27.01.2021
27.01.2021

Менапаўза – рызыка сардэчна-сасудзiстых катастрофаў? Меркаванне эксперта

logo
Здароўе дарослых
0 23
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З надыходам менапаўзы ў жанчын значна ўзрастае рызыка кардыяваскулярнай паталогіі. Змены, якія адбываюцца ў арганізме ў гэты перыяд, робяцца прычынай развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі, павышэння ўзроўню «дрэннага» халестэрыну і, як следства, гіперліпідэміі, а таксама парушэнняў вугляводнага абмену і развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу. Усё гэта асобна і ў сукупнасці прыводзіць да сардэчна-сасудзістых захворванняў і іх ускладненняў.

Менапаўза. Калі баліць сэрца. Абцяжарванне цукровым дыябетам 2-га тыпу.

Што ж уплывае на верагоднасць развіцця кардыяваскулярных паталогій у менапаўзальным перыядзе? Сваім пунктам гледжання падзяліўся на Міжнароднай відэаканферэнцыі «Эндакрынныя аспекты рэпрадуктыўнага здароўя», якая прайшла ў снежні 2020 года, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, начальнік навукова-адукацыйнага цэнтра ЦКБ Расійскай акадэміі навук, дырэктар адукацыйнага цэнтра Paulmik GmbH (Германія, Берлін) Яўген Аверын. Мы сабралі самыя цікавыя факты.

Небяспечны квартэт

Па словах эксперта, спецыялісты Амерыканскага таварыства сэрца і Амерыканскай асацыяцыі кардыёлагаў выдзяляюць чатыры асноўныя праблемы, з якімі сутыкаецца жанчына падчас менапаўзы і якія правакуюць развіццё сардэчна-сасудзiстых захворванняў.

Па-першае, часта ў гэты перыяд жанчыны пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі. Прычым гэта можа быць альбо стан, які развіўся зноў, альбо значнае пагаршэнне таго, што было. Па-другое, парушэнне вугляводнага абмену і развіццё цукровага дыябету 2-га тыпу. Гіперліпідэмія (павышаны ўзровень ліпідаў і/альбо ліпапратэінаў) – трэцяя праблема, якая пачынае ярка праяўляцца і маніфеставаць менавіта ў гэтым перыядзе, чацвёртая – абумоўлены гэтымі фактарамі метабалічны сіндром.

Менапаўза. Калі баліць сэрца. Абцяжарванне – павышаны артэрыяльны ціск.

Паводле даследаванняў Амерыканскага таварыства сэрца, якія былі апублікаваныя ў 2020 годзе, сярэдні ўзрост натуральнай менапаўзы ў жанчын – 50 гадоў. Натуральная менапаўза лічыцца заўчаснай, калі яна надыходзіць да 40 гадоў, і ранняй – калі надыходзіць ва ўзросце ад 40 да 45 гадоў.

 
Яўген Аверын
Член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, начальнік навукова-адукацыйнага цэнтра ЦКБ Расійскай акадэміі навук, дырэктар адукацыйнага цэнтра Paulmik GmbH (Германія, Берлін)
У сувязі з тым, што працягласць жыцця ўзрастае, прыкладна 40% яго жанчына будзе праводзіць пасля наступлення менапаўзы. Гэта, па сутнасці, палова яе жыцця. Ранні ўзрост надыходжання натуральнай менапаўзы звычайна лічыцца маркерам павышанай рызыкі сардэчна-сасудзiстых захворванняў. І многія клінічныя кіраўніцтвы ўхваляюць выкарыстанне гарманальных сродкаў для карэкцыі заўчаснай, альбо ранняй, альбо хірургічнай менапаўзы.

Тыя ж палажэнні Амерыканскага таварыства сэрца кажуць, што вазаматорныя сімптомы менапаўзы (прылівы, патлівасць, перапады ціску, дрыжыкі, пачашчанае сэрцабіцце, парушэнні сну, слабасць, неспакой і г.д.) з'яўляюцца паказчыкам высокай рызыкі сардэчна-сасудзiстых захворванняў і развіцця субклінічнага атэрасклерозу (пачатковай схаванай формы хранічнага прагрэсуючага запаленчага захворвання артэрый, якое небяспечнае перш за ўсё адсутнасцю клінічных праяў).

Менапаўза. Сардэчна-сасудзістыя захворванні.

Дарэчы, павышэнне ўзроўню ліпапратэідаў нізкай шчыльнасці, рызыка метабалічнага сіндрому і рэмадэлявання сасудаў (змена іх структуры і функцый) у сярэднім узросце больш абумоўленыя менапаўзай, чым старэннем. Павышэнне артэрыяльнага ціску, інсуліну і глюкозы ў большай ступені залежыць ад храналагічнага старэння.

Праблемы са сном

Як распавёў Яўген Аверын, парушэнне сну падчас менапаўзы цесна звязанае з павышанай рызыкай сардэчна-сасудзiстых захворванняў і пагаршэннем паказчыкаў стану сэрца і сасудаў у жанчын сярэдняга ўзросту. Даказана, што калі жанчына дрэнна спіць, дык павялічваецца колькасць ежы, якую яна спажывае, павялічваецца ўтрыманне цукру ў гэтай ежы, зніжаецца спажыванне ненасычаных тлушчаў. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе парушэнню вугляводнага і ліпіднага абмену, прыводзіць да метабалічнага сіндрому, падкрэсліў спікер.

