Замест звыклых пракладак і тампонаў жанчыны ва ўсім свеце нярэдка аддаюць перавагу новаму моднаму сродку гігіены – менструальнай чашы (капе). Пазіцыянуецца яна як ідэальны сродак для менструальнай гігіены, які пазбаўлены недахопаў і можа замяніць сабой усе астатнія. Маўляў, і экалогія не пакутуе, і кашалёк. А зручнасць карыстання пры гэтым зашкальвае.
Ці не хлусяць маркетолагі і ці сапраўды менструальная чаша – must have сучаснай жанчыны? Ці ўсім падыходзіць такі прадукт? Журналіст Слушна звярнулася па экспертнае меркаванне да Святланы Жукоўскай, асістэнта кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта.
Што такое менструальная чаша?
Кажучы простай мовай, менструальная чаша – ёмістасць, кантэйнер з медыцынскага сілікону, латэксу або тэрмапластычнага эластамеру (ТПЭ). Падчас менструацыі ён уводзіцца ў похву для збору менструальных выдзяленняў. У адрозненне ад тампонаў і пракладак, не ўсмоктвае кроў, а збірае яе.
Перавагі менструальнай чашы
- Захаванне экалогіі. Вучоныя падлічылі, што ў сярэднім жанчына выкарыстоўвае на працягу жыцця 11 000 тампонаў і пракладак. І калі першыя напалову складаюцца з арганічных матэрыялаў, дык другія цалкам сінтэтычныя і не раскладаюцца. Тым самым навакольнаму асяроддзю наносіцца ўрон. Гэты аргумент часцей за ўсё выкарыстоўваюць тыя дамы, якія выступаюць за ўсвядомленае спажыванне і занепакоеныя праблемамі экалогіі.
- Эканамічная мэтазгоднасць. Кожны месяц прадстаўніцы прыгожага полу вымушаныя траціць на куплю пракладак і тампонаў грошы. За год сума набягае не такая ўжо і маленькая. Вытворцы менструальных чашаў запэўніваюць, што іх прадукцыю можна выкарыстоўваць на працягу 10 гадоў. З улікам, што кошт капы ў Беларусі каля 20 рублёў, эканомія істотная.
- Можна не мяняць на працягу 12 гадзін. Некаторыя жанчыны сцвярджаюць, што адчуваюць сябе настолькі камфортна, што забываюцца на тое, што ў іх менструацыя.
Недахопы менструальнай чашы
- Тэрмін службы матэрыялу.
Любы матэрыял, нават сінтэтычны, разбураецца. Цяжка ацаніць, ці не стане ён з заканчэннем тэрміну прыдатнасці выдзяляць шкодныя для арганізма рэчывы.
- Высокая рызыка інфекцыі.
— Паколькі часта мяняць чашу не трэба, дык узрастае верагоднасць інфекцыі. Чым даўжэй кроў захоўваецца ў похве, тым вышэй рызыка.
- Адсутнасць умоў для гігіенічнай змены чашы.
— Калі жанчына знаходзіцца дома, тады праблем няма. Але калі яна на працы ці занятая справамі ў горадзе? Чашу трэба дастаць, выліць змесціва, добра прамыць каўпачок, а затым зноў увесці ў похву. Цяжка ўявіць, як гэта можна зрабіць у гарадскіх умовах.
- Па-першае, ёсць верагоднасць, што чашу жанчына прамые недастаткова старанна. У такім выпадку яна можа стаць крыніцай інфіцыравання.
- Па-другое, падчас гэтай працэдуры трэба апрануцца, і, значыць, мы застаемся без абароны, у той час як выдзяленні працягваюць ісці.
- Па-трэцяе, менструальная кроў можа служыць крыніцай перадачы інфекцый, у т.л. такіх сур'ёзных, як вірус гепатыту С і ВІЧ. І калі капу мыюць у грамадскім умывальніку, могуць пацярпець іншыя людзі. І, нарэшце, этычны момант. Працэдура вельмі інтымная. Выконваць яе, да прыкладу, дзесьці ў санвузле ў месцах грамадскага харчавання (у кафэ, рэстаране) не вельмі этычна.
Па водгуках тых, хто карыстаецца менструальнымі чашамі пастаянна, гэтыя праблемы вырашаюцца так: перад зменай чашы трэба абавязкова добра памыць рукі з мылам. З сабой падчас менструацыі насіць бутэльку з пітной вадой. Прамываюць чашу ў такім разе, зачыніўшыся ў кабінцы грамадскай прыбіральні. Ці можна зрабіць гэта якасна ў падобных умовах? Пытанне.
- Дыскамфорт.
— Некаторыя пацыенткі скардзяцца на адчуванне іншароднага цела падчас выкарыстання менструальнай чашы. Расцяжэнне сценак похвы можа быць дастаткова балючым.
- Анатамічныя нюансы.
— Менструальную чашу трэба ўвесці так, каб шыйка маткі трапіла непасрэдна ў рэзервуар. Калі ёсць нейкія анатамічныя асаблівасці, напрыклад, рэзкае адхіленне шыйкі маткі назад, гэта тэхнічна цяжка зрабіць.
Менструальная чаша і сіндром таксічнага шоку
У 2015 годзе ў канадскім часопісе «Інфекцыйных захворванняў і медыцынскай мікрабіялогіі» былі апублікаваныя матэрыялы, у якіх апісваліся пацверджаныя выпадкі сіндрому таксічнага шоку (СТШ), які развіўся ў выніку выкарыстання менструальнай чашы. Пасля гэтага пачалі праводзіцца лабараторныя эксперыментальныя даследаванні. Вынікі былі нечаканымі.
Як выбраць менструальную чашу?
Менструальныя чашы, часцей за ўсё, бываюць маленькага (S) і вялікага (L) памераў.
— З нагоды прымянення менструальнай чашы нявінніцы я б задумалася. У інтэрнэце шмат інфармацыі пра тое, што гэта можна рабіць, але мой асабісты пункт гледжання – пры ўвядзенні менструальнай чашы вышэйшая рызыка траўмавання цнатлівай плявы ў дзяўчат, якія не жывуць палавым жыццём. Таксама звычайна больш выяўлены дыскамфорт, звязаны з расцяжэннем сценак похвы, адчуванне іншароднага цела.
Як карыстацца?
- Старанна вымыць рукі.
- Заняць зручнае становішча. Так, каб мышцы брушной сценкі былі максімальна расслабленыя (лежачы або седзячы над бідэ).
- Скласці чашу ўдвая і ўвесці ў похву так, каб шыйка маткі трапіла ў рэзервуар.
- Пасля выкарыстання чашы (ад 2-3 да 12 гадзін) дастаць яе за спецыяльны хвосцік.
- Выліць змесціва чашы ва ўнітаз.
Як даглядаць?
Рэкамендацыі па доглядзе чашаў разнастайныя. Пасля кожнага прымянення трэба прамыць і прастэрылізаваць чашу (для гэтага могуць падысці, напрыклад, растворы хларгексідыну або мірамістыну). Пасля заканчэння менструацыі чашу варта захоўваць у спецыяльным індывідуальным мяшочку. Пры выяўленні змены колеру або дэфармацыі вырабу выкарыстоўваць яго не рэкамендуецца.
Ідэальны менструальны прадукт. Існуе?
Меркаванне пра тое, што менструальная чаша – ідэальны метад менструальнай гігіены, пры ўважлівым разглядзе аказваецца проста міфам.
Амерыканскі часопіс «Journal of Women's Health» у 2011 годзе параўнаў уражанні жанчын ад выкарыстання менструальнай чашы замест звыклых для іх менструальных прадуктаў і атрымаў наступныя вынікі:
- 37% жанчын адзначылі, што чашы больш зручныя;
- 29% жанчын сказалі, што выкарыстанне менструальных чашаў для іх меней зручна;
- 34% рэспандэнтаў не адзначылі ніякай розніцы.
На самай справе ідэальнага менструальнага прадукту не існуе, пытанне толькі ў індывідуальным падборы. Нямала міфаў ёсць і пра традыцыйныя тампоны ды пракладкі. Пра іх мы раскажам у наступных матэрыялах.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by