05.03.2019
05.03.2019

Гарманальны баланс. Усё, што трэба ведаць пра шчытападобную залозу

logo
Адказваюць спецыялісты
0 676
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Якія сімптомы, што гавораць пра парушэнні ў рабоце шчытападобнай залозы, нельга пакідаць без увагі? Што такое гіпатэрыёз? Што рабіць, калі знайшлі вузлы на шчытавідцы? Не атрымліваецца набраць вагу ці, наадварот, схуднець – праблема ў ёй? Заняпад сіл, дрымотнасць і павышаная трывожнасць – прыкметы сур'ёзнага захворвання і давядзецца піць гарманальныя прэпараты? Ці бясшкодныя яны? Да якіх спецыялістаў трэба звяртацца, калі западозрылі збоі ў рабоце шчытападобнай залозы?

На гэтыя і іншыя пытанні адказалі нашы эксперты:

  • прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч;
  • загадчыца кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення тырэоіднай паталогіі Мінскага гарадскога анкалагічнага дыспансэра, урач вышэйшай катэгорыі, к.м.н. Таццяна Лявонава.

Кансультацыя эндакрынолага

прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч; загадчыца кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення тырэоіднай паталогіі Мінскага гарадскога анкалагічнага дыспансэра, урач вышэйшай катэгорыі, к.м.н. Таццяна Лявонава.

Ці можа шчытападобная залоза змяншацца з узростам? Зрабіў яе УГД. Па выніках – памер меншы за мiнiмальны і ўзмоцнены крывацёк. Дадаткова здаў аналіз на гармоны. Але яны ў парадку (ёсць файл вынікаў аналізаў). Калі можа змяншацца, дык што рабіць?

 
Таццяна Лявонава
Загадчыца кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення тырэоіднай паталогіі Мінскага гарадскога анкалагічнага дыспансэра, урач вышэйшай катэгорыі, к.м.н.
Яна можа змяншацца і ў маладым, і ў сталым узросце. Галоўнае, каб функцыя шчытападобнай залозы заставалася добрай. Для гэтага неабходна здаць аналіз крыві на асноўны гармон – ТТГ – і кантраляваць яго раз на год.

Як уплывае гіпатэрыёз на палавыя функцыі жанчыны? Ці можа яна з такім захворваннем выносіць здаровае дзіця? Ці праўда, што жанчыны з гіпатэрыёзам не адчуваюць жаданне інтымнай блізкасці?

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Калі гіпатэрыёз кампенсаваны, г.зн. падабраная доза лекавага сродку, дык планаванне цяжарнасці і магчымасць вынасіць здаровае дзіця такія ж, як і ў жанчын без гіпатэрыёзу. Гэтае ж правіла адносіцца і да інтымнага жыцця жанчыны.

Добры дзень! У мяне рак шчытападобнай залозы, аперацыя прайшла ў 2016 годзе. Дазаванне гармонаў падабранае. Была ў лістападзе 2018 на радыеёддыягностыцы. Набрала на адмене 4 кг, не магу скінуць гэтую вагу. Здаровае харчаванне, фізічныя нагрузкі ёсць. Можа, гэта звязана з гармонамі?

Таццяна Лявонава:

Калі праз 2 месяцы пасля аднаўлення прыёму леватыраксіну вы пракантралявалі ўзровень гармонаў і ён нармальны, значыць, адсутнасць зніжэння вагі не звязана з гармонамі.

загадчыца кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення тырэоіднай паталогіі Мінскага гарадскога анкалагічнага дыспансэра, урач вышэйшай катэгорыі, к.м.н. Таццяна Лявонава.

Добры дзень. Дыягназ – субклінічны гіпатэрыёз. Узрост – 30 гадоў. Жанчына. Кампенсацыя Эутыроксам 37,5 (2 гады), вынік ТТГ 4,2. Ці магчымыя пры гэтым праблемы з выпадзеннем валасоў і скурай твару (розацэа)? Альбо шукаць прычыну ў чымсьці іншым? Узровень гармонаў па гінекалогіі ў норме.

