30.04.2025
30.04.2025

Павучальная гісторыя Блакітнага Ікара (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


— О-о, куды я патрапіў! Няўжо такое насамрэч існуе?

Кірпаносы, віхрасты хлапчук сядзеў на беразе кручы над ракою і размаўляў з птушкамі і матылькамі. А яны, гэтыя заўзятыя спевакі ды рознакаляровыя модніцы, што між радаснымі сваімі спевамі-посвістамі сноўдаліся туды-сюды, садзіліся яму на плечы, на рукі, а самыя смелыя – і на яго светлавалосую галаву.

Хлопчык  углядаўся, гладзіў каторага, штосьці нашэптваў. А яны ў падзяку лашчылі яго твар дотыкам крылцаў ды зіготкіх лапак. А як падляцела Сарока, ён схапіў яе ды як шпурне з кручы ў раку.

Круча тут абрывалася стромкай жоўта-чорнай сцяной і толькі ўнізе, пры самай рацэ, заканчвалася пакатым шаўкавіста-зялёным схілам. І там з-пад раскідзістага вербалозу, дзе сядзела кнігаўка, булькатала крынічка.

— Навошта ты Сароку пакрыўдзіў? Можа, яна павітацца захацела.

— А ты што, у люстэрка глядзішся? – устрапянуўся хлопчык. – Вось і любуйся сабою, і не замінай мне сканцэнтравацца!

— Во як! Якія мы камп’ютарныя нервовыя! Спусціся сюды ды пабачыш, што тут за цікавосткі такія! А разам і прабычацца патрэбна, - падклікала яго Кнігаўка.

— Яна ўжо зляцела, - казаў Лёнік. – І не надта што затуляй тую зладзюжку, не заплача. Яна калісьці  ў мяне нататнік у залатой вокладцы сцянула да сябе ў гняздо і раскудлаціла на шматкі, а ты за яе…- І ўсё ж, што там такое цікавае, што  паўгадзіны любуешся?

— Люстэрка!

— Якое шчэ люстэрка ў трыснягу?

— А вось такое - Крынічка! Гэта мяне як заваражыла сваёй жывой крышталёвасцю, якое пераліваецца цераз ніжэйшы край, а імклівыя струменчыкі праклалі вунь у той траве і прыбярэжным пяску раўчукі да самай ракі. Вось і ўглядалася.

— Кнігаўка, а няўжо так цікава?

— Яшчэ як! Углядалася ў яе свежаць і разважала пра тое, што дзякуючы гэтай крынічцы мы, птушкі, ды  звяры будзем круглы год з вадою, - адказвала вясёлая Кнігаўка. - Гэта вам, людзям, лета або зіма – усё адно, вада ёсцека ў калодзежы, або ў кране. А нам трэба самім аб усім дбаць.

Выказалася і зляцела на бліжэйшы поплаў.

Раптам падляцеў да хлопчыка матылёк з ярка-блакітна шаўкавістымі крылцамі і сеў на вуха.

— Давай знаёміцца! Я— Блакітны Ікар! А цябе як зваць?

— А я - Лёнік! Бачу, што ты і сапраўдны на самалёт падобны! Такі ж вялікі і бліскучы.

— Ну прывітанне! А як жа, самалёт! Ну, а ты хто, Лёнік з канапушкамі? – спытаў матылёк. – І чаму ты такі сумны? Радуйся вясне!

— Прывітанне, матылёк! Я – школьнік, у трэцім класе вучуся. Сумны, кажаш. А я і сам не ведаю чаму. Нічога не хочацца рабіць.

— Як гэта нічога не хочацца? Што зрабілася? А ну, давай расказвай!

— Разумееш, на ўроку прыродазнаўства нам задалі “схадзіць у прыроду” і ўвачавідкі пазнаёміцца з яе насельнікамі – птушкамі, матылькамі, жучкамі рознымі.

— Дык гэта ж цудоўнае заданне!

— Вось іменна, што цудоўнае! Я і пайшоў па інэрнэце блукаць. Там так здорава! Столькі ўсяго цікавага! А тата з мамай сварыліся на мяне і ўрэшце на месяц забаранілі ў кампютары забаўляцца. Сказалі, каб ішоў не ў віртуальны свет, а з мальбертам да рэчкі, што нібыта незвычайная сярэбраная лента,  цячэ, працягнуўшыся каля горада.

