09.02.2021
09.02.2021

Лячэнне бруксізму і клетачныя тэхналогіі. Стаматолагі падзяліліся дасягненнямі

logo
Хваробы ад А да Я
0 11
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

9 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень стаматолага. Пра стаматалагічнае здароўе беларусаў, новыя методыкі і тэхналогіі, магчымасці айчынных спецыялістаў у Нацыянальным прэс-цэнтры распавялі: галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па стаматалогіі Андрэй Мацвееў і рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, д.м.н., прафесар Сяргей Рубніковіч.

Акцэнт – на прафілактыку

Стаматалогія. Лячэнне і прафілактыка.

Па словах Андрэя Мацвеева, летась колькасць пацыентаў, якія звярнуліся да спецыялістаў для прафілактычнага агляду поласці рота, склала каля 21%, з іх 10% былі практычна здаровыя альбо раней саніраваныя. Гэта сведчыць пра тое, што ўсё больш беларусаў клапоцяцца пра захаванне свайго стаматалагічнага здароўя, адзначыў эксперт. Ён дадаў, што для захавання здароўя поласці рота наведваць стаматолага неабходна не менш за 2 разы на год.

 
Андрэй Мацвееў
Галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па стаматалогіі
За апошнія 10 гадоў колькасць людзей, якія прыходзяць да стаматолагаў на прафілактычныя агляды, вырасла ў паўтара-два разы. З пачатку работы праграмы прафілактыкі стаматалагічных захворванняў толькі кожны дзясяты прыходзіў з гэтай мэтай. На сёння мы маем кожнага пятага.

Ён дадаў, што рэалізацыя праграмы прафілактыкі стаматалагічных захворванняў дала адчувальныя вынікі. Напрыклад, пілотны праект, які рэалізуецца ў адной са школ у мікрараёне Лошыца, спрыяў таму, што захворванне на карыес у дзяцей да заканчэння школы скарацілася ў 2-3 разы.

Стаматалогія. Дзіцячая стаматалогія ў Беларусі.

Калі казаць у цэлым, структура захворвання поласці рота беларусаў застаецца нязменнай: 56% выпадкаў прыпадае на карыес, 18% – ускладненні карыесу, 11% – пульпіт і 5% – зубныя адкладанні.

Стаматалагічная дапамога і пандэмія

Наведванне стаматолагаў у першую хвалю каранавіруса знізілася на 20-30%. Але жыццё не стаіць на месцы, і да заканчэння мінулага года быў вернуты практычна той жа аб'ём наведванняў, які быў да каранавіруснай інфекцыі, – 90-95%, падкрэсліў Андрэй Мацвееў.

 
Андрэй Мацвееў
Галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па стаматалогіі
Стаматалагічныя захворванні трэба лячыць. Калі сёння не будзем займацца лячэннем, дык заўтра атрымаем абвастрэнне стаматалагічных захворванняў, якія ў сваю чаргу выклікаюць абвастрэнне агульнасаматычных паталогій.

Многія хранічныя і стаматалагічныя паталогіі маюць агульныя фактары рызыкі. Менавіта таму стаматолагі выступілі з прапановай да Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўключыць стаматалагічныя захворванні ў пералік неінфекцыйных. Плануецца, што да заканчэння вясны будзе распрацаваная новая канцэпцыя СААЗ, якая таксама знойдзе сваё адлюстраванне ў праграмах прафілактыкі стаматалагічных захворванняў у Беларусі на 2022-і і наступныя гады.

Стаматалогія. Уключыць у спіс неінфекцыйных захворванняў.

Нягледзячы на ўсе складанасці, звязаныя з эпідэміялагічным становішчам з-за пандэміі каранавіруса, ва ўсіх рэгіёнах былі арганізаваныя выязныя брыгады для неадкладнай стаматалагічнай дапамогі пацыентам з COVID-19 і тым, хто знаходзіўся на самаізаляцыі. Гэтая дапамога працягвае аказвацца ва ўсіх рэгіёнах.

Дарэчы, наша краіна ў кастрычніку ўдзельнічала ў нарадзе галоўных спецыялістаў па стаматалогіі краінаў Еўропы. Падчас гэтай сустрэчы было адзначана, што няма ніводнага задакументаванага выпадку захворвання на каранавірус у выніку заражэння ад стаматолагаў, распавёў Андрэй Мацвееў.

Новыя магчымасці дыягностыкі і лячэння

Стаматалогія – адна з галінаў медыцыны, якая дынамічна развіваецца па ўсіх сучасных інавацыйных накірунках. Напрыклад, распавёў Сяргей Рубніковіч, з Інстытутам генетыкі і цыталогіі НАН выконваецца работа, сутнасць якой заключаецца ў выкарыстанні геномных тэхналогій для дапамогі пацыентам з перапухліннымі і пухліннымі захворваннямі слізістай абалонкі поласці рота (выкарыстанне ДНК-секвеніравання ў ацэнцы мутацый генаў эпітэлію слізістай абалонкі).

Стаматалогія. Навуковыя распрацоўкі.

Сумесна з калегамі з Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў рамках гэтага даследавання выконваецца доктарская дысертацыя, распрацоўваюцца і абгрунтоўваюцца метады дыягностыкі і лячэння гэтых пацыентаў.

З Інстытутам біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН рэалізуецца праект па клеткавых тэхналогіях. Распрацаваныя спосабы трансплантацыі аўталагічных мезенхімальных ствалавых клетак для лячэння стаматалагічных захворванняў (рэцэсіі дзясны, хранічнага перыядантыту).

 
Сяргей Рубніковіч
Рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, д.м.н., прафесар
Падобныя органазберагальныя аперацыі праводзяць у цяжкіх выпадках, калі назіраецца страта зубоў, а таксама пры станах, якія прыводзяць да іх выдалення. Тым самым паляпшаецца якасць жыцця нашых пацыентаў.

Сумесна з Інстытутам фізіялогіі НАН Беларусі праводзіцца фундаментальнае даследаванне па лячэнні пацыентаў з дысфункцыяй скронева-ніжнясківічнага сустава ў спалучэнні з бруксізмам (скрыгатанне зубоў).

Стаматалогія. Бруксізм.

 
Сяргей Рубніковіч
Рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, д.м.н., прафесар
Даследаванне накіраванае на высвятленне прычынаў патагенезу развіцця дадзенага захворвання. Будуць выяўленыя фізіялагічныя асновы развіцця паталогіі, ацэненыя нейронавыя сеткі кары галаўнога мозгу, трайчастага нерва. Бруксізм – даволі распаўсюджанае захворванне. У розных узроставых групах яно складае ад 20 да 60%. Акрамя таго, што яно цяжка паддаецца лячэнню і карэкціроўцы, змены не заўсёды проста ліквідаваць з дапамогай нашых тэрапеўтычных і артапедычных рэстаўрацый.

Распавёў Сяргей Рубніковіч і пра супрацоўніцтва з БНТУ. У прыватнасці, сумесна з універсітэтам створаная спецыяльная інтрааральная прылада для лячэння пацыентаў з сіндромам абструктыўнага апноэ сну і храпам. Гэтая распрацоўка летась заняла першае месца і атрымала залаты медаль на выставе ў Санкт-Пецярбургу як лепшы інавацыйны медыцынскі прадукт.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 11

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».