«Ноч музеяў» — штогадовая міжнародная акцыя, якая падштурхоўвае як наведвальнікаў, так і арганізатараў максімальна паглыбіцца ў тэматыку і сэнс музейнай справы.
Акцыя, безумоўна, унікальная. Калі яшчэ можна пабываць ноччу ў музеі ды яшчэ і пазнаёміцца з яго жыхарамі, міфічнымі і легендарнымі?
З кожным годам супрацоўнікі музеяў і выставачных прастор адказна рыхтуюцца да свята: экспазіцыі становяцца інтэрактыўнымі, а самі пляцоўкі ператвараюцца ў найцікавейшае месца для падарожжаў! Вельмі важна, што з цягам часу «Ноч музеяў» стала больш сямейнай. Бацькі з дзецьмі штогод актыўна адсочваюць афішы, каб патрапіць у эпіцэнтр цікавых падзей.
Дзяцей і бацькоў чакае сустрэча з мастацтвам, настольныя гульні, модныя паказы, цікавыя праграмы і канцэрты, прагляд мультфільмаў і майстар-класы, квэсты, фотазоны, тэатральныя эксперыменты і шмат іншага.
Прапануем некалькі варыянтаў сямейна-музейнага адпачынку ў ноч з 21 на 22 мая:
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны мастацкі стане адпраўной кропкай у фантастычным падарожжы наведвальнікаў. Праз прызму ўяўлення вы зможаце пабываць у мінулым і зазірнуць у будучыню, іначай разгледзець звыклыя выявы і надаць ім новыя сэнсы, а для глыбейшага разумення музей прапануе сваю альтэрнатыўнаю мову камунікацыі.
У пачатку каардынат кожны зможа трансфармавацца, каб прадоўжыць сваё падарожжа. Арыенцірам будуць служыць залы музея, а культура краін, якая там прадстаўлена, – вектарамі.
У праграме
- новыя выстаўкі
- майстар-класы
- падарожжа па Індыі
- Французскі салон
- гульні для дзяцей
- светлавыя інсталяцыі
- музычны паказ
Нацыянальны гістарычны музей Рэуспублікі Беларусь
У праграме
- Займальны квэст правядзе наведвальнікаў па ўсіх залах музея. Госці здзейсняць падарожжа ў часе і раскрыюць таямніцы музейных экспанатаў.
- Майстар-клас «Гісторыя маёй сям’і – гісторыя маёй краіны» дапаможа разабрацца, як скласці генеалагічнае дрэва. На прыкладах экспазіцыі «Беларусь у партрэтах і геральдыцы» ўдзельнікі майстар-класа засвояць галоўныя правілы складання генеалагічных табліц і створаць эскіз сямейнага дрэва для свайго роду.
- Выстаўка «Лёс музея – лёс краіны» пакажа экспанаты, якія ўжо стагоддзе захоўваюцца ў музейных калекцыях, і дапаможа даведацца, як ствараўся і адраджаўся музей, нягледзячы на ўсе выпрабаванні.
- Музыканты ВІА «Сталіца» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку выканаюць для гасцей лепшыя рэтра-хіты. Камунікатыўная майстэрня ад Цэнтра крэатыўных рашэнняў «Нябачны свет» навучыць узаемадзеянню з невідушчымі людзьмі.
- Удзельнікі «Ночы музеяў – 2022» у гістарычнвм музеі змогуць адправіцца на «Спатканне з кнігай усляпую». Таямнічы буккросінг ад кампаніі ОZ – гэта выдатная магчымасць падзяліцца любімымі кнігамі.
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў
У праграме
- Artist-talk з Міхаілам Дайлідавым. На творчай сустрэчы Міхаіл раскажа пра культуру ілюстрацыі і работу з кнігамі.
- Artist-talk з Надзеяй Раўтовіч, дзе ўдзельніца выстаўкі «Джаз! Каты! Вясна!» раскажа пра ўнікальную тэхніку стварэння сваіх «вязаных карцін».
- Арт-тэрапія «Канцэпцыя кінцугі» ад каманды праекта кафедры культуралогіі БДУ «Культуралогія без межаў».
- Artist-talk з Марыяй Барысенка. На прыкладзе сваіх работ, прадстаўленых на выстаўцы «ТэкСтыльны букет», Марыя раскажа, як звязаны тэкстыль і музыка ў яе творчасці.
- Пластычны спектакль Тэатра дакумента Ганны Сулімы (БДУКіМ) «Васіль Кандзінскі / Без косак», заснаваны на творчай спадчыне мастака. Гэта гісторыя пошуку разумення, кахання, узаемнасці, вечнай адзіноты і чакання.
- Медытатыўная практыка з мастаком Русланам Сяргеевым. Вы зможаце памедытаваць пад гукі прыроды, даведацца аб вытоках розных практык і іх ужыванні.
