцях. Каля 30% з іх маюць хранічны боль у спіне. Астэахандроз адносіцца да «хваробаў цывілізацыі», прычынай якіх з'яўляецца няправільны лад жыцця.
Празмерныя псіхаэмацыянальныя нагрузкі ў спалучэнні з гіпадынаміяй і нерацыянальным харчаваннем прыводзяць да метабалічных парушэнняў у арганізме і ранняга старэння міжпазванковых дыскаў, суставаў, сухажылляў і мышцаў. Дысфункцыя гэтых структур на шыйным узроўні з'яўляецца частай прычынай перыядычнага альбо хранічнага галаўнога болю, які сустракаецца ў 52,2% людзей.
Барацьба за якасць жыцця сучаснага чалавека прымушае шукаць новыя метады лячэння і прафілактыкі болевых сіндромаў. Да такіх метадаў адносяцца метад кінезіятэйпавання, які набывае ўсё большую папулярнасць у апошнія гады, а таксама менш вядомы шырокаму колу насельніцтва метад ТАП-тэрапіі.
Пра асаблівасці прымянення такога лячэння нам распавяла загадчыца неўралагічнага аддзялення медыцынскага цэнтра «Тамаграфія», кандыдат медыцынскіх навук Святлана Роўда.
Кінезіятэйпаванне. Пластыр, які лечыць
Святлана Роўда:
– Вядомы амерыканскі кінезіёлаг Дэвід Ліф казаў: «Навучыце чалавека правільна рухацца, і ён сам сябе вылечыць». Вы спытаецеся: «А хіба мы рухаемся няправільна?» Аказваецца, так. Неадэкватныя стата-дынамічныя нагрузкі, траўмы, стрэсы, інфекцыі і інтаксікацыі прыводзяць да парушэння правільнага рухальнага стэрэатыпу ў сувязі з мышачна-фасцыяльнымі, сустаўнымі і вертэбрагеннымі дысфункцыямі, парушэннем узгодненай працы ўсіх органаў і сістэмаў. Адным з метадаў карэкцыі гэтых парушэнняў з'яўляецца кінезіятэйпаванне, распрацаванае амерыканскім хірапрактыкам і рэфлексатэрапеўтам Кензо Касе. Яно заключаецца ў наклейванні на скуру эластычнага пластыру, які аказвае спецыфічны лячэбны эфект, дзякуючы стымуляцыі рэцэптараў скуры, мышцаў, звязак, сустаўных сумак. Гэта стварае спрыяльныя ўмовы для цыркуляцыі крыві і лімфы, памяншэння ацёку тканак і запалення ў іх. Тэйп стабілізуе суставы, мышцы, звязкі, прымаючы на сябе частку нагрузкі, якая прыпадае на гэтыя структуры. У выніку адбываецца значнае памяншэнне болевага сіндрому і аднаўленне парушаных рухальных функцый.
Тэйп вырабляецца на аснове баваўнянай тканіны і фіксуецца да скуры, дзякуючы нанесенаму на яго гіпаалергеннаму клею на акрылавай аснове, які актывізуецца пры тэмпературы цела. Фізічныя ўласцівасці яго набліжаныя да фізіялагічных уласцівасцяў здаровай скуры. Ён не перашкаджае дыханню і выпарэнню поту з яе паверхні, не абмяжоўвае рухаў і ў залежнасці ад методыкі тэйпавання, якая прымяняецца, можа наогул не адчувацца на целе.
Тэйп наклейваюць на перыяд ад некалькіх гадзін да 5 дзён. Пры гэтым чалавек працягвае весці звычайны лад жыцця без усялякіх абмежаванняў, не забараняюцца актыўны фітнэс і плаванне, штодзённы душ.
Кінезіятэйпаванне прымяняецца ў комплекснай тэрапіі:
- захворванняў апорна-рухальнага апарата (неўралагічныя праявы астэахандрозу пазваночніка, артрозы і перыартрозы);
- мышачна-фасцыяльнага болевага сіндрому;
- скаліёзу;
- траўмаў касцёва-мышачнай сістэмы (удары, расцяжэнні, гематомы і інш.);
- ацёкаў;
- рубцоў і спаек;
- галаўнога болю напружання;
- залішняй рухомасці суставаў і інш.
Метадам кінезіятэйпавання можна ўздзейнічаць таксама на трыгерныя і біялагічна актыўныя кропкі.
Святлана Роўда:
– Прынцыпова важна, каб праводзіў лячэнне кваліфікаваны ўрач, які валодае ўсімі тонкасцямі кінезіятэйпавання. Недастаткова проста наклеіць тэйп. Гэта трэба зрабіць правільна. Бо ў залежнасці ад абранай методыкі і дысфункцыянальнай мышцы выразаецца тэйп пэўнай формы. Пры гэтым можа змяняцца накірунак абклейвання, ступень нацяжэння і нават колер тэйпу. Самалячэнне без ведання гэтых нюансаў можа пагоршыць балючыя праявы. Спецыялісты сёння праводзяць тэйпаванне пад кантролем мануальнага мышачнага тэсту, які часта дазваляе вызначыць галоўную праблемную зону, першапрычыну ўсіх расстройстваў, а таксама кантраляваць правільнасць абклейвання і яго эфектыўнасць.
