27.10.2019
27.10.2019

Ні цвіка і ні жазла вам, спадары вадзіцелі! :)

logo
Думкі ўслых
0 33
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Памятаю, як доўга і весела смяялася, упершыню пачуўшы як аўтааматар такое вось шчырае пажаданне ад сябра! У прынцыпе, зразумелае, але якое дакладнае – проста ў дзясятку цаляе! З тае пары прайшло некалькі гадоў. Не ведаю, правільна ці не, калі сваім прафесійнае свята лічаць аматары… Але ў нас у сям’і – менавіта гэтак.

Таму з Днём аўтамабіліста, які святкуем сёння, звычайна віншуюць і тых, хто па пэўных прычынах пэўны ж час на сваіх аўтамабілях не ездзіць… І цётку Марыю, якая шмат гадоў адпрацавала касірам на аўтавакзалах Мінска… А калі быў жывы дзядзька Вася, яе муж, яго віншавалі таксама, бо ён развозіў у машыне з цыстэрнай газ… Памятаеце, у правінцыйных гарадах было такое?! Рэзервуары са звадкаваным вуглевадародным газам, якія папаўняліся менавіта з машынных цыстэрнаў.

Адзін такі комплекс рэзервуараў стаяў непадалёк ад нашага дома. І дзядзьку часта давалі накірунак у Чэрвень. Тады ён і заязджаў да нас у госці. Была ў іх сям’і і свая машына. Так што дзядзька Вася ў нас сапраўды быў прафесійным вадзіцелем….

Даўно ўжо да нашых шматпавярховак па трубаправодзе паступае прыродны газ. Але тое, што было калісьці, памятаецца… І зараз перад вачыма тая машына з цыстэрнай ды яе вадзіцель, які так прафесійна з ёю ўпраўляўся.

Увогуле, прафесіяналы ў любой справе выклікаюць у мяне вялікую павагу. А той, хто на дарогах за рулём не ліхачыць, ніколі за дзясяткі гадоў ваджэння не трапляў у аварыі, не ствараў сам небяспечныя сітуацыі… Гэта чалавек, якому стопрацэнтна давяраеш. На жаль, ведаю такіх нашмат меней, чым хацелася б для бяспечнай язды. Але ўсім ім – вялізны рэспект!

Асобныя словы падзякі (мы ж – інфармацыйны партал Здаровыя людзі! Медыцынскі…) – вадзіцелям машын «хуткай дапамогі»! Вось ужо ў каго праца напружаная! Паспрабуй даехаць за некалькі хвілін па выкліках, калі трохпалосная шаша стаіць з-за затораў. І нават па ўзбочыне не прабрацца… Паспрабуй ехаць хутка, калі тыя, хто мае магчымасць прапусціць у паласу, па сваіх, адным ім бачных прычынах, гэтага не робяць…

А зманеўраваць у двары, забітым машынамі так шчыльна, што і пехатою не дужа-то дойдзеш?! Дапамагчы фельчару-мужчыну вынесці хворага на насілках… Абараніць фельчара-дзяўчыну на якім-небудзь «п’яным» выкліку… Зразумела ж, што яны не толькі «баранку круцяць»…

А быць гатовым хуценька сабрацца і ехаць у 3-4 гадзіны ночы, калі так нясцерпна хочацца спаць, у якую-небудзь правінцыйную «цьмутаракань», на раён, дзе адны калдобіны і добра калі ліхтары ёсць хаця б на пачатку і напрыканцы вёскі… І працаваць у такім рэжыме дзясяткі гадоў… Павага і пашана вам, спадары вадзіцелі «хуткай»!

Калі мы самі садзімся за руль, дык аўтаматычна бяром адказнасць за сваіх пасажыраў у салоне. Калі едзем з кімсьці – давяраем яму (ні больш ні менш!) уласнае здароўе і жыццё. Эх, калі б усе былі ў гэтым плане адказнымі! Калі б усе ўмелі браць на сябе тую адказнасць! Тады б і меней было б выпадкаў, калі машына «ўсмятку», бо хуткасць – за 200 км/г. Або нават 120 км/г і там, дзе гэта дазволена. Але ў моцны дождж, снег, галалёд… У «дзень бляхара», як называюць слізгату на дарогах і шматлікія аварыі ў народзе…

Дык беражыце сябе і сваіх пасажыраў, спадары вадзіцелі! Кажу абсалютна без пафасу, проста па-чалавечы. Машына сама па сабе – бяздушная «жалязяка», і толькі ад вас залежаць яе «паводзіны». Спакойны і ўважлівы вадзіцель за рулём – гарантыя нашай бяспекі. І хочацца, каб так было ўсюды і заўсёды.

У аўтобусе, маршрутцы і таксі. У горадзе, пасёлку і вёсцы. На чатырохпалосных трасах і двухпалосніках з двухбаковым рухам. Раніцай і ўвечары, днём і ноччу…

Ні цвіка і ні жазла вам, спадары вадзіцелі! Са святам усіх, хто сёння адзначае Дзень аўтамабіліста і дарожніка! Удалых паездак, бяспечнай дарогі, павагі з боку ўсіх удзельнікаў дарожнага руху і, вядома ж, здароўя!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 33

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама