У сінім моры жывуць прыгожыя дзяўчаты. Яны гайдаюцца на марскіх хвалях, водзяць карагоды, спяваюць песні. Шчодрае сонца і салёная марская вада — вось усё, што ім патрэбна для вясёлага бесклапотнага жыцця.
Яны вельмі падобныя: у кожнай пераменлівае аблічча, як у вады. Целы іх лёгкія, паўпразрыстыя. Толькі пры бліжэйшым знаёмстве можна адрозніць адну ад другой. Таму і імя ў іх адно на ўсіх – нерэіды*. А вось захапленні ў дзяўчат самыя розныя: адна любіць плесці вяночкі з марскіх водарасцей, другая – катацца на дэльфіне, трэцяя – лічыць зоркі ў небе, чацвертая – пасвіць малькоў, ахоўваючы іх ад драпежных рыб… Ды ці мала заняткаў па душы можна знайсці!
Аднойчы надвячоркам дзяўчаты гулялі ў ракавінкі – перакідваліся вялікай жамчужніцай і лавілі яе са смехам і пырскамі. Яны нават не заўважылі, як блізка падплылі да берага. У гэтым месцы ў мора ўпадала вялікая хуткая рака.
Вада тут была халаднейшая і не такая салёная. Нерэіды здзіўлена агледзеліся – тут усё было нязвыклым. Раптам яны пачулі спеў. Ды такі прыгожы, пералівісты, кранальны, што забыліся пра ўсё на свеце і сцішыліся, баючыся нават дыхнуць вальней, каб не парушыць хараство крыштальных гукаў. Так яны і гайдаліся на хвалях, слухаючы невядомага спевака. І нават калі спеў раптоўна змоўк – яшчэ доўга не маглі апрытомнець.
– Што гэта было? – нарэшце схамянулася адна.
– Чарадзейства нейкае, – шапнула другая. — Ніколі не чула нічога больш цудоўнага. Вось бы ўбачыць спевака. Можа, ён яшчэ заспяваў бы…
– Сястрыцы, паплылі адсюль, – азвалася яшчэ адна. – Дыхаць цяжка…
І сапраўды, яны адчулі, што ў прэснаватай вадзе пачынаюць задыхацца.
– Так, трэба плысці, мы ўжо забавіліся.
Дзяўчаты павярнулі да выратавальных марскіх глыбінь. Нейкі час яны не маглі нават гаварыць пра нешта іншае, акрамя цудоўнага спеву. Адна з іх, вялікая аматаркай музыкі, вырашыла: «Я абавязкова даведаюся, хто гэта спяваў!»
Назаўтра, як толькі краёчак сонца паказаўся з-за далягляду, Нерэіда ўжо гайдалася на прыбярэжных хвалях, не зважаючы ні на прэсную ваду, ні на холад.
– Ах, толькі б яшчэ разок паслухаць гэтага цудоўнага спевака… – марыла яна.
Дзяўчыне пашчасціла: праз некалькі хвілін наваколле напоўнілася чароўнымі гукамі, такімі кранальнымі, што ў яе нават слёзы пацяклі з вачэй. Калі ж спеў скончыўся, яна ўсклікнула:
– Хто гэта спяваў толькі што? Пакажыся, калі ласка!
Галінка дрэва, што расло амаль ля вады, загайдалася – з яе зляцела невялікая шэрая птушачка і села на самы ўзбярэжак.
– Гэта я, Салавей.
Дзяўчына ў захапленні запляскала ў ладкі.
– Ах, я проста зачараваная. Мы з сёстрамі ўчора ўпершыню пачулі ваш спеў, спадар Салавей. Мы, нерэіды, жывём у марскіх хвалях. Тут, каля вусця рэчкі, нам вельмі цяжка дыхаць, бо вада амаль не салёная. Але калі б вы згадзіліся выступаць перад намі з канцэртамі, мы прыплывалі б штодня…
– Вельмі прыемна, што вам спадабаліся мае спевы, – пакланіўся Салавей. – Але я не магу тут больш заставацца. Наперадзе далёкая дарога ва Усходнюю Афрыку. Там я жыву, пакуль на маёй радзіме зіма. А на чужыне я не спяваю. Ну, хіба калі-нікалі падчас прывалу, дзеля бадзёрасці духу.