Цікавы факт. З дапамогай аптычнай кагерэнтнай тамаграфіі і ўнутрысасудзістага ультрагуку былі даследаваныя каранарныя артэрыі мужчын і жанчын у залежнасці ад таго, колькі яны спяць. Аказалася, што аптымальная працягласць сну – 6-7 гадзін.

Менапаўза. Калі ёсць праблемы са сном.

 
Яўген Аверын
Член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, начальнік навукова-адукацыйнага цэнтра ЦКБ Расійскай акадэміі навук, дырэктар адукацыйнага цэнтра Paulmik GmbH (Германія, Берлін)
Як толькі жанчына спіць больш за 8 гадзін, дык, на жаль, каранарны атэрасклероз (выклікае ішэмічную хваробу сэрца і стэнакардыю, вынікам якіх можа стаць інфаркт міякарда) пачынае прагрэсаваць. У той жа час, калі мужчына спіць больш за 8 гадзін, дык на развіццё атэрасклерозу гэта не ўплывае.

Але ёсць і іншы бок. Калі разглядаць залежнасць рызыкі развіцця інфаркту міякарда ад працягласці сну, вучоныя высветлілі наступную заканамернасць: сон працягласцю меней за 6 гадзін павялічвае рызыку інфарктаў на 20%, звыш 9 гадзін – на 34%.

Атлусценне

Павелічэнне цэнтральнага/вісцаральнага тлушчу і памяншэнне мышачнай масы больш выяўленае падчас менапаўзы. Прычым, павышанае цэнтральнае атлусценне звязанае з больш высокой рызыкай смерці нават сярод людзей з нармальным індэксам масы цела. У цэлым, вісцаральнае атлусценне – гэта наймагутнейшы негатыўны фактар, які павялічвае рызыку смерці, лічыць эксперт.

У Швецыі на працягу 4 гадоў сярод 23 тысяч чалавек, якія перанеслі інфаркт міякарда, даследавалі залежнасць паўторных выпадкаў сардэчна-сасудзiстых катастрофаў ад аб'ёму таліі. Аказалася, што чым большая талія ў мужчын, тым вышэйшыя гэтыя рызыкі. Калі талія ў жанчын складае 90-97 см, дык верагоднасць развіцця сардэчна-сасудзістай катастрофы ніжэйшая. Разам з тым, калі аб'ём таліі перавышае 98 см, дык такая рызыка значна ўзрастае.

Парушэнне вугляводнага абмену

Парушэнне вугляводнага абмену (павышаны ўзровень глюкозы ў крыві) таксама часта ўзнікае ў жанчын у перыяд менапаўзы. Прычым, як толькі надыходзіць менапаўза, гэты працэс рэзка паскараецца.

Нават калі яшчэ няма дыягназу «цукровы дыябет», але ўжо з'явіліся сімптомы парушэння вугляводнага абмену і спецыялісты ставяць пацыентцы «пераддыябет», рызыка ішэмічнай хваробы сэрца, інсульту павялічваецца ў разы. Пасля пастаноўкі дыягназу «цукровы дыябет» 2-га тыпу з-за сардэчна-сасудзістых катастрофаў жанчыны губляюць 13,9 года жыцця, мужчыны – 13,2 года.

 
Яўген Аверын
Член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, начальнік навукова-адукацыйнага цэнтра ЦКБ Расійскай акадэміі навук, дырэктар адукацыйнага цэнтра Paulmik GmbH (Германія, Берлін)
Хачу падзяліцца вынікамі адной цікавай навуковай працы. Даследаванне доўжылася 3 гады. Удзельнічалі ў ім 14 тысяч мужчын і жанчын ва ўзросце, старэйшым за 60 гадоў, з захворваннем перыферычных артэрый. Высветлілася, што ў жанчын часцей развіваецца цукровы дыябет, артэрыяльная гіпертэнзія, гіперліпідэмія і захворванне нырак, чым у мужчын, у якіх, у сваю чаргу, часцей здараюцца сасудзістыя катастрофы.

Гіпадынамія

Менапаўза. Гіпадынамія і захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Напрыклад, маларухомы лад жыцця цесна звязаны з павышанай рызыкай шпіталізацыі з нагоды сардэчнай недастатковасці ў жанчын у постменапаўзе.

Менапаўза – гэта перыяд значных змяненняў у некалькіх фактарах кардыяметабалічнай рызыкі (узровень ліпідаў, здароўе сасудаў, метабалічны сіндром, вісцаральнае атлусценне), адзначыў Яўген Аверын. І немалаважнае значэнне мае прафілактыка гэтых станаў (змяненне ладу жыцця, зніжэнне масы цела і фізічная актыўнасць) для жанчын на гэтым этапе іх жыцця для памяншэння верагоднасці ўзнікнення сардэчна-сасудзiстых захворванняў у будучым.

Дарэчы, як паказвае практыка, 90,3% асобаў з метабалічным сіндромам не выконваюць рэкамендацыі ўрачоў. Разам з тым, часам усе намаганні могуць быць неэфектыўнымі. І адна з прычынаў гэтага – нізкая ўпэўненасць жанчын, што ўсё атрымаецца. Таму, параіў доктар, варта часцей гаварыць прыгожай палове чалавецтва, што яе прадстаўніц любяць. І ўсё атрымаецца!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 23

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"