Што такое сон - маленькая смерць або нешта за межамі жыцця? Гэтае пытанне заўсёды хвалявала чалавецтва. З часам людзі даведаліся адказ, але таямніцы сну яшчэ далёка не раскрыты.
Што такое летаргічны сон, ці могуць чалавека, які трапіў у гэты стан, пахаваць жыўцом, і ці часта людзі засынаюць на некалькі дзён або нават гадоў?

Летаргічны сон называюць "маленькай смерцю". Але гэта не так: чалавек не памірае ў прамым сэнсе гэтага слова. У яго захоўваецца дыханне і сэрцабіццё, але ён не рэагуе ні на якія вонкавыя раздражняльнікі. Збоку здаецца, быццам бы ён проста спіць - спакойна, без сноў. Вось толькі чамусьці ніяк не можа прачнуцца, як бы яго не спрабавалі катурхаць ці шумець побач з ім.
Прычыны летаргіі невядомыя. Ёсць меркаванне, што існуе пэўная генетычная схільнасць. Магчыма, мае значэнне характар заснулага чалавека ці ягоны лад жыцця. Заўважана, што часцей у летаргічны сон упадаюць людзі, якія адчуваюць нервовую напругу, якія пакутуюць ад апатыі і стомы. Некаторыя навукоўцы лічаць, што летаргія – гэта такі незвычайны спосаб арганізма справіцца са стрэсам або сысці ад рашэння надзённых задач.
Сам тэрмін «летаргія» выкарыстоўваў яшчэ Гіпакрат і азначаў ён «млявасць, забыццё і празмерную дрымотнасць», якія мелі неспрыяльны прагноз і не падлягалі лячэнню ў тыя часы.
Тафафобія
З усведамленнем летаргіі як хваробы, прыйшлі фобіі. Сёння тафафобія, або страх быць пахаваным жыўцом – адна з самых распаўсюджаных у свеце. У сусветнай гісторыі можна знайсці нямала згадак аб няшчасных ахвярах летаргіі, якіх хавалі ў магілу, прыняўшы за нябожчыкаў. Гэтыя жудасныя гісторыі часта маюць пад сабой рэальную глебу.
У Англіі на пачатку 19 стагоддзя нават прынялі адпаведны закон, які дзейнічае да гэтага часу. Паводле яго, усе моргі абсталёўваюцца звонам з вяроўкай, каб «нябожчык», які абудзіўся ад сну, змог паклікаць на дапамогу.
У XIV стагоддзі ў Італіі ледзь было не пахавалі жыўцом знакамітага Петрарку. Ва ўзросце 40 гадоў ён цяжка захварэў і паглыбіўся ў стан летаргічнага сну. Ачоміўся паэт літаральна напярэдадні пахавання, пасля чаго пражыў яшчэ 30 гадоў.

Класік рускай літаратуры Мікалай Васільевіч Гогаль вельмі баяўся летаргіі і прасіў блізкіх хаваць яго толькі пры з'яўленні відавочных прыкмет раскладання цела. Аднак калі ў маі 1931 года астанкі пісьменніка былі эксгумаваны, апынулася, што чэрап нябожчыка павернуты набок. Папаўзлі чуткі. Але большасць спецыялістаў лічаць, што змяненне становішча чэрапа Гогаля было выклікана ціскам на яго падгнілага вечка труны.

Гісторыі людзей, якія перажылі летаргію
Летаргічны сон заўсёды пачынаецца раптоўна, і прадказаць яго немагчыма. Чалавек проста засынае ці губляе прытомнасць па нейкіх прычынах – а затым таксама раптоўна прачынаецца. Звычайна летаргія доўжыцца нядоўга – некалькі гадзін або дзён. Але вядомыя выпадкі, калі чалавек "засынаў" на некалькі дзясяткаў гадоў.
З 1898 па 1918 год рускі фізіёлаг І. П. Паўлаў назіраў нейкага хворага Івана Качалкіна, які «ляжаў жывым трупам без найменшага адвольнага руху і без адзінага слова». Сілкавалі яго з дапамогай зонда. Качалкін моцна перажываў за палітычныя падзеі, якія адбываліся ў той час ў краіне, запаў у глыбокі сон на фоне моцнай занепакоенасці. Псіхіятры разглядалі гэта як форму шызафрэніі. Пасля 20-ці гадовага сну Іван Кузьміч пакрысе пачаў рухацца, затым зусім ачуняў і расказаў, што разумеў усё, што адбывалася вакол яго, аднак адчуваў такі цяжар ва ўсіх мускулах, што нават дыхаць яму было цяжка. Неўзабаве І. Качалкін памёр ад сардэчнай недастатковасці.
Таксама дваццаць год праспала жанчына Надзея Лябедзіна ў Днепрапятроўску ва Украіне. Яна заснула ў 1954 годзе пасля моцнай сваркі з мужам. Прачнуцца яе прымусіла навіна аб смерці маці, якая даглядала за ёй усе гэтыя гады. Надзея запэўнівала, што магла чуць усё, што адбывалася навокал, але паварушыцца не было сіл. Пакуль яна спала, знешне не змянілася, а калі прачнулася, і яе змясцілі ў бальніцу на рэабілітацыю, то імгненна састарэла. Валасы пасівелі, і з’явіліся маршчыны. Пражыла потым яшчэ 20 гадоў і памерла ў 74 гады.
У 1919 годзе нарвежская жанчына па імені Лінгард пасля няпростых родаў і пасляродавай дэпрэсіі заснула на 22 гады. Яна праспала ўсе ключавыя падзеі таго перыяду і ачуняла толькі тады, калі Нарвегія апынулася захопленая нацыстамі. Цікава, што за гэты час знешнасць маладой дзяўчыны не змянілася, прачнуўшыся, яна выглядала як сяброўка сваёй ужо дарослай дачкі. Але прырода ўсё роўна ўзяла сваё – праз год яна ўжо нічым не адрознівалася ад сваіх аднагодак, а праз 5 гадоў памерла.
Ганна Свэнпул з Аўстраліі праспала сваю маладосць. Дзяўчына ўвайшла ў летаргічны сон, калі ёй было 19, а расплюшчыла вочы толькі праз 31 год. Пасля абуджэння дзяўчына ў літаральным сэнсе страціла дар мовы. Ёй давялося зноўку вучыцца размаўляць. Навукоўцы лічаць, што гэты стан узнік у дзяўчыны ў выніку моцнага стрэсу – Ганна ўпала ў летаргічны сон пасля гібелі свайго жаніха.
42 гады – з 1876 па 1918 мабыць, адзін з самых доўгіх выпадкаў летаргічнага сну. Караліна Ольсан ва ўзросце 14 гадоў моцна стукнулася галавой і праз некалькі дзён заснула мёртвым сном. Пасля абуджэння пражыла да 88 гадоў.
Прыклады летаргіі на беларускай зямлі
У пачатку мінулага стагоддзя летаргія была неаднаразова зафіксаваная на беларускай зямлі. У Мінску яшчэ не так даўно можна было чуць легенду пра спячую панначку ў склепе на Кальварыйскіх могілках. Нібыта яе пахавалі ў летаргічным сне, і яна ніяк не магла выбрацца са склепа і стала з’яўляцца ў выглядзе прывіду. Прывід знік, калі разбурылі склеп.

Але не толькі легенды зафіксавалі хваравіты стан летаргіі або “маленькай смерці”. Газеты таго часу паведамлялі і пра рэальныя выпадкі летаргічнага сну на нашых землях.
У 1907 годзе ў газеце “Наша ніва” быў апісаны выпадак у вёсцы Лаўрынавічы Гродзенскай губерні. У паселішчы была эпідэмія тыфу, ад якога памерла шмат людзей. У адной з хат пасля смерці сына захварэў бацька. Хвароба прайшла, і ён стаў папраўляцца. Фельчар прапісаў яму штодня піць па чарцы віна. Нявестка віна не знайшла і прынесла гарэлку. Чалавек выпіў паўчаркі гарэлкі, а як нявестка пайшла карміць жывёлу, то ён выпіў яшчэ некалькі чарак і заснуў. Калі нявестка вярнулася, то ўбачыла свёкра мёртвым. Яна паклікала суседак. Разам яны абмылі нябожчыка і паклалі на стол. Так ён праляжаў ноч. Назаўтра стары паварушыўся, і ўсе разбегліся. Вестка імгненна абляцела вёску. Прыйшлі мужчыны. Тут нябожчык ачуняў і расказваў, як ён пабываў на тым свеце і бачыў там злодзеяў, якія пакутавалі
У 1909 годзе у Гародні ад удару маланкі загінула дзяўчына. Яе пахавалі, а ўначы вартаўнік са свежай магілы пачуў стогны. Ён не звярнуў на гэта ўвагі і пайшоў спаць. На наступны дзень у прысутнасці паліцыі магілу ўскрылі і выявілі цела з раздзёртым тварам і вырванымі космамі валасоў.
У 1913 годзе ў вёсцы Паташня Чавускага павета Магілёўскай губерні памерла 80-гадовая жанчына. Калі яе паклалі на лаўку і сталі галасіць, яна прачнулася, а людзі разбегліся. Жанчына папрасіла свечку ў руку і ў той жа час памерла. Святар спачатку адмаўляўся яе адпяваць, і толькі на трэці дзень небараку пахавалі.
Выпадак летаргічнага сну адбыўся ў адной з вёсак былога Навагрудскага ваяводства ў 1928 годзе. Падчас будаўніцтва дома аднаму чалавеку на галаву звалілася бэлька, і ён страціў прытомнасць. Фельчар канстатаваў смерць. Калі “нябожчыка” рыхтавалі да пахавання, адна з жанчын сунула яму пад нос бутэлечку з камфарай. Ён адкрыў вочы, вылез з труны, прайшоў па хаце і нават вымавіў некалькі слоў. Праз сем гадзін ён памёр па-сапраўднаму.
12 кастрычніка 1930 года на Міншчыне, у засценку Жураўка рыхтаваліся хаваць мясцовага жыхара З. Бычко, які не падаваў прыкмет жыцця ўжо некалькі дзён. Аднак у ноч перад пахаваннем ён ачомаўся, выбраўся з труны і падышоў да заснулай жонкі. Тая, убачыўшы перад сабой мужа-нябожчыка, памерла ад разрыву сэрца. 25-гадовы сын «памерлага», ухапіўшы сякеру, сабраўся прыкончыць шкодны прывід. Бычко-старэйшы выбег на двор і пачаў клікаць на дапамогу, кінуўся да суседзяў, але тыя, ледзь убачыўшы «прывід», памлелі са страху. Толькі камендант мясцовага ўчастка памежнай варты здолеў пераканаць вяскоўцаў, што перад імі не здань, а жывы чалавек, які абудзіўся ад летаргічнага сну.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by
