20.12.2022
20.12.2022

Навагоднія выкрунтасы ў класічным стылі (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Авечка Адэля гартала часопіс пра фітнес, а козачка Малімонка задумліва разглядала свае капыткі. 

– Паслухай, Адэлька, – нясмела пачала яна, – я хачу навучыцца прыгожа танчыць.

– Ты і так вечна скачаш! Абы толькі музыка дзе зайграла – ты адразу ў скокі.

– Дык то скокі! А я хачу прафесійна танчыць. Каб не сорамна было на навагоднім свяце сцэну выйсці. Спадарыня Гэлена набыла нам квіткі на навагодні баль! Там у праграме столькі танцаў!

Авечка Адэлька

Пачуўшы пра сцэну і баль, Адэля адразу натапырыла вушкі.

– Чакай! А як гэта я прапусціла?

– Дзіва што! Ты такая занятая апошнім часам. І здымкі на тэлебачанні, і праца на «Каляроўцы». А ў мяне хапае вольнага часу, каб навучыцца танчыць!

– Ат! Танцорка знайшлася! Глупства! А вось я… Я магла б! – Адэля падскочыла да люстэрка, крутанулася туды-сюды і заўважыла:

– Неблагая думка! Мне сапраўды варта трошкі падвучыцца. Раз баль на носе! Вырашана! Запішуся ў харэаграфічны гурток!

– А яяяя? – захвалявалася Малімонка.

– Ну, і ты са мною. Якраз паспеем да балю падрыхтавацца. Так! Зараз мы знойдзем якую-небудзь студыю…

Козачка Малімонка

Абедзьве паглыбіліся ў вывучэнне абвестак пра набор у харэаграфічныя гурткі. Іх была процьма. Адэля пачала зачытваць:

– «Запрашаем юнакоў і дзяўчат у школу спартыўнага танца. Заняткі праводзяцца два разы на тыдзень.» Якраз зручны графік і ад фермы недалёка.

– Адэлька,  – засумнявалася козачка, – нам гэта не падыходзіць.

– Чаму? – незадаволена запыталася Адэля.

– Там сказана: юнакоў і дзяўчат, а не авечачак і козачак.

– Хм, – Адэля прабегла вачыма яшчэ некалькі аб’яў. Але ўсе яны прапаноўвалі навучыць танчыць хлопцаў і дзяўчат. І ні слоўца – пра авечак, катоў, сабак, кароў.

– Глупства! – запэўніла Адэля. – Дастаткова патлумачыць, хто я, адразу прымуць. – Адэля  хутка набрала патрэбны нумар.

– Алё! Вітаю! Мяне завуць авечка Адэля. Я вядомая тэлевядучая і зорка. Хачу разам з Малімонкай запісацца ў танцавальную групу. – Адэля прыслухалася да адказу і ўзрушылася:

– Што значыць не? Чаму гэта? Вы нават не ўяўляеце, каму адмаўляеце…

Козачка

Але з Адэляй ужо развіталіся. Трубка запішчэла кароценькімі гудочкамі, авечачка зноў схапіла газету і набрала наступны нумар. Малімонка ажно дыхнуць баялася, пакуль Адэля спарабавала дамовіцца. Зноў адмовілі… Адэлька набрала яшчэ адзін нумар. І яшчэ… Але раз за разам Адэлі адмаўлялі.  Яна станавілася ўсё больш раздражнёнай.

Пасля чарговага няўдалага званка Малімонка насмелілася запытацца:

– Дык што, Адэлька? Чаму нам адмаўляюць?

Адэля кінула трубку і нервова забегала па пакоі.

– Чаму, чаму… Смяюцца! Кажуць, што мы з табой не адужаем іх праграму, што ў нас, хутчэй за ўсё, няма музычнага слыху, што мы многа траўкі ядзім…

– З музычным слыхам усё нармальна. А траўка пры чым? – здзівілася Малімонка.

– Пры тым, што… – пачала тлумачыць Адэля, і прыпынілася, задумаўшыся. – А хто іх ведае! Параілі ў цырк звярнуцца.

– Дык здорава, Адэлька! Хутчэй звані ў цырк! Жывёлы там і танцуюць, і жангліруюць, і спяваюць, і нават на веласіпедах катаюцца.

– Ну не, даражэнькая, – адрэзала авечачка. – Няхай яны там у цырку за драбок цукру каго іншага муштруюць. Ты думаеш, там жывёл танчыць вучаць? – запыталася яна ў козачкі.

Навагоднія выкрунтасы

Козачка хуценька заківала, а Адэля пагрозліва вырачыла вочы і прамовіла:

– Дурнічка! Іх там ДРЭСІРУЮЦЬ!

Малімонка нервова пракаўтнула слінку, а авечка станавіта заявіла:

– Не хачу, каб мяне, гераіню кнігі, зорку, тэлевядоўцу, дрэсіравалі!

– Дык што ж рабіць, Адэлечка? – Я так хацела навучыцца танчыць… Хіба пані Гэлену папрасіць, каб яна дыск з урокамі танцаў купіла.

– Яшчэ чаго! Скакаць перад люстэркам у сваім загончыку – нецікава. Мы  навучымся танчыць у самай лепшай студыі, каб на навагоднім балі весяліцца напоўніцу, а не падпіраць сцены! А найлепшая – у Вялікім тэатры!

Праз колькі дзён Адэля з Малімонкай стаялі ў вялікай залі, дзе праходзілі заняткі па класічным танцы. Адэля задаволена аглядала сябе ў люстэркі, што віселі на сценах і цешылася шматлікім адлюстраванням. Студыйцы: хлопцы і дзяўчаты здзіўлена паглядалі на незвычайную парачку – авечку і козачку.

Навагоднія выкрунтасы

Адэля выгледзела кіраўніка студыі і рашуча накіравалася да яго.

– Добры дзень! Мы хочам займацца ў вашай студыі!

Кіраўнік ажно папярхнуўся. Ён моўчкі разглядаў прыяцелек, а Адэля сакатала далей.

– Я вядомая тэлевядоўца, пераможца міжнароднага конкурса на самую прыгожую воўначку. Я сапраўдная зорка, галоўная гераіня кнігі пра сябе. Мне неабходна навучыцца танчыць. Ваш калектыў заслужыў прызнанне сваімі выступленнямі, таму нам цалкам падыходзіць.

– Хм! – нарэшце азадачана прамовіў кіраўнік. – А вы ўжо дзе-небудзь вучыліся танцаваць?

– Дэбютавалі на сцэне нашай фермы «Каляроўка» пад час тэатральнага сезона, – уплішчыла слоўца Малімонка.

– Кхе-кхе, – нешта закашляўся кіраўнік. – Але наш калектыў ужо не першы тыдзень працуе над праграмай. А трэба ж падладзіцца.

– Нічога! Мы кемлівыя і старанныя.  Як бачыш засвоім вашу праграму.

– Вам будзе цяжка трымаць наш тэмп. Мне падаецца, і праграма класічнага танца не зусім вам падыходзіць!

– Вы думаеце, што жывёлы толькі гапака скакаць могуць? Вы нас проста не даацэньваеце, а гэта крыўдна!

Кіраўнік хацеў нешта запярэчыць, але перадумаў:

– Добра! Ідзіце, пераапранайцеся. Заняткі пачнуцца праз тры хвіліны.

Адэля з Малімонкай хуценька ўбраліся ў балетныя пачкі. Адэля, пераможна азіраючыся, грацыёзна прадыбала ў цэнтр залі ў лімонна-жоўтай балетнай пачцы. Знакамітая авечка безупынна дбала пра сваю выключнасць! За Адэлькай няўпэўнена тупала Малімонка, убраная, як і дзяўчаткі, у сціплую пачку сіняга колеру.

Жывёлы танцуюць

Адэля, агледзеўшы дзяўчат, насмешліва пырснула і зашаптала Малімонцы.

-- Глянь, яны амаль празрыстыя! Быццам ім есці тыднямі не даюць. Толькі хлопцы выглядаюць крапчэйшымі! Пэўна, іх часцей кормяць.

Адэля прыняла паставу, з якой пачынаўся танец, грозна зіркнула на Малімонку, якая пад насмешлівымі позіркамі трошкі разгубілася. Загучала музыка...

…Ох! Пачалося!

Нашы танцоркі прыслухоўваліся да незразумелых каманд кіраўніка і стараліся пільна сачыць за імклівымі рухамі дзяўчатак і хлопцаў. А тыя што толькі не выраблялі! Круціліся на адной ножцы, падскоквалі, робячы нагамі ў паветры «нажнічкі», выгіналіся, нібыта змеі, амаль ў вузельчыкі завязваліся! Хто бачыў  балет, той ўяўляе, як выглядаюць усе гэтыя павароты, кручэнні, піруэты, півоты, паклоны і фуэтэ. Уявіце, як пачуваліся нашы пакутніцы. Праз некалькі хвілін яны ледзьве дыхалі. І нічога смешнага! Паспрабуйце патанчыць у футры, ды яшчэ ў балетнай пачцы зверху!

Падчас перапынку ледзь жывыя, спатнелыя авечачка і козачка дашкандыбалі да распранальні. У знямозе прыхінуліся да сцяны і паціху спаўзлі на лаўкі. А дзяўчаткі і хлопцы нават не прыселі. І ніхто з іх не дыхаў, высалапіўшы язык. Яны весела абмяркоўвалі нешта сваё, раз-пораз з прыхаванай усмешкай паглядаючы на спакутаваных танцорак.

– На сёння хопіць! – прастагнала Адэля, ледзь толькі з залі пачулася каманда аб працягу заняткаў. – Нагрузкі звыш нормы шкодныя для арганізма. Нават для такіх трэніраваных асоб, як мы з табой!

Адэлька танчыць

Выбраўшыся з памяшкання, яны плюхнуліся на лаўку проста ў скверыку ля тэатра. І нават абмяркоўваць свой першы танцавальны досвед не сталі.

Калі праз два дні пад час сняданку Малімонка нясмела заікнулася, што варта працягнуць трэніроўкі, Адэля так злосна на яе зашыпела, што спалоханая козачка адразу змоўкла. Але ўвечары яны ўсё ж выбраліся на танцавальныя заняткі.

– Нельга адступацца перад першай жа няўдачай! – упэўнена павучала Адэля козачку. – Новы год на носе! І баль! Хай недарэкі і няўмекі скачуць карагоды вакол ялінкі! А мы з табой будзем танцаваць як сапраўдныя балерыны! Падумаеш – не атрымалася адразу! Затое сёння нам будзе куды прасцей!

Але прасцей не было! Ні грамулечкі! Хлопцы і дзяўчаты, празрыстыя і вытанчаныя, насмешліва паглядалі на пакутніц. Але больш пільна сачылі за ўласнай грацыёзнасцю, бо кіраўнік строга пакрыкваў на тых, хто хаця б на імгненне губляў пільнасць.

Калі пачаўся перапынак, Адэля, не дайшоўшы колькі крокаў да распранальні, здзёрла з сябе лімонна-жоўтую балетную пачку, схапіла Малімонку подручкі і злосна заявіла танцорам:

– А бадай яны прапалі, вашы танцулькі! Мы і без класічных выкрунтасаў навагодні баль зладзім! – і пацягнула козачку да выхаду. На парозе яна азірнулася і паказала аслупянеўшым ад нахабства балетным юнакам і дзяўчатам язык.

– Што ты нарабіла? – жахалася Малімонка, цягнучыся за Адэляй па вуліцы. – Паказваць язык – гэта так непрыгожа, так нявыхавана!

– А чаго яны! Спачатку залучаюць у калектыў, а пасля кпіны строяць! Не пацярплю такіх здзекаў! – бушавала авечачка.

– Адэлька! Ніхто нас туды не запрашаў! Самі навязаліся. Кіраўнік жа папярэджваў, што мы не асілім праграму. А ты накрычала на іх ды яшчэ і язык высалапіла! От не прынясе табе Дзед Мароз падарунак за такія ўчынкі!

Заўвага пра Дзеда Мароза крыху астудзіла ўгневаную Адэльку.

– А ты нікому не кажы, дык Дзед Мароз і не даведаецца!

– Я-то не скажу, – шчыра паабяцала козачка. – Але ж Дзед Мароз -- чараўнік. Ён і без маіх доказаў усё ведае пра нашы паводзіны.

– Але падарункі ўсё адно носіць! – упарта сапла Адэля. – І ніколі не ўшчувае!

Так, – уздыхнула Малімонка. – Але няёмка атрымліваецца…

Падарункі на Раство

У той жа вечар Адэля надрукавала Дзеду Марозу ліст:

“Даражэнькі Дзед Мароз! Не зважай, што я паказала гэтым балетунам язык. Гэта не ад злосці, а ад крыўды на складаныя класічныя танцы. Няхай сабе круцяць свае піруэты і фаэтэ, а мы з табой карагод вакол ялінкі вадзіць будзем! Ты ж не супраць карогодаў? Неверагодна абаяльная авечка Адэля”.

https://bel.24health.by/adelchyn-kulinarny-talent-kazka/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"