Ці можна спытацца ў чалавека з псіхічным захворваннем, што кажуць яму галасы ў галаве, альбо гэта некарэктна? Ці дарэчы пажартаваць з галюцынацый, калі яны смешныя? Што дакладна не трэба рабіць у стасунках з хворымі? І што рэальна можа дапамагчы ім выйсці з хваробы?
Мы вырашылі спытацца пра гэта ў саміх людзей, якія сутыкнуліся з захворваннямі псіхікі. Чатыры думкі – без пасрэднікаў і ўрачоў. Гэта важна чуць, каб разбураць стыгму і стэрэатыпы.
Нашы суразмоўцы – госці Цэнтра Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа «Открытый дом». Яны прыходзяць сюды ў групы самадапамогі, падтрымліваюць адзін аднаго, дзеляцца сваімі праблемамі.
«Хвароба – гэта зароджаныя ў нас комплексы»
Багдан – малады хлопец, які хварэе каля 10 гадоў. У «Адкрытым доме» ён дапамагае рабіць сайт, праводзіць экскурсіі на англійскай мове для замежных гасцей цэнтра, кансультуе «пачаткоўцаў».
Багдан, ці дарэчы спытацца, пра што кажуць галасы, што бачыце ў галюцынацыях, і калі гэта смешна, пасмяяцца па-добраму?
Спытацца і абмеркаваць гэта можна. І пасмяяцца таксама. Хаця, калі шчыра, я доўга з нервовасцю ставіўся да гумару і жартаў. Але потым пачаў глядзець на гэта па-іншаму. У цэнтры многае пабудавана на гумары. Мы тут імкнемся, каб чалавек адчуваў асяроддзе здаровых стасункаў, а не як у бальніцы, дзе ўсе размовы пра таблеткі і хваробы.
У мяне асабіста не было галасоў, было трызненне вынаходніцтва.
Што вынаходзілі?
Тэхнічныя рэчы. Спачатку былі вартыя і цікавыя ідэі, але потым гэта заходзіла ў вельмі хваравіты стан. Мне ўяўлялася, што ўсе мае ідэі ўжо існуюць і выкарыстоўваюцца на шкоду свету, потым пачалося трызненне пераследу.
Як родным і сябрам рэагаваць на вашыя ідэі? Абмяркоўваць іх або выразна казаць, што гэта бязглуздзіца?
Можна абмяркоўваць і нават крытыкаваць. Гэта залежыць ад чалавека. Трэба мець досвед стасункаў, і тады лёгка зразумець рэакцыю. Калі чалавек адгукаецца, дык яму будзе прыемна падзяліцца гэтым. Вельмі хочацца, каб цябе чулі і разумелі.
Але неабдуманым выказваннем можна і абразіць, і развіць хваробу яшчэ больш. Патрэбны вопыт. Таму, калі ў блізкага рэмісія, пытайцеся ў яго, як і пра што размаўляць, а пра што лепей памаўчаць.
Якія пачуцці выклікае захворванне?
У мяне быў страх. Пранізлівы. Ён трымаецца вельмі доўга. Нават калі ты выходзіш з трызнення, страх застаецца ўнутры, яго немагчыма задушыць. Я спрабаваў змагацца з ім. А потым узяў страх за руку і пайшоў побач. І ён проста ў пэўны момант адваліўся.
Да прыходу ў цэнтр я быў вельмі замкнёным, мне было цяжка размаўляць, з дому выходзіў толькі з сабакам пагуляць. Тут ёсць людзі, якія па некалькі гадоў наогул не выходзілі з пакоя.
Боязь дзейнічаць – вось галоўны страх, і, можа, яшчэ страх пакарання. Але я ніколі не здаваўся ў хваробе. Псіхічнае захворванне – гэта комплексы, якія зароджаныя ў нас на працягу доўгага часу. Гэта не наша віна, што яны ў нас ёсць, але на нас ляжыць адказнасць за іх вырашэнне. Толькі на нас.
Што вам дапамагло справіцца?
Кансультацыі з псіхолагам і псіхатэрапеўтам. І яшчэ мяне вывела з хваробы валанцёрская дзейнасць у цэнтры. Прынцып – знайсці таго, каму горш, і дапамагаць яму, працуе.
Што больш за ўсё раздражняе ў паводзінах людзей у дачыненні да вас?
