Site icon Слушна

Клімакс: як падняцца ўверх па лесвіцы, што вядзе ўніз

Клімакс. Прыкметы, сімптомы, праявы, парады спецыяліста

Клімакс даволі часта параўноўваюць з восеньскім перыядам у жыцці жанчыны. Але кожная з нас, калі прыйдзе час, у стане зрабіць сваю асабістую «восень» залатой і яркай. У гэтым перакананая ўрач з 25-гадовым стажам у прафесіі, акушэр-гінеколаг, гінеколаг-эндакрынолаг, кандыдат медыцынскіх навук Алена Герасімовіч.

Тэма яе навуковай працы непасрэдна звязаная з лячэннем паталагічнага клімаксу. У рамках «Марафону жаночага здароўя», які праходзіў у Мінску з 3 па 30 жніўня і быў арганізаваны па ініцыятыве Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама пры падтрымцы грамадскай ініцыятывы «ДаброЛадзiм», Алена Герасімовіч падзялілася практычнымі парадамі, як захаваць камфорт і якасць жыцця ў няпросты для жанчыны перыяд менапаўзы.

Клімакс, пастаўлены на паўзу

Паводле прагнозаў, да 2050 года колькасць жанчын перыменапаўзальнага ўзросту (старэйшыя за 40 гадоў) ва ўсім свеце ўдвая перавысіць колькасць дзяцей і падлеткаў да 18 гадоў. Сярод нашых суайчынніц ужо сёння кожная 5-я стаіць на парозе пераломнага перыяду ў сваім жыцці. А ўлічваючы ўсё большую працягласць жыцця беларусаў, якая ўжо перавышае 76 гадоў, клімакс з'яўляецца вельмі актуальнай праблемай.

У класіфікацыі клімактерыю вылучаюць:

  • Заўчасную менапаўзу. Надыходзіць да 40 гадоў. У гэтым выпадку жанчыне абавязкова патрэбная дапамога кваліфікаванага спецыяліста.
  • Раннюю менапаўзу. 40-45 гадоў.
  • Своечасовую менапаўзу. 46-54 гады.
  • Познюю менапаўзу. Пасля 55 гадоў. Неабходна праявіць пэўную насцярожанасць, калі месячныя не спыняюцца ва ўзросце 54 гады і пасля. У гэтым выпадку, кажучы медыцынскай мовай, мае месца так званае доўгае эстрагенавае акно. Такі стан можа спрыяць развіццю анкапрацэсаў: раку малочнай залозы, раку эндаметрыю. Нават калі позняя менапаўза генетычна абумоўленая (мама, бабуля таксама доўга менструявалі), жанчыне неабходнае назіранне з боку спецыяліста і больш уважлівае стаўленне да свайго здароўя.

Таксама адрозніваюць натуральную і штучную менапаўзу. Натуральная наступае ў выніку паступовага згасання функцыі яечнікаў, абумоўленага старэннем арганізма. Штучная можа ўзнікнуць на фоне агрэсіўнай прамянёвай і хіміятэрапіі, пасля хірургічнага ўмяшання на органах палавой сістэмы.

 
Алена Герасімовіч
Акушэр-гінеколаг, гінеколаг-эндакрынолаг, к.м.н.
Сярэдні ўзрост надыходу менапаўзы ў нашых суайчынніц – 48 гадоў. Менапаўза – гэта апошняя самастойная менструацыя. Дату яе можна ўстанавіць толькі рэтраспектыўна, г.зн. праз 12 месяцаў пасля адсутнасці месячных. Дату апошняй менструацыі пажадана ведаць, г.зн. адсочваць крытычныя дні, каб урач разумеў, які пратакол, план абследавання пры неабходнасці рэкамендаваць пацыентцы.

Сімптомы клімаксу

Сімптомы клімаксу

Як правіла, першыя сімптомы клімаксу могуць праявіць сябе задоўга да яго наступлення – ажно да 5 гадоў да менапаўзы. Гэты перыяд завецца перыменапаўзай. Толькі ў адной жанчыны з 10 клімактэрый працякае фізіялагічна, г.зн. не аказвае ніякага негатыўнага ўплыву на якасць жыцця да і пасля наступлення клімаксу.

На жаль, у пераважнай большасці выпадкаў эстрагенавы дэфіцыт мае цалкам выразныя і далёкія ад камфорту праявы.

Так,

  • 75% жанчын адчуваюць так званыя вегетатыўныя праявы клімактэрычных расстройстваў: прылівы жару, паталагічную потлівасць, раздражняльнасць, нервовасць, перапады настрою, зніжэнне лібіда, паслабленне памяці, часты галаўны і сустаўна-мышачны боль і г.д.
  • 50% жанчын маюць артэрыяльную гіпертэнзію і ішэмічную хваробу сэрца.
  • У 40% жанчын назіраюцца расстройствы сну ў перыяд перыменапаўзы.

Вельмі частая праблема – урагенітальныя расстройствы ў перыменапаўзе і клімактэрыі. Да іх адносяцца расстройствы, звязаныя са стрэсавым нетрыманнем мачы (яно можа быць пры кашлі, чханні, фізічных нагрузках і нават пры занятках сэксам). Гэта слабая лубрыкацыя і, як следства, сухасць слізістай, сверб, паленне, дыскамфорт і нават боль пры палавым акце. На фоне гарманальнага дысбалансу павышаецца рызыка развіцця астэапарозу, зніжаецца вастрыня зроку, прагрэсуюць сухасць скуры, праява маршчын і г.д. Гіпаэстрагенія, і гэта даказана, спрыяе таксама развіццю хваробы Альцгеймера.

 
Алена Герасімовіч
Акушэр-гінеколаг, гінеколаг-эндакрынолаг, к.м.н.
Вынікі даследаванняў у Паўночнай Амерыцы сведчаць, што толькі 25% жанчын, у якіх назіраюцца сімптомы клімаксу, паведамляюць пра гэта свайму ўрачу. 70% жанчын сцвярджаюць, што доктар не пытаецца ў іх пра скаргі. Гэта дрэнна. Сітуацыя абавязвае, каб пацыент і ўрач былі ў партнёрстве. У маёй жа практыцы часцей бываюць выпадкі, што жанчыны самі не ведаюць, да каго звяртацца са скаргамі. Гэта значыць, яны не ведаюць, што гінеколагу, напрыклад, можна і трэба распавесці пра высокі ціск, паталогіі сэрца па дадзеных УГД-даследавання, пра панічныя атакі, калі яны ёсць... Калі жанчына знаходзіцца ў менапаўзальным узросце, рашэнне яе праблем заключаецца ў мультыдысцыплінарным назіранні, якое павінен забяспечыць тандэм профільнага спецыяліста і акушэра-гінеколага.

Запомніце, а лепей занатуйце, пры якіх скаргах і паталогіях неабходнае двайное медыцынскае назіранне (акушэр-гінеколаг + вузкі спецыяліст).

  • Тэрапеўт – артэрыяльная гіпертэнзія, міякардыядыстрафія.
  • Неўролаг, псіхатэрапеўт – дэпрэсія, панічныя атакі, зніжэнне памяці.
  • Рэўматолаг, неўрапатолаг, траўматолаг – астэапароз, астэаартрыты.
  • Уролаг – урагенітальная атрафія, парушэнні мочаспускання.
  • Мамолаг – масталгія (мастадынія – напружанасць, дыскамфорт, боль у малочных залозах).
  • Афтальмолаг – зніжэнне зроку, сухі кан'юктывіт.
  • Касметолаг – атрафічныя змены скуры.

Лячэнне паталогіі клімаксу

Калі клімакс яшчэ не наступіў, але яго першыя «званочкі» ўжо перашкаджаюць вам жыць (нагадаем, толькі ў 10% жанчын менапаўза працякае бессімптомна), не варта цярпець і чакаць негатыўны перыяд. Бо часам чакаць і пакутваць давядзецца гадамі: кожнай 4-й жанчыне сімптомы клімаксу, у прыватнасці, прылівы, не даюць атрымліваць асалоду ад жыцця на працягу 5 і больш гадоў!

Сучасная доказная медыцына мае лекавыя сродкі, якія ў стане пазбавіць жанчыну ад дыскамфорту ў перыяд гарманальнай перабудовы арганізма.

 
Алена Герасімовіч
Акушэр-гінеколаг, гінеколаг-эндакрынолаг, к.м.н.
Зараз на піку даследчай моды – разнастайныя біялагічна актыўныя дабаўкі (БАДы), фітаэстрагены і менапаўзальная гарманальная тэрапія. Я за апошнюю – яна патагенетычна абгрунтаваная. Раней мы гаварылі пра замяшчальную гарманальную тэрапію. Але нядаўна амерыканскі кангрэс па менапаўзе прапанаваў новы фармат – менапаўзальная гарманальная тэрапія. Гэта новая дэфініцыя, якая прадугледжвае лекавую тэрапію ў пэўны жыццёвы перыяд.

Эксперт папярэджвае: не варта ставіцца да яе з прадузятасцю. Яна не мае нічога агульнага з сінтэтычнымі гарманальнымі прэпаратамі, якія раней шырока выкарыстоўваліся ў якасці сродкаў кантрацэпцыі. Менапаўзальная гарманальная тэрапія (МГТ) выкарыстоўвае толькі натуральныя эстрагены і паказаная ў першыя 5 гадоў ад пачатку праяў клімактарычнага сіндрому.

Перад ужываннем МГТ абавязковая кансультацыя профільнага акушэра-гінеколага і абследаванні:

  • агульны аналіз крыві;
  • біяхімічны аналіз крыві з разгорнутым ліпідным спектрам (ліпідаграма);
  • каагулаграма, каб выключыць рызыку трамбозу;
  • ультрагукавое даследаванне малочных залоз ці мамаграфія (у залежнасці ад узросту жанчыны);
  • УГД органаў малога таза.

Акрамя таго, урач збярэ анамнэз. Маюць значэнне наяўнасць або адсутнасць анказахворванняў рэпрадуктыўных органаў; спадчынны анамнэз (наяўнасць у бліжэйшых сваякоў дэменцыі, цукровага дыябету і г.д.); прыхільнасць да шкодных звычак (у прыватнасці, курэння, што шматкроць павялічвае рызыку тромбаўтварэння); узровень артэрыяльнага ціску; індэкс масы цела, акружнасць таліі і г.д.

Катэгарычна нельга займацца самалячэннем. Тая ж МТГ мае шэраг абсалютных супрацьпаказанняў, а гарманальныя вагінальныя свечкі, якія прымяняюцца без кансультацыі з урачом, могуць правакаваць развіццё захворванняў шыйкі маткі ды іншых паталогій.

 
Алена Герасімовіч
Акушэр-гінеколаг, гінеколаг-эндакрынолаг, к.м.н.
Стрэсавае нетрыманне мачы, міжвольнае мочаспусканне таксама паддаюцца карэкцыі, дзякуючы эстэтычнай гінекалогіі, якая набірае ўсё большую папулярнасць у нашай краіне. Можна таксама папярэдзіць развіццё астэапарозу (а ў групе рызыкі менавіта жанчыны ў перыядзе менапаўзы). Для гэтага дастаткова выканаць ультрагукавую дэнсітаметрыю. Гэта абсалютна не інвазіўны і вельмі інфарматыўны метад, даступны ў медыцынскіх клініках дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці.

Клімакс у перакладзе з грэчаскай мовы азначае «прыступка, лесвіца». Ці будзе менапаўза той лесвіцай, якая вядзе ўніз, або стане прыступкай пераходу на новы ўзровень, шмат у чым, калі не ва ўсім, залежыць ад самой жанчыны. Бо ўсяго і трэба, што звярнуцца да ўрача пры першых сімптомах праявы клімаксу, каб не дапусціць развіцця цяжкага клімактарычнага сіндрому. Гэтак жа, як яна ідзе па адэкватную дапамогу пры бранхіце, каб пазбегнуць магчымай пнеўманіі.

Бывайце здаровыя і беражыце сябе!

Exit mobile version