19.11.2020
19.11.2020

Як дзіцячы сад уплывае на развіццё дзіцяці. Погляд неўролага

logo
Адукацыя і выхаванне
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ёсць тры асноўныя фактары, якія вызначаюць агульнае развіццё дзіцяці ў цэлым і развіццё маўлення ў прыватнасці: медыцынскі (стан здароўя), кагнітыўны (генетычна абумоўленыя псіхічныя здольнасці) і псіхасацыяльны (атмасфера, у якой расце і выхоўваецца малыш, уключаючы бытавыя ўмовы, а таксама працэс узаемінаў з сямейнікамі і соцыумам).

Пік бацькоўскай занепакоенасці з нагоды гарманічнага развіцця ўзнікае, як правіла, бліжэй да 2–2,5-гадовага ўзросту дзіцяці. Адказваючы на прыёме на пытанні мамаў і татаў, чаму іх дзіця не есць самастойна, не ходзіць на гаршчок ці амаль не размаўляе, асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА Аліса Кудлач задае сустрэчнае пытанне: ці наведвае малыш дзіцячы калектыў?

Мы запыталіся ва ўрача, якое дачыненне мае дзіцячы сад да развіцця дзіцяці ў цэлым і развіцця маўлення ў прыватнасці і чаму яго наведванне важнае для пастаноўкі правільнага дыягназу.

Аснова развіцця дзіцяці – імітацыя

Аснова развіцця дзіцяці – імітацыя

Калі казаць вельмі ўтрыравана, працэс развіцця дзіцяці ў частцы навучання, набыцця неабходных навыкаў, у развіцці і ўдасканаленні вышэйшых псіхічных функцый грунтуецца на двух кітах: зрокавым і слыхавым успрыманні і наступным узнаўленні. Усё тое, чаму малыш навучаецца па меры сталення, уся яго дзейнасць – па сутнасці імітацыя. Ён слухае і паўтарае. Глядзіць і робіць.

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Возьмем, да прыкладу, развіццё маўлення. Калі бацькі хочуць, каб дзіця хутчэй загаварыла, у яго павінна быць пастаянная моўная стымуляцыя звонку. Не з тэлевізара, тэлефона альбо плэера, а менавіта з боку людзей. Па сутнасці, мама, якая праводзіць з дзіцем больш за ўсё часу, павінна ператварыцца ў радыё: што б яна ні рабіла, трэба размаўляць. Малыш назірае, як размешчаныя яе вусны, шчокі, язык у той момант, калі яна вымаўляе розныя словы. Зрокавае запамінанне стымулюе цэнтры ўспрымання, каб потым маторная каардынацыя маўленчых рухаў працавала правільна. Дзіця слухае, назірае, запамінае, узнаўляе. Тое ж самае адбываецца і з іншымі псіхічнымі ды маторнымі навыкамі.

Навошта дзіцяці дзіцячы сад

развіццё дзяцей ў калектыве

Узнікае заканамернае пытанне: навошта тады дзіцяці дзіцячы сад і як ён можа дапамагчы, калі імітацыі дзеянняў сямейнікаў павінна быць дастаткова?

Безумоўна, размова не ідзе пра тое, што наведванне дзіцячага калектыву з'яўляецца абавязковым этапам, які гарантуе гарманічнае развіццё дзіцяці. Разам з тым, вопыт паказвае, што прарыў у развіцці часцяком здараецца менавіта тады, калі малыш пакідае межы мікрасоцыуму (сям'і) і трапляе ў макрасоцыум (дзіцячы калектыў).

Тлумачыцца гэта проста. Калі дзіця пастаянна знаходзіцца ў сваім мікрасоцыуме, надыходзіць момант, калі ў яго знікае неабходнасць «напружвацца» – актыўна і паскорана ўдасканальваць набытыя навыкі, навучацца новаму: яму знаёмыя ўсе прадметы інтэр'еру, абставіны ў цэлым заўсёды аднолькавыя. І сямейнікі выдатна разумеюць яго маўленне, няхай нават тое, што складаецца з асобных гукаў ці складоў.

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Зусім іншая справа, калі ўчарашні хатні малыш трапляе ў дзіцячы сад і межы яго маленькага свету пашыраюцца. Мяняюцца абставіны, асяроддзе, задачы, якія неабходна выканаць. Адпаведна, даводзіцца «ўключаць» свае рэзервы: не можаш сказаць – дзейнічай па-іншаму (пакажы, навучыся размаўляць і г.д.). Да таго ж, вакол дзіцяці знаходзяцца такія ж маленькія істоты, як ён сам, але з рознымі варыянтамі і спосабам камунікацыі, розным псіхатыпам, са сваёй хуткасцю разумовых працэсаў і індывідуальным наборам навыкаў... Бо ў садзе дзеці з розных сем'яў. Адзін цалкам самастойны для свайго ўзросту, усё ўмее і ведае, бо ў яго сям'і ёсць старэйшае дзіця, а то і некалькі. Другі – адзінае дзіця, над якім узмоцнена апякуюцца дарослыя сямейнікі... І вось тут пачынаецца самае цікавае.