Гіперапека. Раздражняе, што людзі няправільна клапоцяцца. Абмяркоўваюць не тое, што я хачу абмяркоўваць. Напрыклад, кажуць, што табе трэба ў ВНУ ці яшчэ кудысьці, а табе хочацца, каб цябе выслухалі і зразумелі твае імкненні.
Ці вылечныя псіхічныя расстройствы, на ваш погляд?
Вядома.
Што б вы змянілі ў сістэме лячэння?
У бальніцах – выдатныя ўрачы. Напэўна, трэба больш плаціць медперсаналу, каб у іх было лепшае стаўленне да пацыентаў. Пасля лячэння не хапае рэабілітацыі. Людзі з бальніцы выходзяць здаровымі, і ім проста потым патрэбна падтрымка. Хацелася б стварыць супольнасць людзей з псіхічнымі захворваннямі. Гэты цэнтр у пэўнай меры – рэалізацыя мары ўсіх, хто хварэе.
«Выходзіш з бальніцы... і застаешся адзін»
У Аляксандра першыя прыкметы хваробы выявіліся ўжо ў 14 гадоў. А Ірына хварэе, як яна кажа, вось ужо 25 гадоў, з 1994 года. Абое на інваліднасці. Ірына падзарабляе, а Аляксандр не можа: у яго працоўнай кніжцы напісана, што ён звольнены па стане здароўя. І калі на новым месцы пытаюцца, у чым справа, Аляксандр сумленна кажа пра захворванне, «бо прыдумляць нічога не хачу».
Яны пазнаёміліся ў «Адкрытым доме» і вось ужо год жывуць разам. «Спачатку я праводзіў Іру дахаты, а потым пасля канцэрта яна засталася начаваць у мяне», – распавядае мужчына. «Я выліла сабе кіпень на ногі – не хацела ўключаць святло на кухні, каб гарбату зрабіць. І так ён мяне i пакiнуў у сябе – з апечанымі нагамі», – дадае Ірына.
Задаю тое ж пытанне пра галасы ў галаве і галюцынацыі: ці можна пра іх пытацца?
Аляксандр: Вядома ж, не хочацца, каб пра гэта пытаўся кожны сустрэчны. А сябрам і блізкім, якія ведаюць, што ты хворы, можна пацікавіцца. Мяне гэта не пакрыўдзіць.
Ірына: Я лічу, што гэта можна абмяркоўваць толькі з урачом. Простыя людзі могуць гэтага не зразумець.
Аляксандр: У мяне былі галюцынацыі пасля смерці бацькоў. У бальніцы мне здавалася, што на месцы плота цячэ рака. А галасы? У сне многія размаўляюць, значыць, ва ўсіх у галаве галасы?
Ірына: У мяне бачанняў не было. Толькі калі памерлі бацькі, былі яркія адчуванні, што яны ўвесь час побач, сядзяць паблізу. Можа, я так сумавала.
Якое дамінуючае пачуццё выклікае хвароба?
Ірына: Моцны страх, паніку.
Аляксандр: У мяне таксама была боязь людзей. Мне здавалася, што ўсе з мяне смяюцца. Спачатку я баяўся знаёмых, сяброў, не хацеў з імі размаўляць. Пасля смерці мамы я паўгода матаўся па бальніцах. І калі выпісаўся, баяўся суседзяў. Па першым часе стараўся наогул не выходзіць з пакоя, хаця ў мяне на ілбе не напісана, што я хворы.
Вы адолелі страх?
Ірына: Не, у мяне страх да гэтага часу. Саша кажа, што ў нас нічога на ілбе не напісана. А па-мойму, бачна ж, што мы хворыя людзі.
Не. Увогуле не бачна.
Ірына: Ну, не ведаю, вось суседка кажа: «Калі вы спіце да 11 раніцы, хіба вы нармальныя людзі?» Баішся ўсіх, у ліфт заходзіш, у краму – усюды за табой страх скача, што дрэнна палічыш грошы, дарогу дадому забудзешся, скажаш штосьці не так.
Як думаеце, ці вылечнае псіхічнае расстройства?
Ірына: Не.
Аляксандр: Можа быць вельмі доўгая рэмісія.
Ірына: Я 8 гадоў не трапляю ў бальніцу. Але гэта ні пра што. Усё роўна застаюцца бразджанне рук, страх. Раніцай прачынаешся і думаеш, як бы гэты дзень пражыць.
Увогуле-то, калі 5 гадоў няма абвастрэнняў, гэта ўжо лічыцца стойкай рэмісіяй. Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўвяла паняцце «поўнае выздараўленне ад псіхічнага расстройства».
