16.05.2019
16.05.2019

Небяспечнае начынне. Прафілактыка і лячэнне кішэчных інфекцый улетку

logo
Хваробы ад А да Я
0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Першая думка, калі раптам скруціла жывот і млоснасць падступіла да горла: «Ежа, напэўна, не тая». Між тым, даўно заўважана, што з набліжэннем лета рызыка з'есці «штосьці не тое» імкліва ўзрастае. Актывізуецца вулічны гандаль фаст-фудам, на стыхійных рынках рэзка павялічваецца колькасць гаспадарлівых бабуль, якія імкнуцца хутчэй збыць не з'едзеныя за зіму харчы, бо трэба вызваляць месца для захоўвання новага ўраджаю... Ды і ў простых гараджан больш няма неабходнасці хавацца ад холаду ва ўтульных кавярнях, каб перакусіць. Бо смак ежы на свежым паветры больш поўны і яркі.

Ва ўсёй гэтай вулічнай гастранамічнай феерыі, якая нязменна надыходзіць на пачатку мая і заканчваецца бліжэй да восеньскіх замаразкаў, ёсць адзін істотны недахоп – кішэчныя інфекцыі.

Загадчык супрацьэпідэміялагічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Дзмітрый Галоцік і намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай частцы Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска Святаслаў Вельгін распавялі журналісту Слушна, як абараніць сябе ад небяспечнай ежы і што рабіць, калі страўнік усё ж узбунтаваўся.

Сітуацыя стабільная, але не гарантаваная

Як правіла, пік харчовых атручванняў і інфекцый, выкліканых ужываннем прадуктаў, захоўваецца даволі працяглы перыяд – з мая да пачатку восені. Сёлета, як адзначыў Дзмітрый Галоцік, сітуацыя пакуль стабільная і кантралюемая.

 
Дмітрый Галоцік
Загадчык супрацьэпідэміялагічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Узровень захворвання на кішэчныя інфекцыі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года скараціўся на 21%. У структуры захворвання звычайна лідзіруюць вірусныя інфекцыі. І тут пакуль таксама ўсё спакойна: на 40% менш выпадкаў ротавіруса і прыкладна на 50% – энтэравіруса. Гэта добрыя паказчыкі, але гарантыі, што сёлета не адбудзецца ўспышкі кішэчнай інфекцыі, яны не даюць. Любое парушэнне агульнапрынятых правілаў гігіены і бяспечных харчовых паводзінаў можа прывесці да таго, што спрыяльная сітуацыя зменіцца ў горшы бок.

Абарані сябе сам

асноўныя правілы бяспечных харчовых паводзінаў

А гэта значыць, што самы час нагадаць нашым чытачам пра асноўныя правілы бяспечных харчовых паводзінаў. Нягледзячы на тое, што яны, здавалася б, даўно і добра вядомыя, грэбаванне імі штогод прыводзіць на бальнічныя ложкі інфекцыйных бальніц сотні дзяцей і дарослых.

Праверце, наколькі менавіта вы выконваеце гэтыя правілы. Калі хаця б адно сцвярджэнне вам не падыходзіць, ведайце – вы ў групе рызыкі пацярпець ад кішэчнай інфекцыі.

  1. Я заўсёды купляю прадукты харчавання ў месцах арганізаванага гандлю. Стыхійныя рынкі на ажыўленых вуліцах або прыпынках грамадскага транспарту – наогул не маё. Не магу ўявіць, як можна там нешта купляць, тым больш ежу. Малаверагодна, што ў вулічных гандляроў ёсць санітарная кніжка, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць бяспеку іх тавару. Але нават калі гэта так, я занадта шаную сваё здароўе, каб купляць ежу «з зямлі».
  2. Я ніколі не купляю харчовую прадукцыю сумніўнага паходжання. Уласна, гэтае сцвярджэнне выцякае з папярэдняга. Я не ведаю, дзе, як, калі і хто вырабляў тыя разнасолы і паўфабрыкаты, якія прадаюць на стыхійных рынках. Я не ўпэўнены ў тым, што выконваліся ўмовы захоўвання прадуктаў, і не ведаю, якія тэрміны іх прыдатнасці. А правяраць добрасумленнасць прадаўца цаной уласнага здароўя я пакуль не гатовы.
  3. Я заўсёды правяраю дату вырабу, тэрмін прыдатнасці і ўмовы захоўвання прадуктаў пры куплі, а затым строга іх выконваю. Упэўнена адпраўлю ў смеццевы кошык прадукт, які купіў, але не паспеў з'есці да таго, як скончыўся тэрмін яго прыдатнасці. І аб выдаткаваных грошах шкадаваць не буду. Здаровы страўнік у любым выпадку даражэй.
  4. Стараюся не гатаваць у запас. Свежая ежа і больш карысная, і смачнейшая. Гатовыя стравы (салаты, смажаніна, катлеты і г.д.) захоўваю максімум 2 гадзіны і абавязкова ў халадзільніку. Супы ем адразу і гарачымі, рэшткі не захоўваю. Пра ўспышкі так званых «вясельных» захворванняў, калі стравы гатуюцца ў вялікіх колькасцях, захоўваюцца даволі доўга і часам з парушэннямі ўмоў захоўвання, начуты.
  5. Я вельмі ахайны ў дачыненні да ежы. Чысціня ў месцах гатавання, апрацоўкі, захоўвання, рэалізацыі і ўжывання харчовых прадуктаў мае для мяне прынцыповае значэнне.
  6. Дэлікатэсы накшталт мяса з крывёю я не гатую і не частую сяброў. Лічу, што такія стравы можна дазволіць сабе толькі ва ўстановах з праверанай рэпутацыяй, дзе вельмі строгае стаўленне да захавання тэхналогіі і лабараторны кантроль бяспекі прадуктаў харчавання і гатовых страў.
  7. Я ніколі не п'ю ваду з адкрытых крыніц – сажалак, рэк, азёр. Калі становішча бязвыхаднае, а смага невыносная, абавязкова знаходжу магчымасць пракіпяціць ваду на працягу некалькіх хвілін. Толькі так і ніяк інакш.
  8. Я мыю рукі. Часта і абавязкова з мылам. На ўсялякі выпадак у мяне з сабой заўсёды ёсць антысептык. Ніякіх «здзелак з сумленнем» у дачыненні да асабістай гігіены я сабе не дазваляю. У свой час у СССР вынікам актыўнай прапаганды ўсяго толькі «мыць рукі перад ежай» стала перамога над многімі кішэчнымі інфекцыямі. Гэта аргумент, з якім і не паспрачаешся.

Калі вы выконваеце ўсе ўмовы бяспечных харчовых паводзінаў, рызыкі ўпрыкуску з духмянай шаурмой (напрыклад) з'есці небяспечны кішэчны вірус мінімальныя. Аднак часам сітуацыя складваецца такім чынам, што, здавалася б, усе меры захаваныя, а пазбегнуць харчовай інфекцыі ўсё ж такі не атрымалася. Чым яна небяспечная і што рабіць

Дапамога пры кішэчных інфекцыях

Боль і рэзь у жываце, дыярэя, млоснасць і ваніты, павышэнне тэмпературы цела, галавакружэнне, слабасць і нават страта прытомнасці – такімі сімптомамі праяўляе сябе кішэчная інфекцыя. Яны могуць выявіцца ўжо праз паўгадзіны пасля небяспечнага перакусу. Але часам, як у выпадку з гепатытам А, інкубацыйны перыяд расцягваецца ажно да месяца. Аднак часцей за ўсё сімптомы нядужання выяўляюцца на працягу першых сутак.

 
Святаслаў Вельгін
Намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай частцы Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска
Узбуджальнікаў кішэчных інфекцый і інфекцый з харчовым шляхам перадачы вельмі шмат. Але прынцыпы лячэння па вялікім рахунку аднолькавыя і пры віруснай, і пры бактэрыяльнай інфекцыі. Перш за ўсё, неабходна ведаць, што кішэчныя інфекцыі небяспечныя абязводжваннем і інтаксікацыяй арганізма.

З дыярэяй і ванітамі арганізм губляе вадкасць і электраліты. Асаблівую небяспеку ўяўляюць шматразовыя ваніты, якія могуць прывесці да парушэння артэрыяльнага ціску і непрытомнасці за кошт страты вялікай колькасці натрыю і хлору.

 

 
Святаслаў Вельгін
Намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай частцы Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска
Каб не дапусціць гэтага, неабходна забяспечыць адэкватны пітны рэжым. Прычым піць трэба не дыстыляваную ваду (яна не папаўняе дэфіцыт электралітаў), а спецыяльныя сродкі для аральнай рэгідратацыі, якія прадаюцца ў аптэках. У залежнасці ад цяжару стану піць іх трэба досыць шмат – ад 1,5 літра і больш у дзень. Піць дробна.

Калі арганізм не ўспрымае нават пітво, а ваніты не спыняюцца, неабходна абавязкова звярнуцца да ўрача! Увядзенне солевых раствораў для спынення абязводжвання і папаўнення дэфіцыту электралітаў будзе прызначана парэнтэральна (г.зн. праз кропельніцы). Не дапускайце самалячэння. У цяжкіх выпадках абязводжванне арганізма можа прывесці да гібелі чалавека. Асабліва небяспечна яно для дзяцей.

Яшчэ адзін негатыўны момант кішэчных інфекцый – інтаксікацыя арганізма таксінамі або прадуктамі жыццядзейнасці патагенных мікраарганізмаў.

Пра інтаксікацыю сведчаць павышэнне тэмпературы цела, галавакружэнне, слабасць. У гэтым выпадку трэба праводзіць тэрапію энтэрасарбентамі (самы вядомы з іх – актываваны вугаль). Гэтыя прэпараты выводзяць з арганізма прадукты жыццядзейнасці патагенных мікраарганізмаў.

 
Святаслаў Вельгін
Намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай частцы Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска
Што тычыцца антыбіётыкаў, не рэкамендуецца прызначаць і прымаць іх самастойна без кансультацыі з урачом. Але, як варыянт, можна выкарыстоўваць адносна бяспечны і даступны кішэчны антысептык ніфураксазід. Ён прадаецца без рэцэпту і дазваляе кантраляваць інфекцыю на ўзроўні кішэчніка.

У перыяд хваробы і аднаўлення важна захоўваць дыету. Пры кішэчных інфекцыях варта выключыць з меню свежае малако, гародніну, садавіну. Рэкамендаваны зберагальны рэжым харчавання, які прадугледжвае адварныя стравы або прыгатаваныя на пары.

Пры любой інфекцыі парушаецца нармальная мікрафлора страўнікава-кішэчнага тракта. Таму нармалізацыя мікрафлоры – таксама адзін з кірункаў лячэння. У гэтым дапамогуць ферменты (напрыклад, панкрэатын і яго аналагі) і розныя біяпрэпараты, якія, з аднаго боку, забяспечваюць спрыяльныя ўмовы для аднаўлення нармальнай мікрафлоры кішэчніка, з другога – засяляюць СКТ карыснымі мікраарганізмамі (лактабактэрыямі і г.д.).

Безумоўна, бяспечных прадуктаў харчавання ў прыродзе не існуе. Але засцерагчы сябе ад кішэчнай заразы ўсё ж такі можна. Для гэтага трэба есці прадукты, прыгатаваныя з выкананнем тэхналогій і ў адпаведных санітарна-гігіенічным патрабаванням умовах, папярэдне добра вымыўшы рукі. Так што беражыце сябе і не ешце абы-што і абы-дзе.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 30

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Хваробы ад А да Я"