Пластыка грудзей – гэта не толькі павелічэнне, памяншэнне альбо падцяжка малочнай залозы, закліканыя зрабіць яе уладальніцу больш прывабнай. У некаторых выпадках дадзеная аперацыя дапамагае жанчыне захаваць здароўе, аднавіцца пасля хваробы ці нават выратаваць жыццё.
У якіх выпадках варта задумацца пра пратэзіраванне грудзей, каму гэтую аперацыю робяць у Беларусі бясплатна, якія існуюць супрацьпаказанні і альтэрнатывы, Слушна даведаліся ў доктара медыцынскіх навук, загадчыцы лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і онкамамалогіі «Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М. М. Аляксандрава» Яўгеніі Шапавал і пластычнага хірурга Алега Стасевіча.
Калі пластыка грудзей – не проста капрыз?
Патрэба ў мамапластыцы не заўсёды звязана толькі з жаданнем жанчыны зрабіць грудзі больш прывабнымі, часам аперацыя неабходная і нават непазбежная.
Касметычныя паказанні для мамапластыкі
- У выпадку прыроджанай адсутнасці альбо недаразвітай малочнай залозы
Гэтая індывідуальная асаблівасць развіцця называецца гіпаплазія (мікрамастыя, гіпамастыя) і выяўляецца ў вельмі маленькім памеры грудзей.
Асаблівасць не ўплывае на здароўе жанчыны і яе рэпрадуктыўную функцыю. Мікрамастыя дыягнастуецца па дасягненні пацыенткай16-17 гадоў пасля комплекснага абследавання ўрачом-мамолагам.
- Занадта вялікія грудзі (макрамастыя)
Гэтая асаблівасць можа прыводзіць да ўзнікнення ў жанчын хранічных болевых адчуванняў у раёне шыі, плячэй, пазваночніка, а таксама стаць прычынай узнікнення іншых паталогій).
Розны памер малочных залоз. Часцей за ўсё хірургічнае ўмяшальніцтва неабходнае жанчынам пасля цяжарнасці і лактацыі, калі адна малочная залоза можа стаць большай за іншую. Часам гэтая асаблівасць прыроджаная.
- Абвісанне грудзей (мастаптоз)
З часам грудзі абвісаюць практычна ва ўсіх жанчын, у некаторых гэта адбываецца хутчэй з-за кармлення некалькіх дзяцей, лішняй вагі, наступлення менапаўзы і памяншэння эластычнасці скуры.
ДАВЕДКА: Пра наяўнасць мастаптоза можна казаць, калі ўзровень саска апускаецца ніжэй падгрудной складкі. Часцей за ўсё справіцца з гэтай праблемай дапамагае аперацыя па падцяжцы малочных залоз (мастапексія), аднак, калі абвісанне прыводзіць да сціскання малочных пратокаў, пагражае ўтварэннем кістаў, парушаецца правільны лімфаток і крывацёк, варта абмеркаваць з мамолагам магчымасць правядзення пластычнай аперацыі з выкарыстаннем імплантаў.
- Змена формы грудзей
Прычын, якія спрыяюць гэтаму, шмат. Напрыклад, аперацыя з-за запушчанага гнойнага мастыту ці траўма малочнай залозы.
- Замена імплантаў
Не заўсёды вынікі эндапратэзіравання адпавядаюць чаканням. Занадта вялікія ці маленькія імпланты, іх ссоўванне з-за расцягвання тканак малочнай залозы, няякасная праца хірурга, дыскамфорт – далёка не ўсе прычыны, з-за якіх жанчыны рашаюцца на паўторную аперацыю.
Медыцынскія паказанні для мамапластыкі
- Прафілактычная мастэктамія (прэвентыўнае выдаленне малочнай залозы) пры высокай рызыцы развіцця раку малочнай залозы.
Ёсць некалькі прычын, па якіх жанчыне робіцца аперацыя па выдаленні малочнай залозы (мастэктамія) з наступным аднаўленнем вонкавага выгляду грудзей пры дапамозе мамапластыкі:
- мутацыя генаў BRCA1 і BRCA2 (яе наяўнасць вызначаецца шляхам правядзення генетычнага аналізу);
- рак малочнай залозы ў сваякоў I-II лініі (без даказанай мутацыі);
- атыповая пратокавая альбо лабулярная гіперплазія.
ДАВЕДКА: BRCA (Breast Cancer Susceptibility Genes) – гены схільнасці да раку малочнай залозы: BRCA1 (Breast Cancer Gene 1) і BRCA2 (Breast Cancer Gene 2).
Гэтыя гены яшчэ называюць «пухліна супрэсіруючымі» (ад лац. Suppressio – ціск, падаўленне), г.зн. якія прыгнятаюць пухліну. Будучы часткай нашай ДНК, яны аднаўляюць яе пашкоджаныя ўчасткі, зніжаючы назапашванне мутацый, што спрыяюць развіццю пухліны. Пры мутацыі генаў BRCA1 і BRCA2, ДНК губляе здольнасць кантраляваць і выпраўляць памылкі кадзіравання ў сваёй структуры.
