«Сястрычка, падыдзі…», «Сястра, вады…», «Мілая, дапамажы мне напісаць пісьмо дахаты…» Менавіта гэтае, з часоў вайны, так і гучыць у вушах, і мільгае перад вачыма кадрамі чорна-белай ваеннай хронікі, як толькі размова заходзіць… пра медсёстраў. Не менш удзячныя ім пацыенты і ў наш час. І сёння мы маем добрую нагоду, каб павіншаваць цудоўных прадстаўніц гэтай гуманнай прафесіі (і прадстаўнікоў – таксама!). Бо 12 мая традыцыйна святкуецца Міжнародны дзень медыцынскай сястры (Сусветны дзень медсёстраў).
Калі вы звяртаецеся ў паліклінікі, медцэнтры, лечыцеся ў бальніцах і шпіталях, значыць, у вас ёсць знаёмая медсястра, і не адна. Бо ўрач прыйшоў з абходам, магчыма, падышоў яшчэ раз ці два на дзень… А ўсе прадпісанні выконвае менавіта яна – медсястра. Ці медсястрычка, сястрычка, як ласкава называюць многія і зараз.
І ад таго, наколькі яна добрая, душэўная, уважлівая, чалавечная, часцяком залежыць і хуткасць выздараўлення. Лечыць словам – гэта таксама пра медсястру! А яшчэ – стаўленнем. І добрымі рукамі, і спачуваннем сваім…
Асабліва, калі ў прафесіі медсястра – па поклічы сэрца. І калі яшчэ не выгарэла… Калі не зніклі сілы ў барацьбе за людскія жыцці падчас дзвюх хваляў каранавіруса – на трэцяй.
Зрэшты, у чароўных прадстаўніц гэтай прафесіі (і прадстаўнікоў, бо ёсць тут і мужчыны, у чыім дыпломе так і запісана: медсястра, а не медбрат!) маецца цудоўны ўзор для пераймання. Не было б яе – магчыма, не было б і гэтага свята. Вы ўжо здагадаліся, пра каго ідзе размова? Памятаеце яе?!
Так, Флорэнс Найцінгейл, англічанка, якая падчас Крымскай вайны арганізавала першую ў свеце службу сясцёр міласэрнасці. І свята прымеркаванае да дня яе народзінаў (12.05.1820 - 13.08.1910).
Вось хто сапраўды пакінуў яскравы след у гісторыі! І вытокі прафесіі сённяшняй медсястры – менавіта адтуль, з тых часоў. Дарэчы, Флорэнс Найцінгейл, да ўсяго, арганізавала ў Англіі і першыя курсы сясцёр міласэрнасці.
Але вяртаемся з часоў далёкай гісторыі ў нашыя дні. І ў мяне, вядома ж, ёсць знаёмыя медсёстры, пра якіх я хачу сёння ўзгадаць.
Цяперашнюю старшую медыцынскую сястру паліклінікі Чэрвеньскай ЦРБ Лілію Кудзелку я памятаю яшчэ з часу яе працы медсястрой у працэдурным кабінеце. Зараней прашу прабачэння, калі буду называць чыесьці пасады недакладна… Даўно не звярталася ў паліклініку…
Яшчэ і зараз перад вачыма даволі вялікі металічны шпрыц (аднаразовых тады яшчэ не было). І Лілія ўводзіць мне ўнутрывенна глюканат кальцыю, пытаючыся праз кожныя дзесяць секунд: «Не пячэ?!» Рабіла яна гэта па-майстэрску, але… Тыя шпрыцы… І адчуванне гарачыні ад самога ўколу.
Вытрымала, здаецца толькі тры. І адмовілася. Прычым кропкі ад уколаў крыху бачныя і дагэтуль. «Наркаманка!» – смеючыся, тлумачу цікаўным. Хаця… Жартаваць так у наш час даволі небяспечна – могуць паверыць.
Дык вось яшчэ з тых часоў я запомніла прыязнае стаўленне і ласкавую ўсмешку Ліліі. Гэта так прыемна, калі чалавек, бачачы цябе, пачынае шчыра ўсміхацца! Некалькі разоў яна дапамагала мне ў розных справах. І я вельмі за гэта Ліліі ўдзячная!
Для яе сапраўды прафесія медсястры – пакліканне. І наблізілася Лілія Кудзелка да яе ўшчыльную нават… уласным днём народзінаў! Амаль-амаль… 11 мая.
З медыцынскай сястрой афтальмалагічнага кабінета Святланай Мальцавай мы ўжо шмат гадоў жывем у адным пад’ездзе. Разам змагаемся за аказанне нам камунальных паслуг у поўнай меры. Праўда, даволі беспаспяхова. Штогод ацяпляльны сезон пачынаецца з… «дубака для нашага стаяка». І з «галівуду» з гарачай вадой. Эх… Затое з цёзкай мы стасуемся рэгулярна!
На працы ж Святлана вельмі ўважлівая, адказная, часцей нават строгая. І пры ўсім гэтым – душэўная. Таксама шмат разоў дапамагала ў розных просьбах. Света, дзякуй за прыязнае стаўленне! З табой прыемна і стасавацца, і мець справу!
Крыху больш за год таму з сумнай нагоды давялося блізка пазнаёміцца з медсястрой хірургічнага кабінета Надзеяй Чыстай. Які ж гэта душэўны чалавек! Якога вялікага сэрца!
Надзя, Надзенька, дзякуй Вам, што былі побач з маёй мамачкай і са мной. Я не ведаю, як бы ўсё вытрымала б, калі б не Вы. Не лічачыся з уласным часам, з тым, што дома чакаюць муж і дзеці, Вы прыбягалі да нас і ранкамі, і вечарамі. З Вамі было больш спакойна, наколькі гэта магло быць у нашай гаротнай сітуацыі.
Вы нават не забываліся пацікавіцца, як сябе адчуваю я, ці сплю хаця б крыху, што ў мяне з сэрцам… Прыносілі свае таблеткі… Вы так клапаціліся пра мамачку, так падтрымлівалі мяне! Усяго жыцця не хопіць, каб Вам аддзячыць…
Усім медсёстрам – нашае шанаванне, удзячныя словы і нізкі паклон! Няхай вам шчасціць па жыцці, моцным будзе здароўе, удалымі – дні, трывалым – дабрабыт. Сіл вам і мужнасці ў складаных сітуацыях. Але няхай іх у вас будзе як мага меней…
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by