Ала Шапялькевіч:

У дачыненні да гіпатэрыёзу неабходна павелічэнне дозы леватыраксіну, паколькі ўзровень ТТГ 4,2. Мэтавыя значэнні ТТГ у маладым узросце складаюць 1,5-2. Але гіпатэрыёз не з'яўляецца асноўнай прычынай выпадзення валасоў і праблем са скурай твару. Таму шукаць прычыну вашага стану трэба ў іншым.

Узрост 42 гады, аб'ём шчытападобнай залозы 4,9 см3. Пастаянны галаўны боль у выглядзе смылення, пачашчаны пульс. Магчыма, гэта неяк звязана?

Таццяна Лявонава:

Галаўны боль, пачашчаны пульс і смыленне могуць быць выкліканыя зменай гарманальнага статусу, а не аб'ёмам шчытападобнай залозы. У дадзенай сітуацыі паказана вызначэнне ТТГ.

Пытанне да эндакрынолага. У дзіцяці 8 гадоў пасля ВРВІ (хварэў месяц таму) застаецца павышанай тэмпература: 36.9-37. Тэрапеўт параіла здаць аналізы на гармоны. Што б параілі вы?

Ала Шапялькевіч:

Калі тэмпература захоўваецца вышэй за 37 градусаў, дык дзіцяці варта вызначыць узровень ТТГ (тырэатропнага гармона) і зрабіць УГД шчытападобнай залозы.

Добры дзень. Зрабіла УГД шчытападобнай залозы, паставілі дыягназ: дыфузныя змены (нельга выключыць хранічны тырэяідыт). Наколькі небяспечны такі дыягназ? Як лячыць?

Таццяна Лявонава:

Толькі па заключэнні УГД дыягназ выставіць нельга. Калі ж на падставе дадатковых даследаванняў і агляду ўрачом выстаўлены дыягназ «хранічны тырэяідыт», ён не небяспечны і не заўсёды патрабуе лячэння.

Добры дзень. Мне паставілі дыягназ – тырэяідыт Хашымота. П'ю таблеткі (эутырокс 75:2) раніцай, вітамін Д, кальцый. А як яшчэ можна спыніць хваробу? Якое паказана харчаванне (дыета)? І ці не перарасце гэта ў што-небудзь нядобрае?

Ала Шапялькевіч:

У вас выстаўлены дыягназ гіпатэрыёз (зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы) верагодна на фоне аўтаімуннага працэсу. І асноўным метадам лячэння з'яўляецца замяшчальная гарманальная тэрапія, якую вы і атрымліваеце. І гэта ж з'яўляецца самым негатыўным зыходам захворвання, г.зн. назіраецца зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы. Таму трэба проста прымаць таблеткі і не нервавацца з гэтай нагоды.

Добры дзень. Скажыце, калі ласка, гэта праўда, што пры тырэяідыце Хашымота раяць безмалочную і безглютэнавую дыету? Ці можна вылечыцца ад гэтай хваробы? Дзякуй.

Ала Шапялькевіч:

Якогасьці асаблівага харчавання пры гэтым захворванні не трэба. Яно хранічнае, патрабуе пастаяннай замяшчальнай гарманальнай тэрапіі лекавым сродкам леватыраксінам.

прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч

Добры дзень. Мяне завуць Ірына. Дапамажыце, калі ласка, знайсці адказы на мае пытанні. Ужо паўгода адчуваю слабасць і пастаянна хачу спаць. За апошнія 3 гады набрала 7 кг пры такім жа ладзе жыцця, як і раней. Пры праходжанні медагляду скардзілася на пачашчанае сэрцабіцце і дыхавіцу. Тэрапеўт парэкамендаваў здаць аналізы на гармоны шчытападобнай залозы і зрабіць УГД. На ЭКГ умераная тахікардыя. Па УГД: вузел левай долі шчытападобнай залозы (2,6 * 2,3 * 2,8) з невыразнымі контурамі. Аб'ём залозы ў межах нормы 13,8. Аналізы (выкананыя ў лабараторыі МКДЦ): ТТГ-2,3; Т4св-6; АТ ТПО-15. Аналізы з лабараторыі «Інвітра»: ТТГ-1,58; Т4св- 13,02; АТ ТПО- <3,0. Пытанне: якім аналізам верыць? Ці ёсць сувязь гармонаў шчытападобнай залозы з прыёмам палавых гармонаў (8 гадоў прымаю Дыянэ)? Дзякуй.

Таццяна Лявонава:

Аналізы, выкананыя ў абедзвюх лабараторыях, сведчаць аб добрым гарманальным фоне. Ім можна давяраць. Функцыя шчытападобнай залозы не парушаная, і вашыя скаргі не звязаныя з яе работай. Калі памеры вузла прадстаўленыя ў мм, гэтае ўтварэнне нельга расцэньваць як вузел. Калі ў см, дык неабходна правесці тонкаіголкавую аспірацыйную біяпсію. Прамой сувязі гармонаў шчытападобнай залозы з прыёмам палавых гармонаў няма.

Добры дзень! Падкажыце, калі ласка, як запісацца і трапіць на прыём да спецыялістаў, якія маюць вялікі досвед працы з расстройствам шчытападобнай залозы і спадарожным акнэ? На працягу 20 гадоў спрабую знайсці прычыну з'яўлення скурных гнайнічковых высыпанняў. Здадзена мноства аналізаў у лабараторыях Гродна, пабываў ва многіх урачоў – усё безвынікова.

Ала Шапялькевіч:

Медыцынская дапамога пацыентам з эндакрыннай паталогіяй арганізавана на некалькіх узроўнях: раённым, абласным і рэспубліканскім. Пры немагчымасці аказаць дапамогу на раённым узроўні ўрач-эндакрынолаг накіроўвае ў абласны эндакрыналагічны дыспансэр (аддзяленне). Пры наяўнасці паказанняў эндакрынолаг можа накіраваць вас і ў лячэбныя ўстановы рэспубліканскага ўзроўню. У дадзеным выпадку спатрэбіцца кансультацыя і іншых спецыялістаў: дэрматолага, уролага, гастраэнтэролага.

Пры субклінічным гіпатэрыёзе (дазоўка эутыроксу 75 мкг) прыём лекаў пажыццёвы або ёсць шанц, што работа гармонаў наладзіцца?

Таццяна Лявонава:

Неабходна ўстанавіць прычыну гіпатэрыёзу. Аднак, улічваючы паказаную дозу, прыём лекаў у большасці выпадкаў будзе пастаянным.

Ці магчыма ў паліклініцы здаць аналіз на гармоны шчытападобнай залозы?

Ала Шапялькевіч:

Так. Зараз магчымасць здаць аналізы на вызначэнне гармонаў шчытападобнай залозы арганізавана на раённым узроўні, г.зн. у паліклініках або цэнтральных раённых бальніцах.

Чаму не выкарыстоўваюць Т3 пры лячэнні гіпатэрыёзу?

Таццяна Лявонава:

Паступаючы ў наш арганізм, тыраксін (Т4) ператвараецца ў Т3 і забяспечвае нармальны гарманальны фон Т3 і Т4. Ёсць вельмі рэдкія выпадкі, калі неабходны Т3, тады ён і дадаецца ў схему лячэння.

Чаму лячэнне ўрачоў зводзіцца толькі да павышэння эутыроксу/леватыраксіну? Не праводзяцца даследаванні па недахопу ўсмоктвання, калі ТТГ на нейкай дозе не падае, аналізы на вітамін Д. Няма рэкамендацый па прыёме нейкіх дабавак, дыеты, хаця гэта шырока абмяркоўваецца ў інтэрнэце, грунтуючыся на артыкулах амерыканскіх урачоў?

Ала Шапялькевіч:

Важна разумець, што розныя інавацыйныя метады вывучаюцца ў рамках навуковых даследаванняў, у тым ліку і ў Беларусі. Аднак трэба разумець і тое, што медыцынская дапамога пацыентам з захворваннямі шчытападобнай залозы ў любой краіне аказваецца на падставе клінічных пратаколаў, заканадаўча прынятых на тэрыторыі дзяржавы. І ў названыя пратаколы ўваходзяць найбольш даказаныя метады дыягностыкі і лячэння. На падставе такіх прынцыпаў аказваецца медыцынская дапамога пацыентам у нашай краіне.

Ком у горле, які цісне, – гэта абавязкова прыкмета вузлоў на шчытавідцы?

Таццяна Лявонава:

Ком у горле рэдка бывае звязаны з вузламі шчытападобнай залозы.

Ці можа чалавек доўга жыць з вузламі і не ведаць, што яны ў яго ёсць? Што павінна было насцярожыць яшчэ раней?

Таццяна Лявонава:

Калі мы гаворым пра дабраякаснае вузлавое ўтварэнне, на працягласць жыцця гэта не ўплывае. Што павінна насцярожыць? Калі доктар выявіў пухлінныя ўтварэнні на шыі ці вы самі выявілі такое. Калі ёсць сваякі, якія былі прааперыраваныя з нагоды раку шчытавідкі, варта прайсці УГД шчытападобнай залозы.

У якіх выпадках вузлы могуць пераўтварыцца ў рак?

Таццяна Лявонава:

Правільней казаць не пра пераўтварэнне вузлоў, а пра граматную дыягностыку раку шчытападобнай залозы.

прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч; загадчыца кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення тырэоіднай паталогіі Мінскага гарадскога анкалагічнага дыспансэра, урач вышэйшай катэгорыі, к.м.н. Таццяна Лявонава.

Калі вузлы крывяняць, іх абавязкова выдаляць?

Таццяна Лявонава:

Вызначэнне «крывяняць» у дадзенай сітуацыі непрымальна. Верагодней, гаворка ідзе пра асаблівасці кровазабеспячэння вузлавога ўтварэння па дадзеных УГД. Гэта не з'яўляецца паказаннем для хірургічнага лячэння.

Ці праўда, што нават крэм трэба вельмі далікатна наносіць на шыю ў зоне шчытавідкі, г.зн. не ціснуць, моцна не масажыраваць?

Таццяна Лявонава:

Няпраўда.

Добры дзень! Падкажыце, калі ласка, ці дапушчальны масаж і самамасаж пры захворваннях шчытападобнай залозы? Мяне цікавіць хутчэй касметычны самамасаж твару дома, бо ён вельмі схільны да ацёкаў. Ды і з узростам хочацца дадаць масаж твару для тонусу. У інтэрнэце шмат супярэчлівай інфармацыі. Зразумела толькі, што нельга рабіць масаж шыйна-каўнернай зоны пры класічным масажы. Аднак інфармацыя тыпу «любы масаж узмацняе крываток і лімфаток, гэта дрэнна адбіваецца на шчытападобнай залозе» палохае. Нават твар страшна кранаць, тым больш – рабіць нейкі лімфадрэнажны масаж. Дыягназ у мяне такі. З 12 гадоў быў вузел, але гармоны ў норме. 10 гадоў таму гэты вузел выдалілі, аднак ён зноў з'явіўся. Плюс пасля аперацыі гіпатэрыёз дадаўся, пастаянна п'ю эутырокс. Па раніцах заўсёды ацёкі твару, пад вачыма мяшкі. Бывае, і шыя ацякае. Харчаванне правільнае, падушка артапедычная. Займаюся спортам, проста прырода ў мяне такая. Вось і думаю: хаця б масаж раніцай, каб твару нармальны выгляд надаваць.

Таццяна Лявонава:

Масаж рабіце на здароўе, ён не супрацьпаказаны.

Добры дзень! Пастаянна пацею ноччу. Флюараграфія ў норме, харчуюся рэгулярна, паўнавартасна. Былі праблемы з падстраўнікавай, але ўсё ў норме. Ем усё, нідзе нічога не баліць, на атлусценне не пакутую. Мне 32 гады, рост 175, вага 80 кг, целасклад спартыўны. Штораніцу раблю зарадку+трэніроўкі. Падкажыце, што гэта можа быць і як з гэтым змагацца. Я не п'ю, толькі палю.

Ала Шапялькевіч:

Калі вас турбуе шчытападобная залоза, неабходна зрабіць аналіз на ТТГ і УГД шчытападобнай залозы. Прычынаў для патлівасці вельмі шмат. Як урач я вам настойліва рэкамендую кінуць паліць.

У мяне вузлавы валляк шчытападобнай залозы 2 ступені. Як лячыць, калі гэта наогул паддаецца лячэнню?

Таццяна Лявонава:

Вузлавы валляк лячэння не патрабуе. Неабходна назіранне ўрача агульнай практыкі (УГД шчытападобнай залозы 1 раз на год).

Ці правільнае сцвярджэнне, што ТТГ можа вагацца ў чалавека ў нейкі перыяд жыцця? І гэта не значыць, што адразу неабходна прапісваць эутырокс/леватыраксін, бо ён здольны самастойна аднавіцца? А прыём прэпаратаў прымушае шчытавідку «ленавацца», што прыводзіць да абавязковага пастаяннага павелічэння дозы на працягу жыцця?

Ала Шапялькевіч:

У арганізме чалавека ўсе параметры заканамерна змяняюцца. Жыццё – гэта заўсёды рух і змяненне. Калі гаворка ідзе пра зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы, часцей за ўсё аутаімуннай прыроды, дык гэта працэс, які прыводзіць да зніжэння функцыі, што патрабуе замяшчальнай гарманальнай тэрапіі, г.зн. прыёму леватыраксіну. І прэпарат у гэтым выпадку не выклікае прывыкання, дапамагае рабоце шчытападобнай залозы.

Падкажыце, калі ласка, з якога ўзросту трэба пачынаць абследаванне шчытападобнай залозы? З якой перыядычнасцю і з чаго пачаць? Напрыклад, калі я хачу абследаваць сваю шчытападобную залозу ці ў дзіцяці... Акрамя таго, што неабходна ўзяць талон да ўрача, якія трэба здаць аналізы? Ці, можа, УГД зрабіць, каб ісці на прыём не «з пустымі рукамі».

Таццяна Лявонава:

Вызначае неабходнасць абследавання ўрач-педыятр – пасля пальпаторнага абследавання шчытападобнай залозы i пры наяўнасцi скаргаў. Калі вы самі хочаце абследавацца, неабходна зрабіць УГД шчытападобнай залозы і аналіз крыві на ТТГ.

Добры дзень! Дзіцяці 6 гадоў. У 9 месяцаў быў пастаўлены дыягназ «субклінічны гіпатэрыёз». Прымае L-тыраксін у дазіроўцы 75 мг. Назіраецца ў эндакрынолага. Падкажыце, калі ласка, гэта наогул вылечваецца ці ўжо пажыццёва давядзецца прымаць прэпарат? Урач, у якога дзіця назіраецца, кажа, што лечыцца. Але я ўжо не веру...

Ала Шапялькевіч:

Дыягназ гіпатэрыёз, як правіла, носіць хранічны характар. Разам з тым, трэба ўлічваць прычыну гіпатэрыёзу і тое, што ў дзяцей магчымасці аднаўлення вышэй, чым у дарослых.

Добры дзень. У мяне чацвёра дзяцей. У траіх на УГД шчытападобнай залозы паказала, што яна ледзь-ледзь дасягае мінімуму ніжняй мяжы. Падкажыце, што рабіць? І куды звярнуцца?

Таццяна Лявонава:

Цалкам верагодна, што гэта варыянт нормы. Аднак калі педыятр лічыць неабходным, паказана вызначэнне ТТГ.

Падкажыце, калі ласка, да якога ўрача трэба звяртацца наконт шчытападобнай залозы?