– Як шкада… Прабачце, а не маглі б вы затрымацца яшчэ крышку? Я сплаваю за вялікай ракавінай – на яе можна запісваць гукі. Можа, вы заспявалі б яшчэ раз?..
Дзяўчына так умольна глядзела на Салаўя, што ён згадзіўся:
– Але я папярэджваю, што чакаць магу зусім нядоўга, я ўжо забавіўся. Адстану ад сваёй чарады – не змагу даляцець да Афрыкі. А маю вельмі важную місію: на конкурсе салаўіных песень мяне прызналі найлепшым спеваком сярод суродзічаў. Вярнуўшыся ўвесну на радзіму, я буду даваць ім урокі спеваў.
– Я ўміг абярнуся, – запэўніла Нерэіда і кінулася ў марскія хвалі.
Нерэіда імчала, што ёсць моцы. Салёная вада зноў надала ёй сілы і спрыту. Неўзабаве дзяўчына вярнулася з вялікай прыгожай ракавінай.
Зорны карагод над возерам (казка)
– Паслухайце, спадар Салавей, на ракавіне запісаны гукі марскога прыбою.
Салавей схіліў галоўку і з цікавасцю прыслухаўся. Ён пачуў ціхую-ціхую песню мора.
– Я выбрала самую вялікую ракавіну са сваёй калекцыі. Плаваючы да розных берагоў, я заўсёды збіраю ракавіны з песнямі. Яны такія розныя, бо залежаць ад настрою мора і ад берага, каля якога нарадзілася песня. У мяне нават ёсць некалькі рэдкіх экзэмпляраў з глыбокаводным запісам песні вялікага блакітнага кіта. Ваша песня будзе для мяне бясцэнным скарбам, самым незвычайным экзэмплярам, – з захапленнем гаварыла яна, уладкоўваючы ракавіну на плоскі камень, што тырчаў з вады ля берага.
Салавей, сеўшы на галінку над самай вадой, заспяваў. Нерэіда слухала, стаіўшы дыханне. Яна ўжо адчувала, што не зможа жыць без гэтых спеваў. Калі песня скончылася, яна хуценька прыклала ракавіну да вушка. Зацікаўлены Салавей уважліва сачыў за ёй. Але колькі дзяўчына ні ўслухоўвалася, ніякай іншай песні, акрамя шуму мора, з ракавіны не даносілася. Нерэіда ўздыхнула:
– Як шкада, нічога не атрымалася…
– Ну што ж… Выбачайце, паненка, але больш затрымлівацца я не магу.
– Я разумею. Скажыце, а дзе вы жывяце, калі вяртаецеся на сваю радзіму?
– Гэта вельмі далёка адсюль. Трэба ляцець уверх по цячэнні ракі амаль да яе вытоку. Рака пачынаецца з маленькай крынічкі. Я ўю гняздо ў зарасніках каля самай вады… Але мне сапраўды пара. Прыемна было пазнаёміцца.
Салавей узмахнуў крылцамі і паляцеў. Нерэіда памахала яму на развітанне і паплыла дамоў.
Дні міналі за днямі. Нерэіды пачалі заўважаць, што іх сяброўка, аматарка музыкі, усё больш маркоціцца. Яны спрабавалі наладзіць для яе свята, наперабой запрашалі на самыя неверагодныя забавы, прыносілі ёй марскія ракавіны з новымі запісамі песень мора – але нічога не дапамагала. А яшчэ праз некаторы час Нерэіда абвясціла ім, што прыняла вельмі важнае рашэнне: яна паплыве на сустрэчу з Салаўём на яго радзіму, бо больш жыць не можа без яго спеваў. Што тут усчалося!
– Што ты ўдумала, дурненькая, – ледзь не плакалі сяброўкі. – Гэта ж так далёка! У цябе не хопіць сілы! Ты замерзнеш у халоднай рачной вадзе! А як ты там дыхаць будзеш?!
Але як ні адгаворвалі сяброўкі, Нерэіда стаяла на сваім. Аказваецца, яна ўжо нават дзень адплыцця выбрала. І не думайце, што Нерэіда была такая легкадумная, што кінулася ў далёкае падарожжа на злом галавы. Яна таемна кожны дзень плавала да вусця ракі, каб прывыкнуць да халоднай вады. Рыбы, праўда, папярэджвалі, што ўверх па цячэнні вада будзе яшчэ халаднейшая. Да таго ж яна стане зусім прэснай.
Нерэідзе было боязна, але ўлюбёнасць у салаўіныя спевы перамагла ўсе страхі.
Нарэшце прызначаны дзень надышоў. Сяброўкі праводзілі дзяўчыну да самага вусця ракі. Некаторыя не маглі стрымаць слёз, іншыя мужна трымаліся, каб не рабіць расставанне яшчэ больш самотным і цяжкім. Пасля ўсіх абдымкаў і пажаданняў шчаслівага падарожжа да нашай Нерэіды падплыла старэйшая з іх і сказала:
– Ну што ж, калі ты цвёрда вырашыла плыць – няхай так і будзе. Толькі памятай – не пускай на чужыне каранёў, бо не зможаш вярнуцца. І яшчэ. Мы падрыхтавалі табе падарунак – вянок з нашых водарасцей. Гэта ж марскія расліны. Яны ўтрымліваюць у сабе шмат солі. Калі будзе зусім немагчыма без салёнай вады – вазьмі лісточак з вянка ў рот.
Нерэіда з удзячнасцю абняла сястру, усклала вялізны вянок на галаву, махнула на развітанне рукой і паплыла насустрач сваёй мары.
***
Немагчыма нават апісаць усе прыгоды, усе перашкоды і выпрабаванні, якія сустракаліся на шляху Нерэіды. Чаго толькі не нацярпелася, якіх дзівосаў не пабачыла. Яна пакрысе прывыкала да халоднай вады, стараючыся плысці як мага хутчэй, каб сагравацца падчас руху.
А вось дыхаць у прэснай вадзе станавілася ўсё цяжэй. Калі рабілася зусім немагчыма, яна адрывала лісток з вянка і клала яго ў рот, трымаючы да той пары, пакуль хоць крышку адчувалася прыемная саланаватасць. Дзяўчына карысталася лісточкамі вельмі ашчадна, кожны раз з удзячнасцю ўспамінаючы сваіх пакінутых сясцёр.
А яшчэ вельмі цяжка было плысці супраць цячэння. Прыпыняючыся на адпачынак, яна заўсёды знаёмілася з мясцовымі жыхарамі, распытвала, ці не на гэтых берагах жыве Салавей. А самым цікаўным расказвала сваю гісторыю. Яе прыязна выслухоўвалі, вохкалі, дзівячыся рашучасці і настойлівасці, і стараліся дапамагчы хто чым мог. Аднойчы яна сустрэлася з дзяўчатамі. Яны былі вельмі падобнымі да яе самой, але ў той жа час амаль няўлоўна адрозніваліся. І адразу прызналі Нерэіду за сваю.
– Мы завемся Наядамі*, – сказала адна з іх, – таму што жывем у рацэ. А па сутнасці, мы з табой сёстры.
Нерэіда была вельмі рада сустрэчы са сваячкамі. Яны падрабязна расказалі, дзе шукаць Салаўя, але папярэдзілі, што трэба спяшацца, бо хутка надыдзе нечувана халодная пара – зіма. Вада на паверхні рэчкі застыне і ператворыцца ў лёд. Нерэіда ўпершыню ў жыцці чула пра такое і вельмі дзівавалася.
А наяды зацікавіліся ўжо добра абскубаным вяночкам на яе галаве, бо ўсе яны былі фарсухамі і вельмі сябе глядзелі. Кожная мела нейкія адметныя ўпрыгожанні. А калі даведаліся аб прызначэнні вянка, вельмі спачувалі новай знаёмай. На развітанне наяды сказалі:
– Спяшайся, сястрыца. Нядобра, калі зіма заспее цябе ў дарозе. Табе засталося ўжо не так многа плысці. Каб было лягчэй дабрацца да месца, адна з нас праводзіць цябе. І дарэчы, паколькі ты цяпер таксама рачная жыхарка, то і называцца павінна, як мы, – Наяда.
Дзяўчаты развіталіся, і кожны рушыў у свой бок. Наша вандроўніца адчула сябе больш упэўнена ў суправаджэнні сястры. Калі яны зрэдку спыняліся, каб перакінуцца словам-другім са знаёмымі правадніцы, тая заўсёды знаёміла са сваёй спадарожніцай:
– Гэта мая сястра – Наяда марская.
Вестка пра незвычайную Наяду, якая добра пачуваецца толькі ў салёнай вадзе, хутка разнеслася сярод мясцовых жыхароў. І калі праз нейкі час яны дабраліся да месца, яе ўжо сустракалі як добрую знаёмую. Правадніца сказала:
– Ну вось, даражэнькая. На гэтым беразе жыве самы праслаўлены спявак сярод салаўёў. Але чакаць салаўіных спеваў прыйдзецца аж да цёплай вясны. Бывай, сястрыца. І лёгкай табе зімы.
Дзяўчына засталася адна. Са шчымлівай радасцю яна ўздыхнула: «Даплыла-такі». Але часу на доўгі адпачынак не было – трэба ўладкоўвацца на новым месцы. Наяда хутка пасябравала з новымі суседзямі, тыя дапамагалі знакамітай вандроўніцы чым маглі, а яна расказвала ім пра свае прыгоды, пра сясцёр, пра цёплае мора, у якім жыла бесклапотна, пра сваю калекцыю ракавін з марскімі песнямі.
– Чаго ж табе не хапала, дзівачка? — неяк пацікавіўся лянівы Сом.
І тая, уздыхнуўшы, яшчэ раз пераказала сваю гісторыю сустрэчы з Салаўём.
– Хм, – невыразна буркнуў Сом, але больш нічога не дадаў.
Дзяўчына была ўдзячна хоць бы за тое, што ён не пачаў яе ўшчуваць.
Час ішоў. Наяда марская ўжо зразумела, што з заканчэннем падарожжа не скончыліся яе выпрабаванні. І, нягледзечы на сімпатыю і дапамогу суседзяў, ёй станавілася ўсё цяжый і цяжэй выжываць у рацэ. Сяброўкі Наяды наведвалі яе, стараліся падтрымаць. Але гэта слаба дапамагала.
Вада з кожным днём станавілася халаднейшай. Хутка надыйшоў дзень, калі паверхню ракі скаваў лёд, які рабіўся ўсё таўсцейшым. Дыхаць Наядзе зрабілася яшчэ цяжэй, амаль немагчыма. А запас лісточкаў на яе вянку ўвачавідкі таяў.
– Нічога, я прызвычаюся, – падбадзервала сябе Наяда. – Нездарма ж я столькі ўжо вытрывала. Засталося толькі дачакацца цёплай вясны.
Яна стала маўклівай і задумлівай, але ўпарта трымалася за ўспамін тых дзіўных гукаў песні, якія перавярнулі ўсё яе жыццё.
А з надыходам вясны пачалося новае выпрабаванне. Сонца, прыгрэўшы, растапіла лёд і снег, і ён хлынуў бурлівым патокам у раку. Наяда адчувала, як ён зносіць яе, і з усіх сіл упіралася ножкамі ў пясчанае дно. У змаганні з бурнай ракой прайшоў не адзін дзень. А калі вада нарэшце супакоілася, выявілася, што Наяда больш не можа скрануцца з месца. Супраціўляючыся напору талай вады, яна нават не заўважыла, што пусціла карані. І хоць да гэтага моманту Наяда ніколі не думала пра тое, каб вярнуцца, ёй успомніліся словы старэйшай сястры на развітанне. І адразу стала зразумелым, што вяртанне ўжо немагчыма. Да таго ж выратавальныя саланаватыя лісточкі неўзабаве скончыліся.
