Дзяўчаткі ратуюць Фэліка
– Ды няма ў мяне чаго пакінуць! – толькі хацеў сказаць засмучаны і разгублены Фэлік, як прадавачкі ўгледезлі на парозе крамы Ларыску і Анфіску.
Сяброўкі ў новых капялюшыках, прыдбаных на шопінгу, і з мноствам торбачак з абновамі даўно ўжо стаялі тут і назіралі, як прадавачкі прыбіраюць іх сябра.
Анфісцы і Ларысцы, азнаным у якасці рэчаў, ні адзін кажушок не падабаўся! Натуральнае шэрае футра Фэліка яму пасавала куды больш! Таму яны адразу не залюбілі прадавачак. Тыя манілі з усёй шчырасцю гандлярак, якім рэдка шчасціць збыць што-кольвек са свайго тавару. А тут яшчэ адна з іх кажа:
-- Вось хоць бы і сябровак сваіх пакіньце! Няхай у нас пасядзяць, пакуль вы з грашыма вернецеся!
Ой, гэта было ўжо занадта!
З самымі чароўнымі ўсмешкамі Ларыска і Анфіска падышлі да Фэліка і узялі яго подручкі з абодвух бакоў.
-- Так-так! – сказала Анфіска прадавачкам. —Запакуйце кажушок, калі ласка.
-- А мы за ім абавязкова вернемся! Пасля дожджычка ў чацвер! – дадала Ларыска, выводзячы Фэліка з крамы.
І сяброўкі весела зарагаталі.
А настырным прадавачкам нічога не заставалася, як толькі злосна зыркаць услед прыгожанькім дзяўчаткам і Фэліку, на якога яны змарнавалі процьму часу і які так і не набыў сабе новы кажушок.
Прыяцелі кіруюць у Інтэрнэт-кавярню
Ларыска і Анфіска хуценька аднеслі пакункі з абновамі ў аўтамабіль і пацягнулі Фэліка ў Інтэрнэт-кавярню – яны бачылі, як гаспадыня пайшла туды.
– Ой, Фэлік! – пішчэлі сяброўкі. – Там так цікава! Адных правадоў – грызці не перагрызці! Пра астатняе і казаць не будзем, сам пабачыш.
Інтэрнэт-кавярня уразіла Фэліка цішынёй. Занурыўшыся ў экраны, за столікамі сядзелі наведвальнікі і тыцкалі пальцамі па клавіятуры. Што тут так упадабалі Ларыска і Анфіска?
Сяброўкі і самі выглядалі расчараванымі.
-- Сёння тут адны зануды сабраліся, – сказала Ларыска.
-- Ага, праўда, – падтрымала сяброўку Анфіска. – Хоць бы хто ў якія гульні гуляў! Ані стралялак, ані стратэгаў! Сядзяць, пошту сваю пераглядаюць. Каму гэта цікава!
Фэлік зладжвае салют у Інтэрнэт-кавярні
Фэлік пакуль што не ведаў, што такое Інтэрнэт і зусім не разбіраўся, чым гульні лепшыя за прагляд пошты. Таму і не зразумеў, чаму засумавалі Ларыска і Анфіска.
Яго самога адпачатку надзвычай зацікавілі рознакаляровыя правадкі блізу падлогі. Такія прыгожыя! З гэтым сяброўкі не памыліліся.
Фэлік даў нырца пад адзін са столікаў і паспытаў сваім востранькім зубком адразу некалькі правадкоў.
Ай-ё-ечкі! Раптам як пыхнула іскрамі! Фэліка ажно скаланула і падкінула. Пасля закурэў дым – і экраны кампутараў патухлі.
Усе забегалі, замітусіліся. Усчалася такая паніка! Ларыска, Анфіска і Фэлік кінуліся з Інтэрнэт-кавярні што было духу.
Кампанія імкнецца паўтарыць подзвіг
Дзяўчаткі развесяліліся! Фэлік паказаў сябе крутым спецыялістам па фейерверкам! Яны дабеглі да машыны, забраліся пад капот і доўга рагаталі, успамінаючы іскры і дым.
Пасля прыяцелям захацелася паўтарыць фейерверк. Яны згадалі, што і ў машыне ёсць правадкі.
Адзін з іх паспрабавала на зубок Ларыска. Другі – Анфіска. Трэці – сам Фэлік.
Правадкі паддаліся і абарвліся, але нічога не іскрыла і не дыміла – аўтамабіль жа быў не заведзены.
Гаспадыня пакідае аўтамабіль ля гандлёвага цэнтра
Вярнулася гаспадыня. Пачала заводзіць машыну – не заводзіцца. Яна выйшла з салона, абышла разы са два вакол машыны і злосна пхнула нагой у кола. Пасля праз мабільнік патэлефанавала свайму мужу і пачала жаліцца на машыну – стаіць, як укапаная.
Яна гаварыла доўга, гучна, нават плакаць пачынала. І скончыла размову тым, што абвесціла: “Я сама, канешне, машыну люблю. І мне падабаецца быць кіроўцаю. Ну, але калі машына стала колам – гэта ўжо не мае праблемы, каханы!”
Пасля гаспадыня выклікала таксі і на ім паехала дамоў, а машыну пакінула ля гандлёвага цэнтра.
Ларыска, Анфіска і Фэлік з палёгкай уздыхнулі. Нікуды больш не трэба ехаць, значыць, не будзе трэсці і падкідваць.
Яны так стаміліся ад прыгод, што нават дзяўчаткам, заўзятым тусоўшчыцам, захацелася цішыні і спакою. Што ўжо пра Фэліка казаць!
А раніцай капот адкрылі, і…
Кампанія падарожнікаў спала, нібы пшаніцу прадаўшы. Фэлік, як сапраўдны кавалер, саступіў дзяўчаткам пакой, а сам уладкаваўся на скрыні для паветранага фільтра.
Таму калі раніцай наступнага дня аўтарамонтнікі адчынілі капот, каб паглядзець, што ж здарылася з аўтамабілем, першым яны і згледзелі Фэліка!
Ай, што тут пачалося! Крык, енк, агутуканне! Нібы пад капотам сядзеў воўк, а не маленькі пацучок.
Фэлік напалохаўся не менш за рамонтнікаў! Але ён помніў пра Анфіску і Ларыску, якія начавалі ў яго пакойчыку. І Фэлік адважна замахаў на рамонтнікаў кулакамі.
На колькі імгненняў тыя знямелі ад такога нахабства. І, канешне ж, з нечуваным імпэтам кінуліся лавіць Фэліка. Яны нават ўхапілі пацучка за хвост і балюча прыціснулі яго. Але не на таго напалі! Фэлік развярнуўся і цапнуў зубкамі свайго крыўдзіцеля.
Крыўдзіцель войкнуў, хвост упусціў – і Фэлік шморгнуў праз дзюрку ў панэлі на зямлю!
З радасцю Фэлік паспеў адзначыць, што ані сябровак, ані торбачак з абновамі ў машыне ўжо не было – пасярод пакойчыка толькі сіратліва валялася вышываная мамай коўдрачка.
Фэлік згадвае пра страхоўку
Страшна злосны на рамонтнікаў, на аўтамабіль, на гаспадыню – і наагул на ўвесь свет – Фэлік брыў па вуліцы.
Дзя цяпер яму Анфіску з Ларыскай шукаць? Дзе лекаваць пашкоджаны хвост? У пацучка быў такі паскудны настрой, што жыць не хацелася.
Далягаў голад. Фэлік пашукаў у кішэньцы хоць крошак -- але намацаў там толькі паперку.
Ну, што ж зробіш! На бязрыб’е, казаў той, і рак рыба! Аднак перш, чым патачыць аб паперку свае вострыя зубкі, Фэлік прыпыніўся і глянуў, што ж у паперцы напісана.
Ах-ах-ах! Гэта было страхавое пасведчанне з кампаніі “Супрацькатэ”! І як Фэлік мог на яго забыцца!
Пацучок адразу павесялеў. Жыццё набывала новыя фарбы. Ён засяродзіўся, згадваючы дарогу да сметніцы, у якой месціўся офіс страхавой кампаніі “Супрацькатэ” – і неўзабаве быў на месцы.
Людзі скардзяцца “ДзяржСТРАХУ” на пацукоў
Страхавая капманія “Супрацькатэ” вызначалася стабільнасцю: сметніца стаяла на сваім звыклым месцы, а менавіта непадалёк ад будынка з пагрозлівай шыльдай “ДзяржСТРАХ”.
Фэлік адразу згледзіў, што на ганку “ДзяржСТРАХУ” таўклося некалькі чалавек. Сярод іх Фэлік пазнаў гаспадыню аўто і аўтарамонтніка, які ўхапіў пацучка за хвост. Ну, але ж і Фэлік не адстаў! Пакусаная рука рамонтніка свяцілася бінтом.
-- Гэта ж трэба, як пацукі распусціліся, -- расказваў ён гаспадыні.—Мала таго, што ў рухавік забраліся і правады паабгрызалі, дык яшчэ і на людзей кідаюцца!
-- Будзем спадзявацца, што гэты выпадак прызнаюць страхавым, -- сказала гаспадыня, падцяўшы вусны. Усім сваім выглядам яна давала знаць, што размовы пра пацукоў наагул, а ў яе аўто – у прыватнасці – ёй страшна непрыемныя.
-- Не перажывайце, -- адказаў ёй дзядзька з тоўстай папкай у руках.— Бачыце, як добра, што вы паспелі аформіць страхоўку. Выпадак сапраўды страхавы. Усе выдаткі на рамонт вам сплоціць наша кампанія!
Фэлік скардзіцца на людзей у “Супрацькатэ”
Па шчырасці, Фэліка дужа зачапіла, што пра яго так непрыязна, нават з агідаю, гаварыла гаспадыня аўто. Усё ж за час падарожжа Фэлік прывык да яе і быў гатоў лічыць членам экіпажа. Тым больш, так і было – усё ж кіроўца! Але шчырыя пачуцці Фэліка, па ўсім відалася, не былі ўзаемнымі.
-- Ну і падумаеш, -- бубнеў Фэлік сабе пад нос,-- знайшлася цаца! Вось Ларыска і Анфіска мяне брыдкім не лічаць ані разу!
Усцешыўшыся ад гэтай думкі, Фэлік шмыгнуў у офіс страхавой пацучынай кампаніі “Супрацькатэ”. Там ужо былі начуты пра Фэлікавы прыгоды і паставіліся да пацучка з усёй увагай і спагадай, на якую былі здатныя. Фэліку нават не давялося доўга скардзіцца на людзей – страхавым выпадкам палічылі і зашчэмлены хвост, і папсаваныя нервы, і ногі, стаптаныя доўгай хадой ад гандлёвага цэнтра да сметніцы.
Калі ж Фэлік заікнуўся пра страчаны скарб (у аўтамабілі засталіся коўдрачка, фатаздымак і вузельчык), страхавы агент Пац Цапавіч лагодны голас змяніў на строгі і зазначыў:
-- Малады чалавек! У гэтай страхоўцы вядзецца толькі пра вашае жыццё і здароўе! А калі за маёмасць перажываеце, трэба было страхаваць яе асобна!
Фэлік атрымоўвае страхавыя выплаты і вяртаецца дамоў
У якасці страхавых выплат Фэлік атрымаў мазючку з зёлак, бінты для лекавання хваста і ажно сто пяцьдзесят каўбасных скурак! Гэта было ў дзесяць разоў больш за яго страхавы ўнёсак, і шчаслівы Фэлік подбегам пакіраваў у родны падвал.
Там яго сустрэлі як героя.
Мама, вядома ж, радвалася Фэлікаву вяртанню, як ніхто іншы. Фэлік аддаў ёй “страхавыя” каўбасныя скуркі, і мама зладзіла для ўсіх гасцей шыкоўны банкет.
Фэлік ноч навылёт расказваў пра прыгоды і здарэнні, пра знаёмства з красунямі Ларыскай і Анфіскай, а таксама хваліўся сваімі піратэхнічнымі здольнасцямі.
Канешне ж, ён агітаваў усіх родзічаў скарыстацца паслугамі “Супрацькатэ”, і колькасць каўбасных скурак на стале сведчыла на карысць Фэлікавых слоў.
У ролі героя Фэлік пачуваўся б зусім шчаслівым, каб не дзве акалічнасці.
Па-першае, ён перажываў па страчаных вузельчыку, коўдрачцы і сямейным фатаздымку.
Па-другое, ён сумаваў без Ларыскі і Анфіскі.
Ларыска і Анфіска ратуюць Фэлікаў скарб
Ну, але ж і сяброўкі не забыліся на Фэліка! Яны выскачылі з машыны якраз тады, як Фэлік замахаў кулакамі на людзей. Ларыска і Анфіска шмыгнулі ў бліжэйшую ад машыны шчыліну, і адтуль ужо ўбачылі, як Фэлік кінуўся ў супрацьлеглы ад іх бок.
Спачатку Ларыска і Анфіска пераймаліся, што Фэлік, адважны, вясёлы Фэлік, знік ў невядомым накірунку. Але ж доўга гараваць сяброўкі папросту не ўмелі. Яны сталі кеміць, як даць рады гэтай праблеме, і неўзабаве выйсце знайшлося.
У Ларыскі і Анфіскі, заўзятых тусоўшчыц, была прцьма знаёмых. І хутка яны дапамаглі ім знайсці дом, у падвале якога жыў Фэлік. А пасля яшчэ – і станцыю тэхнічнага абслугоўвання, куды пацягнулі на рамонт аўтамабіль.
Праз дзіркі ў ахоўнай панэлі сяброўкі зноў забраліся ў рухавік джыпа. І ўсё дзеля таго, каб ратаваць Фэлікавы коўдрачку, вузельчык і фатаздымак.
Яны так цешыліся з гэтага! Бо, па шчырасці, сябровак крыху грызло сумленне. Яны ж, як уцякалі, абновы свае пахапаць паспелі, а Фэлікаў скарб кінулі!
Ну, але ж цяпер усё ўлагодзілася.
Сяброўкі наведваюць Фэліка
І вось з адваяваным скарбам, з тортам свайму ратавальніку і кветкамі для яго мамы красуні з’явіліся ў Фэлікавым падвале.
Ой, што ж тут пачалося! Колькі радасці было! Уся Фэлікава радня была ўжо начутая пра красуняў Ларыску і Анфіску. Але ніхто і блізка не ўяўляў, што можна быць такімі чароўнымі!
Палова дзяўчатак спешна кінулася запарваць лушпінне ад цыбулі, каб пафарбаваць галаву ў чырвоны колер, як у Анфіскі. А другая палова разводзіла ў вадзе зялёнку, каб пафарбавацца ў зялёны, як Ларыска.
Але шыкоўная знешнасць вымагала не толькі фарбавання галавы. І Ларыска з Анфіскай запрашалі ахвотных наведвацца ў цырульню па комплекс паслуг.
Вырашаецца лёс сяброў
А яшчэ Анфіска пазнаёмілася з Фердынандам – суседам Фэліка. Фердынанд хадзіў у трэнажорную залю і меў надзвычай трэніраваныя цягліцы. Тут вось і высветлілася, што Анфісцы спартсмены падабаліся нават больш, чым падарожнікі.
Ну і добра! Сяброўкам не давялося з-за Фэліка сварыцца і дзяліць яго. Анфіска зараз* здружылася з Фердынандам і цяпер ходзіць з ім у трэнажорную залю.
*Зараз – вельмі хутка
А Ларыска засталася з Фэлікам – глянь ты, не здарма камінара за гузік круціла! Разам маладыя пацучкі вырашылі прысвяціць жыццё падарожжам.
Спачатку вандроўнікі аблюбавалі сабе новы джып – яшчэ большы за папярэдні -- і працяглы час ездзілі на ім. А пасля пачалі мяняць аўтамабілі так часта, як не кожная франціха пальчаткі мяняе.
Падарожнічаюць Фэлік і Ларыска і па горадзе, і далёка-далёка за яго межамі.
Магчыма, некалі яны вырашаць пад’ехаць і на вашым аўто.
(Таму – на ўсялякі выпадак – не забудзьцеся застрахаваць і яго!)
Першую частку казкі можна знайсці тут.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by