28.07.2019
28.07.2019

Рассеяны склероз. Частка 2. Як не прапусціць хваробу

logo
Хваробы ад А да Я
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пра фактары рызыкі і прычыны, якія могуць справакаваць развіццё рассеянага склерозу (РС), мы распавялі ў нашым папярэднім матэрыяле. У другой частцы артыкула гаворка пойдзе пра сімптомы, метады дыягностыкі і тэрапію хваробы.

Экспертам Слушна выступіла Ганна Буняк, старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

Сімптомы рассеянага склерозу

Сімптомы рассеянага склерозу

Рассеяны склероз (далей – РС) – захворванне з рознай клінічнай карцінай. У шэрагу выпадкаў першыя сімптомы праходзяць самастойна, і пацыенты на іх забываюцца. Бываюць сітуацыі, калі людзі не адразу трапляюць на кансультацыю да неўролага. Напрыклад, у маладога чалавека знік зрок на адно вока альбо ён прыйшоў да афтальмолага са скаргамі на «расплывістую пляму» перад вачыма. Хутчэй за ўсё, будзе пастаўлены дыягназ «рэтрабульбарны неўрыт», але гэта можа быць і першы эпізод РС.

Ганна Буняк
Старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Менавіта таму пацыентам з такімі скаргамі і дыягназам «рэтрабульбарны неўрыт», акрамя лячэння ў акуліста, рэкамендуецца прайсці МРТ галаўнога мозгу, кансультацыю неўролага.

Хвароба можа пачынацца з уралагічных праблем. Напрыклад, у чалавека з'явіліся частыя пазывы да мочаспускання і нетрыманне мачы. Як правіла, ён звяртаецца да ўролагаў і праходзіць курс лячэння. І толькі калі з'яўляецца іншая неўралагічная сімптаматыка, яго накіроўваюць да неўролага для даабследавання.

У некаторых выпадках захворванне можа пачынацца з дэпрэсіўнага эпізоду або павышанай стамляльнасці. Пацыенты апісваюць яго як агульную слабасць, але часта не могуць сфармуляваць свае адчуванні. Пры гэтым у іх падае працаздольнасць, яны хутка стамляюцца, прачынаюцца з адчуваннем стомленасці.

Найбольш частыя дэбюты захворвання:

  • рэтрабульбарны неўрыт (зніжаецца вастрыня зроку, узнікае сляпая пляма перад вокам);
  • хісткасць і няўпэўненасць пры хадзе;
  • здранцвенне або слабасць рукі, нагі, тулава.
Ганна Буняк
Старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Бывае так, што парушэнне адчувальнасці можа праходзіць самастойна. Пацыенты могуць адзначаць пэўнае здранцвенне ў назе, мяркуючы, што прычына – няёмкая поза. Але калі падобныя сімптомы з'явіліся і нарастаюць, распаўсюджваюцца вышэй і пераходзяць на тулава, дык варта абавязкова звярнуцца да неўролага.

Дыягностыка РС

Дыягнастычныя крытэрыі, па якіх сёння працуюць спецыялісты ва ўсім свеце, – крытэрыі Макдональда. Апошні раз іх пераглядалі ў 2017 годзе, калі былі ўнесеныя прапановы па спрашчэнні пастаноўкі дыягназу «рассеяны склероз».

Ганна Буняк
Старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Чаму гэта важна? Чым раней пастаўлены дыягназ РС, тым раней будзе прызначанае лячэнне, якое змяняе цячэнне хваробы: замарудзіць прагрэсаванне, зменшыць колькасць абвастрэнняў і колькасць актыўных ачагоў у галаўным і спінным мозгу.

Асноўныя крытэрыі дыягностыкі:

  • наяўнасць клінічных праяў, г.зн. тое, на што скардзіцца пацыент і што бачыць неўролаг падчас агляду;
  • наяўнасць змяненняў у выглядзе характэрных ачагоў дэміелінізацыі па выніках магнітна-рэзананснай тамаграфіі галаўнога і спіннога мозгу.
Ганна Буняк
Старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Акцэнт – на тое, што трэба рабіць МРТ не толькі галаўнога мозгу, але і спіннога. Ачагі дэміелінізацыі могуць адсутнічаць у галаўным мозгу, але пры гэтым іх можна выявіць у спінным. Напрыклад, у чалавека быў першы клінічны эпізод захворвання, і пры правядзенні МРТ галаўнога мозгу не выяўлена МР-прыкмет яго паражэння. МРТ спіннога мозгу не заўсёды выконваецца пасля першага эпізоду, але ачагі дэміелінізацыі ўжо могуць там з'яўляцца. У такім выпадку чакаюць наступнай клінічнай атакі, якая можа наступіць праз шмат гадоў. За гэты час у чалавека можа з'явіцца шмат новых ачагоў, у тым ліку і ў галаўным мозгу. У выніку захворванне можа набыць такі характар цячэння, што яго будзе складана кантраляваць.

Дыягназ РС – гэта дыягназ-«хамелеон». Пры любых сімптомах, характэрных для рассеянага склерозу, трэба спачатку выключыць іншыя захворванні з групы інфекцыйных і аўтаімунных з падобнай клінічнай МР-карцінай. Адно з такіх захворванняў – Лайм-барэліёз, у той стадыі хваробы, калі пашкоджваецца нервовая сістэма. У такіх выпадках пацыентаў накіроўваюць на аналіз крыві на вызначэнне антыцелаў да Лайм-барэліёзу.

Іншае захворванне, якое можа хавацца пад маскай РС, – антыфосфаліпідны сіндром. Ён часцей сустракаецца ў жанчын. У дадзеным выпадку на дапамогу спецыялістам таксама прыходзіць лабараторная дыягностыка.

Ганна Буняк
Старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Гэта могуць быць і інфекцыйныя паражэнні галаўнога мозгу, прычынамі якога могуць быць вірус герпесу, Эпштейн-Бара і іншыя. Пры гэтым могуць з'яўляцца ачагі паражэння ў галаўным мозгу і разнастайная неўралагічная сімптаматыка. Адным з дыягнастычных метадаў на этапе пастаноўкі дыягназу ва ўмовах стацыянара з'яўляецца аналіз спіннамазгавой вадкасці – для выключэння запаленчага працэсу ў ЦНС.

Тыпы цячэння РС

Пры фармулёўцы дыягназу РС называюць тып цячэння захворвання.

  • Рэцыдыўны ремітуючы РС. Пры такім працяканні захворвання абвастрэнні з новай клінічнай сімптаматыкай чаргуюцца з рэмісіямі, калі пацыент адчувае сябе дастаткова добра. Перыяд рэмісіі можа доўжыцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў, і нават дзесяцігоддзе з моманту першага дэбюту. Рэцыдыўна рэмітуючае працяканне найбольш спрыяльнае, але яно, на жаль, з часам можа трансфармавацца ў другасна-прагрэсавальнае.
  • Другасна-прагрэсавальны тып працякання РС. Пасля перыяду чаргавання абвастрэнняў і рэмісій пачынаецца паступовае прагрэсаванне захворвання. Часам бываюць эпізоды рэзкага пагаршэння, з нагоды якіх могуць прызначацца глюкакартыкастэроідныя гармоны. У іншых выпадках ідзе павольнае прагрэсаванне без рэмісій і абвастрэнняў з паступовым нарастаннем неўралагічнай сімптаматыкі.
  • Першасна-прагрэсавальны тып працякання захворвання. Ад пачатку захворвання сімптомы паступова нарастаюць без дакладных перыядаў пагаршэнняў і паляпшэнняў. Цячэнне павольна прагрэсуе. Такі тып працякання РС найбольш цяжка паддаецца лячэнню.

Вылучаюць яшчэ клінічны ізаляваны сіндром – з'яўленне першага клінічнага эпізоду захворвання – і радыелагічны ізаляваны сіндром, калі выяўляюцца змены на МРТ галаўнога або спіннога мозгу (ачагі дэміелінізацыі), але клінічных зменаў няма. Як правіла, такія пацыенты патрабуюць дынамічнага назірання. У выпадку ўзнікнення любой клінічнай сімптаматыкі, скаргаў пацыента або змяненняў па МРТ (новыя або актыўныя ачагі дэміелінізацыі), будзе прызначанае неабходнае лячэнне.

Лячэнне захворвання

РС – гэта хранічнае прагрэсавальнае захворванне цэнтральнай нервовай сістэмы, але працякаць яно можа па-рознаму ў кожнага пацыента. Хтосьці можа за год ад пачатку стаць глыбокім інвалідам, у іншых хвароба можа гадамі спрыяльна працякаць без сур'ёзных неўралагічных парушэнняў.

Лячэнне рассеянага склерозу падзяляецца на лячэнне абвастрэнняў, сімптаматычную тэрапію і лячэнне, якое мадыфікуе працяканне РС. Апошняе з'явілася ў Беларусі з 2018 года.

Лячэнне абвастрэнняў мае на ўвазе прымяненне глюкакартыкастэроідных гармонаў, абменнага плазмаферэзу.

Пасля лячэння абвастрэнняў, калі стан пацыента стабілізуецца, вырашаецца пытанне аб прызначэнні лекавых сродкаў з групы ПІТРС (прэпаратаў, якія змяняюць працяканне рассеянага склерозу).

Цяжэй за ўсё паддаецца лячэнню і хутчэй прыводзіць да інваліднасці першасна-прагрэсавальны РС.

Ганна Буняк
Старшы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Разам з тым, трэба разумець, што пад час выкарыстання ПІТРС не надыходзіць вылячэнне РС, а з'яўляецца магчымасць кантраляваць працяканне захворвання. Эфектыўнасць такога лячэння вызначаецца тым, наколькі запавольваецца прагрэсаванне захворвання, памяншаецца частата абвастрэнняў, наколькі зніжаецца актыўнасць працэсаў дэміелінізацыі па МРТ (памяншэнне колькасці ачагоў, няма актыўных ачагоў).

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама