26.01.2024
26.01.2024

Палескі волат. Кранальныя работы Гаўрылы Вашчанкі прадставілі ў Нацыянальным мастацкім музеі

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ён, як ніхто, умеў маляваць палёт птушак, што ўзляталі ўгору. У Гаўрылы Вашчанкі было асаблівае, вострае пачуццё вышыні і паветра. І сёння яго карціны нібыта абліваюць нас ветрам — то восеньскім, напоўненым жураўлінымі крыкамі і пахам саспелых яблыкаў, то летнім калыханнем спёкі, то лёгкім, квітнеючым дыханнем вясны.

Менавіта Гаўрыла Вашчанка зрабіў бусла, які расправіў крылы, сімвалам перш роднага Палесся, а затым і ўсёй Беларусі. Яго мастацкія работы — паглыбленне ў няпростую гісторыю нашай краіны.

Выстаўка Гаўрылы Вашчанкі

Зараз у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь прадстаўлена выстаўка жывапісных работ народнага мастака «Палескі волат», прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння Гаўрылы Харытонавіча.

Мастацкая выстаўка

У экспазіцыі прадстаўлена каля 60 жывапісных твораў мастака з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея  і сям'і майстра. Самая ранняя з жывапісных работ  адносіцца да 1950-ых гадоў. Гэта «Аўтапартрэт» са збору сям'і мастака. Беражліва захоўваюць яны і адну з апошніх карцін мэтра — «Аve айчыны» 2008 года.

Выставачны праект «Палескі волат» у сценах Нацыянальнага мастацкага музея з'яўляецца цудоўным завяршальным акордам юбілейнага года маэстра, які мастацкая супольнасць краіны адзначала разнастайнымі праектамі ў 2023 годзе.

Палескі волат 2

Самыя вядомыя работы мастака — оды роднаму Палессю. Гэта ў тым ліку знакамітыя «Матчыны крылы» — хрэстаматыйная, зафіксаваная ва ўсіх падручніках карціна 1976 года. Палессе і родныя Чыкалавічы — не толькі месца, дзе прайшло дзяцінства мастака. Тут нарадзіліся яго выявы, сюжэты, іх хапіла на ўсё жыццё. Калі ў Гаўрыіла Харытановіча пыталіся, якая з работ яго любімая, ён нязменна адказваў: «Любімых няма. Ёсць найбольш эмацыйна выпакутаваныя — тыя, якія звязаны з малой радзімай, домам, мамай ... »

Выстаўка

Палессе для Гаўрылы Вашчанкі было не проста ўвасабленне паняцця «малой радзімы». У кантэксце дадзенага выставачнага праекта вызначэнне «родны край» разглядаецца не толькі як месца, дзе прайшло дзяцінства творцы. Тут Палессе гучыць магутным гімнам чалавеку і прыродзе.

Палессе

Мастак у свой час адкрыў для беларускага выяўленчага мастацтва Палессе, месца, дзе захавалася аўтэнтыка, якая сыходзіць каранямі ў мінулыя стагоддзі. Яго эпічныя і адначасова пранізліва лірычныя пейзажы розных гадоў параўнальныя з манументальнымі роспісамі і габеленамі. У прадстаўленых карцінах ясна прачытваецца аўтарскі стыль Гаўрылы Вашчанкі, які стаў «візітнай карткай» мастака. Яго творчы почырк спалучае ў сабе традыцыі беларускага іканапісу і фрэскавага жывапісу з сучасным манументальным мастацтвам, заснавальнікам і першапраходцам якога, уласна, і з'яўляўся творца.

Юлія Мацура

У шэрагу сваіх сучаснікаў, манументалістаў і жывапісцаў, Гаўрыла Вашчанка заўсёды вылучаўся як першы сярод роўных. Але зусім не таму, што ён дастаткова паспяхова прасоўваўся па іерархічных лесвіцах афіцыйных інстытутаў, займаючы важныя пасады. На працягу амаль паўстагоддзя для мастацкай грамадскасці кожная выстаўка мастака была падзеяй. Думкі, якія даносіў Гаўрыла Харытановіч да гледача, і сёння жывуць і гавораць з намі.

Уладзімір Тоўсцік

Гаўрыла Вашчанка сапраўды быў волатам у выяўленчым мастацтве. Ён думаў маштабна, жыў маштабна, адчуваў нерв самога быцця… Лепшыя яго творы (няхай гэта будзе сюжэтна-тэматычная карціна, партрэт, пейзаж, нацюрморт) увасобілі цэлую эпоху з яе пошукамі ідэалаў і балючымі расчараваннямі, складанымі грамадскімі зменамі і чалавечымі трагедыямі.

Выстаўка Гаўрылы Вашчанкі

Звяртаючыся да актуальных тэм свайго часу і таго, што асабіста яго хвалявала (трагедыя Вялікай Айчыннай вайны, чарнобыльская катастрофа, міфалагічная і хрысціянская тэматыка і інш.), Гаўрыіл Вашчанка пазбягаў іх лабавога чытання, штучных сцэн, залішняй апавядальнасці. Майстар заўсёды ўвасабляў тэмы праз алегарычныя, умоўна-міфалагічныя вобразы, у аснову якіх пакладзены філасофскі сэнс, аналітычнае ўспрыманне рэчаіснасці, стварэнне абагульненай і сімвалічнай карціны.

Выстаўка Гаўрылы Вашчанкі

І ў брытанскім Кембрыджы, і ў ЗША мастака прызнавалі «Чалавекам эпохі», «Чалавекам ХХ стагоддзя». А ён нікога не слухаў, толькі захоўваў вернасць Радзіме. Увесь скіраваны ў неба, ён быў самы сапраўдны матсак палескай зямлі, якую аралі яго продкі.

Выстаўка "Палескі волат"

Нарадзіўся Гаўрыла Харытановіч Вашчанка 20 чэрвеня 1928 года на Гомельшчыне, у вёсцы Чыкалавічы Брагінскага раёна. У час вайны вёска была спалена ворагамі, а сам падлетак знайшоў прытулак у партызанскім атрадзе. Праз шмат гадоў гэты факт з асабістай біяграфіі навеяў мастаку сюжэт яго вядомай карціны «Балада аб мужнасці», якая была ўдастоена сярэбранага медаля імя Мітрафана Грэкава.

Выстаўка "Палескі волат"

Яго бурштынавы пейзаж закрануў не адно сэрца. 95 год з дня нараджэння Гаўрылы Вашчанкі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама