Уладзімір Дзядзюля — знакаміты мастак беларускай зямлі, імя якога з вялікай павагай успамінаюць як прадстаўнікі старэйшага пакалення, так і яго вучні.
На мінулым тыдні ў галерэі «Мастацтва» адбылося адкрыццё выстаўкі творцы «Паўтон». На выстаўцы прадстаўлены жывапісныя творы Уладзіміра Дзядзюлі як апошніх гадоў жыцця, так і палотны, напісаныя раней, і ўжо добра вядомыя гладачам.
Экспазіцыя складаецца з некалькіх частак – гэта партрэты родных, блізкіх і сяброў мастака, работы з серыі «Язычніцкія богі славян», а таксама творы, якія адлюстроўваюць спартыўную тэматыку.
У жывапісных палотнах Уладзіміра Дзядзюлі высокі прафесіяналізм спалучаецца з філасафічнасцю, глыбокім пранікненнем у самую сутнасць быцця. Творы мастака тонка эмацыянальныя і паэтычныя.
Калісьці мастак казаў пра сябе так: «Я лічу сваю творчасць падобнай беларускай прыродзе, з яе чыстымі фарбамі, дзе ўсё на паўтонах – някідкае, не кантрастнае, а слізгаценне з аднаго стану ў іншы, без рэзкай змены спёкі ў сцюжу, без штармоў і землятрусаў. Калі параўнаць пейзажы Сар'яна і прыроду Арменіі, італьянскія матывы, гэта будзе цалкам відавочна. Акрамя таго, гэта і няяўны, схаваны сэнс работ, які прадугледжвае роздум. Сэнс, які кожны павінен вызначыць для сябе, адчуць сябе сааўтарам. Калі ў мяне пытаюцца, як з'яўляецца ідэя, як нараджаецца карціна, Я толькі магу адказаць на гэта, Не ведаю, заўсёды па-рознаму. Гэта можа быць музыка, зносіны, выпадковы эпізод».
Работы мастака вельмі натхняльныя і кантрасныя, яны добра ўпісваюцца ў белую прастору галерэі і разам нагадваюць вялікі альбом гісторый. Жывапіс Уладзіміра Дзядзюлі эмацыйны, ён дапамагае паглыбіцца ў свет фантазіі і цудаў. Мастак, безумоўна, умеў уцягнуць гледача ў творчы дыялог.
Уладзімір Дзядзюля нарадзіўся ў 1956 годзе ў Мінску. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1975), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1986), творчыя майстэрні Акадэміі мастацваў у Мінску (1991). Вучыўся ў Г. Вашчанкі, М. Савіцкага. З'яўляўся ўдзельнікам мастацкіх выставак з 1986 года. Працаваў ў манументальна-дэкаратыўным і станковым жывапісе. Асноўныя работы мастака — сграфіта «Купалле» і «Каляды» у палацы культуры вытворчага аб’яднання «Бабруйскдрэў», роспіс у кінатэатры «Перамога» у Мінску (у сааўтарстве з А. Сушай); карціны «Салдацкая маці»», «Пачатак», «Жыццё Скарыны», «Зямля і людзі», «Роздум» «Рэпартаж з Таледа», «Сярэдзіна лета», «Дзядзька Фелікс», «Новы дзень».
Карціны Уладзіміра Дзядзюлі знаходзяцца ў прыватных калекцыях ЗША, Бельгіі, Грэцыі, Польшчы, Ізраіля, Расіі.
Палескі волат. Кранальныя работы Гаўрылы Вашчанкі прадставілі ў Нацыянальным мастацкім музеі