Адно з самых распаўсюджаных цяжкіх захворванняў галаўнога мозгу – дэменцыя (прыдуркаватасць). Часцей за ўсё хвароба дыягнастуецца ў пажылых людзей, а рызыка яе развіцця павялічваецца з узростам. Напрыклад, у 65 гадоў прыкладна ў 5% людзей ёсць тыя ці іншыя праявы дэменцыі. Сярод 90-гадовых гэты паказчык складае 20 і больш працэнтащ.
Дэменцыя – хвароба, якая практычна не паддаецца лячэнню. Пры цяжкіх формах захворванне робіць чалавека абсалютна бездапаможным і можа стаць прычынай смерці.
Па дадзеных экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце каля 50 млн. чалавек пакутуюць ад дэменцыі. Штогод рэгіструецца амаль 10 млн. новых выпадкаў гэтага захворвання.
Якія прычыны прыводзяць да развіцця дэменцыі і як не прапусціць першыя сімптомы журналісту Слушна распавяла загадчыца 13 псіхіятрычнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Святлана Занская.
Дэменцыя з латыні значыць «прыдуркаватасць»
Дэменцыя – гэта набытыя ў выніку захворвання або пашкоджання галаўнога мозгу кагнітыўныя (пазнавальныя) парушэнні: дэградацыя мыслення, памяці і паводзін. Губляюцца побытавыя і прафесійныя навыкі, згасаюць інтарэсы, у чалавека знікае здольнасць лагічна думаць. У цяжкіх выпадках пацыент не ўсведамляе, што з ім адбываецца, дзе ён знаходзіцца і нікога не пазнае.
Для пастаноўкі дакладнага дыягназу «дэменцыя» падобныя парушэнні павінны назірацца не менш як 6 месяцаў. У некаторых выпадках магчымы і больш прагрэсіўны пачатак хваробы. Пры дыягностыцы захворвання могуць улічвацца і дадатковыя прыкметы дэменцыі: трызненне, галюцынацыі і дэпрэсія.
Прычыны дэменцыі
Механізмы, якія запускаюць у арганізме развіццё дэменцыі, розныя. Прывесці да прыдуркаватасці могуць «ціхія» бессімптомныя эмбалічныя інфаркты мозгу, якія да пэўнага моманту ніяк сябе не выяўляюць. Акрамя гэтага, захворванню спрыяе:
- працяглы прыём некаторых лекавых сродкаў (бензадыязепінаў (транквілізатараў), некаторых супрацьалергічных прэпаратаў);
- дэфіцыт вітамінаў В1, В6 і В12, фоліевай кіслаты;
- метабалічны дысбаланс (парушэнне абмену рэчываў) у выніку захворванняў нырак і печані.
Дэменцыя можа таксама развіцца на фоне эндакрыннай і сасудзістай паталогій, дэпрэсіі, інфекцый (сіфіліс, ВІЧ, энцэфаліты, менінгіты), чэрапна-мазгавых траўмаў, пухлін галаўнога мозгу, алкагалізму і наркаманіі.
Сярод усіх прычын на долю хваробы Альцгеймера прыпадае прыкладна 60-70% усіх выпадкаў прыдуркаватасці. На другім месцы - сасудзістая дэменцыя - каля 20% усіх выпадкаў.
Верагоднасць развіцця дэменцыі ўзрастае пры:
- наяўнасці сваякоў, якія пакутуюць ад гэтага захворвання, асабліва калі яно выявілася ва ўзросце да 65 гадоў;
- цукровым дыябеце;
- атлусценні;
- адсутнасці інтэлектуальнай дзейнасці на працягу жыцця.
Тыпы дэменцыі
Умоўна дэменцыю можна падзяліць на тры тыпы:
1. Альцгеймеаўскі або атрафічны тып
У яго аснове ляжаць дэгенератыўныя змены ў нервовай сістэме, якія прыводзяць да разбурэння кары галаўнога мозгу.
Захворванне часцей за ўсё працякае з паступовым нарастаннем сімптомаў.
Пачатковы перыяд:
- могуць быць зацяжныя дэпрэсіўныя перыяды, хранічныя параноідныя станы, вострыя і рэлятыўныя псіхатычныя расстройствы;
- можна заўважыць своеасаблівую змену выразу твару - «Альцгеймераўскае здзіўленне»: вочы шырока раскрытыя, міміка здзіўлення, мірганне рэдкае;
- пагаршаецца арыенціроўка ў незнаёмым месцы;
- у паводзінах адзначаецца рэгрэсіўнасць: неахайнасць, частыя зборы «ў дарогу», стэрэатыпнасць, рыгіднасць;
- хворы чалавек забывае галіцца, апранацца, мыцца;
- затым парушаецца прафесійная памяць;
- нягледзячы на павышаны апетыт, хворы моцна худзее.
Другая стадыя:
- да парушэнняў памяці дадаюцца парушэнні рухаў, падліку, напісання, прамовы і чытання;
- чалавек блытае правы і левы бок, не можа назваць часткі цела;
- знікае разуменне звернутай да чалавека гаворкі. Замест фраз вымаўляюцца бессэнсоўныя выкрыкі, альбо паток незразумелых няпэўных слоў (лагарэя);
- малюнкі не ўспрымаюцца як адзінае цэлае. У іх вылучаюцца толькі асобныя элементы. Гэта, у сваю чаргу, з'яўляецца прыкметай прасторавай агназіі (немагчымасць вызначаць становішча прадметаў у прасторы);
- хворы чалавек перастае пазнаваць сябе ў люстэрку.
- чалавек не арыентуецца ў часе і прасторы (не можа назваць ні дату, ні месяц, ні год);
- не памятае свой узрост;
- можа згубіцца ў знаёмым месцы, перастае пазнаваць родных і блізкіх, сяброў, знаёмых;
- можа адбывацца «вяртанне ў мінулае»: пацыент пачынае лічыць сябе дзіцём або падлеткам.
Пацыент страчвае навык выкарыстання побытавых прыбораў, ён не ў стане сачыць за сабой, прытрымлівацца простых правілаў гігіены. Чалавек можа страціць і такія навыкі, як стаянне, сядзенне, хаджэнне. Пры гэтым могуць развівацца пражэрлівасць і гіперсэксуальнасць.
Усе гэтыя змены нярэдка суправаджаюцца прыкметнымі зрухамі ў эмацыйным стане. Тыповая для пацыентаў з хваробай Альцгеймера апатыя часам можа змяняцца раздражняльнасцю.
Канчатковая стадыя захворвання. Глыбокая агульная прыдуркаватасць, страта ўсіх набытых навыкаў і захаванне толькі базавых рэфлексаў (дыхальнага, жавальнага, глытальнага), якія падтрымліваюць жыццё арганізма.
2. Сасудзісты тып
З'яўляецца другасным захворваннем на фоне парушэнняў у сістэме кровазвароту галаўнога мозгу (артэрыяльнай гіпертэнзіі, атэрасклерозу і інсультаў).
Сасудзістая дэменцыя – набытая прыдуркаватасць, выкліканая парушэннем працы сасудаў галаўнога мозгу з прычыны артэрыяльнай гіпертэнзіі, атэрасклерозу ці інсультаў. Гэта і ёсць галоўнае адрозненне гэтага віду дэменцыі ад іншых, якія выкліканы адкладаннем у нервовых клетках таксічных рэчываў. Праблемы з кровазваротам галаўнога мозгу прыводзяць да парушэння кагнітыўных функцый чалавека.
