08.06.2020
08.06.2020

Калі сонца не вораг. 10 важных правілаў паводзінаў у спякоту

logo
Здароўе дарослых
0 78
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У дні, калі тэмпература паветра набліжаецца да высокіх значэнняў са знакам плюс, многія з нас адчуваюць сябе без сіл, марачы аб прахалодзе і цяньку. Гарачае надвор'е не толькі выклікае дыскамфорт, але і ўяўляе небяспеку для здароўя. Яно можа стаць прычынай абвастрэння хранічных захворванняў, прывесці да перагрэву арганізма і рэзкага пагаршэння здароўя, абязводжвання, а таксама павышае рызыку сонечнага і цеплавога ўдару.

Доўгае знаходжанне пад гарачым летнім сонцам можа справакаваць абвастрэнне ішэмічнай хваробы сэрца, артэрыяльнай гіпертэнзіі. Спякотнае надвор'е – вялікая нагрузка для тых, хто яшчэ не гатовы ці не можа адаптавацца да высокіх летніх тэмператур, – у першую чаргу для дзяцей (асабліва да 4-х гадоў) і людзей ва ўзросце, у якіх зніжаныя адаптацыйныя магчымасці арганізма, у тым ліку тэрмарэгуляцыя.

Пра тое, як пазбегнуць негатыўных наступстваў гарачага надвор'я, інфармацыйны партал Здаровыя людзі параіўся з Вадзімам Сушынскім, галоўным пазаштатным спецыялістам па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчыкам кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнтам.

Спякота прыйшла!

Не забывайцеся на галаўны ўбор.

Правіла № 1. Паспрабуйце скараціць час знаходжання пад прамымі сонечнымі промнямі

Не забывайцеся на галаўны ўбор. Можна скарыстацца парасонам.

Калі ў вас наперадзе праца на прысядзібным участку, дык выконваць яе варта не пазней за 11 гадзін раніцы, прычым час ад часу рабіць невялікія перапынкі. Разам з тым, калі з'явілася пачуццё цяжару ў вобласці сэрца, перад вачыма закруціліся «мушкі», працу варта неадкладна спыніць.

Правіла № 2. Тэмпературу на кандыцыянеры пажадана ўстанаўліваць не менш за 23–25˚С са знакам плюс

Калі памяшканне не абсталяванае кандыцыянерам, дык паветра можна астудзіць наступным спосабам: перад вентылятарам паставіць ёмістасць з вадой, якая, выпарваючыся пад патокам паветра, на 2-3 градусы знізіць тэмпературу ў памяшканні.

У гарачыя дні трэба піць шмат вадкасці.

Правіла № 3. У гарачыя дні трэба піць шмат вадкасці

Не забудзьцеся ўзяць з сабой на вуліцу ёмістасць з вадой. Для таго, каб не дапусціць абязводжвання арганізма, варта выпіваць ад 1,5 да 3 літраў у дзень.

Чым жа лепей здаволіць смагу?

Ледзяная вада ў такіх выпадках не самы лепшы выбар: яна надоўга затрымліваецца ў страўніку і мінеральныя рэчывы, якія вада ўтрымлівае, не могуць насыціць клеткі арганізма. Акрамя гэтага, занадта халодныя напоі правакуюць павышанае потавыдзяленне. Таму выбар за астуджанай вадой. Калі вы аддаяце перавагу сокам, дык іх лепей ужываць папярэдне разведзенымі.

Добра спатольваюць смагу, кефір і пітны ёгурт, гарачы зялёны чай (без цукру), а таксама морс, кампот з сухафруктаў. Карысна і смачна.

Што піць не варта, дык гэта алкаголь. У тым ліку і халоднае піва, а таксама газаваныя напоі. Яны не спатольваюць смагу.

 
Вадзім Сушынскі
Галоўны пазаштатны спецыяліст па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт
Звярніце ўвагу на тое, каб усе напоі, якія вы п'яце, не былі халоднымі. У спякоту значна вырастае верагоднасць захварэць на ВРІ і ангіну.

Правіла № 4. Вопратку ў гарачыя дні выбірайце з натуральных і лёгкіх тканінаў, пажадана светлага колеру

Разам з тым, калі тэмпература паветра падымаецца вышэй за + 28˚С, без асаблівай на тое неабходнасці на вуліцу лепей не выходзіць. Асабліва, калі сонца самае агрэсіўнае – з 11 да 17 гадзін.

Правіла № 5. У самы пік гарачага надвор'я не варта знясільваць сябе фізічнай нагрузкай

Як растлумачыў спецыяліст, падчас спякоты сасуды, якія знаходзяцца ў скуры, пашыраюцца, пульс і дыханне – пачашчаюцца. Нярэдка зніжаецца і артэрыяльны ціск. Але асноўным механізмам тэрмарэгуляцыі арганізма чалавека з'яўляецца потавыдзяленне, якое значна павялічваецца пры перагрэве. Напрыклад, пры тэмпературы паветра да 30°С і вышэйшай потавыдзяленне павялічваецца ў 4-5 разоў. У гарачы дзень страта вільгаці пры сярэдняй фізічнай нагрузцы на паветры складае ад 2 да 6 л. А гэта ўжо цягне за сабой абязводжванне.

Правіла № 6. У такое надвор'е нішто не заменіць эфект ад кантраснага душа

У спякоту нішто не заменіць эфект ад кантраснага душа

Калі не атрымліваецца прымаць на працягу дня, не адмаўляйце сабе ў такім задавальненні раніцай і ўвечары.

Правіла № 7. Тым, хто пакутуе на артэрыяльную гіпертэнзію, вельмі важна ў спякоту кантраляваць свой узровень артэрыяльнага ціску

Добра, калі чалавек можа сам адчуць яго змену. Але лепей мець пры сабе танометр. Справа ў тым, што ў дадзенай сітуацыі самая вялікая небяспека – пераменнасць.

 
Вадзім Сушынскі
Галоўны пазаштатны спецыяліст па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт
Узровень артэрыяльнага ціску ў момант перападу тэмператур можа ці павысіцца, ці ж, на фоне пастаяннага прыёму лекавых сродкаў, наадварот, знізіцца. Такі эфект можа адбыцца, напрыклад, калі арганізм абязводжаны.

Правіла № 8. Не купляйце прадукты ў вулічных гандляроў

Спякота – спрыяльныя ўмовы для размнажэння бактэрый, што можа прывесці да цяжкіх наступстваў.

Правіла № 9. У гарачае надвор'е ежа павінна быць лёгкай

Агародніна, садавіна, адварная ці тушаная рыба, курыца, халодныя супы і халаднікі, халодны боршч або бурачнік. Меней ешце тлустых, смажаных, вэнджаных і салодкіх страў, гарачых супаў. На дэсерт можна выбраць ягады.

Правіла № 10. У летнія гарачыя дні людзей вабяць вадаёмы

Але і тут ёсць свае нюансы. Акрамя агульнапрынятых правілаў паводзінаў на вадзе, не варта забывацца, што купацца лепей раніцай ці ўвечары. Прычым тэмпература вады павінна быць не ніжэйшай за 17-19 градусаў – у больш халоднай знаходзіцца небяспечна.

Важна!

  • Без шкоды для здароўя знаходзіцца на сонцы можна да 11 раніцы і пасля 17 вечара.
  • Тым, у каго на целе вялікая колькасць радзімак, час знаходжання на сонцы варта скараціць.
  • Не варта загараць да чырвані і сонечных апёкаў. Калі па якой прычыне гэта адбылося, правядзіце наступныя два дні (як мінімум) у цяньку.
  • Знаходзіцца на сонцы без асцярогі можна не больш за 1,5-2 гадзіны ў дзень.
  • Грудным дзецям сонечныя ванны супрацьпаказаныя.
  • Адзенне цалкам не абараняе скуру ад сонечнага выпраменьвання: бавоўна прапускае 6% сонечных промняў, у мокрым выглядзе гэты працэнт павялічваецца да 20.
  • Перад выхадам на сонца абавязкова выкарыстоўвайце сонцаахоўны крэм. Памятайце, што яго трэба перыядычна абнаўляць і выбіраць з тым узроўнем SPF, які адпавядае вашаму фотатыпу ускуры.
  • Калі вы адпачываеце на моры, дык пасля купання не палянуйцеся, а апаласніцеся прэснай вадой ці добра абатрыце сябе ручніком. Салёныя кроплі ствараюць эфект лінзы, а значыць, павышаюць рызыку атрымаць апёк.

Фота эксперта – Аксана Жураўлёва.

Што яшчэ карысна ведаць:

Карысць і шкода мінеральнай вады для арганізма

Хуткая дапамога дзіцяці: сонечны і цеплавы ўдар

Калі сонца не вораг. 10 важных правілаў паводзінаў у спякоту

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 78

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама