Рэакцыя псіхікі на пандэмію ва ўсіх розная. Хтосьці ўспрымае новую інфекцыю як звычайную сезонную ВРВІ, а ў кагосьці могуць здарыцца панічныя атакі. Як лягчэй справіцца з хваробай? Вопыт беларускага псіхатэрапеўта.
Падтрымка пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй
– У асноўным пацыенты з COVID-19 звяртаюцца са скаргамі на пачуццё трывогі з нагоды стану свайго здароўя і здароўя блізкіх, наступстваў перанесенага захворвання. Трывога можа выяўляцца ў выглядзе парушэння сну, унутранага неспакою, прыступаў панікі, у саматычных сімптомах, – распавядае Таццяна Раманоўская, псіхатэрапеўт, асістэнт кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі БДМУ. – Гэта абумоўлена шэрагам абставінаў: інфармацыйным арэолам вакол COVID-19, ізаляцыяй ад блізкіх, асаблівасцямі лячэння захворвання, што абцяжарвае блізкі кантакт з урачом: ён, як правіла, у ахоўным касцюме, у якім цяжка камунікаваць. Лішак інфармацыі, што палохае, з аднаго боку і часцяком недахоп інфармацыі пра рэальны стан уласнага здароўя з другога, боязь за блізкіх – усё гэта сілкуе пачуццё трывогі, адчуванне страты кантролю, бездапаможнасці. Стан абвастраецца яшчэ і праблемамі з дыханнем, якія, натуральна, палохаюць людзей.
Базавыя парады псіхатэрапеўтаў для такіх пацыентаў зводзяцца да галоўных пасылаў: не заставацца сам-насам з праблемай і думаць пазітыўна.
1. Заставайцеся на сувязі са светам.
Цяжкія вірусныя інфекцыі аказваюць уплыў на ўвесь арганізм, у гэты перыяд людзям уласцівы стан прыгнечанасці. Адзінота сам-насам з трывожнымі думкамі пагаршаюць гэты стан. Таму пацыентам неабходны кантакт з роднымі, сябрамі і спецыялістамі. У фізічнай ізаляцыі на дапамогу прыходзяць гаджаты. Трэба знаходзіцца на сувязі са светам. На дадзены момант наладжаная магчымасць анлайн-дапамогі: крызісныя псіхолагі, псіхатэрапеўты бясплатна, ананімна, кругласутачна кансультуюць пацыентаў. Інфармацыя пра гэта маецца ў бальніцах і паліклініках.
2. Будуйце планы на будучае: разважайце пра тое, што будзе пасля бальніцы або самаізаляцыі, прадумвайце, напрыклад, пасадкі на дачы, планы на адпачынак, набыццё новага прыгожага касцюма, давайце пазітыўныя ўстаноўкі: трэба хутчэй ачуняць, каб убачыць унука, які нарадзіўся, дарабіць важную справу. Таксама варта ўспамінаць добрыя моманты жыцця. І абавязкова адцягваць увагу ад хваробы: глядзець любімыя фільмы, чытаць. І адназначна абмежаваць прагляд навінаў.
3. Падтрымлівайце ў сабе надзею: думайце пра тых, каму вы патрэбныя і хто патрэбны вам. Сэнс дапамагае пераадолець самыя няпростыя цяжкасці. Там, дзе гэта магчыма і прымальна, глядзіце на сітуацыю з гумарам. Гумар – магутны сродак ад страху і безнадзейнасці.
4. Фільтруйце стасункі. Ёсць такое паняцце – «псіхічнае заражэнне»: роспач і страх бываюць заразнымі, мы іх люстрэчым. Таму ў няпростыя часы трэба мець стасункі з тымі, хто падтрымлівае. Даследаванні паказваюць, што, падтрымліваючы іншых, мы таксама можам зараджацца аптымізмам.
5. Прымайце свае пачуцці. Злосць, трывога, крыўда, шкадаванне сябе – гэта нармальныя пачуцці ў адносінах да ненармальнай сітуацыі.
6. Выкарыстоўвайце тэхнікі саўладання са стрэсам. Іх можна атрымаць і пры кантакце з псіхолагам, звярнуўшыся на тэлефон даверу.
А родным таго, хто захварэў, – галоўная парада: клапаціцца пра сябе, захоўваць надзею і сілы, каб падтрымліваць блізкага чалавека, – падсумоўвае спецыяліст.
Віна таго, хто выжыў, і гараванне
У краінах з высокай смяротнасцю ад COVID-19 урачы адзначаюць такі феномен, як сіндром віны таго, хто выжыў. Калі чалавек дакарае сябе за тое, што яго сябар, сямейнік памёр, а ён жывы. Што ў такіх выпадках трэба сказаць чалавеку, каб палегчыць гэтыя перажыванні?
– Пачуццё віны суправаджае страту, асабліва калі яна раптоўная і «несправядлівая», – кажа Таццяна Раманоўская. – Таму, хто гаруе, патрэбныя эмпатыя і прыняцце яго пачуццяў. Рэакцыя гора доўжыцца каля года, і важна не фарсіраваць падзеі. Але гэта не павінна зацягвацца. Пацыентам трэба даць разуменне, што чалавека не вярнуць, таму лепей думаць, што мы можам рабіць для жывых, у тым ліку і для сябе. Чаго б хацелі тыя, хто пайшоў: каб мы абвінавачвалі сябе, пакутавалі ці радаваліся жыццю?
Яшчэ адзін выклік для псіхікі ў гэтую пандэмію – раптоўнасць смерці і немагчымасць нармальна развітацца з памерлым ад каранавіруснай інфекцыі. У Беларусі частыя выпадкі, калі іх хаваюць у патолагаанатамічным мяшку ў наглуха зачыненай труне.
– Рытуалы пахавання патрэбныя, каб нам было лягчэй прыняць страту. Парушэнне рытуалу, калі з чалавекам нельга развітацца вочна, візуальна з-за закрытай труны ў кагосьці адназначна выкліча цяжкасці ў прыняцці страты, – падкрэслівае псіхатэрапеўт. – У дадзенай сітуацыі можна выкарыстоўваць фотаздымак, звярнуцца да рэлігійных традыцый (замовіць адпяванне, да прыкладу).
У гэтым пытанні трэба ведаць, што згодна з інфармацыяй СААЗ целы памерлых ад інфекцыі COVID-19 не з'яўляюцца крыніцай інфекцыі. Тое, што інфіцыраваных трэба толькі крэміраваць, гэта міф.
Рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі не ўстанаўліваюць такіх абмежаванняў. Наадварот, у іх гаварыцца, што:
- асобы, памерлыя ад інфекцыі COVID-19, могуць быць пахаваныя або крэміраваныя (у адпаведнасці з рэлігійнымі асаблівасцямі);
- цырымонія развітання можа праходзіць як пры адчыненай труне (пры выкананні базавых рэкамендацый), так і пры зачыненай.
На цырымоніі рэкамендуецца мінімізаваць колькасць прысутных (толькі самыя блізкія родзічы), выключыць дотыкі да цела, захоўваць дыстанцыю не менш за метр ад памерлага, правілы сацыяльнага дыстанцыявання.
Яшчэ ў лютым у часопісе «Ланцэт. Псіхіятрыя» псіхіятры з Вялікабрытаніі і Кітая апублікавалі артыкул «Пацыенты з псіхічнымі расстройствамі падчас эпідэміі COVID-19», дзе адзначылі: з-за больш эмацыянальнага рэагавання на пандэмію ў дадзенай катэгорыі магчымыя рэцыдывы расстройстваў або пагаршэнне стану.
Таму для іх таксама падыходзяць вышэйназваныя парады: не заставацца сам-насам з праблемамі, актыўна выкарыстоўваць магчымасці анлайн-кансультавання ў спецыялістаў, падкрэслівае Таццяна Раманоўская. Хаця ў сваёй практыцы сёння яна назірае і зваротную тэндэнцыю:
– Як не дзіўна, стан у часткі маіх пацыентаў з псіхічнымі расстройствамі стабілізаваўся. Напэўна, гэта можна растлумачыць тым, што на фоне глабальнасці праблемы іх уласныя канфлікты і перажыванні не здаюцца ім такімі цяжкімі.
Кантакты псіхалагічнай дапамогі, у тым ліку пацыентам з COVID-19
Псіхалагічная дапамога ў Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей (панядзелак-пятніца з 9.00 да 20.00; субота, нядзеля – выхадны):
+375 (17) 318-32-32
+375 (29) 367-32-32 (А1)
+375 (33) 603-32-32 (МТС)
Skype: socialfamilyhelp
Экстранная псіхалагічная дапамога ў Мінску для дарослых.
Кругласутачна: 8 017 352 44 44, 8 017 304 43 70.
Экстранная псіхалагічная дапамога ў Мінску для дзяцей і падлеткаў.
Кругласутачна: 8 017 263 03 03.
Экстранная псіхалагічная дапамога ў Брэсце.
Кругласутачна: 8 0162 255 727.
Экстранная псіхалагічная дапамога ў Віцебску.
Кругласутачна 80212 61 60 60.
Экстранная псіхалагічная дапамога ў Гомелі.
Кругласутачна: 80232 31 51 61.
Экстранная псіхалагічная дапамога ў Гродне.
Кругласутачна: 80152 170.
Экстранная псіхалагічная дапамога ў Магілёве.
Кругласутачна: 80222 47 31 61
Мінскі абласны клінічны цэнтр «Псіхіятрыя-наркалогія»:
+375 17 270 24 01, +375 (029) 899-04-01 (MТС, Viber, Telegram, WhatsApp) — экстранная псіхалагічная дапамога (кругласутачна, ананімна, бясплатна).
Кругласутачныя тэлефоны экстраннай псіхалагічнай дапамогі ў раённых цэнтрах размешчаныя на сайтах цэнтральных раённых бальніц.
Псіхалагічная дапамога Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сталым людзям:
Нумар 201. Званкі бясплатныя з усіх мабільных аператараў «life :)», «МТС Беларусь», «А1». 122 – тая ж дапамога, але па стацыянарным тэлефоне.
Група ў вайберы ад Клубнага дома «Адкрытая душа» – тревоgo.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by