28.10.2024
28.10.2024

Мох і лішайнікі. Чым беларусы лячыліся ад розных хвароб?

logo
Здароўе дарослых
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Імхі ды лішайнікі — адны з самых старадаўніх раслін. Людзі здаўна заўважылі, што яны дапамагаюць пры запаленнях, апрэласцях ды ўкусах камароў.

Падобныя, але розныя!

Мох сфагнум

У нашых лясах сустракаецца шмат відаў імхоў. На першы погляд, яны падобныя, але паглядзіце ўважліва: у адных сцяблінкі растуць угару, не ўтвараючы галінак, як у зязюльчынага лёну, у іншых — распасцёртыя па зямлі і збольшага разгалінаваныя. Разнастайнае і лісце: то шырокае, добра прыкметнае, то вузкае і такое дробнае, што толькі ў лупу пабачыш. Як правіла, гэта шматгадовыя (часам аднагадовыя) "ліліпуты". Памеры іх вылічваюцца міліметрамі, радзей — сантыметрамі (ад 1 да 50, зрэдчас да 100). Хоць самыя буйныя дасягаюць і паўметра ў вышыню, а водныя і паўзучыя сцелюцца-цягнуцца і таго даўжэй.

Сярод імхоў шырока распаўсюджаны сфагнавыя. Сфагнум — гэта агульная назва для розных відаў імхоў: "белы мох", "буры мох", "чырвоны мох" ды інш. Расце такі мох звычайна на балоце, утвараючы буйныя падушкі або суцэльныя дываны. Сустракаецца і ў вільготных лясах.

Мох сфагнум ужываюць як у народнай, так і ў навуковай медыцыне ў якасці антысептычнага сродку і перавязачнага матэрыялу пры гнойных ранах, бо ён валодае здольнасцю ўбіраць вялікую колькасць вільгаці, што перавышае ўласцівасці нават гіграскапічнай ваты. Бактэрыцыдныя ўласцівасці сфагнуму вызначае наяўнасць у ім асаблівага фенолападобнага рэчыва сфагнолу, што прыгнятае рост і жыццядзейнасць такіх мікраарганізмаў, як кішачная палачка, халерны вібрыён, залацісты стафілакок, сальманела ды інш. Ванны з яго адварам выкарыстоўваюць пры лячэнні суглобаў.

Лён, ды не той...

Мох

Ва ўмеранай і халоднай зонах паўночнага паўшар'я растуць зялёныя імхі, сярод якіх шырока распаўсюджаны лясны мох —зязюліьчын лён. Расце ён буйнымі падушкападобнымі дзярнінамі. Уяўляе сабой скрыначку са спорамі, якая мацуецца на доўгай ножцы.

Сваёй назвай расліна абавязана вонкавым падабенствам з маладымі парасткамі лёну. Гэты мох утварае друзлыя дзёраны на купінах у вільготных хвойніках, на пнях, вакол камлёў дрэў. У зязюльчынага лёну лісце зялёнае, а ў сфагнума светла-зялёнае. Яшчэ адно адрозненне ад сфагнума — наяўнасць валасінак, якія выконваюць функцыю каранёў. Зязюльчын лён больш жорсткі, яго доўгія валокны падобныя да яловых галінак. І ёмістасць вільгаці ў яго меншая, чым у сфагнуму.

Водны настой гэтага моху ў народнай медыцыне беларусы ўжывалі унутр пры кашлі, матачным крывацёку, а адварам моху мылі галаву пры перхаці і выпадзенні валасоў.

Лішайнікі могуць усё

Мох сфагнум

Цяжка ўявіць сабе лес без лішайнікаў. Гэтыя расліны часта сустракаюцца на дрэвах. Трэба адзначыць, што лішайнікі з'яўляюцца важнай часткай агульнай біялагічнай разнастайнасці Беларусі. Іх слаявішчы могуць паглынаць вільгаць з паветра, з дажджоў і смугі. Таму, як і імхі, яны жывуць ад дажджу да дажджу. Актыўнае жыццё ў іх бывае толькі, калі яны змочаны вадой і маюць яркую, сакавітую афарбоўку. Тады адчуваецца, што расліны жывуць поўным жыццём. Калі суха, яны падсыхаюць, і жыццё ў іх замірае:  фарбы блякнуць, яны цьмянеюць, зморшчваюцца, пераходзячы ў стан спакою. Мяккія, пругкія да гэтага, храбусцяць пад нагамі, крышацца пры лёгкім дакрананні.

Пераважная частка рэдкіх лішайнікаў Беларусі (15 відаў з 17) расце менавіта ў Белавежскай пушчы. Яны прыстасаваныя да самых неспрыяльных умоў асяроддзя, празмернай сухасці субстрату і паветра, рэзкай змены тэмператур, могуць існаваць там, дзе не жывуць іншыя арганізмы.

Вонкава непрывабныя, лішайнікі першымі засяляюць бедныя пажыўнымі рэчывамі субстраты і ствараюць у далейшым аснову для рассялення іншых раслін ды арганізмаў. Лішайнікі ўдзельнічаюць у глебаўтварэнні і часткова — у раскладанні горных парод. Таксама яны з'яўляюцца ежай для жывёл і бесхрыбетнікавых усіх відаў.

Нягледзячы на ​​тое, што дрэвы могуць і самі рэагаваць на ўмеранае, хранічнае забруджванне паветра, уздзеянне на іх рост такіх фактараў, як змены ў глебах, робяць рэакцыю дрэў цяжкімі для вымярэння на забруджванне. Лішайнікавыя ж супольнасці дазваляюць не толькі вымяраць забруджванне паветра, але і паказаць яго ўплыў на розныя аспекты здароўя лясоў. Таму знікненне іх — трывожны сігнал небяспекі для ўсіх арганізмаў,  у тым ліку і для чалавека. Таму, калі вы дзе-небудзь на дрэвах ды іншых аб’ектах заўважыце шмат гэтых раслін, можаце быць упэўнены: паветра тут вольнае ад прамысловых газаў, і можна дыхаць на поўныя грудзі.

Народная стаматалогія

Кудзінавічы

Беларусы здаўна верылі ў лекавую моц імхоў ды лішайнікаў, асабліва тых, што выраслі на паклонных камянях. Іх настойвалі на вадзе або на гарэлцы, а потым пілі.

Каля капліцы на могілках у вёсцы Кудзінавічы Капыльскага раёна ляжыць вялікі камень, каля якога моляцца на Вялікдзень і ў дзень Святога Роха – 16 жніўня. На камені высвідравана ямка і выбіта барэльефная выява крыжа. Валун называюць Святы камень, Божы След, След Хрыста або След Божай Маці. Мох з гэтага каменя, верылі, дапамагае ад захворванняў зубоў. Раілі яго проста прыкладваць да хворага зуба. Да каменя і ў наш час прыносяць грошы, цукеркі і велікодныя булкі.

Верылі, што зубы лечыць і мох з вялізнай камлыгі, якая ляжыць на вяршыні гары з могілкамі каля вёскі Горка Дзятлаўскага раёна.

Лічылі, што найбольшай лекавай сілай мох і лішайнік з каменя валодаюць менавіта на свята Юр’я — 6 мая па праваслаўным календары. У гэты дзень хросны ход ідзе ад Георгіеўскай царквы, якая знаходзіцца ў самой вёсцы, да крыніцы непадалёк ад гары, а вяртаючыся, людзі наведваюць і камень. Па павер’ях, каб не хварэць, трэба тройчы прапаўзці на каленях праз адтуліну ў валуне, а потым у якасці лекаў ужыць мох, лішайнік і ваду з каменя.

А дзе яшчэ лекавыя імхі?

Каменна брама

У вёсцы Маяк (былая назва Дзюрдзева) Слуцкага раёна мох з паклоннага каменя ратуе ад спуду і праклёну. Каля былой вёскі Вязкі, побач з турбазай каля горада Браслава ляжыць камень, мох з якога раней ужывалі ад хвароб страўніка. Яго настойвалі на вадзе або гарэлцы, а потым пілі.

7 жніўня, у дзень Святой Ганны, шмат паломнікаў збіраецца да невялічкай цэркаўкі ў вёсцы Пацавічы Мастоўскага раёна. Па паданнях, некалі нібыта быў пакладзены у ганак камень са следам Святой Ганны. У дзень храмавага свята веруючыя патаемна стараюцца зняць хоць крышку моху з прыступак.

У паўночна-ўсходняй частцы вёскі Малыя Грыдзюшкі Шаркаўшчынскага раёна ляжыць Шалёны камень. Ён мае акруглую пляскатую форму, на паверхі якой расце шмат імхоў ды лішайнікаў. У народзе здаўна лічылі, што гэты мох лекуе розныя цяжкія хваробы, нават шаленства, а таксама надае фізічную моц. Беларускі мастак Язэп Драздовіч у пачатку мінулага стагоддзя запісаў са слоў сваёй пляменніцы Ядвісі: “Во гэта Шалёны камень. Тут, кажуць, даўней прабягаў ашалелы чалавек, упаў на гэты камень, дый пачаў яго грызці… Грыз, грыз аж датуль, пакуль не заснуў. А прачнуўся — аздаравеў. І цяпер, калі дзе каго шалёны сабака абкусае, з гэтага каменя на лекі мох абрываюць і кавалкі адбіваюць”.

Мастак зазначыў, што праходзячы міма каменя, заўважыў на ягоным гарбе два шрамы ад стальнога зубіла, з дапамогаю якога параўнальна нядаўна быў зроблены невялікі, як на паўдалоні, адшчэп. Але так рабілі зрэдку, і валун добра захаваўся ў сваім першасным выглядзе.

Святая крыніца і камень-следавік на Камянеччыне

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0