01.03.2019
01.03.2019

Ці патрэбны фільтр? Эксперты распавялі пра якасць пітной вады

logo
Навiны
0 21
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пра якасць пітной вады ішла размова 27 лютага ў Грамадскім прэс-цэнтры. Ці можна піць ваду з-пад крана? Калі будзе вырашана праблема павышанага ўтрымання жалеза ў вадзе?

На гэтыя і іншыя пытанні, якія тычацца якасці пітной вады, журналістам адказалі прадстаўнікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГЭіГЗ), а таксама прадпрыемстваў «Мінскводаправод» і «Мінскводаканал».

Чыстая і якасная пітная вада у дамах і кватэрах

Як адзначыў в.а.загадчыка аддзялення камунальнай гігіены, урач-гігіеніст РЦГЭіГЗ Аляксандр Спургяш, якасць пітной вады знаходзіцца на пастаянным кантролі санітарна-эпідэміялагічнай службы. З гэтай мэтай праводзіцца рэгулярны маніторынг розных крыніц пітнога водазабеспячэння.

 
Аляксандр Спургяш
В.а.загадчыка аддзялення камунальнай гігіены, урач-гігіеніст РЦГЭіГЗ
Пітная вада з цэнтралізаваных крыніц камунальных водаправодаў характарызуецца высокай эпідэміялагічнай надзейнасцю. Паводле міжнародных рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, доля нестандартных проб вады па мікрабіялагічных паказчыках не павінна перавышаць 5%. У нашай краіне на працягу больш за 10 гадоў гэты паказчык складае менш за 1%. Такім чынам, пітная вада бяспечная і яе выкарыстанне не можа выклікаць масавых інфекцыйных захворванняў у насельніцтва.

Праблему павышанага ўтрымання жалеза ў пітной вадзе, якое пагаршае яе органалептычныя ўласцівасці (надае вадзе смак, пах, прысмак і мутнасць), плануецца вырашыць ужо да 2025 года шляхам будаўніцтва 500 станцый абезжалезвання, распавяла начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ Марына Тоўсцік. У сваю чаргу, намеснік начальніка вытворчасці «Мінскводаправод» Наталля Сазанава адзначыла, што Мінск на 100% забяспечаны якаснай пітной вадой.

 

 
Наталля Сазанава
Намеснік начальніка вытворчасці «Мінскводаправод»
Мы кантралюем якасць пітной вады штодня, 7 дзён на тыдзень. На сёння маніторынг не выявіў ніякіх адхіленняў ад санітарных нормаў і правілаў.

Дарэчы, на працягу 2019 года горад плануецца перавесці на новую сістэму абеззаражвання вады – гіпахларыд натрыю. Зараз, патлумачыла Наталля Сазанава, вядуцца будаўніча-мантажныя работы.

Фільтраваць ваду з-пад крана ці не?

Асобны кран з пітнай вадой. Ці патрэбны фільтр?

На думку Наталлі Сазанавай, кожны з жыхароў горада сам робіць свой выбар – выкарыстоўваць дадатковыя крыніцы ачысткі вады ці піць ваду з-пад крана. Уся вада ў горадзе адпавядае нормам. Разам з тым, напрыклад, у Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы, якія абслугоўваюцца з паверхневых крыніц, выкарыстанне фільтраў збаннага тыпу можа быць мэтазгодным з-за спецыфічнага паху вады.

Зрэшты, вырашыць праблему з пахам хлору можна і без выкарыстання фільтра: перад адыходам на працу набраць ваду ў трохлітровы слоік і даць ёй адстаяцца. Увечары ад непрыемнага паху не застанецца і следу.

Начальнік хіміка-біялагічнай лабараторыі УП «Мінскводаканал» Наталля Грушнік раіць: перш чым купляць фільтр, варта выканаць хімічны аналіз водаправоднай вады. Проста ж купляць, бо гэта модна, не мае сэнсу.

Наталля Грушнік
Начальнік хіміка-біялагічнай лабараторыі УП «Мінскводаканал»
Здайце ў лабараторыю ўзоры вады для выканання аналітычных даследаванняў. Пасля гэтага вызначыцеся, што вы хочаце з яе прыбраць. І толькі тады выбірайце фільтр. Ёсць такое паняцце, як фізіялагічная паўнавартаснасць вады. Большасць фільтраў на сёння прыбіраюць усе паказчыкі фізіялагічнай паўнавартаснасці (агульная мінералізацыя, агульная цвёрдасць, утрыманне кальцыю, магнію, калію, бікарбанатаў, фтарыд-іёнаў - заўв.рэд.). Лепш, калі фільтр будзе працаваць «кропкава».

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 21

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».