Ён сядзеў перада мной, відавочна саромеючыся. Гутарка не складвалася. І я не магла зразумець, што прымусіла 76-гадовага чалавека проста так, без папярэджання, прыехаць у рэдакцыю. Бо здавалася, што сказаць яму асабліва няма чаго. Дзяжурныя фразы, якія можна агучыць па тэлефоне ці напісаць у лісце.
– На самай справе я, калі шчыра, чакаў убачыць не вас, – нарэшце патлумачыў суразмоўца. – Вас клічуць гэтак жа, як адну дзяўчыну... Ёй было 15-16 гадоў, калі я яе ведаў. Цяпер, вядома, ёй за 70. Убачыў ваша імя ў газеце і падумаў: раптам... яна.
Аднаго пільнага позірку ў яго вочы хапіла, каб зразумець: ён кінуў усе свае справы і рызыкнуў. Не баючыся здацца смешным, разумеючы, як мала шанцаў, прыехаў у надзеі ўбачыць тую самую. Для ўсіх, хто лічыць, што цела, якое старэе, абараняе нас ад жаданняў і пачуццяў, ад кахання і надзеі, – не верце ў гэта. Доказ быў проста перада мной – у вачах гэтага сталага мужчыны.
Знялі табу на старасць
Пра закінутасць, сум, страх смерці і ў той жа час пра каханне і надзею распавядае гледачам спектакль «Пансіён Belvedere». Рэжысёр – італьянец Матэа Сп'яці. Іграюць пастаноўку ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек ужо другі год, а цікавасць гледачоў да яе ўсё павялічваецца. Чаму? Мы не хочам думаць пра старасць (ні сваю, ні родных), хаця і разумеем, што яна непазбежна дагоніць нас. Нягледзячы на тое, што персанажы ў спектаклi не прамаўляюць ніводнага слова, у іх атрымліваецца настолькі пагрузіць гледача ў атмасферу, што ўцячы ад уласных перажыванняў становіцца амаль немагчыма. Нездарма на выхадзе з залы пасля заканчэння імпрэзы многія не маглі стрымаць слёз.
Дзеянне адбываецца ў пансіёне для сталых людзей. Па волі лёсу там апынуліся 6 старых, за якімі наглядаюць галоўны ўрач і медсястра. На тварах акцёраў – маскі, перадаць эмоцыі сваіх герояў яны могуць толькі пластыкай. Вось старыя з дзіцячым азартам цікавяцца, чым сёння іх пакормяць у сталовай, вось да нямоглай маці прыходзіць сын з адзінай мэтай – каб яна падпісала патрэбныя дакументы. Вось тэлефонны званок, які абвяшчае прыход самой смерці.
Самая вялікая інтрыга, пра якую гледачы спектакля даведаюцца толькі напрыканцы, – пад маскамі старых хаваюцца маладыя людзі (сярэдні ўзрост акцёраў каля 30 гадоў).
У чым пасыл спектакля? Як гэта – адчуваць сябе старым? Як змяняецца стаўленне да старасці, калі атрымліваецца адчуць сябе ў гэтым стане, яшчэ калі быў маладым?
Здымачная група інфармацыйнага партала Здаровыя людзі сустрэлася з акцёрамі спектакля і атрымала адказы на гэтыя пытанні з першых вуснаў.
Натхненнем сталі родныя людзі
Пяць гадоў пасля пенсіі – і людзі за бортам?
Каханню скараюцца ўсе ўзросты?
Заканчваецца спектакль нечаканым хэпі-эндам, калі ўсе старыя знайшлі сваё каханне і стварылі пары. Ці магчыма такое ў рэальным жыцці, ці гэта прыгожая задумка?
Яшчэ больш пра спектакль, меркаванні і пераўвасабленні герояў, рэакцыю гледачоў глядзіце ў нашым відэа.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by