31.07.2017
31.07.2017

Скрыпач Павел Бацян: «Я на «запарожцы» спаборнічаю з «ферары»… і займаю прызавыя месцы»

logo
Асобы i лёсы
0 81
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

— Сыночак, хадзі сюды, — паклікала мама з кухні. Трохгадовы Паша з неахвотай адклаў канструктар і накіраваўся да бацкоў. Калі праходзіў праз гасцёўню, прыслухаўся да гукаў тэлевізара — і замёр. Хлопчык стаяў як укопаны, не звяртаючы ні на што ўвагі.

Трансліравалі канцэрт камернага аркестра «Віртуозы Масквы» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова. Маэстра не толькі дырыжыраваў, але і саліраваў на скрыпцы. Ігралі Моцарта. І цэлую гадзіну маленькі Паша прастаяў перад тэлевізарам, пакуль не сціхлі апошнія гукі… Штосьці незвычайнае адкрывалася яму, чароўнае. Што гэта было, ён па малалецтве тады і сам не зразумеў, але перажытыя адчуванні былі настолькі моцныя, што трапілі глыбока ў падсвядомасць.

І хто тады мог здагадацца, што праз 17 гадоў ён, Павел Бацян, стане адным з вядучых маладых скрыпачоў Беларусі , і сам будзе стаяць на сцэне Крамлёўскага палаца і іграць з гэтым легендарным аркестрам пад кіраўніцтвам маэстра Співакова… Так здараюцца цуды.

Кайрас: момант, калі сустракаюцца час і лёс

У перакладзе са старажытнагрэчаскай кайрас  — «спрыяльны момант». Міфічны бог шчаслівага імгнення ўяўляўся грэкам лысым, з адзіным пучком валасоў на галаве. І толькі за гэтую пасмачку можна было ўхапіць няўлоўнага Кайраса.

У жыцці кожнага чалавека рана ці позна надыходзіць такі момант, калі час сустракаецца з лёсам, упэўнены лаўрэат міжнародных музычных конкурсаў, лаўрэат Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі скрыпач Павел Бацян. І ад таго, як чалавек скарыстаецца гэтым выпадкам, залежыць яго далейшы лёс.

У жыцці самога Паўла такіх момантаў было некалькі. Калі яго прывялі ў музычную школу вучыцца ігры на фартэпіяна (для агульнага развіцця), ён, нечакана для ўсіх, папрасіўся ў клас скрыпкі. Бацькі здзівіліся, але перашкоды чыніць не сталі.

— Не ўсё, канечне, было гладка, — узгадвае Павел. — Не адразу атрымалася сустрэць педагога, які знайшоў са мной агульную мову, і толькі на шосты год навучання я пазнаёміўся з прафесарам Эдуардам Віктаравічам Кучынскім, і ён ўзяў мяне да сябе ў клас. З гэтага моманту я пачаў развівацца як музыкант.

Занятак для душы ці праца?

Мы сядзім і п’ем гарбату. Павел размаўляе спакойна, не павышае голас, але ў вачах яго час ад часу запальваецца такі агонь… Тыпу, ведаеце, калі закранута штосьці вельмі асабістае, бясконца дарагое… І вось гэтае каштоўнае чалавек асцярожна, ледзь-ледзь адкрывае чужым вачам:

— Я вельмі люблю музыку, увесь час яе слухаю. Для мяне неверагоднае задавальненне выступаць на сцэне. Многія хвалююцца, баяцца сцэны, а для мяне гэта радасць. Перад кожным выхадам на сцэну неабходна вельмі вялікая праца, але многія не ўспрымаюць занятак музыканта ўсур’ёз. Нават найвялікшым творцам у гісторыі скрыпічнага мастацтва спатрэбіўся не адзін дзясятак гадоў, каб стаць вядомымі і дасягнуць таго, да чаго яны прыйшлі. І гэта былі лепшыя людзі, найбольш таленавітыя, адораныя.

Адназначна, скрыпка — вельмі цяжкая прафесія. Калі кажуць пра тое, што мы іграем дзеля задавальнення, магу парыраваць: гэта неабходна, каб вытрымаць усю тую працу, што будзе з інструментам для дасягнення хоць нейкіх вынікаў. Тыя, хто не займаецца з задавальненнем, увогуле кінуць інструмент, і я ведаю шмат такіх — губляюць па 20 гадоў, вучацца ў каледжы, у кансерваторыі, плацяць грошы, і потым сыходзяць у іншыя прафесіі. Вытрымліваюць толькі тыя, каму гэта сапраўды падабаецца.