Калі кровазварот галаўнога мозгу парушаны, то яго клеткі не атрымліваюць дастатковай колькасці кіслароду. У выніку такога «галадання» яны гінуць. Да пэўнага часу арганізм чалавека можа кампенсаваць падобныя парушэнні. Але рэсурс яго не бясконцы. З часам гібель нервовых клетак становіцца непазбежнай.
Сасудзістая дэменцыя некаторы час можа не падаваць ніякіх «сігналаў». Гэта адбываецца з-за працы механізму кампенсацыі. Калі рэзерв арганізма спусташаецца, выяўляюцца і першыя сімптомы дэменцыі: парушэнне памяці, маўлення, мыслення.
Пры сасудзістай дэменцыі:
- ход хваробы прыступападобны. Перыяды парушэнняў памяці, прамовы, мыслення змяняюцца перыядамі плато;
- характэрныя неўралагічныя парушэнні - парэзы (паслабленне цягліц і рухомасці суставаў), паралічы;
- у 90% выпадкаў можна назіраць значнае парушэнне хады. Хада ў такога чалавека млявая і з шорганнем, губляецца ўстойлівасць;
- развіццё хваробы мае відавочную сувязь з парушэннем мазгавога кровазвароту ці сардэчна-сасудзістай недастатковасцю.
3. Змешаны тып
Могуць прысутнічаць прыкметы як атрафічнай, так і сасудзістай дэменцыі.
Ступені захворвання
Важным крытэрыем дыягностыкі дэменцыі з'яўляецца дэзадаптацыя ў паўсядзённым жыцці. Ступень дэзадаптацыі можа быць рознай. Вылучаюць тры ступені захворвання: лёгкую, ўмераную і цяжкую.
Лёгкая ступень дэменцыі. Зніжаецца сацыяльная актыўнасць чалавека, яму становіцца цяжка кантактаваць з людзьмі. Разам з тым, чалавек разумее, што ён хворы.
Умераная дэменцыя характарызуецца з'яўленнем цяжкасцей у межах уласнага дома. У хворага выяўляюцца больш грубыя парушэнні інтэлекту, зніжаецца здольнасць крытычна ставіцца да свайго стану.
Пра цяжкую дэменцыю кажа фарміраванне пастаяннай залежнасці ад чужой дапамогі. Пацыенты не могуць абслужыць сябе, самастойна апранацца, прымаць ежу, выконваць гігіенічныя працэдуры, перастаюць пазнаваць родных і блізкіх.
На жаль, дэменцыя мае схільнасць да прагрэсавання. Пры лячэнні захворвання можна весці гаворку толькі аб запаволенні працэсу, зняцці сімптомаў, асобаснай і сацыяльнай адаптацыі, паляпшэнні якасці жыцця хворага чалавека.
Сем трывожных прыкмет хваробы
Калі вы заўважылі ў сваіх блізкіх наступныя сем прыкмет, то варта звярнуцца да спецыяліста: урача агульнай практыкі, неўролага ці псіхіятра.
1. Адно і тое ж пытанне задаецца зноў і зноў.
2. Паўтарэнне аднаго і таго ж аповеду зноў і зноў.
3. Забыццё простых і звыклых побытавых навыкаў або відаў дзейнасці, якія раней выконваліся без цяжкасці. Напрыклад, як прыгатаваць ежу або зрабіць дробны рамонт адзення.
4. Страта ўмення аплачваць рахункі за камунальныя плацяжы.
5. З'яўленне здольнасці згубіцца ў звыклым асяроддзі ці не знаходзіць у сваім доме звыклыя побытавыя прадметы.
6. Грэбаванне гігіенай – адмова прымаць водныя працэдуры ці ж пастаяннае нашэнне чалавекам аднаго і таго ж адзення. Пры гэтым ён можа сцвярджаць, што рэгулярна прымае душ або ванну, а яго вопратка свежая і чыстая.
7. Перакладанне на кагосьці іншага прыняцця любых рашэнняў або прадстаўлення адказаў на пытанні, што раней рабілася самастойна.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by