19.02.2020
19.02.2020

На высокія абцасы – і наперад: менш расходаў! :)

logo
Думкі ўслых
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Памятаю, як калісьці, прачытаўшы дэфіцытную ў савецкія часы кнігу Івана Яфрэмава «Лязо брытвы», уразілася тым, як там лёгка і нязмушана распавядалася ў адным з эпізодаў… пра абцасы. І пра тое, чаму яны не патрэбныя былі жанчынам у старажытнасці, але патрэбныя сучасніцам. А тут і даволі нечаканая інфармацыя выплыла на вочы. Цяпер праверыць хачу! 🙂

Абцасы. Высокія абцасы. Карысць і шкода высокіх абцасаў.

Пра шкоднасць высокіх абцасаў не распавядае толькі лянівы. Але ж ёсць і карысць ад іх – для здароўя. Пра гэта крыху пазней. А зараз – пра тое, што ж здзівіла.

Шопінг на высокіх абцасах дапамагае… траціць меней грошай, рабіць менш спантанных незапланаваных набыткаў, не пераплачваць за тавар! Як вам?!

Думаеце, таму, што на высокіх абцасах проста доўга па крамах-рынках не выхадзіш?! Ну, і гэта таксама. Хаця некаторыя дзяўчаты і жанчыны настолькі звыкліся з імі, што нават не заўважаюць нязручнасцяў. Да таго ж, калі абцас не тонкі, а калодка зручная…

Памятаю адзіныя свае боты, набытыя выпадкова, літаральна схопленыя на бягу з прылаўка. Адзіныя такія за ўсё жыццё. Абцас таўставаты, 10 см, а я ў іх… нават бегала! І адчуванне было, што я – у хатніх тапачках!

Абцасы. Карысць і шкода высокіх абцасаў.

Дык вось на высокіх абцасах мы меней купляем, бо, сцвярджаюць даследчыкі, падчас іх нашэння актывізуецца ўчастак галаўнога мозгу, адказны… за захаванне балансу. І плюс – за прыняцце ўзважаных рашэнняў! Так што атрымліваем мы баланс ва ўсім! Здорава, праўда?! Калі гэта (даруйце за каламбур! )… праўда. А можа, хтосьці заўважаў ужо?!

А яшчэ цікава, што згаданы эфект балансу, працягваюць даследчыкі, назіраецца таксама ў тых, хто ідзе за набыткамі… адразу ж пасля заняткаў ёгай! О, а вось тут я нават ведаю, у каго спытаюся, ці праўда! Ёсць у мяне сяброўка-«ёжка»! 🙂

А пакуль тое будзе, вяртаемся да шкоды і карысці ад высокіх абцасаў для здароўя. Спецыялісты сцвярджаюць, што абцас вышынёй 2-3 см павялічвае нагрузку на пярэднія аддзелы ступні на 22%! Але ж хіба гэта абцас?! Тыя 2-3 см нават не адчуваюцца!

А вось калі будзе 6 см, тады нагрузка павялічыцца ўжо на 60%! Пра больш высокія нават баюся задумвацца… Але і не нашу іх практычна ніколі. За выключэннем тых згаданых зімовых ботаў, у якіх было, як у тапачках. На жаль, яны ўжо вычарпалі свой рэсурс…

Што цягне за сабой павелічэнне гэтай нагрузкі?! Дэфармацыю. А за ёй – боль у ступнях, каленях, сцёгнах, спіне… Плюс скарачэнне ахілава сухажылля. І тады пры пераходзе з высокіх абцасаў на абутак зусім без іх будзе адчувацца таксама боль – у лытках і не толькі.

Якое ж выйсце, калі хочацца высокія абцасы? Калі маленькі рост? Ды іншыя прычыны? Проста разумна чаргаваць абутак з высокімі абцасамі і абутак з нізкімі альбо зусім без іх. Не даводзіць нашэнне да болю ў нагах. Правілы элементарныя, але ж прычынаў, каб іх не выконваць…

«Ой, у мяне паход у рэстаран, хочацца быць прыгожай», «Мой мужчына высокага росту, я без абцасаў яму ледзьве не па пояс», «Штаны доўгія, без высокага абцасу па падлозе валочацца», «Ды я не адчуваю, што ў мяне ногі баляць, нават калі дзень на абцасах»…

Магчыма, адразу і не адчуеце. Але, папярэджваюць медыкі, такая няўвага да свайго арганізму можа адгукнуцца ў больш сталым узросце. І нічога ўжо з тым болем з-за дэфармацыі зрабіць нельга будзе. Таму – дазіруем, дазіруем!

«А дзе ж абяцаныя плюсы?!» – спытаецеся вы. Ёсць-ёсць! Ну, пра прыгажосць, думаю, казаць не варта, бо і так зразумела. Асабліва, калі ў жанчыны на высокіх абцасах прыгожая паходка, а не валачэнне ног, сагнутых у каленях. Апошняе, дарэчы, назіраецца не так ужо і рэдка. Затое калі ўсё ў парадку, дык і настрой, і самаацэнка – сапраўды на вышыні.

Плюс (і значны плюс!) – паляпшэнне паставы. Бо хадзіць на абцасах з сагнутай спіной не тое што не камільфо, а рэальна нязручна.

Хаджэнне на высокіх абцасах умацоўвае ікраножныя і ягадзічныя мышцы, тым самым фарміруючы прыгожыя ногі. А яшчэ паляпшае кроваток у органах малога таза, што самым станоўчым чынам уплывае на сэксуальнае жыццё жанчыны.

Так што калі хтосьці з дзяўчат ці жанчын высокія абцасы – ні-ні, зусім… Варта задумацца! 🙂 Каб хаця б зрэдчас! І асабліва – у крамы ці на рынак.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".