Ірына: Не ведаю... Мне толькі ў гэтым цэнтры добра, бо мы тут усе аднолькавыя, ніхто не пакрыўдзіць. А ўсюды баюся, саромеюся. Калі нешта ў краме трэба спытацца, Сашу прашу. І ў люстэрку мне здаецца, што нешта са мной не так, асабліва раніцай. Сабрацца цяжка з-за лекаў.
«Мне лягчэй спісаць прыніжэнні на галюцынацыі»
Вольга хварэе каля 7 гадоў, з трэцяга курсу ўніверсітэта. «Таксама выстаўлена група інваліднасці, але я працую і нядрэнна зарабляю», кажа жанчына. Яе больш турбуе іншае.
У мяне ніколі не было стасункаў з хлопцам. У гэтым плане я адчуваю сябе непаўнавартаснай. Ува мне гэта сядзіць, – пачынае размову Вольга. – Мне здаецца, што яшчэ з дзяцінства ў мяне былі сімптомы захворвання. Бо, калі я жыла пэўны час з бацькамі таты, яны настройвалі мяне супраць мамы, што яна ніхто, гультайка, што з яе суседзі смяюцца. Яны ніколі не давалі мне расслабіцца маральна.
Вы думаеце, што спускавы кручок захворвання быў у тых дзіцячых сямейных адносінах?
Думаю, так. Мама не бачыла майго стану. Я памятаю, калі яе не было побач, дзед мяне ўвесь час шугаў: не так села, не так павярнулася, не так тапкі надзела. Гэта ціснула на мяне, я была вельмі баязлівай, забітай і не магла пастаяць за сябе. А потым тата пачаў піць, і ад гэтага наша сям'я пакутавала.
Галасы, галюцынацыі? Думаю, у мяне былі надуманыя галасы. Былі зневажальныя сітуацыі з боку аднакурснікаў: груба жартавалі з мяне. Я спісала гэта на галюцынацыі, быццам гэтага ў рэальнасці не было, так мне лепей жыць.
У мяне ёсць сяброўка. Яна і яе сям'я мяне падтрымліваюць. Ведаеце, чаму я цаню гэтую дзяўчыну? Бо, калі я з ёй, я нікога не асуджаю. І яна нікога не асуджае.
Якое пачуццё ў вас дамінуе сёння?
Трывога. Я ніколі не была абароненая з боку родных, таты. Трывога заўсёды прысутнічае. Людзі досыць жорсткія.
Што вас раздражняе больш за ўсё ў паводзінах іншых людзей?
Тое, што калі я дзялюся нечым прыемным, часцяком мяне не падтрымліваюць. Калі мне здавалася, што я поўная няўдачніца, мне спрабавалі дапамагчы і падтрымаць. А калі пайшла на працу, пачала добра зарабляць, дык з'явілася зайздрасць: як гэта ў хворай атрымалася лепей, чым у нас. Хадзіла да духоўніка, ён сказаў, што людзі мяняюцца і каб я спакойна да гэтага ставілася.
Вера вам дапамагае?
Хацелася б, каб было святло ў душы, павінна быць нейкая саломінка, а інакш не выжывеш. Справядлівасці ад Бога я не шукаю, але хочацца верыць, што ёсць вышэйшая сіла, якая цябе абароніць.
Што раздражняе ў паводзінах людзей у адносінах да вас?
Ірына: Калі крычаць. Я тады наогул бянтэжуся, калатун пачынаецца.
Аляксандр: Нядаўна мой сусед, ведаючы, што я хворы, сказаў сваёй дзяўчыне: «Глядзі, псіх пайшоў». А калі ў нас сусед памёр, ён кажа мне: «Саша, навошта суседа забіў?» Жартуе так. Мяне гэта раздражняе. Звычайна людзі, суседзі кажуць: «Ён хлопец добры, проста трошкі хворы», а гэты прама так і сказаў адкрыта чужому чалавеку. Такая непавага мяне ўразіла.
Што б вы змянілі ў сістэме лячэння?
Аляксандр: У бальніцы добра – там ты маеш стасункі, наведваеш розныя заняткі. А потым выходзіш з бальніцы – і застаешся адзін. І цябе цягне назад на рэабілітацыю, а ўжо нельга. Я, калі выпісваўся з бальніцы, часта хадзіў туды наведваць тых, з кім ляжаў.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by