Кастрычнік — месяц, калі лісце з дрэў злятае цалкам, зямля агаляецца і астывае, прыходзяць зацяжныя халодныя дажджы і першы мокры снег. Большая частка сельскагаспадарчых работ у гэты час завяршаецца, а дарогі размытыя дажджамі — надыходзіць час зацішша, традыцыйная пара вяселляў, па-іншаму складаецца сялянскі быт.
Кастрычнік у славян у розных рэгіёнах насіў назвы пазімнік, падзімнік, зазім'е (прадвеснік зімы), бруднік (золь), вясельнік (вясельная пара).
Народны каляндар месяца небагаты. Яго асноўнае свята – Пакровы.
да зместуНародныя святы і прыкметы восені. Кастрычнік
7-14 кастрычніка
Гэта тыдзень перад Пакровамі. У некаторых мясцінах Беларусі ён называўся «бабіным летам», бо звычайна ўсталёўваецца прыгожае надвор’е, і пагоднасць дзён увасабляе такім чынам шчасце «бабуль».
9 кастрычніка
Іван Багаслоў (Благаслоў, Багуслаў, Шаптун). Гэты дзень — мяжа ўсім шчыраванням дбайнага земляроба, бо зямля атрымлівае за свае дары нябеснае благаславенне на спакой да самае вясны. Няўпраўнасць гаспадара дакаралася ў народзе: «Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты добрага слова».
Галоўнай жа прыкметай дня быў пачатак восеньскіх вяселляў і абрадаў — свацці і жаніхі дамаўляліся пра дзяўчат на выданні, што як закон гучыць у прыказцы: «Іван Багуслаў дружкі разаслаў».
да зместу10 кастрычніка
Савацей, Калістрат, Марк, Арыстарх, Ігнат. А імені Францішак з каталіцкага календара шукалі асацыяцыі з апусцелым на гэтую пару полем, што і адзначана ў вуснай народнай творчасці: «На святога Францішка шукае зярнят у полі мышка».
14 кастрычніка
Пакроў (Пакравы, Пакрова). Само слова праваслаўная царква тлумачыла літаральна: пакроў (пакрывала) Божай Маці.
У народнай жа трактоўцы гэта паняцце атрымала больш шырокі сэнс, ахопліваючы самыя розныя народныя прыкметы прыроды: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам», «…рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом»; «Святы Пакроў стагі пакрыў: першы стажок дранічкамі, другі стажок саломкаю, трэці стажок белым снегам». Гаварылі, што зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю пасля Пакрова, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў.
Пакроў лічыўся надзейным паказчыкам прагнозаў надвор’я на даволі аддаленыя дні і нават на цэлыя поры года: «Калі да Пакрова дня снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу»; «Якое надвор’е ў дзень Пакрова, такое яно і будзе ўсю зіму да вясны»; «Калі на Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ дзве нядзелі»; «Калі ад Пакроў да свята Усіх Святых (1 лістапада) краты зямлю точаць, то зіма будзе снежная і марозлівая».
Асабліва пільна сачылі на Пакроў за напрамкам ветру: з якога боку ён быў у гэты дзень, з таго боку ён павінен дзьмуць галоўным чынам і ў бліжэйшую зіму.
Зыходзячы з таго пераканання, што поўдзень заўсёды нясе цяпло, а поўнач — холад, сцвярджалі, што паўночны пакроўскі вецер прадказвае суровую зіму, а паўднёвы — мяккую, гнілую.
Калі ж з раніцы задзьме ўсходні вецер — зіма будзе маласнежная, заходні — наадварот, вельмі снежная.
да зместу14-21 кастрычніка
Тыдзень пасля Пакрова нашы продкі называлі «дзявоцкім летам» ў адрозненне ад «бабінага». Усе дні размяркоўвалі між дзеўкамі і дзяўчынкамі, якіх ужо прынялі «ў дзеўкі», і варажылі пра добры характар будучых маладух.
Калі дні стаялі пагодныя, сонечныя, значыць, і характар у дзяўчат павінен быць ласкавы. Далікатныя абмеркаванні і размовы змушалі дзяўчат удумліва глянуць на сябе і на свой нораў.
да зместу25 кастрычніка
Дзень Марціна. Ён меў сваю прыказку: «Марцін святы — губіцель гагаты». Пад «гагатой» разумеліся патлусцелыя за лета гусі, якіх к прысвятку смажылі ці везлі прадаваць.
29 кастрычніка
Лонгін Сотнік. У гэты дзень маліліся Святому Лонгіну хворыя на вочы, бо ён лічыўся ў народзе лекарам такіх хвароб.
31 кастрычніка
Дзень Лукі. Паўсюль спраўляліся восеньскія вяселлі, шчаслівыя сваты задаволена канстатавалі: «На Лукаша — дзеўка наша». Адзначаны ў той жа дзень Юльян лічыўся захавальнікам малых дзяцей.
На трэцім тыдні пасля Пакрова, у суботу (дата непастаянная), напярэдадні Змітравага дня, па ўсёй Беларусі адзначаўся агульны памінальны абрад, вядомы як восеньскія (Змітраўскія) Дзяды, ці Змітраўка.
Шмат дзе памінкі абмяжоўваліся рытуальнай вячэрай у хаце. Але ў многіх мясцовасцях усёй сям’ёй ішлі на могілкі. Абкладвалі магілы дзёрнам, камянямі, ставілі ці мянялі крыж або помнікі. Маліліся, галасілі, звяртаючыся да нябожчыкаў, як да жывых.
Дома рабілі памінальны стол, да якога старанна рыхтаваліся загадзя. Сядзелі доўга, прытрымліваючыся строгага парадку чаргавання страў, сярод якіх былі любімыя нябожчыкамі. Не падымалі лыжак ці кавалкаў стравы, якія незнарок падалі — маўляў, мёртвыя імі паядуць. З’яўленне якога-небудзь матыля ўспрымалі як прылёт душы продка.