- 1 студзеня
- 2 студзеня
- 3 студзеня
- 4 студзеня
- 5 студзеня
- 6 студзеня
- 7 студзеня
- 8 студзеня
- 9 студзеня
- 10 студзеня
- 11 студзеня
- 12 студзеня
- 13 студзеня
- 14 студзеня
- 15 студзеня
- 16 студзеня
- 17 студзеня
- 18 студзеня
- 19 студзеня
- 20 студзеня
- 21 студзеня
- 22 студзеня
- 23 студзеня
- 24 студзеня
- 25 студзеня
- 26 студзеня
- 27 студзеня
- 28 студзеня
- 29 студзеня
- 30 студзеня
- 31 студзеня
Сама назва першага месяца года красамоўна гаворыць пра яго характар: студзень— значыць, сцюдзёны. У гэты час на зямлю прыходзілі моцныя халады («Студзень — году пачатак, зіме — сярэдзіна»), і кожны гаспадар мусіў загадзя падрыхтавацца да суровай пары, каб не выстуджваць хату і не мерзнуць самому. Нярэдка народныя прыкметы падзялялі год на дзве часткі: адна пачыналася з 1 студзеня, другая — з 1 ліпеня.
Заўважаючы асаблівасці надвор'я ў пэўны дзень першага паўгоддзя, меркавалі пра надвор'е ў адпаведны дзень другой паловы года. Які-небудзь снежны дзень у студзені нібыта абяцаў роўна праз паўгода абярнуцца дажджлівым і непагодным. Супастаўляліся ў першым і другім паўгоддзях цэлыя месяцы, а то і поры года. Па студзеню меркавалі пра будучую вясну («Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік») і пра лета («Студзень мяце — ліпень залье»). Па характару першага месяца сяляне стараліся вызначыць і набытак, які чакаецца ў агародзе і на полі: «Студзень пагодны — год будзе плодны». Гнілое надвор'е на пачатку года.
«Слушна» падрыхтавала для вас народны каляднар на кожны дзень студзеня. Прапануем даведацца цікавыя факты пра кожны дзень.
1 студзеня
Нашы продкі ў гэты дзень глядзелі на першае ў годзе начное неба: калі шмат зорак, то будзе добры ўраджай ягад у лесе.
У старыя часы людзі верылі, што ў гэты дзень трэба пазбягаць цяжкой і бруднай працы, іначай увесь год пройдзе ў такой працы.
2 студзеня
У гэты дзень, па народным павер'і, трэба было трэсці дрэвы, каб ураджай добры быў. Нашы продкі лічылі, што надвор'е 2 студзеня прадказвала надвор'е на жнівень.
У некаторых мясцінах лічылася, што ў гэты дзень нельга прасці – не прывядзе да дабра.
3 студзеня
Лічыўся днём зберажэння хатняй жывёлы і птушак. Гаспадары падлічвалі запасы, каб зразумець, як іх размеркаваць да канца зімы.
Былі прыкметы: шмат снегу і халодна – будзе добры ўраджай; калі да гэтага дня не выпаў снег, то год будзе цяжкім. У некаторых мясцінах лічылася, што ў гэты дзень нікому нельга зычыць здароўя і шчасця, іначай усё атрымаецца наадварот.
4 студзеня
4 студзеня ў нашых продкаў была Настасся. Праз суровыя маразы мінулых гадоў казалі пра гэты дзень так: «Настасся ўзоры шые». Лічылася, што яна ахоўвае цяжарных ад усялякае бяды. Быў звычай гатаваць для цяжарных кашу.
5 студзеня
У старыя часы раніцай 5 студзеня абавязкова пяклі аладкі, заварочвалі ў палатняную анучу, неслі ў хлеў і кармілі імі хатнюю жывёлу. Так напярэдадні Калядаў выказвалі павагу братам нашым меншым, якія дапамагаюць у цяжкой працы.
Існавала прыкмета: калі ў гэты дзень вецер падзьмуў – да ўраджаю. Таксама ў гэты дзень загаворвалі свой дом ад злодзеяў.
да зместу6 студзеня
Лічылася, што ў гэты зімні дзень нельга прасці. У некаторых мясцінах дзяўчаты вечарам варажылі.
Былі такія прыкметы: калі цурчанне ў рацэ ледзь чутнае, зіма будзе роўнай, а калі чуваць выразна – быць маразам, завеям; калі 6 снежня ішоў снег і вецер з поўначы, то 6 чэрвеня будзе вецер з поўначы і невялікі дождж.
7 студзеня
7 студзеня – першы дзень Каляд. Пачыналі хадзіць калядоўшчыкі, насілі «звязду», паказвалі батлейку. Спыняліся ля кожнага двара, спявалі песні, скакалі пад скрыпачку і бубен, выконвалі велічальную песню гаспадарам дома з самымі шчодрымі пажаданнямі. За гэта атрымлівалі пачастункі (сала, каўбасу), а таксама грошы.
На Каляды праводзілі ігрышчы: «вадзілі казу», «жанілі Цярэшку», «пяклі ката», гулялі ў «Яшчура» і іншае.
Нашы продкі верылі, што на Каляду нябесныя вароты расчыняюцца і з вышыні на зямлю сыходзіць сам Бог-сын.
На працягу ўсіх Каляд нельга было нічога ні шыць, ні віць, ні плесці, ні рабіць крывога і колападобнага, ні сячы сякераю (напрыклад, ставіць агароджы, пячы абаранкі, рабіць закруткі для саней), іначай, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны з'явіцца на свет, абавязкова народзяцца пакалечаныя.
Была прыкмета: той, хто першы паглядзіць на лес у гэтую раніцу, летам будзе лепш за ўсіх збіраць грыбы.
да зместу8 студзеня
Раней па народным календары 8 студзеня называлі Зімнім Пакроўчыкам, Маладзёнамі або Бабінамі. Гулялі свята спавівальных бабак і парадзіх – «бабіны кашы». Варылі кашу і пяклі аладкі, жанчыны наведвалі бабку, якая «прымала» ці «бабіла» дзіця, унукі вазілі яе на санках ад хаты да хаты, дзе бабу частавалі.
Таксама ў гэты дзень прынята было наведваць сваіх бабуль, гасцяваць у іх.
9 студзеня
9 студзеня па народным календары – Сцяпан. Дзень найму работнікаў у мінулым. «На святога Сцяпана вышэй слуга за пана». У гэты дзень у мінулым заканчваўся тэрмін службы парабкаў. Гаспадар будзіў мужыка словамі: «Уставай! Табе сёння Каляда, а мне бяда». Звычайна ў гэты дзень праходзілі выбары пастуха і складалася з ім дамова, што замацоўвалася агульным сталаваннем.
А яшчэ ў Сцяпанаў дзень з асаблівай павагай ставіліся да коней і паілі іх вадой, у якую клалі срэбны крыж, каб усцерагчы ад нячыстай сілы і дадаць здароўя.
10 студзеня
Лічыўся днём дамачадцаў, быў звернуты выключна да праблем сям'і. Трэба было быць дома з роднымі, пажадана нікога не запрашаць у госці.
У гэты дзень стараліся хатнія справы рабіць супольна, а потым сядалі за стол, на які выстаўлялі як мага болей страў. 10 студзеня забаранялася сварыцца і высвятляць адносіны.
11 студзеня
Гэты дзень нашы продкі прысвячалі дзецям – імкнуліся зберагчы іх ад усялякіх бед, болю і слёз. У некаторых мясцінах у двары разводзілі вогнішча, каб спаліць у ім хваробы і няшчасці.
У калядным цыкле гэты дзень лічыўся асабліва ўдалым для варажбы.
Былі такія прыкметы: калі вецер з поўначы, а неба яснае – будуць маразы, калі вечарам на захадзе з'явіцца ясная паласа – хутка адліга.
12 студзеня
Раней у гэты дзень рэзалі свінняў. У некаторых мясцінах варажылі па свіной печані ці селязёнцы пра тое, якой будзе зіма. У гэты час былі халады: «Зімовая Анісся хусткай твар зачыняе», «Да дня Аніссі халады над зямлёй павіслі».
Некаторыя нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень нічога нельга падымаць з зямлі, бо можна атрымаць псуту (порчу).
13 студзеня
Гэта быў Шчодры вечар (пярэдадне Новага года па старым стылі), пачатак Шчодрага тыдня. «Мароз ходзіць – куццю есці». Яшчэ да світанку нашы продкі варылі абрадавую кашу – куццю. Калі каша паспявала, чыгун вымалі з печы і аглядалі. Калі ён трэснуў – будзе бяда. У некаторых мясцінах лічылі, што нельга гатаваць рыбу, бо шчасце з дома ўплывае.
Зорная ноч – да ўраджаю ягад. Калі ноччу вецер дзьме з поўдня – год будзе спякотным і шчасным, з захаду – да багацця малака і рыб, з усходу – чакай ураджаю садавіны.
да зместу14 студзеня
Гэта быў Васілёў дзень і Новы год па старым стылі. Раней лічылі, што першы дзень года, праведзены належным чынам, гарантаваў удачу на ўвесь год. Хто з хатніх жыхароў у самы першы дзень года першы прынясе са студні вады і ўмыецца – увесь год будзе рухавы і бадзёры.
У некаторых мясцінах з раніцы хадзілі хлопцы і маладыя мужчыны па дамах і абсыпалі іх зернем, каб наступны год быў ураджайным. Лічылася, што 14 студзеня нельга было пазычаць грошы, бо цэлы год будзеш бедным. Таксама нельга было пералічваць дробныя манеты – гэта да слёз. Калі ў гэты дзень першым у хату ўваходзіў мужчына, то ўвесь год будзе ўдалым, калі жанчына – то не.
15 студзеня
Лічылася «курыным святам». У гэты дзень не елі яйкі і курыцу – у куратнік вешалі «курынага бога». У паўднёвых раёнах гэта быў чорны камень з дзірачкай пасярэдзіне. У некаторых месцах – лапаць.
Былі такія прыкметы: калі ў месяца вострыя рогі – надвор'е будзе ветраным, калі крутыя – маразы, калі ля дома лётаюць сарокі – ідзе завіруха.
16 студзеня
Звычай абавязваў у гэты дзень аглядаць хлявы, правяраць іх надзейнасць, ці змогуць вытрымаць моцныя халады. Звонку вышэй падграбалі да сцен снег, саломай затыкалі вентыляцыйныя акенцы. Казалі: «Завёў скацінку – не шкадуй хлявінку».
Надвор'е гэтага дня паказвала, якім будзе сакавік. У гэты дзень забаранялася выхваляцца, каб не сурочыць (сглазіць) сябе і сваю сям'ю.
17 студзеня
У гэты дзень жанчынам забаранялася шыць – лічылася, тады дзіця народзіцца сляпым. У некаторых месцах Беларусі існавала павер'е: калі ў гэты дзень пакласці на кароткі час у зямлю насенне морквы, то летам яно хутчэй прарасце.
Таксама ў некаторых мясцінах 17 студзеня хату абыходзілі з іконай, каб адпудзіць нечысць. На стол было прынята падаваць стравы з мёдам.
18 студзеня
Завяршальны дзень Каляд, Шчодрага тыдня. На сценах будынкаў малявалі крыж. Гаспадар хаты выходзіў на двор і «клікаў мароз» з лыжкаю куцці.
У гэты дзень стараліся наогул не працаваць. Падлогу ў хаце вымяталі вельмі рана, а смецце спальвалі ў печы, «каб нішто не шкодзіла ў хаце». Калі ў гэты дзень няма снегу, гэта лічылася дрэннай прыкметай: летам не будзе ні ягад, ні грыбоў. Калі ў гэты дзень моцныя вятры з поўдня, то будзе лета грознае.
да зместу19 студзеня
У праваслаўных – Вадохрышча (хрышчэнне Ісуса Хрыста), апошняе свята каляндарнага цыкла. У цэрквах асвячаюць ваду. Людзі здаўна верылі ў яе цудадзейную сілу і выкарыстоўваў пры розных бытавых выпадках і здарэннях: давалі выпіць хвораму, ёю акраплялі новую хату перад тым, як засяліцца, і вуллі, каб лепш вяліся пчолы. Такой вадой асвячалі поле перад сяўбою.
У некаторых месцах нельга было выносіць ваду з хаты (для хатніх жывёл ваду рыхтавалі загадзя).
На Вадохрышча прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова паварочвалася на лета: «Трашчы не трашчы, прайшлі Вадохрышчы». Нашы продкі так прадказвалі надвор'е па гэтым дні: калі вельмі сцюдзёна, то ў жніво будзе вельмі горача.
У гэты дзень таксама раней пасціліся з раніцы, пакуль у хату з царквы не прынясуць асвячоную ваду і пакуль кожны член сям'і не вып'е крыху.
20 студзеня
Лічыўся «лянівым днем», таму што ніякую працу не робяць. Перад ежай нашы продкі пілі абавязкова хрышчэнскую ваду, каб быць здаровымі ўвесь год.
Ад гэтага дня і да Масленіцы пачынаўся мясаед – можна было ўжываць тлустыя стравы.
У нашых продкаў былі такія прыкметы: яснае надвор'е – лета будзе сухім; дзень снежны і пахмурны – будзе багаты ўраджай; завіруха – на Масленку будзе снегапад.
да зместу21 студзеня
Да абеду не працавалі, а пасля ўжо браліся за адкладзеныя справы. У некаторых мясцінах у гэты дзень у госці прыходзілі кумы з падарункамі.
Нашы продкі прыкмецілі: калі ў гэты дзень хатняя жывёла, якую выпусцілі на двор, будзе імкнуцца вярнуцца ў хлеў – быць снегу і холаду. Ясны дзень абяцае добры ўраджай. Птушкі крычаць – ідзе адліга. Шмат зорак на небе – хутка маразы.
22 студзеня
Пасля доўгіх зімовых святаў прыходзіў час наводзіць парадак дома. Людзі прыбіраліся, мылі рэчы, хадзілі ў лазню.
Нашы продкі прыкмецілі: калі ў гэты дзень хатняя жывёла, якую выпусцілі на двор, будзе імкнуцца вярнуцца ў хлеў – быць снегу і холаду. Ясны дзень абяцае добры ўраджай.
23 студзеня
У ранейшыя часы менавіта ў гэты дзень прадказвалі, якім будзе лета. Калі на стагах сена і хлебныя сціртах іней, лета будзе мокрае. Паўднёвы вецер – лета будзе з навальніцамі.
У гэты дзень у некаторых мясцінах лічылася кепскай прыкметай выносіць з дома смецце або попел – там можна ўдачу з дома вынесці.
24 студзеня
Людзі называлі гэты дзень «вясняк» і «худасей». Калі трымаецца суровая зіма, гэта прыкмета цяжкай вясны. Залішне мяккае надвор'е ў гэты дзень – таксама не прадказвала ніякай карысці. «Калі ў студзені – сакавік, бойся ў сакавіку студзеня».
У некаторых мясцінах лічылі, што ў гэты дзень нельга нічога выносіць з хаты, а таксама пазычаць грошы. Таксама людзі казалі, то калі 24 студзеня моцныя маразы – гэта нячыстая сіла помсціць за тое, што яе на Каляды з хат выганялі.
25 студзеня
Існаваў такі звычай: жанчыны звівалі клубкі пражы як мага тужэй, каб качаны капусты ўрадзіліся тугімі і буйнымі. У народзе лічылася, што жанчына, якая нарадзілася ў гэты дзень, будзе добрай гаспадыняй.
Раней гэты дзень нёс такія прагнозы: снег ідзе – на дажджы ўлетку; з раніцы сонейка выгляне – на ранні прылёт птушак; вельмі цёпла – будзе сухое лета; мароз і сонца – чакаем добры ўраджай.
26 студзеня
У гэты дзень нашы продкі вызначалі будучае надвор'е па паводзінах ката і сабакі. Калі котка мысу хавае – быць марозу. Калі сабака ляжыць згарнуўшыся – да холаду, а калі выцягнуўшыся – да цяпла.
А яшчэ людзі верылі, што калі котка ў гэты дзень паляжыць на хворым месцы гаспадара, то той вылечыцца. Нашы продкі заўважылі: калі 26 студзеня лес шуміць, то будзе снег і адліга. Моцная цяга ў печы – да марозу, а слабая цяга прадвесціць цяпло.
да зместу27 студзеня
У гэты дзень вельмі пільна даглядалі скаціну. Асаблівую пашану выказвалі каровам, бо яны лічыліся карміцелькамі сям'і. Верылі, што малако каровы ў гэты дзень валодае цудадзейнымі ўласцівасцямі – вылечвае ад хвароб, укусаў змяі, апёкаў і нават ад удараў маланкі.
У нашых продкаў на гэты дзень былі такія прыкметы: белыя аблокі на небе – хутка будзе халодна; шэрань на галінах дрэў – хутка пацяплее; калі пеўні крычаць з раніцы – хутка адступяць халады.
да зместу28 студзеня
Дзень лічыўся нешчаслівым, таму з раніцы ад «няпрошаных гасцей» абмывалі дзверы святой або адмыслова загаворанай вадой.
Былі такія прыкметы: калі ў гэты дзень дзьме моцны вецер, лета будзе дажджлівым; калі сініцы раніцай ціўкаюць пад акном, шукаюць сховішча – неўзабаве ўдараць моцныя маразы, пачнецца завіруха.
29 студзеня
Лічылася, што ў гэты дзень нараджаюцца добрыя гаспадары. Нашы продкі называлі гэты дзень «Пётр-паўкорм» – стараліся, каб да гэтага дня запасаў на зіму заставалася не меней за палову.
Былі такія прыкметы: калі з 28 на 29 студзеня ноч зорная – да ўраджаю ільну; туман раніцай – надвор'е будзе ясным; калі вецер з Поўначы – ідуць маразы; калі дзень марозны – лета будзе спякотным.
30 студзеня
Нашы продкі называлі гэты дзень «Антоны перазімныя. У старыя часы людзі спрабавалі заблытаць усякую нечысць, каб яна не падыходзіла да хаты. Для гэтага выходзілі на бліжэйшае скрыжаванне і пачыналі ісці дадому задам наперад, пры гэтым свае сляды замяталі снегам.
Продкі заўважылі, што ў гэты дзень вельмі падманлівае надвор'е: абнадзейвае цяплом, але будуць маразы.
Былі такія прыкметы: калі вароны сядзяць на верхавінах дрэў – хутка пахаладае; калі на небе шмат хмар – будзе завіруха.
да зместу31 студзеня
У некаторых раёнах Беларусі гэты дзень лічыўся гусіным святам. З гэтага дня пачыналі карміць гусей зернем. У Магілёўскай вобласці гэты дзень азначаў палову зімы.
Некаторыя людзі лічылі, што ў гэты дзень нячысцікі асабліва злосныя, таму іх адганялі ад хат малітвамі.
Былі такія прыкметы: калі мяцеліца ў гэты дзень, то выведзецца багата гусянят; калі на дварэ завіруха – ранняй вясны не будзе; калі ясна, то ранняя вясна будзе; калі вады заўважна паменела ў рацэ ці ў возеры, то лета будзе сухім.