17.01.2023
17.01.2023

Пісала вершы толькі на беларускай мове. Цікавыя факты пра Канстанцыю Буйло

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Першыя дваццаць гадоў XX стагоддзя сталі часам, калі ў беларускім культурным грамадстве абазначыліся асноўныя напрамкі сучаснай літаратурнай і тэатральнай класікі. У тыя гады ў Вільні былі надрукаваны першыя творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, з аншлагам праходзілі прадстаўленні трупы Буйніцкага.

У 1917-м дваццацігадовая Канстанцыя Буйло напісала верш, названы адным словам: «Люблю» («Люблю наш край, старонку гэту...»). Яго простыя і праніклівыя радкі дагэтуль знаходзяць шлях да сэрца кожнага, хто нарадзіўся на Беларусі. Словы, пакладзеныя на музыку кампазітарам М. Равенскім, сталі ўвогуле народнай песняй.

Канстанцыя Антонаўна Буйло (сапраўднае прозвішча Калечыц) пакінула адметны след у беларускай літаратуры. Яна нарадзілася ў Вільні ў 1893 годзе (па некаторых звестках на Ашмяншчыне) у сялянскай сям’і.

Сям'я Канстанцыі Буйло

Бацька Канстанцыі працаваў старшым конюхам у стайнях князя Гагарына, а пасля пераезду ў 1895 годзе ў мястэчка Вішнева Ашмянскага павета (цяпер Валожынскi раён) стаў арандатарам, лясным аб’ездчыкам. Антон Аляксандравiч быў пiсьменны, iмкнуўся даць адукацыю ўсiм сваiм дзецям. Хоць і жыла сям’я вельмi бедна, часта пераязджала.

Грамаце дзяўчынка навучылася дома, заахвоцiлася пiсаць вершы. Канстанцыя Буйло скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні ў 1914 годзе. Настаўнічала на Лагойшчыне, загадвала беларускай кнігарняй у Полацку.

У гады Першай сусветнай вайны Канстанцыя Буйло працавала справаводам у канцылярыі Усерасійскага земскага саюза (займаўся забеспячэннем войска). Там пазнаёмілася са студэнтам сельскагаспадарчай акадэміі Віталем Калечыцам, за якога ў 1916 годзе выйшла замуж. У хуткім часе яны пераехалі ў Валакаламскі павет (Падмаскоўе). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Канстанцыя Буйло працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, затым бухгалтарам у саўгасе «Данілкава».

У 1923 годзе яе мужа запрасілі ў Маскву. Там была адкрыта Усерасійская сельскагаспадарчая і саматужна-прамысловая выстаўка, на якой Віталь Калечыц загадваў павільёнам Сярэдняй Расіі. Некаторы час паэтка заставалася хатняй гаспадыняй, потым уладкавалася мантажніцай у цэх лабараторнага абсталявання завода «Аграном», пазней працавала загадчыцай склада.

Топ-5 кніг на беларускай мове вартыя для прачытання ў снежнае надвор'е

Яе сувязь з Беларуссю абмяжоўвалася перапіскай і сустрэчамі з Янкам Купалам і яго жонкай, калі яны прыязджалі ў Маскву.

У 1920-ыя гады асабiстае жыццё складвалася вельмi шчаслiва, у яе быў любiмы муж, яна гадавала сына. У 1933 годзе яе мужа рэпрэсiравалi i яна стала жонкай «ворага народа». Вiталiй Калечыц быў на пасяленнi, а ў 1938 годзе арыштаваны зноў, згiнуў назаўсёды.

Канстанцыя Буйло. Маладосць

Канстанцыя Антонаўна заставалася ў Маскве. Некалькі гадоў працавала начальнікам аддзела збыту Палітэхлабарсаюза, у 1940 годзе стала начальнікам аператыўнага аддзела, затым выконвала абавязкі намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзабпрам.

Новы перыяд творчасцi пачаўся ў Канстанцыi Буйло ў Вялiкую Айчынную вайну. Паэтэса зноў апынулася сярод беларускiх пiсьменнiкаў, якiх вайна закiнула ў Маскву. Яна сустракалася з Кузьмой Чорным, Піменам Панчанкам, Максімам Лужаніным, Міхасём Лыньковым і іншымі, асаблівыя адносіны былі з Уладзіславай Луцэвіч. У першыя пасляваенныя гады Канстанцыя Анатольеўна часта прыязджала ў Мінск на з’езды і пленумы пісьменнікаў, розныя літаратурныя ўрачыстасці. У 1944 годзе была прынята ў Саюз пісьменнікаў БССР.

Уладзіслава Луцэвіч і Канстанцыя Буйло

Асноўныя тэмы яе творчасцi — лёс народа i асобных людзей, працоўны ўздым, узаемаадносiны памiж людзьмi.

Хоць жыццё трымала паэтэсу далёка ад Беларусi, пiсала яна толькi на беларускай мове.

Пісаць вершы Канстанцыя Буйло пачала вельмі рана. Яе паэтычны талент развіваўся пад уплывам творчасці Янкі Купалы, што асабліва прыкметна ў першых вершах «Хвоя», «Салавейка», «Скора зіма», «Хаўтурны звон». Яны былі апублікаваны ў 1909 г. пад імем брата паэтэсы.

Наступныя творы – «Лес», «Вясной», «Мне сніўся сон», «Дзяўчына», «У бяссонную ноч», «Курган» – надрукаваны ў 1910 годзе і падпісаны ўжо ўласным імем. У 1914 годзе у Вільні быў выдадзены першы паэтычны зборнік Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» (факсімільнае выданне ў 1989 г.), які адрэдагаваў Янка Купала. У кнігу ўвайшло больш за 40 вершаў і 2 драмы «Кветка папараці» і «Сягонняшнія і даўнейшыя». У 1920 г. у часопісе «Рунь» быў апублікаваны абразок «Крывавы год». П’есы Канстанцыі Буйло шырока ставілі драматычныя аматарскія гурткі і паўпрафесійныя калектывы.

Зборнік Канстанцыі Буйло

Далей былі напісаны ўзнёслыя і глыбока патрыятычныя вершы «У маёй майстэрні», «Шмат дзён прайшло», «Над Донам», «Памяці сябра» і інш. Яны прасякнуты каханнем, пяшчотай, душэўнымі пакутамі. Дарэчы, у 1948 годзе Канстанцыя Буйло зноў выйшла замуж – за Барыса Ермакова.

У пасляваенны час паэтка плённа працавала і яе творы шырока друкаваліся ў беларускіх выданнях. У 1950 г. выйшаў другі зборнік паэзіі «Світанне», рэдактарам якога быў Пятрусь Глебка. Потым з’явіліся кнігі «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973) і іншыя, зборнікі вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984).

Паэзія Канстанцыі Буйло вызначаецца глыбокім лірызмам, цеснай сувяззю з народнай творчасцю. У вершах яна быццам расказвала пра сябе, свае бязмежнае пачуццё любові.

Канстанцыя Буйло. жыццё і творчасць

За сваю лiтаратурную дзейнасць Канстанцыя Буйло ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР і медалямі. У 1968 годзе атрымала ганаровае званне – заслужаны дзеяч культуры БССР.

Памерла 4 чэрвеня 1986 года. Пасля смерці Канстанцыя Буйло была пахавана спачатку ў Маскве, але ў 1989 годзе ўрна з прахам беларускай паэтэсы перавезена ў вёску Вішнева Валожынскага раёна, дзе на магіле пастаўлены помнік.

У гонар Канстанцыі Буйло ўстаноўлена мемарыяльная дошка на Вішнеўскай сярэдняй школе, якой прысвоена яе імя. У Мiнску iмя паэтэсы дадзена адной з вулiц.

Сёлета ў студзені адзначаюць 130-годдзе з дня нараджэння паэткі.

https://bel.24health.by/kalyadnyya-apavyadanni-u-belarusau-shto-pisali-na-svyatochnuyu-tematyku-yakub-kolas-zmitrok-byadulya/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Асобы i лёсы"