Колькасць курсаў па фэйсфітнэсу, фэйсбілдынгу, самамасажу расце кожны дзень. Звычайна іх праграмы складаюцца з комплексу маніпуляцый, якія падцягнуць скуру і накачаюць цягліцы, пазбавяць ад маршчын і здымуць ацёкі. У большасці яны накіраваныя на хатняе амаладжэнне.
Але там, дзе адны захапляюцца такой магчымасцю, іншыя кажуць, што падобныя праграмы бескарысныя і нават небяспечныя. Таму аўтар «СЛУШНА» вырашыла разабрацца, якія сакрэты хаваюцца за складанымі назвамі, і паразмаўляла з урачом-касметолагам Міжнароднага навучальнага цэнтра «Вергіна» Святланай Гаўрылавай.
Тэхнікі амаладжэння
– Давайце спачатку вызначымся з азначэннямі. Што такое фэйсфітнэс, фэйсбілдынг, самамасаж? Праграммы называюцца па-рознаму, а ў іх могуць быць аднолькавыя практыкі. Можа усе гэтыя працэдуры і ёсць адно і тое ж?
– Гэта тры розныя тэхнікі: падчас працэдур выкарыстоўваецца розны комплекс рухаў рук чалавека.
Фэйсфітнэс – гімнастыка для твара, якая дазваляе паслабіць цягліцы, зрабіць іх больш эластычнымі, добра «выкласці» падскурна тлушчавы пласт.
Фейсбылдінг – «пракачванне» цягліц, інтэнсіўныя рухі, накіраваныя на фарміраванне, конрутынг авала твару.
Самамасаж уяўляе сабой лёгкія рухі па масажных лініях, якія выконваюцца ў хатніх умовах на працягу 5–10 хвілін, з выкарыстаннем крэма.
– На ваш погляд, чаму гэтыя тры методыкі часта аб'ядноўваюць у адну праграму?
– Аб'яднанне звязана з прафесіяналізмам. Ёсць людзі, якія вельмі спагадліва ставяцца да прафесіі і сваіх задач. Ёсць іншыя. Для мяне фэйсбілдынг, фэйсфітнэс і самамасаж – розныя методыкі з агульнай мэтай амаладжэння.
– Калі ўсе працэдуры сумешчаны ў адну праграму, як вызначыць, што адносіцца да фэйсіфінесу, што да фэйсбілдынгу… ?
– Калі вы прыйдзеце да спеціяліста па масажы, ён пасля дыягностыкі скуры вызначыць, што неабходна менавіта вам.
– Самастойна вызначыць не атрымаецца?
– Гэта як падабраць рэцэптуру хатняга догляду. Нельга купіць такі ж крэм, як у суседкі, і стаць шчаслівай. Мы ўсе розныя, і толькі прафесіянал бачыць, што падыходзіць канкрэтнай асобе. Таму, калі чалавек прымае рашэнне выкарыстоўваць тэхнікі і рабіць масажы самастойна, то лепей пракансультавацца з прафесіяналам.
Ён прааналізуе стан скуры, падбярэ найбольш актуальную праграму. Растлумачыць, што такое масажныя лініі, чаму трэба рухаць пальцамі менавіта ад цэнтра да перыферыі твару, дзе знаходзяцца кропкі завяршэння руху – тут няма дробязяў.
Няправільнае выкананне можа прывесці да праблем. Адбудзецца ўшчамленне нервовых канчаткаў, з'явяцца галаўны боль і набраканні пад вачыма.
– З якімі захворваннямі не варта самастойна праводзіць маніпуляцыі са скурай?
– Ёсць медыцынскія паказанні: артэрыяльная гіпертэнзія, анкалагічныя захворванні (у тым ліку ў поўнай рэмісіі), неўрыты. Перш чым абраць методыку, я раю атрымаць кансультацыю ў спецыяліста. Каб дакладна ведаць, што ў канкрэтным выпадку з'яўляецца больш бяспечным і прыдатным спосабам для барацьбы з узроставымі зменамі.
– Вельмі цікава, ці магчыма накачаць твар і гэтым вырашыць узроставыя праблемы, як абяцаюць курсы па фэйсбілдынгу?
– Гэта немагчыма зрабіць. Таму што цягліцы твару вельмі адрозніваюцца ад цягліц шкілета. У нас на твары 48 цягліц і толькі лобная мае падвойнае прымацаванне, у астатніх – па адным. Усе цягліцы ўплятаюцца адна ў адну і ў кругавыя цягліцы рота і вачэй.
Чаму магчыма пракачаць цягліцы цела? Яны маюць два прымацаванні. Калі цягліцы шкілета атрафіраваліся, мы можам іх прывесці ў тонус з дапамогай трэніровак. У цягліц твару няма апоры для моцнага скарачэння. Іх не атрымаецца накачаць. Цягліцы твару можна зрабіць больш эластычнымі, раслабленымі, калі зняць спазм.
Фэйсбілдынг – глыбокая прапрацоўка мускульнага каркаса твару. Няправільнае выкананне тэхнікі можа прывесці да гіпертонусу.
– Што такое тонус і гіпертонус?
– Тонус – стан, пры якім цягліца скарачаецца і расслабляецца. А пры гіпертонусе мышца скарачаецца, але назад не вяртаецца. Парушаецца крывацёк, лімфаадток, што прыводзіць да змены стану скуры.
– Можаце падрабязней расказаць пра змены?
– Касметолагі працуюць з сям’ю праблемамі скуры – гэта себарэгуляцыя, запаленні, постакнэ, розацэя, купероз, пігментацыя, узроставыя змены. І двума тыпамі дэфектаў скуры – гіперкератоз і шрамы. Кожная праблема разглядаецца асобна, але ў сутнасці ўсе яны прыводзяць да старэння. Узроставыя змены – самая складаная задача.
Важна вызначыць марфатып старэння скуры. Ёсць мускульны, дэфармацыйны, стомлены, дробнамаршчыністы і смешаны тыпы. У славян генетычна слаба развітыя скуловыя косці і цягліцы. З узростам у нас лобная частка чэрапа ссоўваецца назад, а сківіца – высоўваецца наперад. Такім чынам апускаецца падскурна-тлушчавы пласт. Таму мы вельмі схільныя да стомленага марфатыпу старэння. Гэта выяўляецца ў выглядзе азызласці, птозу ў ніжняй траціне твару. Узнікае ўражанне, што чалавек вельмі стаміўся.
– Чаму скура старэе?
– На мой погляд, старэнне скуры переважна адбываецца праз ультрафіялет. Альфа-прамяні пранікаюць глыбока ў дэрмальны пласт скуры і мяняюць ДНК клетак. Бэта-прамяні ўздзейнічаюць на паверхню скуры, выклікаюць хранастарэнне.
Пры ўздзеянні ўльтрафіялету выпрацоўваюцца свабодныя радыкалы, якія руйнуюць эласцін и калаген. Аднавіць іх немагчыма.
З узростам рагавы пласт скуры руйнуецца і перастае блакаваць ультрафіялет. Скура становіцца атанічнай (адрузлай). Косці старэюць, мышцы губляюць эластычнасць. З кожным годам яны перайначваюцца, а хуткасць узроставых змен павялічваецца. Памяншаецца скарачальная функцыя цягліц, яны прыходзяць у гіпертонус.
– Якія прычыны з'яўлення гіпертонуса?
– Могуць быць арганічныя (недахоп кальцыя, магнію, мікраэлементаў), псіханеўратычныя, механічныя (перанесеныя траўмы) прычыны. Да гіпертонусу можа прывесці працяглае знаходжанне ў адным палажэнні. Калі працуюць з гіпертонусам, першапачаткова вызначаюць прычыну, якая прывяла да яго. І пасля займаюцца цягліцамі. Калі ў арганізме, напрыклад, мала магнію, а курс масажу пачалі, не блакуючы першапрычыну, выніку не будзе.
– Часта можна пачуць сцвярджэнне, што з дапамогай фэйсфітнэса танізуюць цягліцы, а гэта дапамае ў амаладжэнні. Што падчас працэса адбываеца з цягліцамі?
– Калі цягліца атанічная (друзлая), з дапамогай фэйсфітнэсу мы прымушаем яе скарачацца. Шчыпкамі, расціраннем і іншымі рухамі мы нагадваем ім, як яны павінны выконваць сваю функцыю.
– Мы гаворым пра тое, што зрабіўшы пэўныя працэдуры, можна танізаваць цягліцы. Але цягліца ў тонусе – раслабленая. Дык можа не трэба танізаваць, а неабходна раслабляць?
– Калі гаворым пра гіпертонус, адразу неабходна мышцу паслабіць і потым працаваць над тым, каб прывесці яе ў тонус – зрабіць эластычнай.
– А што адбываецца падчас самамасажа?
– Самамасаж стымулюе рухі крыві па крывяноснай сістэме, павышае скарачэнне сценак сасудаў, так умацоўваюцца капіляры, а гэта блакіроўка купероза. Таксама масаж паляпшае пранікненне актыўных інгрэдыентаў касметычных сродкаў у скуру.
– З якімі ўзроставымі зменамі скуры можна змагацца з дапамогай фэйсфітнэса, фэйсбілдынга або самамасажа? Напрыклад, выправіць апалы авал твара?
– Можна з дапамогай пэўных масажных тэхнік, якія праводзяцца па лімфалініі. Так мы зможам пазбавіцца ад лімфазастоя і актывізуем рух лімфаадтоку, тым самым знімем птоз.
– … заломы, маршчыны?
– Ёсць два тыпу маршчын – статычныя і дынамічныя. Статычная маршчына – гэта ўжо сфарміраваны залом у цягліцавым каркасе. Статычныя маршчыны прыкметныя, мы іх бачым, калі цягліца знаходзіцца ў спакоі. З дапамогай танізавання цягліцы мы можам скараціць глыбіню маршчыны, але не прыбраць яе. Дынамічныя маршчыны ўтвараюцца падчас руху цягліцы (мімікі), у стане спакою мы іх не бачым. З дапамогай масажу можам працягнуць пераход дынамічных маршчын у статычныя.
– … бульдожыя шчокі?
– Не думаю, што з дапамогай трэніровак і масажу можна вырашыць гэтую праблему.
– … маршчыны пад вачыма?
– Яны фарміруюцца ад абязводжанасці. Атанічнасць кругавой цягліцы вока мы можам зняць з дапамогай самамасажу. Будзе актывізавацца выпрацоўка фібрабласты, што дасць дадатковае ўвільгатненне. Але скура вакол вачэй далікатная, яна адрозніваецца ад скуры твара. Тут няма бліскучага і крупчастага пластоў, у вобласці арбіталі няма падскурнага тлушчавога пласта. Ёсць толькі арбітальны тлушч, які з'яўляецца блакатарам траўматызацыі вочнага яблыка і нічога агульнага з падскурна-тлушчавым пластом не мае. Таму прыбраць дробныя маршчыны толькі з дапамогай масажу не атрымаецца.
– … другі падгардзёлак?
– Другі падгардзёлак – гэта гіпертонус цягліц і фарміраванне падскурна-тлушчавага пласта. Праблема другога падгардзёлка звязана з работай бакавой цягліцы шыі, падраменічнай і трапецападобнай цягліц. Таму ўздзейнічаць толькі на мышцу недастаткова, неабходны комплексы падыход. Спачатку з дапамогай масажу трэба прапрацаваць мышцы дэкальтэ, спіны і толькі потым варта думаць пра лакальнае ўздзеянне.
Але калі ўзнік вялікі падскурна-тлушчавы пласт, то дакладнай лініі падгардзёлка вы ўсё роўна не ўбачыце. Таму далей неабходна працаваць з падскурна-тлушчавым пластом. Існуе шмат метадаў барацьбы, у тым ліку хірургічны.
– Наколькі магчыма цягліцы твара аднавіць да генетычна зададзенага стану?
– Не думаю, што ўвогуле магчыма. Было б усё проста, калі б мы маглі ўсё свае недахопы прывесці ў першапачатковы стан, мы б проста не старэлі. Але кожныя 5 гадоў цягліцы твара губляюць 2% аб'ёму. Гэта незваротны працэс.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by