Роля люстраных нейронаў: назірай і паўтарай

Прыкладна 10-15 гадоў таму вучоныя выявілі спецыфічныя клеткі – люстраныя нейроны, якія размяшчаюцца групамі ў розных аддзелах галаўнога мозгу чалавека.

Люстраныя нейроны – спецыфічны тып сэнсаматорных нейронаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе як выканання маторнага акта, так і ў зрокавым успрыманні аналагічнага маторнага акта, выкананага іншым індывідам.

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Пры дэталёвым вывучэнні люстраных нейронаў было выяўлена, што гэтыя клеткі паказвалі абсалютна аднолькавую актыўнасць, калі чалавек сам выконваў пэўнае дзеянне і калі назіраў, як гэтае дзеянне выконвае іншы. Менавіта дзякуючы працы гэтых люстраных нейронаў чалавек вучыцца спачатку ўспрымаць дзеянне, а потым яго ўзнаўляць. Кажучы навуковай мовай, гэтыя клеткі галаўнога мозгу адыгрываюць ключавую ролю ва ўспрыманні, разуменні, інтэрпрэтацыі дзеянняў іншых людзей і навучанні новым навыкам шляхам імітацыі. Такім чынам, праца люстраных нейронаў вельмі важная і ў псіхічным развіцці ў цэлым, і ў развіцці маўлення ў прыватнасці.

У кантэксце размовы пра ўплыў дзіцячага сада на развіццё дзіцяці актыўнасць глядзельных нейронаў набывае асаблівую актуальнасць. Дзіця, трапляючы ў акружэнне такіх жа малых, як ён сам, пачынае «счытваць» тыя дзеянні, якія яны выконваюць: самастойна ядуць лыжкай (дома яго магла карміць мама, напрыклад); ходзяць на гаршчок (у сям'і ніхто з дарослых на гаршчок не ходзіць); размаўляюць і г.д. Пры нармальным развіцці тут жа ўключаюцца люстраныя нейроны і спрацоўвае патрэба ў імітацыі. Паступова малыш пачынае паўтараць гэтыя дзеянні.

 

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Калі дзіця на працягу двух-трох месяцаў пасля пачатку наведвання дзіцячага сада ўключаецца ў працэс «жыццёвага навучання», мы можам казаць, што псіхіка ў яго ў цэлым захоўная і развіццё ідзе гарманічна. Могуць быць выяўленыя пэўныя асобныя парушэнні: напрыклад, маўленчыя, калі патрэбная дапамога лагапеда ці дэфектолага; альбо сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ), які таксама паддаецца карэкцыі. Але ў цэлым дзіця, так бы мовіць, «у парадку». Калі ж праца люстраных нейронаў парушаная, дык няхай там хоць сто дзетак сядзе на гаршчок, нашае дзіця гэтае дзеянне самастойна не паўторыць ні праз паўгода, ні праз год. Спатрэбіцца карэкцыя з прыцягненнем розных спецыялістаў і прымяненнем розных методык.

Лічыцца, што люстраныя нейроны таксама ўдзельнічаюць у разуменні эмоцый іншых людзей (развiцці эмпатыі) і навыку адэкватнага набыцця моўнай функцыі (развіцці маўлення).

Наведванне дзіцячага сада – лепшы сацыяльны тэст на вызначэнне, чаму дзіця маўчыць і які варыянт парушэння развіцця ў яго мае месца быць. Калі ў цэлым псіхіка захоўная, але ёсць некаторая затрымка ў маўленчай экспрэсіі (цяжкасці з узнаўленнем альбо адсутнасць неабходнасці вучыцца размаўляць, бо ў сям'і яго і так усе разумеюць), дык праз пару месяцаў у дзіцячым садзе дзіця загаворыць. Няхай не адразу ідэальна, дрэнна вымаўляючы асобныя гукі, канчаткі, але прагрэс будзе відавочным. Калі гэтага не адбудзецца, спатрэбіцца дадатковае абследаванне для высвятлення і карэкцыі праблемных аспектаў развіцця.

 

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Хачу звярнуць увагу, што адэкватнымі з'яўляюцца вынікі падобнага «тэсту» менавіта пасля 2-3 месяцаў штодзённага наведвання дзіцячага сада, а не 2-3 гадзіны ў дзень пару разоў на тыдзень. Для набыцця і замацавання любога навыку дзіцяці неабходныя час і розныя акалічнасці: сумесныя гульні, падрыхтоўка да сну, прыняцце ежы. Ад бацькоў у гэтай сітуацыі патрабуецца толькі цярпенне.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама