16.11.2018
16.11.2018

Дыябет і сям'я. Удакладняем нюансы. Частка 1

logo
Адказваюць спецыялісты
0 35
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Ці ідуць на карысць заменнікі цукру? Ці можна есці буракі? Як распазнаць дыябет у немаўляці? На пытанні ўдзельнікаў прамой лініі, якая прайшла ў нашай рэдакцыі 12 лістапада, адказалі прафесар 1-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, доктар мед.навук Анжаліка Солнцава і прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб’яднання «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч.

Прыкметы дыябету ў дзіцяці. Вучым трыяду

Ганна, @: Як западозрыць у дзіцяці цукровы дыябет? Бо малыш не заўсёды можа сказаць пра тое, што яго турбуе.

Анжаліка Солнцава: Існуе класічная трыяда прыкмет цукровага дыябету 1-га тыпу ў дзяцей: шмат п’е, часта ходзіць па-маленькаму (у т.л. уначы), худнее (нават пры добрым апетыце). Вядома, дзіця не заўсёды можа сказаць, што ў яго баліць. Бацькам трэба быць вельмі пільнымі: любая прыкмета, нават змена настрою або паводзін, можа быць звязана з пачаткам захворвання. Напрыклад, кроха прыходзіць з дзіцячага садка і замест таго, каб, як заўсёды, бегаць-скакаць, кладзецца на канапу ці на дыван і кажа: «Штосьці я стаміўся». Ад гэтага не трэба адмахвацца. Тым больш, калі такая сітуацыя паўтараецца. Калі малыш груднога ўзросту, ён пачынае паводзіць сябе неспакойна, патрабаваць, каб яго больш кармілі. Яшчэ адна прыкмета – ліпкі падгузнік.

Харчаванне пры дыябеце. Уся справа ў колькасці

Святлана, Чэрвень: Мама хварэе на цукровы дыябет 2-га тыпу. Мы бывалі ў розных урачоў, кожны з іх прапануе свой спіс таго, што можна і нельга есці. Якія прадукты выбіраць? І ці можна есці буракі і піць кефір?

Ала Шапялькевіч: Харчаванне пры цукровым дыябеце 2-га тыпу супадае з прынцыпамі здаровага ладу жыцця. Базавыя прадукты – нятлустыя малочныя, стравы з агародніны, белыя гатункі мяса, рыба. Даказана, што чырвоныя гатункі мяса пры гэтым захворванні не паказаныя. Салодкае, мучное, тлустае трэба выключыць як хворым на дыябет, так і ўсім, хто хоча прытрымлівацца рацыянальнага харчавання. Спосаб прыгатавання таксама мае значэнне – лепей тушыць або варыць. Выдатна падыдуць кашы, таксама трэба сачыць, каб выпіваць дастаткова вадкасці. Частата прыёму ежы звычайная: сняданак, абед, вячэра. Дапускаюцца перакусы. Буракі можна есці, але не больш за 100-150 г. Можна ўжываць у ежу амаль усё, важна сачыць за колькасцю.

Як часта вымяраецца ўзровень цукру?

Ігар, @: Як часта трэба кантраляваць цукар у дарослых?

Ала Шапялькевіч: Што да дыябету 1-га тыпу, дык там гаворка ідзе пра інсулінатэрапію. Кантроль за ўзроўнем цукру ажыццяўляецца 3-4 разы на дзень, а падчас дэкампенсацыі – 6-8 разоў. Пры дыябеце 2-га тыпу, калі чалавек прымае лексродкі ў таблетках, вымяраць цукар можна радзей (2, а то і 1 раз у дзень). Часта падыходзіць лесвічны метад: адзін дзень вымераць узровень глюкозы да сняданку, другі – да абеду, трэці – да вячэры, чацвёрты – перад сном… Калі мяняецца лячэнне або з’яўляюцца ўскладненні, вымярэнні спатрэбіцца праводзіць часцей.

Заменнікі цукру не прыносяць радасці

Ірына Ф., @: Якія новаўвядзенні з’явіліся сярод прадуктаў для дыябетыкаў?

Ала Шапялькевіч: Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра цукразаменнікі. Гэта неадназначны прадукт. Сам прынцып харчавання пры дыябеце досыць вольны. Пытанне не ў тым, што есці, а колькі. Чалавеку з дыябетам 2-га тыпу дазволены прысмакі, але толькі ў невялікай колькасці. Часта людзі пачынаюць пераядаць – праблема менавіта ў гэтым.

Анжаліка Солнцава: Паводле даследаванняў, у галаўным мозгу людзей, якія ўжывалі цукразаменнікі, не ўзнікала адчуванняў насычэння і задавальнення. А мы ж любім салодкае менавіта таму (актывізуюцца рэцэптары, якія адказваюць за атрыманне задавальнення). З цукразаменнікамі гэта не працуе. Значыць, яны бескарысныя. Ёсць прадукты, якія ўтрымліваюць натуральны прыродны цукар, напрыклад, сухафрукты. Яны не супрацьпаказаныя. Невялікая жменя разынак або некалькі штучак курагі цалкам могуць замяніць лыжку цукру.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 35

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама