Жанчыны часта кідаюць фразу: «А вось сапраўдны мужчына зрабіў бы не так!» Што азначае «сапраўдны мужчына»? Разбіраемся з псіхолагамі.
Што значыць «сапраўдны мужчына»?
Знешні выгляд. Важна, каб мужчына даглядаў сябе. Бывае, што празмерныя фізічныя нагрузкі недапушчальныя па стане здароўя, але азызлы і неахайны выгляд непрывабны.
Псіхалагічная сталасць. Сапраўдны мужчына цэласны, эмацыйна стабільны. Але пры гэтым дазваляе сабе і сумаваць, і радавацца.
Сацыяльная роля. Ці імкнецца ён да чагосьці, ці хоча дасягнуць нечага? Ці з'яўляецца прафесіяналам у нейкай справе? Як ён паказвае сябе ў сям'і? Важна знайсці баланс паміж гэтымі рэчамі.
Духоўнае развіццё. Наколькі мужчына гатовы расці, пазнаваць новае.
Вядомы расійскі псіхолаг Міхаіл Лабкоўскі лічыць, што самыя важныя характарыстыкі, якія вылучаюць сапраўднага мужчыну, гэта:
- Справа.
- Наяўнасць людзей, за якіх мужчына адказвае (каханая жанчына, сям'я, дзеці).
Па словах Міхаіла Лабкоўскага, «нават калі мужчына рэалізаваны ў чымсьці адным, ён усё роўна паспяховы. Асабліва калі рэалізуецца выключна з унутранай патрэбы, а не каб камусьці нешта даказаць. Мужчына можа быць жанатым або халастым, беспрацоўным, але выдатным мужам і бацькам, або бяздзетным прафесіяналам. Яшчэ агаворка: галоўнае, не тое, як шмат зарабляе мужчына, а ці можа ён пракарміць сябе (калі ён адзін), жонку і дзяцей (калі чалавек сямейны). Можа? Тады няма пытанняў».
Што яшчэ можна дадаць да гэтага спісу?
- Радасць. Мужчына з радасцю займаецца сваёй справай і з радасцю бавіць час з блізкімі. Вы спытаеце, ці бывае такое? Яшчэ як. У тым і парадокс. Атрымаўшы прызнанне ў прафесійным асяроддзі або, да прыкладу, у хобі, мужчына атрымлівае магутны зарад і падсілкоўванне. І не мае патрэбы ў самасцвярджэнні за кошт блізкіх. Ён з радасцю бярэ ўдзел у хатніх справах, для яго ў асалоду пачытаць кнігу дзіцяці ці схадзіць на выхадныя ў парк. Самая галоўная прыкмета моцнага мужчыны – ён здольны рабіць усё з радасцю!»
- Не ідзе на кампрамісы. Гэта значыць, сапраўдны мужчына не згодны на меншае: нялюбую працу або чалавека, якога ён ужо не хоча. Ён не хлусіць сабе.
- Задаволены сабой. Так, мяжы дасканаласці няма. Але такі мужчына вучыцца максімальна эфектыўна карыстацца сваімі прыроднымі дадзенымі і не мучыць сябе пастаяннымі параўнаннямі і комплексамі
- Імкнецца ўдасканальвацца.
- Шчодры эмацыйна. Не баіцца страціць сваю мужнасць, праяўляючы пачуцці.
- Самадастатковы. Не разглядае іншых людзей як спосаб вырашыць свае праблемы. Не пасуе перад цяжкасцямі. Думае пра наступствы.
- Здольны падтрымаць. Сапраўднаму мужчыну не трэба самасцвярджацца, крытыкуючы ці зневажаючы сваю жанчыну.
Стомлены мача. Што хавае эмацыйная няспеласць?
«Не чапайце тату, ён стаміўся» - даволі часты варыянт развіцця падзей вечарам. Стомленыя канапавыя мача з бутэлькай піва ў руцэ, гэта, як правіла, тыя мужчыны, якім не ўдалося рэалізаваць сябе. Такім чынам яны паказваюць сваю значнасць, дысцыплінуючы блізкіх і крытыкуючы.
Прыкметы эмацыйнай няспеласці ёміста і зразумела апісаў сямейны медыятар, гештальт-тэрапеўт, супервізар Украінскага Гештальт Інстытута Ігар Ларын.
«Нават калі яму сорак – ён падлетак. Які не бярэ на сябе адказнасць. Або надрываецца ёю. Пастаянна ные. Ці пазбягае агрэсіі нават пад пагрозай страты межаў, здароўя або твару. Які не мае сіл і смеласці плыць супраць плыні. Мужчына – перманентны трагік. Або бясконцы комік. Або той, які закрыецца жанчынай. І не ўмее вытрымліваць яе і дзіцячыя афекты».
Так, быць сапраўдным мужчынам няпроста. А яшчэ побач з ім трэба адпавядаць. Як часта мы, жанчыны, пачынаем кахаць моцнага і незалежнага, а потым робім сцэны кожны раз, калі ён хоча правесці час, займаючыся сваім хобі. У полі моцнага мужчыны змяняецца і яго выбранніца. Але гэта тэма для іншага артыкула.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by