Штогод 18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. Каб абудзіць цікавасць да гісторыі і рэдкіх артэфактаў, а таксама матываваць да наведвання такіх устаноў культуры, у Беларусі напярэдадні гэтай даты ўжо 20 гадоў праводзіцца акцыя «Ноч музеяў». Якія мерапрыемствы ўвайшлі ў праграмы акцыі ў 2025 годзе?
Нацыянальны мастацкі музей
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі Ноч музеяў пройдзе 17 траўня пад назвай «Жураўлі над Беларуссю» з 18.00 да 24.00. Такая тэма была выбрана невыпадкова, бо названая птушка ў славян здаўна лічылася сімвалам радасці, шчасця, дабрабыту, росквіту. А вяртанне жураўлёў з выраю ўспрымалася як адраджэнне жыцця.
Арганізатары абяцаюць новыя экспазіцыі, харэаграфічныя пастаноўкі, светлавыя і мультымедыйныя інсталяцыі. Акрамя таго, наведвальнікаў чакаюць інтэрактыўныя лакацыі і квэсты з падарункамі, тэатральныя замалёўкі і шмат іншага.
Кошт білета для дарослых складзе 20 рублёў, а для навучэнцаў і студэнтаў — 10 рублёў. Што да шматдзетных сем'яў і ўладальнікаў карты госця Нацыянальнага мастацкага музея, то мерапрыемства яны змогуць наведаць бясплатна пры прад'яўленні адпаведных дакументаў.
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
У Нацыянальным гістарычным музеі ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі праграма Ночы будзе пройдзе пад назвай «Крылы часу». У наведвальнікаў будзе магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі «першабытнага мастака», зазірнуць у майстэрню па вырабе пліткі. Акрамя таго, арганізатары адновяць атмасферу гандлёвых вуліц і кірмашоў на выстаўцы «Кірмаш цудаў», дзе можна будзе разгадваць творчыя заданні і многае іншае.
Час правядзення Ночы музеяў пазначаны з 17.00 да 23.00. Кошт квіткоў для дарослых будзе 20 рублёў, для студэнтаў — 15 рублёў. Для школьнікаў білет будзе каштаваць 10 рублёў.
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў правядзе акцыю Ноч музеяў 17 мая на пляцоўцы па вуліцы Някрасава, 3. Мерапрыемства адбудзецца з 19.00 да 23.00. Арганізатары падрыхтавалі для гасцей лекцыю, экскурсію, майстар-класы, а таксама перфоманс і электронны сэт. Так, у 19.00 у музеі правядуць экскурсію па выстаўцы «Парушаючы цішыню», а ў 20.20 адбудзецца перфоманс-рэфлексія, прысвечаны тэме адзіноты і ізаляцыі. Кошт білетаў складзе 25 рублёў.
Літаратурны музей Янкі Купалы
У Літаратурным музеі Янкі Купалы 17 мая правядуць праграму пад назвай «100 i 1 ноч» з 14.00 да 23.00. Наведвальнікаў чакаюць сямейны квэст, выстаўка, а таксама «беларуская вечарынка» з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, у рамках якой пакажуць урывак са спектакля «Паўлінка». Акрамя таго, сярод гасцей разыграюць прыз.
Кошт білета складзе 10 рублёў. Для дашкольнікаў прадугледжаны бясплатны ўваход.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
Музей Максіма Багдановіча запрашае гасцей адчуць сябе бліжэй да паэта, яго светаў і міфаў. Спачатку — дзіцячая праграма з тэатралізаваным чытаннем, майстар-класамі і прагулкай па «зачараваным царстве» беларускай міфалогіі. А ўвечары — паэзія і песні ад Алеся Камоцкага і Mary Helios, літаратурны квіз, варажбы і візуальныя містыфікацыі, квэст па наваколлях музея, арт-інсталяцыі, майстар-класы, выстаўка аднаго экспаната «Слуцкі пояс» і слоўныя настольныя гульні.
Музей гісторыі горада Мінска
У музеі гісторыі горада Мінска 17 мая з 20.00 да 23.00 у рамках Ночы музеяў пройдзе праграма «Сакрэты мінскай кухні». Мерапрыемствы будуць праходзіць у трох экспазіцыях музея: археалагічным музеі, мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, а таксама выставачных залах на вуліцы Ракаўскай, 17. Галоўнай падзеяй будзе квэст «Сакрэты мінскай кухні». У гасцей будзе магчымасць пазнаёміцца з кулінарнымі традыцыямі канца ХVІІІ – ХХ стст., застольным этыкетам, гісторыяй харчовай прамысловасці і многім іншым. Пераможцы квэста атрымаюць рамантычнае спатканне «Пад дахамі начнога Мінска, а яшчэ розыгрыш двух падарункаў. Акрамя таго, наведнікаў чакаюць лекторыі, аўта»рская экскурсія, майстар-клас па фатаграфіі.
Музей гадзіннікавай справы Беларусі
Адзіны ў Беларусі музей, прысвечаны гадзіннаму мастацтву, суботнім вечарам абяцае захапляльнае падарожжа праз час: можна будзе прасачыць ледзь не ўсю гісторыю гадзіннікаў — ад першых сонечных агрэгатаў да сучасных механічных шэдэўраў. А яшчэ даведацца, як ствараўся ўвесь легендарны гадзіннік брэнда «Луч». Усё гэта ў рамках інтэрактыўнага квэста, дзе любы наведвальнік адначасова пабудзе гадзіннікавым майстрам і дэтэктывам. Яшчэ абяцаюць дзіцячую, чыл-лакацыю, фотаспот і бяспройгрышны лататрон.
Музей землязнаўства факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі
«Ноч самацветаў» у гэтым музеі будзе праходзіць з 11:00 да 20:00 на працягу некалькіх дзён — да 17 мая.
Як адзначылі арганізатары мерапрыемства, гасцей іх музея гэтымі днямі чакаюць не толькі экскурсіі, прэзентацыі, майстар-класы і тэматычныя выставы, але і захапляльныя сустрэчы з геолагамі і калекцыянерамі. Яшчэ адным прыемным бонусам стане выстава-продаж мінералаў і вырабаў з іх.
Акрамя таго, юныя наведвальнікі музея змогуць паўдзельнічаць у інтэрактыўным занятку і практычным майстар-класе, якія, як запэўніваюць арганізатары, стануць першымі крокамі ў захапляльны свет геалогіі.
Школьнікам уваход у музей абыдзецца ў 6 рублёў, студэнтам — у 6 рублёў 30 капеек, а для іншых наведвальнікаў кошт уваходнага білета складае 6 рублёў 70 капеек. Аплата таксама прымаецца толькі гатоўкай.
Музей скейтбордынгу
Музей скейтбордынгу таксама не раз прымаў удзел у міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», 2025-ы не стаў выключэннем.
На гэты раз музей прапануе наведаць новую прастору з арыгінальнай канцэптуальнай экспазіцыяй плошчай больш за 350 квадратных метраў у самым цэнтры беларускай сталіцы.
Мерапрыемствы ў гэтай незвычайнай музейнай прасторы пройдуць 17 і 18 мая з 18:00 да 00:00.
Для наведвальнікаў падрыхтаваны аўтарская экскурсія, прэзентацыя новых экспанатаў, выстава «Скейт-Філатэлія», інтэрактыў і майстар-клас на савецкім скейце, тры арыгінальныя фотазоны, скейт-аўкцыён і многае іншае. А яшчэ там можна будзе ўбачыць скейт-гігант.
Што тычыцца кошту ўваходнага білета, то для дарослага ён абыдзецца ў 15 рублёў, для студэнтаў — 11, калі ж яны прыйдуць са скейтбордам, уваход на мерапрыемства для іх будзе са зніжкай - 10 рублёў. Для школьнікаў уваходны білет будзе каштаваць 8 рублёў, але ў музей іх пусцяць толькі ў суправаджэнні дарослых.
Разам з тым ёсць і некаторыя катэгорыі грамадзян, якія змогуць патрапіць у музей бясплатна, сярод іх дашкольнікі, інваліды, ветэраны ВАВ, вайскоўцы, дзеці-сіроты і іншыя. Але для гэтага ім неабходна прад'явіць адпаведны дакумент.
Нясвіжскі палац
Запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да ўнікальнай тэатралізаванай экскурсіі-анімацыі «Трафейнае стагоддзе». Арганізатары запэўніваюць, што праграма музейнай ночы перанясе ўсіх гасцей палаца ў захапляльны свет княжых паляўнічых традыцый.
Паляванне было неад'емнай часткай жыцця нясвіжскай зямлі і ператварылася ў вытанчаную забаўку, пра што раскажуць легенды і гісторыі. У гэты вечар наведвальнікі даведаюцца цікавыя факты аб тым, як паляванне стала адной з любімых княжых забаў.
У гэты вечар у залах палаца можна будзе не толькі сустрэць гістарычныя персанажы, але і спусціцца ў таямнічыя падзямеллі, прагуляцца па замкавых бастыёнах і пагрузіцца ў атмасферу старажытных традыцый.
Акрамя таго, у «Ноч музеяў» у цэнтральным двары замка будзе прадстаўлена музычна-харэаграфічная праграма ансамбля «Харошкі», інтэрактыўная рыцарская пляцоўка і шмат іншага.
Мірскі замак
Яшчэ адзін замак «па суседстве» — Мірскі — адчыніць свае дзверы 17 мая для начных наведвальнікаў, але, відаць, каб госці паспелі і ў Мір, і ў Нясвіж, гэта незвычайнае мерапрыемства пройдзе ў дзённы час.
У гэты дзень у 12:00 можна будзе адправіцца на эксклюзіўную экскурсію па замку, якая дазволіць не толькі пагуляць па залах, але і ўбачыць «закуліссе» комплексу. У прыватнасці, можна будзе патрапіць у адзін з нумароў гатэля, канферэнц-зал, буільярдавую і сауну.
Усяго да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» сёлета далучыліся больш за 70 музеяў па ўсёй Беларусі.
Сярод іх не толькі буйныя мастацкія, але і галерэі асобных майстроў: музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, галерэя Леаніда Шчамялёва, музейны комплекс імя Напалеона Орды.
Таксама свае дзверы адчынілі для начных наведвальнікаў і літаратурныя музеі, якія прысвечаны такім дзеячам беларускай літаратуры, як Максім Багдановіч, Якуб Колас, Янка Купала, Петрусь Броўка і Адам Міцкевіч.
Апроч Мірскага і Нясвіжскага замкаў, да акцыі далучыліся Жыліцкі гістарычны комплекс-музей, Лідскі замак, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by