- DJ-set ад Дзмітрыя Ціхановіча.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
«Ноч музеяў» – цудоўная магчымасць па-новаму паглядзець на музейную прастору і знаёмых герояў. Гэтым разам у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча яна пройдзе пад назвай «На высокай ноце» – музычнай, паэтычнай і нават анімацыйнай.
У праграме
- Выступленне ансамбля салістаў «Класік-Авангард» пад кіраўніцтвам Людмілы Каліноўскай з праграмай «Ці лёгка быць віртуозам?». Прагучаць кампазіцыі Генрыха Веняўскага, Пабла Сарасатэ, Каміля Сэн-Санса, Марыса Равеля.
- Канцэрт-лекцыя «Ад дуды да раяля», якую для вас правядзе знакаміты музыка і майстар народных інструментаў Алесь Лось (пры ўдзеле спявачкі Алесі Сівохінай).
- Гурт «Кудмень» — традыцыйныя песні Беларускага Палесся.
- Анімацыйная праграма ад студыі «Беларусьфільм»: псіхадэлічныя мультфільмы часоў перабудовы, нацыянальныя традыцыі выцінанкі ў айчыннай анімацыі, жыццяпіс славутых дзеячоў беларускай культуры.
Дзяржаўны літаратурны музей Якуба Коласа
Музей Якуба Коласа падрыхтаваў насычаную праграму для ўсёй сям'і. Маляняты змогуць паглядзець спектакль «Стойкі алавяны салдацік», лялечныя паказы, пагуляць у настольныя гульні, паглядзець на выступленні мімаў і памаляваць.
Дарослыя ж у гэты час могуць паслухаць лекцыі, схадзіць на інтэрактыўную экскурсію або паглядзець на пастаянную экспазіцыю.
Літаратурны музей Петруся Броўкі
Стылягі, бітнікі, хіпі – субкультуры, якія змянілі савецкую творчасць і моладзь. Ім музей і прысвячае гэты вечар! Прыходзьце, будзе неверагодна. Асабліва калі вы будзеце апрануты так, як апраналіся яны. Падбярыце характэрны лук адной з гэтых субкультур і стварайце незабыўны касцюміраваны вечар.
У праграме
- Лекцыя «Кароткая гісторыя бітнікаў у чатырох «б» і адным забойстве» (Паліна Доля, культуролаг).
- Прэзентацыя работ Руслана Чатырко «Neural History Majho Kraju». (Руслан Чатырко працуе ў інжынернай сферы. А ў вольны час займаецца нейроннымі сеткамі і стварае партрэты славутых беларусаў).
- Інтэрактыўная праграма «Цырульная майстэрня “Вяночак свету”».
- У прасторах музея разгарнецца сапраўдны цырульны салон, дзе кожны жадаючы зможа атрымаць прычоску стылягі.
- Майстар-клас па ліндзі-хопу ад школы танцаў «Арэлі».
- Выкладчыкі правядуць майстар-клас па характэрнаму танцу эпохі, таму лепш за ўсё падабраць адпаведныя касцюмы, каб пусціцца ў палёт на ўсе сто.
- Кватэрнік у несавецкім стылі. Кожны хіпі з любога канца саюза мог падысці ў любое культавае месца, дзе яны збіраліся, і гэта называлася «упісацца на флэт». Месца культавае – музей, тэматыка спрыяе, таму кожны госць, які завітае на Ноч музеяў у Літаратурны музей П.Броўкі, можа лічыць, што ён «упісаўся».
Прастора «АРТ-Фабрыка»
Сёлета тэмай міжнароднага дня стала «Сіла Музеяў». Слоган гучыць так: «Сіла Мастацтва ў розных творчых інтэрпрэтацыях». Для вас будзе музычны канцэрт, майстар-класы па маляванні, некалькі арт-перформансаў, лекцыі па мастацтве і творчыя сустрэчы з мастакамі.
У праграме
- Hall 1: body-art перформанс Святланы Верабей «Art from the heart»
- Hall 2: перформанс «Ісціна ў вадзе»
- Hall 3: перфоманс ад Зоі Луцэвіч і Dima HID
Мастацкая галерэя «Арт-Беларусь»
21 мая з 20:00 да 03:00 тут пройдзе Ноч музеяў, якая аб'яднае экскурсію, светлавыя інсталяцыі, майстар-класы, лекцыі пра мастацтва, перформанс і імправізацыю электроннай музыкі. Экспазіцыя фестывалю мастацтва Арт-Мінск будзе адкрыта і даступна да прагляду на працягу ўсёй ночы.
У праграме
- Куратар карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка Аляксандр Зінкевіч правядзе экскурсію па выстаўцы «Партрэт часу» у галерэі Арт-Беларусь.
- У адной з выставачных залаў пройдзе хэпэнінг «Маскі» з мастаком Юрыем Бірын-Паўлавым (спойлер: апранайце не самае параднае адзенне).
- Архітэктар, пераможца Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам-2020 Яўген Шчэрбач прадставіць перформанс «AG».
- Мастак з Гомеля, выкладчык жывапісу, які актыўна ўдзельнічае ў выстаўках як у Беларусі, так і за мяжой Андрэй Пічушкін рыхтуе лекцыю «Навошта мастакі слухаюць музыку».
- Акрамя гэтага ў Палацы мастацтва пракоцяцца джэм-сэты, музыка ад артыстаў сучаснай музычнай сцэны і пройдзе танцавальны батл. Ва ўнутраным двары кожнаму знойдзецца месца адпачыць і падсілкавацца.
Алімпійскі музей
НАК Беларусі далучыцца да міжнароднай культурна-адукацыйнай акцыі «Ноч музеяў» і правядзе для ўсіх жадаючых экскурсіі па алімпійскай экспазіцыі.
Ва ўсіх жадаючых наведаць самую буйную спартовую экспазіцыю ў краіне, убачыць калекцыю алімпійскіх факелаў, спартыўнай экіпіроўкі, алімпійскія ўзнагароды і мноства ўнікальных прадметаў, якія адлюстроўваюць спартыўную гісторыю краіны.
Музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі»
У праграме
- Серыя майстар-класаў ад вядучых майстроў-рамеснікаў музейнага комплексу Дудуткі: саломапляценне, ганчарства, дрэваапрацоўка, ткацтва, бортніцтва, кавальскае рамяство
- Інтэрактыўнае шоу барабанаў пекла школы этнічных барабанаў «TekaDUM»
- Шатландская пяхота. Інтэрактыўныя баі, танцы, паказальныя выступленні.
- Арт-рэлакс тэрыторыя. Знаёмства з гучаннем незвычайных інструментаў. Музыка ветру і шум дажджу. Інтэрактыў магіі, голасу і гуку «Беларускія фальклорныя казкі» (Пляцоўка «Яблыневы сад»).
Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж»
Музей-запаведнік «Нясвіж» запрашае ўсіх жадаючых прыняць удзел у штогадовай акцыі «Ноч музеяў». Тэма мерапрыемства – 210-годдзе вайны 1812 г., у якой браў удзел уладальнік Нясвіжскага замка Дамінік Геранім Радзівіл.
Наведвальнікі даведаюцца пра падзеі 1812 года на беларускай зямлі і непасрэдна пра жыццё Нясвіжа ў гэты гістарычны перыяд. Несумнеўная цікавасць гасцей выкліча выступленне клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, якія займаюцца ўзнаўленнем выяваў Вялікай арміі Напалеона Банапарта і Рускай Імператарскай арміі. Паглыбленне ў эпоху ампіру немагчыма без аповеду пра папулярныя салонныя гульні адпаведнага гістарычнага перыяду. Усё гэта, а таксама займальныя майстар-класы і навучанне танцам таго часу, дасць магчымасць гасцям мерапрыемства адчуць сябе сапраўднымі падарожнікамі ў часе і прасторы.
Арт-гасцёўня «Высокае места» і Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Д. Шчамялёва
Ноч музеяў – гэта час адкрыццяў, новых уражанняў і магчымасцяў быць яшчэ бліжэй да мастацтва. Пры інтэрактыўным узаемадзеянні чалавека з арт-асяроддзем адбываецца поўнае паглыбленне ў струмень творчасці.
Дзве пляцоўкі ў межах акцыі падрыхтавалі цікавую праграму «АРТ-ПАГЛЫБЛЕННЕ», якая дазволіць адчуць гармонію праз спляценне розных відаў мастацтва.
У праграме
Арт-гасцёўня «Высокае месца»:
- выстаўка мастацкага тэкстылю і касцюма студэнтаў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў «Бясконцая фантазія»
- майстар-клас па стварэнні эксперыментальнага габелена ад выпускнікоў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
- квэст па выстаўцы «Бясконцая фантазія»
- гульні і фотасесія ў дызайнерскіх касцюмах;
- кінасалон (аўтарскія лекцыі ад мастака Хрысціны Высоцкай пра сучаснае мастацтва і дызайн тэкстылю)
Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Д. Шчамялёва
- выстаўка жывапісу і графікі «ПРАЗ ЦЕРНІІ ДА ЗОРАК. PER ASPERA AD ASTRA», прысвечаная жыццю і творчасці народнага мастака Беларусі Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва
- выстаўка скульптуры «Метамарфозы» Віктара Мінко
- гульні і рэбусы
- кінасалон (фільмы пра мастацтвеа, падарожжа па незвычайных музеях свету)
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by