Што паміж намі адбываецца? Мы проста знаёмыя ці ўжо афіцыйная пара? Толькі сустракаемся і прыглядаемся або збіраемся ствараць сям'ю? Гэтыя пытанні ў той ці іншы момант, як правіла, імкнецца высветліць жанчына. А вось мужчыны такіх размоў часта пазбягаюць і нават баяцца. Чаму?
Высвятляем з Канстанцінам Пятровым, псіхолагам рэабілітацыйнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркадыспансера, сертыфікаваным гештальт-тэрапеўтам, супервізарам Маскоўскага Гештальт Інстытута.
Ці трэба запытвацца ў мужчыны пра адносіны?
Што раяць жанчыны адна адной? Ні ў якім разе не задаваць такіх «крамольных» пытанняў. Трымацца спакойна, і нават калі дзяўчына суткамі чакае доўгачаканага званка, то ні ў якім разе не падаваць выгляду, што яна зацікаўлена. Чакаць ініцыятывы і ўсіх неабходных слоў ад мужчыны.
Што пра гэта думаюць мужчыны?
Такіх слоў можна не дачакацца ніколі і прабавіць у марах доўгі час. Бо ўсё тое, што не патлумачылі і не абмеркавалі, адводзіць нас у свет фантазій, які з рэчаіснасцю можа не супадаць. Яна пасля «прывітанне» ужо ў думках нарадзіла яму траіх дзяцей, а ён толькі каву папіць разам хацеў.
Чаму мужчына баіцца?
Сфера пачуццяў для беларускага мужчыны - нязведаная тэрыторыя. З дзяцінства яго вучылі гэтыя самыя пачуцці душыць: «хлопчыкі не баяцца, не плачуць і г. д.», а зараз раптам высвятляецца, што пра гэта ўсё трэба падрабязна размаўляць. А як? Мужчына і сам часам не можа зразумець, што з ім. Апісаць жа гэты стан яму і зусім не пад сілу.
Бывае такое і з жанчынамі. Не ў сілах вытрымліваць напружанне блізкасці, людзі часта імкнуцца сэксуалізаваць кантакт. Настолькі страшна наблізіцца да рэальнага чалавека, адкрыцца самому. Значна прасцей, перайшоўшы ўсё бар'еры адразу, кінуцца ў ложак. А там ужо як-небудзь разбярэмся.
Калі трэба растлумачваць?
Хоць і кажуць, што пасля пэўнага ўзросту спатканні часцей за ўсё нагадваюць сумоўі, усё ж лепш даць адзін аднаму час для таго, каб прыгледзецца. Калі прад'явіць мужчыну свой спіс пытанняў і патрабаванняў пасля некалькіх сустрэч, што ні да чаго не абавязваюць, у яго можа проста ўключыцца сігнал «трывогі». Гатовыя тэрміны пазначыць складана. Хутчэй, трэба вывучаць і партнёра і сваю гатоўнасць да размовы.
Як лепш казаць пра адносіны?
- Я-паведамленнямі
- Тлумачыць, якія словы і ўчынкі важныя менавіта для вас
Часам мужчына не разумее, якія менавіта знакі ўвагі для жанчыны, штосьці абазначаюць. Пра гэта трэба сказаць.
- Быць гатовай да адказу
Перш чым задаць пытанне, лепш пераканацца ў тым, што вы гатовыя да адказу. Традыцыйна лічыцца, што мужчыну прасцей вытрымаць адмову. Пачуў не – пайшоў знаёміцца і сустракацца далей. Ці яшчэ горш раззлаваўся і стаў дамагацца ўвагі яшчэ больш старанна. Для дзяўчыны пачуць «не» – вельмі жорсткі ўдар па самаацэнцы. На самай справе адмову па-рознаму могуць перажываць людзі незалежна ад полу. Але ў сумленным адказе «не» значна больш плюсаў, чым у падманлівым «так». Бо тады вы маеце сапраўдную карціну сітуацыі і можаце не губляць час на бясплодныя мары і чаканні.
Растлумачваць статус адносін ці не? Наш адказ «так». Але з дапаўненнямі. Казаць пра гэта трэба далікатна, пры дапамозе «я-паведамленняў», адчуваць настрой і гатоўнасць партнёра і пры гэтым быць гатовым пачуць адказ.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by