Кінезіятэйпаванне мае і супрацьпаказанні:
- індывідуальная непераноснасць акрылу;
- захворванні скуры;
- змены скуры ў месцах аплікацый (раны, трафічныя язвы);
- трамбоз глыбокіх венаў канечнасцяў;
- першы і апошні трыместр цяжарнасці;
- абмежаванае прымяненне ў пацыентаў з аслабленай скурай, схільнай да сінякоў, мікратраўмаў, якія доўгі час не загойваюцца, у тым ліку ва ўзроставага кантынгенту.
ТАП-тэрапія – рэканструктар пашкоджаных тканак
У адрозненне ад кінезіятэйпавання, тэрапія аўталагічнай плазмай, гэта значыць, уласнай плазмай пацыента, – інвазіўная медыцынская маніпуляцыя, якая аказвае магутнае нейратрафічнае ўздзеянне на тканкі ў зоне ўздзеяння.
Для яе выканання ажыццяўляюць забор вянознай крыві, з якой метадам цэнтрыфугавання выдзяляецца плазма, што змяшчае павышанае ўтрыманне трамбацытаў (да 1 мільёна ў мікралітры). Актываваныя трамбацыты пры ўвядзенні ў паталагічны ачаг вызваляюць фактары росту, здольныя актыўна загойваць, абнаўляць, аднаўляць змененыя тканкі, паляпшаць іх сілкаванне за кошт утварэння новых сасудаў. Фактары росту – гэта натуральныя бялкі чалавечага арганізма, яны не з'яўляюцца мутагенамі. Даказаная бяспека гэтага метаду.
Паказаннямі да ТАП-тэрапіі з'яўляюцца:
- болевыя сіндромы, абумоўленыя дэгенерацыйна-дыстрафічнымі зменамі ў пазваночніку (грыжы міжпазванковых дыскаў, спондылаартроз, нестабільнасць пазваночна-рухальных сегментаў, стэноз пазваночнага канала);
- нейрадыстрафічны сіндром (перыартрозы, эпікандыліты);
- захворванні перыферычных нерваў (монанеўрапатыі, у тым ліку тунэльныя сіндромы, полінеўрапатыя, неўралгіі);
- галаўны боль рознага генэзу, пераважна цэрвікагенны, і галаўны боль напружання;
- наступствы траўмаў апорна-рухальнага апарата;
- станы пасля дыскэктоміі.
Святлана Роўда:
– Узбагачаная трамбацытамі плазма – гэта эфектыўны аздараўленчы кактэйль, у якім ёсць усё, што трэба нашаму пазваночніку і суставам: фактары росту, якія адказваюць за працэсы абнаўлення клетак, рэгенерацыю, а таксама вітаміны, мікраэлементы, амінакіслоты. Для дасягнення аптымальнага эфекту рэкамендуецца ад 2 да 6 працэдур з інтэрвалам у 1-2 тыдні.
Эфекты, якія атрымліваюцца:
- ліквідацыя болевага сіндрому;
- зняцце запалення і гіпаксіі тканак;
- павелічэнне аб'ёму рухаў у пазваночніку і суставах;
- зняцце мышачнага спазму;
- аднаўленне нервовай тканкі.
ТАП-тэрапія скарачае тэрміны лячэння ў 2-3 разы, дазваляе паменшыць дозы прэпаратаў, якія прымяняюцца, і падаўжае тэрміны рэмісіі.
Святлана Роўда:
– Існуе шэраг супрацьпаказанняў для правядзення ін'екцый аўталагічнай плазмай. Гэта:
- хваробы крыві;
- аўтаімунныя і анкалагічныя захворванні;
- вострыя інфекцыі;
- прыём антыкаагулянтаў;
- цукровы дыябет у стадыі дэкампенсацыі;
- цяжарнасць;
- некаторыя іншыя станы.
Працэдура патрабуе пэўнай падрыхтоўкі. За 1-2 тыдні адмяняюцца нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты, бо яны падаўляюць выпрацоўку фактараў росту трамбацытаў. Супрацьпаказанае ўжыванне алкаголю, курэнне і ўжыванне тлустай экстрактыўнай ежы напярэдадні працэдуры. Рэкамендуецца піць больш вады і не прымаць ежу за 2-4 гадзіны да ТАП-тэрапіі.
Адметна і тое, што ўзбагачаная трамбацытамі плазма можа з'яўляцца эфектыўным прафілактычным сродкам, які можна выкарыстоўваць пры першых прыкметах старэння пазваночніка і суставаў.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by