24.03.2023
24.03.2023

Не пакінуць хваробе і шанцу. Усё пра метады дыягностыкі туберкулёзу

logo
Хваробы ад А да Я
0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Туберкулёз (сухоты) можа паражаць многія органы і сістэмы арганізма чалавека. Лячэнне захворвання доўгае і складанае. Каварства яго яшчэ і ў тым, што ў некаторых выпадках ён працякае без клінічных прыкметаў і скаргаў, можа маскіравацца пад іншыя захворванні. Адна з асаблівасцяў мікабактэрый туберкулёзу – здольнасць даволі хутка набываць устойлівасць да лекавых сродкаў.

Акрамя вядомых усім пробы Манту і дыяскінтэсту існуе шмат іншых метадаў дыягностыкі туберкулёзу. Многія з іх дапамагаюць урачам не толькі ўдакладніць дыягназ у складаных выпадках, але і выявіць устойлівасць мікабактэрый туберкулёзу да тых ці іншых лекавых прэпаратаў. Гэта важна, бо дазваляе падабраць пацыенту максімальна эфектыўную тэрапію.

Пра сучасныя метады дыягностыкі туберкулёзу, якія ёсць у арсенале беларускіх урачоў, журналісту Слушна распавяла наш пастаянны эксперт – дацэнт кафедры фтызіяпульманалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Жанна Крывашэева.

Прамыя і ўскосныя метады дыягностыкі туберкулёзу

Таберкулёз

Калі ўмоўна падзяліць усе спосабы дыягностыкі туберкулёзу на дзве групы, можна вылучыць прамыя і ўскосныя метады распазнавання захворвання.

Прамыя метады выкарыстоўваюцца для выяўлення ўзбуджальніка туберкулёзу або яго біялагічнага матэрыялу – ДНК мікабактэрый туберкулёзу. Гэтыя метады дазваляюць удакладніць, які ўзбуджальнік стаў прычынай інфекцыйнага захворвання (напрыклад, туберкулёзу лёгкіх).

 
Жанна Крывашэева
дацэнт кафедры фтызіяпульманалогіі БДМУ, к.м.н.
Прамым лічыцца таксама метад выяўлення ў органах або тканках марфалагічных змяненняў іх структуры, якія характэрныя або тыповыя для туберкулёзнага запалення. Зрэшты, далёка не заўсёды ёсць магчымасць выкарыстоўваць прамыя метады дыягностыкі туберкулёзу, таму на практыцы мы выкарыстоўваем увесь комплекс дыягнастычных мерапрыемстваў.

Ускосныя метады дазваляюць толькі западозрыць або выказаць здагадку пра наяўнасць актыўнай туберкулёзнай інфекцыі ў арганізме чалавека. Да гэтых метадаў адносяцца проба Манту, дыяскінтэст і гама-інтэрферонавыя тэсты (IGRA-тэсты). Зарэгістраваны і ўжываецца ў нас у рэспубліцы квантыферонавы тэст – адзін з двух IGRA-тэстаў, прызнаных і ўхваленых СААЗ.

 
Жанна Крывашэева
дацэнт кафедры фтызіяпульманалогіі БДМУ, к.м.н.
Выкарыстанне IGRA-тэстаў дазваляе выявіць павышаны сінтэз гама-інтэрферону ў чалавека з актыўнай туберкулёзнай інфекцыяй (квантыферонавы тэст). Альбо мы вызначаем колькасць актыўных Т-лімфацытаў у крыві, колькасць якіх вялікая пры наяўнасці ў арганізме ўзбуджальніка сухотаў у стадыі актыўнага размнажэння. Асабліва гэта актуальна ў выпадку, калі захворванне ніяк не праяўляецца клінічна або, напрыклад, у чалавека працяглы кашаль, доўгі час павышаная тэмпература, але іншых відавочных прыкметаў захворвання няма.

Чым добрыя гэтыя тэсты? У адрозненне ад пробы Манту або дыяскінтэсту, для правядзення дыягностыкі туберкулёзу з дапамогай гама-інтэрферонавых тэстаў супрацьпаказанняў або абмежаванняў няма (у чалавека бярэцца аналіз крыві з вены). Вянозная кроў захоўваецца (інкубіруецца) суткі пры пэўнай тэмпературы, затым праводзіцца ўласна даследаванне. Вынік вядомы на працягу аднаго працоўнага дня.

Гама-інтэрферонавыя тэсты, як правіла, выкарыстоўваюцца ў тых выпадках, калі скурныя дыягнастычныя тэсты проціпаказаныя. Напрыклад, падчас вострага інфекцыйнага захворвання, пасля перанесенай хваробы, пры паражэнні скуры ў вобласці перадплечча, пасля нядаўна выкананай прышчэпкі, алергічнай рэакцыі на пробу Манту або дыяскінтэст у мінулым, а таксама, калі дыягназ трэба паставіць цяжарнай жанчыне. Аднак кошт іх застаецца высокім, што з'яўляецца адной з прычын абмежаванага ўжывання IGRA-тэстаў.

 
Жанна Крывашэева
дацэнт кафедры фтызіяпульманалогіі БДМУ, к.м.н.
Станоўчы вынік квантыферонавага тэсту – сведчанне таго, што ў арганізме ёсць туберкулёзная інфекцыя. Але гэта не абавязкова сухоты, баяцца і панікаваць не варта. Гэта адна з ускосных прыкметаў наяўнасці сухотнай інфекцыі. Яна доўгія гады можа быць у латэнтным, або, як мы яго называем, «дрымотным» стане. Разам з тым, рызыка захварэць, г.зн. верагоднасць пераходу інфекцыі ў актыўную форму туберкулёзу, у чалавека са станоўчым вынікам квантыферонавага тэсту вышэйшая, чым у чалавека з адмоўным.

Дакладнасць распазнавання

Найбольш дакладнымі з'яўляюцца прамыя метады выяўлення мікабактэрый туберкулёзу або іх ДНК у макроце, плеўральнай або іншых біялагічных вадкасцях. Гэта:

  • бактэрыялагічны метад (культуральны метад, BACTEC);
  • метады малекулярна-генетычнай дыягностыкі.

Культуральным называюць метад пасеву атрыманага ўзору матэрыялу на пажыўнае асяроддзе. Па колеры, тэмпу росту мікабактэрый, выгляду атрыманых калоній узбуджальніка з дапамогай біяхімічных тэстаў можна пацвердзіць або абвергнуць дыягназ туберкулёзу. Акрамя гэтага, абавязкова праводзіцца тэставанне лекавай адчувальнасці мікабактэрый і ўдакладняецца, да якіх супрацьтуберкулёзных лекавых сродкаў устойлівы ўзбуджальнік у канкрэтнага пацыента.

 
Жанна Крывашэева
дацэнт кафедры фтызіяпульманалогіі БДМУ, к.м.н.
Станоўчы вынік пасеву абазначае, што ў чалавека актыўная форма туберкулёзу. А калі даследавалася макрота ў пацыента з падазрэннем на туберкулёз лёгкіх, гэта сведчыць і пра тое, што ён з'яўляецца бактэрыявылучальнікам і вылучае ў навакольнае асяроддзе мікабактэрыі туберкулёзу. Вялікі мінус культуральнага метаду – працягласць выканання. Першыя вынікі можна ўбачыць праз 3-4 тыдні, а вось канчатковы мы атрымаем толькі праз 8-10 тыдняў.

У больш кароткія тэрміны атрымаць вынікі можна з дапамогай бактэрыялагічнага метаду (BACTEC), пры якім пасеў адбываецца на вадкае пажыўнае асяроддзе, а выяўленне мікабактэрый з выкарыстаннем аўтаматычных або паўаўтаматычных сістэм. Ён дазваляе атрымаць першыя вынікі прыкладна праз 5-7 дзён. Разам з тым, канчатковы дыягназ будзе вядомы прыкладна праз 45 дзён.

Каля 10 гадоў у нашай краіне ўжываюцца хуткія метады малекулярна-генетычнай дыягностыкі туберкулёзу (LPA, GeneXpert МTB/RIF), з дапамогай якіх можна выявіць ДНК сухотных мікабактэрый і адначасова ўстойлівасць іх да некалькіх супрацьтуберкулёзных лекавых сродкаў. Вынікі атрымліваюць на працягу аднаго працоўнага дня.

Вышэйпаказаныя метады выкарыстоўваюцца для даследавання макроты (індукаванай або штучна выкліканай у тым ліку), а таксама спіннамазгавой вадкасці (пры менінгіце), плеўральнай вадкасці, змесціва лімфавузлоў, сустаўнай вадкасці (у выпадку паражэння касцяной сістэмы) і інш.

 
Жанна Крывашэева
дацэнт кафедры фтызіяпульманалогіі БДМУ, к.м.н.
Велізарны плюс малекулярна-генетычных метадаў – іх высокая адчувальнасць і спецыфічнасць. Нават калі ва ўзятым узоры ёсць толькі некалькі мікабактэрый, мы зможам выявіць тыя ўчасткі ДНК узбуджальніка, якія нам дакладна скажуць, што гэтая мікабактэрыя з'яўляецца туберкулёзнай. Дзякуючы малекулярна-генетычнай дыягностыцы захворванне выяўляецца ў большасці пацыентаў на ранніх стадыях.

У педыятрычнай практыцы прымяненне аднаго з малекулярна-генетычных тэстаў (LPA або «Хайн»-тэст) дазваляе з дакладнасцю вызначыць, хворае дзіця на сухоты ці ў яго развілося ўскладненне на прышчэпку БЦЖ, што вельмі актуальна для пацыентаў ранняга ўзросту.

 
Жанна Крывашэева
дацэнт кафедры фтызіяпульманалогіі БДМУ, к.м.н.
Лімфадэніт пасля прышчэпкі БЦЖ-вакцынай і туберкулёз перыферычных лімфавузлоў працякаюць клінічна аднолькава, практычна без скаргаў. Пры біяпсіі лімфавузла марфалагічныя змены ў тканках аднолькавыя, і толькі малекулярна-генетычныя метады дазваляюць адрозніць, што гэта за сітуацыя. Ад гэтага шмат у чым залежыць тактыка і працягласць лячэння, выбар прэпаратаў.

Малаінвазіўная хірургія

У складаных выпадках удакладніць дыягназ і выканаць марфалагічнае і бактэрыялагічнае даследаванні стала магчымым з укараненнем новага малатраўматычнага метаду – відэаасістыраванай таракаскапіі (ВАТС). У міжрэбернай прасторы робяць невялікія разрэзы і бяруць на даследаванне кавалачкі тканкі лёгкага, плеўры, унутрыгрудных лімфавузлоў. Акрамя гэтага, з дапамогай падобных маніпуляцый можна выдаліць невялікае паталагічнае ўтварэнне ў лёгкім.

 
Жанна Крывашэева
дацэнт кафедры фтызіяпульманалогіі БДМУ, к.м.н.
Гэты метад дазваляе на ранняй стадыі развіцця захворвання ўдакладніць дыягназ, не прымяняючы вялікія хірургічныя ўмяшанні на грудной клетцы. Пасля ВАТС практычна не бывае ўскладненняў. Выкарыстоўваецца пры наяўнасці клінічных паказанняў як у дарослых, так і ў дзяцей.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 38

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».