Ала Шапялькевіч:

У Беларусі актыўна развіваецца агульнаўрачэбная практыка. І з 2016 года была прынята пастанова Міністэрства аховы здароўя № 96, у якой пазначана, што ўрач-эндакрынолаг назірае пацыентаў з парушэннем функцый шчытападобнай залозы (гіпатэрыёз і гіпертэрыёз). У любым выпадку, калі ёсць скаргі, звязаныя са шчытападобнай залозай, першы доктар, да якога трэба звярнуцца, гэта ўрач агульнай практыкі ці тэрапеўт, які пры неабходнасці прызначыць аналіз на гармоны або УГД шчытападобнай залозы.

Добры дзень, мне 65 гадоў. Вузлы займаюць усю левую долю і вялікую частку правай долі шчытавідкі. Біяпсія добрая. Гармон ТТГ 8,22 МК ме/мл, АГ да ДВА вышэй 500 ме/мл. Урач накіроўвае на аперацыю па выдаленні шчытавідкі. Я сумняваюся, ці так тэрмінова гэта трэба рабіць? П'ю Л-тыраксін і адчуваю сябе цярпіма. Толькі спаць дрэнна: цісне ў горле і храпці пачала. Дзякуй.

Таццяна Лявонава:

Для карэктнага адказу на пытанне аб неабходнасці аперацыі неабходна больш дэталёвае вывучэнне УГД (аб'ём шчытападобнай залозы, характар вузлавых утварэнняў). Узровень ТТГ больш за 4 патрабуе павелічэння дозы леватыраксіну.

Падкажыце, калі ласка, што цягне за сабой перавышэнне антыцелаў у 2 разы, калі астатнія гармоны ў межах нормы? Чым небяспечны хранічны тырэяідыт? Як яго лячыць? Узрост 25 гадоў. Дзякуй.

Ала Шапялькевіч:

Пры гаворцы пра захворванне шчытападобнай залозы ёсць шмат памылак. І павышэнне ўзроўню антыцелаў пры нармальным узроўні гармонаў шчытападобнай залозы і дадзеных УГД можна разглядаць як міф. Існуе такое паняцце, як «здаровае антыцеланосьбіцтва».

Добры дзень! Мяне цікавіць, якое лячэнне прызначаюць пры гіпертэрыёзе. Падкажыце, калі ласка, клініку ці добрага спецыяліста, да якога я магу звярнуцца па кансультацыю і для поўнага добрага абследавання. І, вядома, я хацеў бы даведацца, ці не нашкодзяць мне гарманальныя прэпараты.

Ала Шапялькевіч:

Абследаванне функцый шчытападобнай залозы ўключае вызначэнне гармонаў і УГД, што прызначаецца ўрачом агульнай практыкі або тэрапеўтам. Урач-эндакрынолаг устанаўлівае прычыну гіпертэрыёзу, і часцей за ўсё гэта хвароба Грэйвса (дыфузны таксічны валляк). Лечыцца тэрыястатычнымі прэпаратамі. У рэдкіх выпадках праводзіцца хірургічнае лячэнне і радыеёдтэрапія.

Пракаментуйце, калі ласка, аналізы: жалеза 3.04 мкмоль/л; ферытын - 6 мкг-л; Т4 вольны - 13.00 пмоль/л; ТТГ - 3.13 мед л; АТ-ТПО 599,3; вітамін 25 (ЁН) D - 9 нг.мл.

Ала Шапялькевіч:

Мы можам выказаць здагадку, што чалавека турбуе выяўленая слабасць. І часцей за ўсё людзі задумваюцца пра захворванне шчытападобнай залозы. Аднак, мяркуючы па аналізе, тут ёсць выяўленая анемія, дэфіцыт вітаміна Д.

Як жыць без шчытавідкі?

Таццяна Лявонава:

Пры адпаведным лячэнні і назіранні – шчасліва!

Адказы на астатнія пытанні будуць змешчаны пазней. Сачыце за публікацыямі на нашым партале.

Гарманальны баланс. Усё, што трэба ведаць пра шчытападобную залозу. Частка 2

Фота – Аксана Жураўлёва.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 676

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адказваюць спецыялісты"