Мая мара развівацца, дасягнуць усяго, на што я толькі здольны, — яна заўсёды прымушала мяне ісці далей. Гэта такая мара, якая будзе доўжыцца ўсё жыццё. Бо за кожнай дасягнутай прыступкай ёсць наступная.

За заслонай. «Са скрыпкай, як з роварам нумар не пройдзе»

Прафесар Кучынскі вучыў, што трэба заўсёды быць гатовым да выпадку: аднойчы ён адбудзецца, і твая задача займацца так, каб быць здольным гэтым выпадкам скарыстацца. Правіла распаўсюджваецца не толькі на музыкантаў. Калі ляжаць на канапе, не павышаць свой узровень пастаянна, то ніколі не будзеш запатрабаваным. Трэба заўсёды быць у форме.

— Паколькі я вельмі люблю сваю прафесію, то ніколі не шкадаваў пра тое, што вымушаны займацца замест таго, каб пайсці на двор пагуляць у футбол з сябрамі, — дзеліцца Павел.

І нават не ўздыхае, не апускае вочы. Падумалася: для хлопчыка прамяняць гульні з сябрамі на музычныя заняткі — гэта нешта да значыць… Дарэчы, любыя фізічныя заняткі ці віды спорту, дзе можна траўміравацца (канькі, ролікі, гульні з мячом), скрыпачу забароненыя. Нават цвік забіваць у сцяну трэба вельмі асцярожна. Рукі і ўсё цела даводзіцца берагчы як зрэнку вока – любое пашкоджанне можа прывесці да немагчымасці заняткаў і нават заканчэння кар’еры.

А займацца трэба кожны дзень:

— У нас няма адпачынку, свят, выхадных і бальнічных. Прычына гэтаму — мышачная памяць. Цягліцы трымаюць патрэбныя адчуванні ў руках толькі на працягу нейкага перыяду. Калі іх не падтрымліваць і не развіваць, тады ўменні пачынаюць забывацца. На жаль, такі нумар, як з роварам, калі навучыўся аднойчы і ўжо не забудзеш, са скрыпкай не пройдзе.

Існуе негалоснае правіла – калі чалавек не займаўся адзін дзень, ён вяртаецца ў сваёй працы назад на тры дні, не займаўся два дні – гэта закрэсліва шэсць дзён працы, і г.д. Калі ставішся да сваёй працы, як рамяства, не любіш яе ўсім сэрцам — заняткі пераўтворацца ў катаргу.

Штодзённа неабходна займацца мінімум па чатыры гадзіны. Але тыя, хто хоча дасягнуць сапраўды вялікіх вынікаў, рэпеціруюць па 7-8 гадзін, часам па 9-10. Нягледзячы на перанапружанне цягліц, дзікую стомленасць, боль у шыі, спіне і ныючыя пальцы рук.

Одпачынак таксама трэба планаваць з улікам рэпетыцый. Зразумела, скрыпку паўсюль браць з сабой і пяшчотна берагчы ў дарозе. Толькі выключны геній пасля значнага перапынку ў занятках здольны цудоўна адыграць канцэрт — гісторыя ведае ўсяго толькі некалькі такіх імёнаў. Астатнія павінны працаваць.

— Нават маэстра Співакоў распавядаў, як прыязджае ў Ніцу ў гасцініцу, глядзіць, як на набярэжнай шпацыруюць людзі, разумее, што гэта ўсё не для яго, завешвае шторы, бярэ партытуру і працуе ўвесь дзень, — узгадвае Павел.

Ці наступаць на горла ўласнай песні

Скрыпач — штучная прафесія. Ідучы ўслед за марай, наш суразмоўца разумеў, што наперадзе яго не чакаюць залатыя горы.

Па словах Паўла, пасля кансерваторыі ў музыканта, па сутнасці, адзіны варыянт – сесці ў аркестр. Праўда, ахвочых не так шмат, з улікам невысокага заробку. Таму, хто, як Бацян, стане больш запатрабаваным і зможа мець дадатковыя канцэрты і выступленні, несумненна, будзе прасцей.

Ці патрэбна ў няпростых эканамічных умовах на першае месца ставіць хлеб штодзённы, наступіўшы на горла ўласнай песні? Павел упэўнены:

— Калі чалавек вельмі любіць тое, што ён робіць, гэта апраўдана заўсёды. Абраўшы нелюбімы занятак дзеля матэрыяльнага прыбытку, будзеш кожны день пакутваць, прымушаць сябе хадзіць на нелюбімую працу. Трэба шукаць умовы, калі можна сябе максімальна рэалізоўваць. Ісці за марай варта заўсёды, і калі ты спраўдзішся як прафесіянал, тады будзеш запатрабаваным у любой сферы, з любой спецыяльнасцю. Як казаў псіхолаг Міхаіл Літвак, чым прафесіянал экстра-класа адрозніваецца ад звычайнага супрацоўніка? Ён не шукае працу, праца шукае яго. Таму што гэты чалавек цудоўна ведае сваю справу.

— Дзе больш за ўсё любіце рэпеціраваць?

— Няма месца лепей, чым родны дом — там у мяне самыя зручныя ўмовы для працы. Інтэрнэт пад рукой дае магчымасць прагледзець патрэбны запіс ці знайсці звесткі, неабходныя для лепшага разумення твора, над якім працую. У філармоніі нам забаронена карыстацца інтэрнэтам і вельмі мала класаў для індывідуальных заняткаў.

— Суседзі не скардзяцца?

— З суседзямі мне, можна сказаць, пашанцавала. Яны самі заўсёды слухалі вельмі гучную музыку, і наўрад ці чулі штосьці, акрамя свайго магнітафона. Затое ніхто не прыходзіць да мяне з прэтэнзіямі.

— На гастролях дзе ў першую чаргу імкнецеся пабываць?

— Я, па сутнасці, нармалёва не бачыў ні воднай краіны, таму што нашы гастролі праходзяць заўсёды аднолькава. Прыязджаем, адразу бяром інструменты, ноты, заходзім у памяшканне, рэпеціруем, а калі заканчваем, адразу з’язджаем. Вельмі рэдка арганізатары гастроляў ідуць насустрач і робяць расклад такім чынам, каб у музыкантаў было некалькі гадзін пагуляць і паглядзець горад. Але гэта адзінкавыя выпадкі. Звычайна з-за эканоміі сродкаў графік вельмі строгі.

— Колькі ў Вас скрыпак?

— Адна. Дазволіць сабе дзве я не магу. І гэта звычайны інструмент. Нядаўна я вярнуўся з Францыі з майстар-класаў аднаго з вядучых прафесараў свету. Да яго прыехалі студэнты з лепшых навучальных устаноў, у тым ліку з Джульярдскай школы, Венскага ўніверсітэта музыкі — вось у іх інструменты нашмат лепей, зусім іншае гучанне. Я, на жаль, вымушаны спаборнічаць на запарожцы ў гонках з феррары. Выціскаю з яе ўсё, што магчыма.

— Самае яркае ўражанне ў жыцці?

— Узаемадзеянне з Эдуардам Віктаравічам Кучынскім было яркім перыядам для мяне. Я мог прыходзіць у клас да такой неардынарнай асобы, ён цудоўна ставіўся да сваіх вучняў, кожнага бачыў наскрозь і разумеў, што, каму і калі сказаць.

Таксама дагэтуль знаходжуся пад уражаннем ад канцэрта ў Крамлі: пасля работы з такім выдатным мэтрам як Співакоў, і такім аркестрам як «Віртуозы Масквы», музыка раскрываецца нашмат больш ярка, чым гучала ў мяне дагэтуль. Я пачуў яе зусім інакш.

— А непрыемныя ўспаміны?

— Негатыўныя моманты звязаны ў асноўным з вучобай у Акадэміі музыкі, дзе, на мой погляд, вучэбны працэс ускладнёны, сама сістэма заняткаў перагружаная. Адчуванне, што развіваешся не дзякуючы, а насуперак… Тым, хто там вучыцца і працуе, даводзіцца прыкладаць вялікія намаганні, каб рухацца наперад.

— Што найбольш важнае — талент ці стараннасць?

— Усё, што са мной адбываецца, я лічу вялікай Божай літасцю. Падзеі і абставіны складаюцца такім чынам, што я маю магчымасць іх выкарыстоўваць, хапацца за шанц. Але гэта не адмяняе ні тытанічнай працы, ні таленту, які даецца чалавеку ад нараджэння. Адно без іншага не прыводзіць да поспеху.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 81

У журналістыцы з 1999 года. Любімая тэма – чалавек, яго лёс. Упэўнена: толькі той матэрыял будзе жыць, які прапушчаны аўтарам праз сэрца, прачулы да апошняй коскі. Сухія ж, шаблонныя артыкулы не затрымаюцца ў памяці чытача, не паўплываюць на яго светаўспрыманне... Вельмі люблю сваю працу. Але штораз, паказваючы герою матэрыялу гатовы нарыс, хвалююся, быццам здаю важны іспыт: ці здолела зберагчы-перадаць словамі тое самае, асабістае? Ці адгукаецца душа на радкі? Цвёрда перакананая, што «маленькіх» людзей не бывае. Веру ў закон сеяння і жніва.