Наяда марская слабела з кожным днем. А калі адчула, што апошнія сілы пакідаюць яе, заплакала ў роспачы. І амаль у тое ж імгненне пачула звонкую пералівістую песню. Яна напружылася, падцягваючыся як мага бліжэй да паверхні. Доўгачаканая песня лілася, запаўняючы наваколле. Наяда плакала, не стрымліваючыся, але цяпер ужо ад радасці. Яе душа напоўнілася замілаваннем і захапленнем. Раптам дзяўчына адчула, што дыхаць ёй стала значна лягчэй. А паколькі Наяда марская плакала першы раз у жыцці, яна нават не здагадалася, што гэта яе слёзы зрабілі ваду саланаватай. І вырашыла, што хараство спеву надало ёй сілы. Дзяўчына цвёрда ведала, што яна – самая шчаслівая наяда ў свеце.
З часам Наяда вельмі змянілася. Яна стала больш падобная на расліну, чым на дзяўчыну. Яе стройныя ножкі ператварыліся ў доўгае гнуткае сцябло, а ручкі ўжо нагадвалі тоненькія вузенькія лісточкі. Займеўшы карані, яна ўжо не змагла больш усплываць на паверхню. Але нават стаўшы раслінай, яна па-ранейшаму заставалася фарсухай. Толькі ўпрыгожаннямі цяпер ёй служылі ўласныя кветачкі, праўда, не такія яркія і шыкоўныя, якімі яна ўбіралася, жывучы ў моры. Кветачкі выраслі на яе сцяблінах нечакана для самой Наяды. І любіла яна іх куды мацней.
Наядзе здавалася, што з’яўленне кветак — гэта водгук яе душы на цудоўныя салаўіныя спевы, якія на ўсё жыцце сталі яе галоўнай уцехай і падтрымкай. Раслінкі, што з’явіліся з насення гэтых кветачак, абралі сабе месцам жыхарства тыя азёры, у якіх вада была хаця б крышку саланаватай. І раслі яны групкамі, якраз як тыя дзяўчаты — наяды і нерэіды, з якіх і пачалася іх гісторыя.
*Наядамі у старажытнагрэчаскай міфалогіі называліся німфы, якія насялялі рэкі, ручаі і азёры.
*Німфы—у грэчаскай міфалогіі, духі ў вобразе дзяўчат.
*Нерэіды—у грэчаскай міфалогіі, марскія духі ў вобразе дзяўчат.
Наяда марская (Najas marina L.) – дэкаратўная водная расліна, прыдатная для аквакультуры. Аднагадовая, пагружаная ў ваду цёмна-зялёная расліна з доўгімі (10-60см) парасткамі. Лісце лінейнае, па краях буйнавыемчатазубчастае. Похвы лісця з 1-2 добра прыкметнымі шырокімі зубцамі. Кветкі раздзельнаполыя, двухдомныя. Тычынкавыя кветкі з адной тычынкай, двухлопасцявым калякветнікам і пакрывалам, песцікавыя—без іх. Плод шырокаэліпсаідальны. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у канцы жніўня-пачатку верасня. Размнажэнне насеннае. Апыленне адбываецца пад вадой. У Беларусі месцы росту у Віцебскім (воз. Лосвіда), Лепельскім (воз. Вогзіна) і Шумілінскім (воз. Сосна) раёнах. Слабаэўтрофныя азёры з чыстай сярэднемінералізаванай вадой на глыбіні 200-250см. на пясчана –галечным грунце сярод шыракалістых рдзестаў. Расце групамі, часам утварае чыстыя зараснікі.
https://bel.24health.by/dreva-kazka/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by