Такім чынам, жанчыны, у якіх выявілі мутацыю генаў BRCA1 і BRCA2, маюць павышаную, але не абсалютную рызыку развіцця раку малочнай залозы. Так, у жанчыны-носьбіткі мутацыі гена BRCA1 рызыка развіцця раку грудзей каля 60-90%, мутацыі гена BRCA2 – 45-85%. Пры гэтым рак грудзей развіваецца ў больш маладым узросце, часцей здараюцца рэцыдывы.
- У межах комплекснага лячэння анкалагічнай паталогіі малочнай залозы.
У гэтым выпадку, у мэтах папярэджання з'яўлення новых злаякасных утварэнняў выдаляецца другая, не пашкоджаная малочная залоза (прафілактычная контралатэральная мастэктамія). Гэтая аперацыя праводзіцца жанчынам, якія ўжо праходзяць лячэнне раку малочнай залозы.
Паказанні для аперацыі:
- упершыню выяўлены аднабаковы рак малочнай залозы I-II стадыі;
- рак малочнай залозы I-II стадыі ў анамнезе (з мэтай зніжэння рызыкі развіцця раку ў здаровай малочнай залозе і дасягнення сіметрыі з аперыраванай);
- лабулярная карцынома in situ (прэінвазіўны рак, унутрыэпітальны рак ці рак 0 стадыі).
Яўгенія Шапавал:
— Доктар медыцынскіх навук, загадчыца лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і онкамамалогіі «Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М.М. Аляксандрава»
Гэта можа быць спалучэнне мастэктаміі з адначасовай рэканструкцыяй, калі за адну аперацыю анколагі вылечваюць рак, а пластычныя хірургі аднаўляюць эстэтыку. Ці ж гэта – дзвюх- і трохэтапныя аперацыі, якія дазваляюць спачатку справіцца з онкапрацэсам, правесці курс прамянёвай і хіміятэрапіі, а затым ужо займацца рэканструкцыяй малочнай залозы.
Аперацыі па медыцынскіх паказчыках у межах прафілактыкі раку малочнай залозы і комплекснага лячэння анкалагічнай паталогіі грамадзянам Рэспублікі Беларусь выконваюць бясплатна.
Супрацьпаказанні да мамапластыкі
Як і ў любога хірургічнага ўмяшання, у эндапратэзіравання, вядома, ёсць шэраг супрацьпаказанняў. Калі казаць пра медыцынскі бок пытання, то гэта:
- наяўнасць вострай паталогіі любога паходжання;
- абвастрэнне хранічных захворванняў;
- псіхічныя захворванні;
- аўтаімунныя захворванні (сістэмная чырвоная ваўчанка, склерадэрмія і г.д.);
- некаторыя фізіялагічныя станы (цяжарнасць у любым тэрміне і менструацыя);
- узрост менш за 18 гадоў;
- не дыягнаставаныя захворванні малочнай залозы;
- незавершанае лячэнне любых новаўтварэнняў у малочных залозах (у тым ліку дабраякасных);
- незавершаная лактацыя альбо менш за 6 месяцаў пасля заканчэння груднога выкормлівання;
- алергія на лекі, што выкарыстоўваюць для наркозу;
- цукровы дыябет у стадыі дэкампенсацыі альбо субкампенсацыі;
- парушэнне згусальнасці крыві альбо працяглы прыём антыкаагулянтаў;
- розныя імунадэфіцыты.
Алег Стасевіч:
— Акрамя стану здароўя пацыенткі, улічваецца таксама і эстэтычнасць выніку аперацыі. Вопытны ўрач адразу вызначыць, ці будзе абраны пацыенткай пратэз гарманічна глядзецца, і пастараецца яе пераканаць, калі ўзнікнуць сумненні.
Калі не мамапластыка, то што?
Варта адзначыць, што хірургічнае умяшальніцтва – не адзіны спосаб аднавіць знешні выгляд грудзей. Таксама можна зрабіць выбар на карысць знешняга пратэза (экзапратэза). Ён падбіраецца шляхам простай прымеркі, носіцца ў адмысловым бюстгальтары і служыць не менш за год.
Яўгенія Шапавал:
— Доктар медыцынскіх навук, загадчыца лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і онкамамалогіі «Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М. М. Аляксандрава»
Эндапратэзіраванне грудзей – гэта толькі адна з методык мамапластыкі. Рабіць рэканструкцыю грудзей ці не – выбар самой пацыенткі. Калі жанчына вырашае адмовіцца ад такой аперацыі, ёй трэба будзе насіць экзапратэз малочнай залозы. Ён звычайна рэкамендуецца не толькі для таго, каб схаваць дэфект. Вядома, што выдаленне малочнай залозы, асабліва калі гаворка ідзе пра вялікі аб'ём (ад 3 памеру і вышэй) прыводзіць да пераразмеркавання нагрузкі на плечавы пояс і пазваночнік. Гэта, у сваю чаргу, можа прыводзіць да перанапружання пэўных груп цягліц і боляў у іх. У выніку нераўнамернай нагрузкі можа пакутаваць і пазваночнік.
Калі ж вы вырашылі зрабіць мамапластыку, чытайце працяг матэрыялу пра існуючыя методыкі, нюансы аперацыі і распаўсюджаныя міфы на партале «Здаровыя людзі».
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by