— А тут (адкуль толькі ўзялася!) Кнігаўка пралятала, ну і падтрымала намеры бацькоў. Сказала, што і ёй будзе з кім паразмаўляць: “Чыы-ы-вы, чыы-ы-вы, чыы-ы-вы…”, бо ўсё на сваім гняздечку сядзіць, што зусім непадалёку аліўкава-бурыя яечкі з чорнымі плямінкамі сагравае.

— Дык што тут кепскага?

— А тое, што трэба ўсё запісваць, а потым расказаць ля дошкі, што бачыў, якія змены ў прыродзе адбыліся, якія кветкі і дзе растуць.

— І што?

— А тое, што я, як будучы мастак, ўсё ўбачанае павінен перанесці на паперу, намаляваць акварэллю, разумееш?

— Ура-а! Блакітны Ікар будзе ў эпіцэнтры карціны! Ці не так, Лёнік?

— Вось гляджу на ўсё гэта і думаю, як намаляваць, каб усё ўмясцілася на аркуш? І тады я буду лепшым у класе!

— Лепшым ты і так станеш! Толькі навошта ўсё уціскаць на адзін аркуш? Выбірай галоўнае і малюй!

— Ну гэта ты па-свойму разумееш, я ж не ведаю ні кветак, ні птушак, - недаўменна адказваў хлопчык Лёнік. (Ён і сам не ўяўляў, што хацеў сказаць матылёк). - А там, у камп’ютары, я ўжо многа гульняў закрытымі вачыма ведаю, дзе шмат узроўняў прайшоў, засталося яшчэ крыху, і я стаў бы пераможцам, - голас Лёніка зазвінеў і вочы заблішчэлі.

— Не-е разумею, - працягваў матылёк. – Вось дык цікава, жывеш сярод прыроды, а сутыкнуўся з ёю ўпершыню! І табе даражэй тыя штучныя камп’ютарныя забавы за гэтую прыгажосць?

— Ну-ну, не задзірайся, - пагрозліва агрызнуўся будучы мастак. - Я бачу навакольны свет, чаго яшчэ трэба?

— Бачыць мала, яго разумець трэба!

— Ой, толькі не трэба павучаць, - супрацівіўся Лёнік. – Цяпер час такі!

— А ніхто і не павучае, толькі падказваю. Лёгка збіцца з тропу, толькі ці лёгка на яго вярнуцца.

Міма іх праляцеў доўганогі Бусел у чырвоных ботах, за ім – чародка Драздоў і колькі рознакаляровых матылькоў з непрадказальнымі траекторыямі палёту.

— Ты толькі зірні, зірні! Яны такія яркія, і кожная на ўздзіў без канца прыгажуня, якіх ты яшчэ не бачыў.

— Я толькі ведаю капусніцу ды крапіўніцу, - выказаўся Лёнік, - і развёў рукамі.

— Галоўнае – пільна ўглядайся ў наваколле! Запамінай аблічча, рухі…

Нечакана перад імі, гучна закрычаўшы: “Эррр…эрррр…кува”, вылецела буравата-белая курапатка.

— Цьфу! – плюнуў у бок Лёнік. – Напалохала!

— Ха-ха-ха… - зарагатаў Блакітны Ікар. - Цяпер ты на свае вочы бачыш: вось дзе сапраўдныя забавы! Толькі паспявай занатоўваць у памяці, а потым перанясеш на паперу.

— Я не паспею.

— Яшчэ як паспееш! Табе ўсяго што і патрэбна, дык гэта любіць кожную жывую істоту! Хаця б поглядам. І яны самі да цябе пацягнуцца. Зірні, вунь качкі ляцяць!

“Віць, віць, віць”, - над іх галовамі часта-часта засвісталі, махаючы крыламі буравата-шэрыя птушкі. І селі непадалёку.

— Кра-кра-кра, - неўзабаве данеслася адтуль.

А яшчэ праз хвіліну яны выплылі акурат насупраць юнага мастака:

— Лёнік, намалюй нас! – у адзін голас звярнуліся да яго Качкі. - І паспяшайся! А тое ў лазняку хітрая пралаза ў рыжым кажушку з візітам цікуе.

Лёнік нарэшце ўвайшоў у творчы запал, і на аркушы акрамя рэчкі быў Бусел з Драздамі, Кнігаўка з Качкамі і яшчэ многа што.

— А вунь і чорны з фіялетавым адлівам Грак прыляцеў, апусціўся ля самай вады, бачыш? “Кр-крр, кр-крр, кр-крр…” – вымаўляе. - Дзівіцца твайму з’яўленню. Напэўна, цікава і яму патрапіць на тваю карціну.

— Я толькі і марыў цябе сустрэць, Грак! – гукнуў Лёнік і літаральна за колькі рухаў алоўкам зрабіў партрэт таго франта.

Грак павольна хадзіў па беразе, углядаючыся ў ваду, раз-пораз спыняўся, браўся крыламі ў бокі, папраўляў белы гальштук-бабачку, пазіраваў мастаку. Мусіць, і ён у тыя хвіліны марыў аб адным, што абавязкова падорыць свой партрэт любай сяброўцы.

— Хаця не абыдзі ўвагай вунь тую пару Лебедзяў! – прапанаваў Блакітны Ікар.

— І Сіваграка, і чараты, і аер са стракозамі, і нават вунь тыя спелыя суніцы… - ўжо бачу. І ўсё бачу! І не абміну, не хвалюйся! Галоўнае – у цэнтры карціны будзеш ты! І назавём яе – “Адзін на адзін з прыродай”.

— Ну вось і цудоўна! Так што крыўдзіцца ні накога не трэба, - дадаў Блакітны Ікар. – Кожную, асабліва бацькоўскую, параду шануй і цані! Урэшце, трэба быць удзячным усім, Лёнік, зразумеў?

— Ды ўжо зразумеў. Вось ты, матылёк, добразычлівы мой сябар, а я і не ведаю, чым цябе падсілкаваць, - пацікавіўся Лёнік. – У мяне акрамя бутэрбродаў з сырам нічога няма.

— Для мяне харч па ўсім наваколлі! Бач, колькі квецені навокал! І сталуемся мы нектарам кветак, - адказаў Блакітны Ікар.

— Напэўна, гэта так здорава?

— Так, Лёнік. Смаката! Акрамя таго што самі радуемся такому харчу, дык яшчэ і для чалавека і для саміх раслін карысць прыносім.

— Як гэта?

— Збіраючы нектар, мы адначасова апыльваем іх. І расліны, кветкі, дрэвы даюць сваё  плады, якія спажывае кожны ахвотны, у тым ліку і ты.

— Як цікава! А скажы мне, калі ласка, а вось такія неверагодныя каляровыя ды фігурныя спалучэнні ва ўборах і ў цябе, і ў тваёй сяброўкі?

— Не, нашыя шаўкавістыя крылцы, якія, дарэчы, на сонцы пераліваюцца, маюць розную афарбоўку, - распавёў Блакітны Ікар. – Маю прыгажосць ты бачыш, а вось у маёй сяброўкі – карычневы тон з паўмесяцавымі аранжавымі плямамі.

— От здзівіў, дык здзівіў! – усцешыўся Лёнік.

Сапраўднае ж дзіва было наперадзе. У той дзень на ўроках толькі і казалі што пра карціну Лёніка. Гэта ён адзін з класа “схадзіў” у жывую прыроду і падцвердзіў цудоўным малюнкам, які ні адной віртуальнай вандроўкам не пад сілу зрабіць. Нездарма яго карціна “ Адзін на адзін з прыродай” адразу знайшла сваё месца ў школьным музеі.

А тая крынічка ля ракі бурліць і плюскоча. Імклівымі ручайкамі пераліваецца, сцякае па раўчуках на поплаў, дзе жыватворнай вільгаці чакаюць як хадзячыя, так і лятаючыя, і поўзаючыя – усё жывое на гэтай зямельцы.

І зараз Лёнік, які дакрануўся да чыстай душы Прыроды, расказвае пра яе неспазнаную таямнічасць і загадкавасць. Каб не было такіх прасветленых куточкаў, не было б і той прыгажосці, якой дыхае светла плынная наша краіна.

Шкодныя звычкі не пазычаюцца, або Калі вучоба не ў радасць. Частка 6 (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"