Маргарыта Леанідаўна Шчамялёва — знакамітая беларуская мастачка па тэкстылю, дачка народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва — з самага дзяцінства знаходзілася ў творчым асяроддзі, з маленства яна ведае, што такое натхненне і разумее, як яно ўплывае на жыццё і светапогляд чалавека.
Снежань і студзень заўсёды ахутваюць нас цеплынёй зімовых святаў, падчас якіх мы не толькі святкуем, адпачываем і насычаем сябе радасцю, але і ўспамінаем імгненні з розных перыдаў жыццёвага шляху, якія назаўсёды застануцца для нас самай сапраўднай гісторыяй і памяццю.
З нагоды чароўных снежных дзён Маргарыта Леанідаўна падзялілася з нашымі чытачамі незабыўнымі ўспамінамі, звязанымі з творчай сям’ёй, і расказала падрабязна пра сваё стаўленне да родных людзей.
Назіранні з дзяцінства
— Мне вельмі пашанцавала з сям’ёй. Калі была маленькай, мы жылі ў прыватным доме на вуліцы Рабкораўскай, на месцы, дзе зараз знаходзіцца Інстытут культуры. Я не хадзіла ў дзіцячы садок і праводзіла час з бабуляй, тата таксама працаваў дома: маляваў днём і ноччу. У гэтай абстаноўцы я любіла назіраць за ўсімі. Сама сядзела на кухні і таксама часта малявала.
У нас была вялікая печка. Бабуля ставіла туды нешта запякаць. Яна задоўга пачынала рыхтавацца да свят. Гатавала бабуля выдатна. Паколькі сям'я наша была вялікая, трэба было ўлічыць усе нюансы. Да нас заўжды прыязджала шмат сваякоў і сяброў сям’і. Трэба адзначыць, што бабуля вельмі добра спявала. Пакуль гатавала стравы, напявала любімыя песні. І пакуль яна круцілася каля печкі, тата маляваў яе.
Дома на верандзе ў нас стаялі тры бочкі: адна была з груздзямі, другая з рыжыкамі, а трэцяя з капустай. І мяне часта адпраўлялі нешта прынесці да стала з гэтых саленняў. Дома было ўсё сваё. Маміны браты любілі хадзіць у лес, прыносілі грыбы, сямъя разводзіла курэй. Разам з бабуляй мы складвалі ў скрыні яблыкі, яны там ляжалі з апілакамі, потым мы іх даставалі да свят. У іх былі такія маляўнічыя чырвоныя бакі: бабуля заўсёды навобмацак вызначала, якія ўзяць, а якія адкласці пааляжаць крышку яшчэ.
Навагодняя атмасфера
— Навагоднія святы у мяне, як і ў многіх іншых людзей, асацыіруюцца з мандарынамі. Іх, як сёння памятаю, прыносіў дзед, тады дастаць мандарыны было немагчыма, але яны былі на нашым стале. А яшчэ ён прыносіў грэцкія арэхі. Я іх заварочвала ў фольгу ад цукерак і разам з бабуляй з дапамогай ніткі ўпрыгожвалі імі ёлку. Яшчэ ўпрыгожвалі вокны: раскладвалі старыя бітыя навагоднія цацкі. Бабуля клеіла іх на ватку і атрымліваўся прыгожы маляўнічы сюжэт.
Паколькі я была маленькая, падчас усіх вялікіх застолляў у мяне было сваё месца. Стаяў маленькі столік, дзе я магла маляваць: я тым часам назірала, як усе п'юць шампанскае і вельмі чакала, калі бабуля пачне спяваць. У канцы мама брала ў рукі акардэон, яна была музыкам, і грала нешта вельмі радаснае. Мы святкавалі сапраўдны Новы год. А раніцай заўсёды елі пірагі, якія бабуля гатавала з вечара. Іх начынялі павідлам, яблыкамі, перапляталі прыгожымі касічкамі з цеста.
Да стала заўсёды запякалі мяса. Мы хадзілі з бабуляй на вуліцу Фабрыцыуса на Суражскі базар. Я дапамагала ёй насіць прадукты, а яна выбірала мяса. Яна смачна гатавала рыбу, фаршыравала яе. Гэта была яе каронная страва. І яшчэ мы бульбу запякалі: запякалі да хрумсткай скарыначкі, бо тата не любіў разварыстую, любіў з эфектам паджаркі. Таксама бабуля рабіла сама каўбасу, пальцам пханую, а да яе гатавала альбо мачанку з блінамі, або заліўку. Гатавалі піражкі з розным начыннем. І ўсе гэтыя стравы запякалі ў печцы.
Побач з вялікай печкай стаяла маленькая, у якую бабуля ставіла ў збанах бульбу з грыбамі ці грыбныя супы. Гэты смак я памятаю да гэтага часу.
У доме да святаў была цішыня. У кожнага была свая задача. Нехта займаўся сталом, каб ён вялікі быў, нехта выцягваў са скрынь прыгожы посуд, якім год не карысталіся, хтосьці гатаваў ежу, а хтосьці рабіў нарэзкі. Гэта была сапраўдная падрыхтоўка да свята. Водары чуваць было па ўсёй хаце, а мы знаходзіліся ў стане чароўнага прадчування.
Я памятаю, як дзядзька аднойчы прынёс вялізны мяшок, які быў даверху запоўнены падарункамі толькі для мяне. Гэта было такое вялікае дзіцячае шчасце. Там былі мячы, фарбы, рукавіцы, шкарпэткі. Вядома, сучаснаму дзіцяці гэта падасца дзіўным падарункам, але ў той час я была на сёмым небе ад шчасця.
У доме ставілі вялікую ёлку. Тата казаў, што ставілі менавіта для мяне. Як толькі ёлка была ўпрыгожана, тата казаў: «Рыта, малюй Новы год». Я малявала ёлку, дзяцей, якіх прадстаўляла ў сваёй галаве. Гэта быў надзвычайны свет майго шчаслівага дзяцінства.
Калі з'явілася сястрычка Людачка ў 1963 годзе, мы ад бабулі пераехалі жыць на вуліцу Карла Маркса. З тако моманту ўрачыстасці праводзілі на нашай тэрыторыі: прыходзіла бабуля, прыносіла смачную ежу, дапамагала нам сервіраваць стол. Мама была вельмі добрай гаспадыняй. Яна смачна гатавала бліны з мясам і торт са сметанным крэмам. Мама пераняла ад бабулі шмат цікавых рэцэптаў, таму нашы сталы былі заўжды вялікія і смачныя.
Сям’я
— Я ведала, што маці займаецца музыкай, а бацька малюе. І мне падавалася, што мы жывём менавіта так. Тата не займаўся побытам. Ён быў цалкам у мастацтве. Маці арганізоўвала вакол нас незабыўную атмасферу. Купляла нам самае прыгожае адзенне. Яна была модніца. Памятаю, паедзе ў Рыгу, прывязе нешта вязанае і прыгожае. У мяне дагэтуль захавалася фота, дзе мы з мамай разам у вязаных рыжскіх швэдарах стаім. Яна заўсёды клапацілася, каб мы не былі галоднымі і каб былі добра апранутыя.
Тата любіў, калі я малявала. Як толькі сканчвала малюнак, ён пытаўся: «А што ты намалявала?». Прымушаў мяне ўключаць мазгі. Мы размаўлялі. Ён тлумачыў многія дэталі. І гэта было так цікава!
Спачатку ў нас не было тэлевізара, а калі з'явіўся, жыццё таксама змянілася. Аднойчы да нас у госці нават прыйшла дыктар тэлебачання. Тата прывёў. Я тады вачам не паверыла. Ён заўсёды прыводзіў да нас такіх цікавых людзей. Тата сябраваў з кінааператарам Юрыем Марухіным. Аднойчы Юрый Аляксандравіч узяў мяне на здымачны дзень фільма «Магіла льва», там я ўпершыню ўбачыла неверагодную Ніну Ургант, была вельмі ўражаная.
У маім жыцці здараліся яркія сустрэчы з людзьмі і большасць з іх, дзякуючы бацькам. Тата быў добры апавядальнік, таму з ім было цікава. Ён умеў разводзіць праблему рукамі. А мама была душой нашага дома, нават у 90 год яна была маладая сэрцам. Да яе заўсёды прыходзілі сяброўкі, маладзейшыя за яе па ўзросце, яны размаўлялі з ёй гадзінамі. Яна любіла быць прыгожай і вытанчанай, нават у апошнія гады. Аднойчы мама ляжала ў бальніцы, і калі я спытала, што ей трэба прынесці, яна папрасіла, каб я абавязкова ўзяла з сабой аловак для вачэй. Такая была мама.
Я вельмі люлю сваіх бацькоў, і лічу, што мне неверагодна пашчасціла з імі. Тата любіў ажыццяўляць мары. У яго была неверагодная сіла волі. А мама вучыла нас эстэтыцы.
Мы часта збіраемся з сястрой Людай і ўспамінаем смешныя моманты. Напрыклад, у 1978 годзе, пасля заканчэння інстытута, я маме з Масквы прывезла шмат прыгожых сукенак, яна паклала іх усё сушыцца на крэсла, і ўзяла акардэон, пачала іграць. Пакуль іграла, усе новыя рэчы выцягнулі з акна. Тады была так непрыемна і сумна, а сёння смешна.
Увогуле мы з сястрой шчаслівыя. Бацькоў не выбіраюць, але нам дасталіся самыя лепшыя.
Люстэрка эпохі. У Мінску адкрылі выстаўку да 100-годдзя Леаніда Шчамялёва