12.09.2018
12.09.2018

Не наракай на гармон. Як справіцца з дзіцячым атлусценнем

logo
Здароўе дзяцей
0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Кожныя тры дзесяцігоддзі колькасць дзяцей, якія маюць залішнюю вагу і атлусценне, падвойваецца. Рост выяўлены практычна ва ўсіх краінах.

Сярод беларускіх школьнікаў залішнюю масу цела маюць да 19%. Турбуе эндакрынолагаў і зрушэнне піка пачатку захворвання (4,6% дзяцей, якія ходзяць у дзіцячы садок ў Мінску, ужо пакутуюць ад атлусцення).

Прычыны i наступствы атлусцення ў дзяцей

Атлусценне ў дзіцяці

Атлусценне парушае псіхалагічную адаптацыю дзіцяці ў грамадстве, зніжае самаацэнку.

Эндакрынолагі часта адзначаюць сур'ёзныя эмацыйныя змены, праяву дэпрэсіўных сімптомаў, парушэнне харчовых паводзінаў у выглядзе паталагічнага пераядання ў падлеткаў з атлусценнем.

Акрамя таго, атлусценне – фактар рызыкі развіцця некаторых захворванняў:

  • эндакрынных (цукровага дыябету 2-га тыпу);
  • сардэчна-сасудзiстых (артэрыяльнай гіпертэнзіі, ранняга атэрасклерозу);
  • страўнікава-кішачнага тракта (тлушчавай хваробы печані);
  • анкалагічных;
  • парушэнняў рэпрадукцыі.

Лічбы. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 155 мільёнаў дзяцей ва ўсім свеце маюць залішнюю вагу, 40 мільёнаў пакутуюць ад атлусцення.

Ад чаго ўзнікае залішняя вага ў дзяцей?

атлусенне ў дзяўчынкі

На жаль, наяўнасць залішняй масы цела ў дзіцяці не выклікае клопату бацькоў.

У раннім узросце пара кіло плюс да нормы – толькі падстава для замілавання з боку родных. «Перарасце!» Ці «Я ў дзяцінстве таксама такой была!» – гэтыя словы часта прамаўляюць бацькі пры абследаванні дзіцяці з залішняй вагой.

У большасці выпадкаў яны звяртаюцца да ўрача праз некалькі гадоў пасля пачатку захворвання, калі колькасць лішніх кілаграмаў перавышае не адзін дзясятак.

Нярэдка падставай служыць не залішняя маса цела як такая, а ўзнікненне скаргаў (галаўны боль, галавакружэнне, смага, болі ў нагах, непрыемныя адчуванні ў вобласці сэрца, з'яўленне стрый (расцяжак) на скуры, парушэнне палавога развіцця), якія ўжо кажуць пра ўскладненае працяканне атлусцення.

Шырока распаўсюджаны няправільны пункт гледжання, што часцей за ўсё прычынай атлусцення з'яўляюцца гармоны. На самай справе толькі 0,5% дзяцей, якія маюць лішнюю вагу, пакутуюць ад эндакрынных парушэнняў (сіндром Кушынга, гіпатырэёз, ятрагеннае атлусценне).

У пераважнай большасці выпадкаў у аснове развіцця дзіцячага атлусцення:

  • пераяданне (вялікі памер порцый, частыя перакусы або высокакаларыйная ежа звычайнымі і нават малымі аб'ёмамі);
  • нізкая рухальная актыўнасць;
  • непрыманне або ігнараванне праблемы залішняй масы цела збоку бацькоў і дзіцяці.

Лічбы. Аліментарная (харчовая) форма складае больш за 90% усіх выпадкаў атлусцення ў дзяцей.

Навошта патрэбен урач дзіцяці з атлусценнем?

Перш за ўсё для выяўлення прычыны захворвання i выключэння метабалічных ускладненняў.

Неабходна правесці абследаванне дзіцяці на прадмет наяўнасці цукровага дыябету або пераддыябетычных станаў (павышэнне ўзроўню глюкозы ў крыві нашча або парушэнне талерантнасці да вугляводаў), зменаў тлушчавага абмену і артэрыяльнай гіпертэнзіі ў падлетка.

Чаму так цяжка лячыць атлусценне ў дзяцей?

Чаму цяжка лячыць атлусценне ў дзяцей?

Захворванне мае хранічнае працяканне, лішак масы цела назапашваўся не адзін месяц. Таксама гаворка ідзе не толькі пра карэкцыю масы цела – ёсць паняцце «вагавага статусу» дзіцяці, які залежыць ад сукупнасці фактараў рызыкі збоку:

  1. самога пацыента (узрост, пол, фізічнае развіццё і актыўнасць);
  2. сям'і (размяшчэнне і колькасць тэлевізараў/камп'ютараў, прагляд тэлеперадач падчас прыёму ежы, звычкі і традыцыі адносна фізічнай актыўнасці і часу прагляду тэлевізара/відэа/камп'ютарных гульняў, разнастайнасць харчавання);
  3. грамадства (урбанізацыя, рэклама фастфуду і сокаў, даступнасць заняткаў спортам і фізічнай культурай, наяўнасць спартыўных пляцовак, паркаў і г. д.).

Толькі ўздзеянне на ўсе складнікі вагавага статусу – гарантыя поспеху лячэння дзіцячага атлусцення.

 прыкметы атлусцення ў дзяцей

Абавязковая ўмова лячэння – цеснае ўзаемадзеянне з усімі членамі сям'і па пытаннях харчавання і фізічнай актыўнасці.

Ёсць выдатная фраза французскага пісьменніка 18-га стагоддзя Жозэфа Жубера, якая актуальная і сёння: «Дзецям патрэбныя не павучанні, а прыклады».

Дзіця прымае сямейны стэрэатып харчавання і рухальнай актыўнасці. Немагчыма паспяхова карэктаваць масу цела ў сына ці дачкі з атлусценнем, калі сам ляжыш на канапе з фастфудам у руцэ! Лячэнне дзіцячага атлусцення – сямейная комплексная тэрапія са зменай стэрэатыпу харчавання і харчовых звычак ва ўсіх.

Недастатковая фізічная актыўнасць таксама часцей за ўсё носіць сямейны характар: у бацькоў няма часу або дзіця не хоча наведваць спартыўныя секцыі. Па рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя для прафілактыкі гіпадынаміі неабходна забяспечваць немаўлятам і дзецям ранняга ўзросту магчымасці для актыўнага руху, а дзецям, старэйшым за 5 гадоў – рэгулярную фізічную актыўнасць (60 хвілін у дзень).

Для добрых вынікаў у лячэнні важная як індывідуальная матывацыя дзіцяці, так і ўсёй сям'і. Вопыт паказвае: для сем'яў, якія лічаць асноўнай прычынай развіцця атлусцення абцяжараную спадчыннасць або недаацэньваюць праблему залішняй масы цела, не гатовыя да зніжэння вагі, неабходныя сямейныя заняткі з прыцягненнем вопытных псіхолагаў (псіхатэрапеўтаў).

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 34

Прафесар 1-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, д.м.н., галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя
Глядзіце таксама