22.05.2025
22.05.2025

Погляд з розных бакоў: як літаратура ўзаемадзейнічае з маладым пакаленнем?

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

6 мая на факультэце журналістыкі БДУ прайшоў круглы стол «Як беларуская літаратура размаўляе з новым пакаленнем?» з удзелам сучасных беларускіх пісьменнікаў. Сярод іх галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Вольга Рацэвіч, а таксама літаратурны крытык Людміла Рублеўская.

На мерапрыемстве прысутнічалі школьнікі і студэнты – пераможцы рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «БрамаМар 2025». Яны змаглі задаць хвалюючыя пытанні і атрымаць падрабязныя адказы.

Асаблівасці беларускай літаратуры ў новым часе

– У літаратуру прыходзяць маладыя, – так падкрэсліў падчас мерапрыемства Віктар Шніп. — Насамрэч, зараз на старонках часопісаў і кніг сустракаюцца прозвішчы малавядомых юных пісьменнікаў, якія ўносяць свой уклад у станаўленне літаратуры.

Людміла Рублеўская, наадварот, лічыць што ўзрост – паняцце адноснае:

– Хтосьці прыходзіць у літаратуру падлеткам, а хтосьці – ужо мудрацом. І так можа замацавацца на доўгія гады. Бывае, калі мудрэц становіцца падлеткам, а падлетак – мудрацом.

– Моладзь зараз жыве не ў гісторыі, а ў культуры. Менавіта гэта і адбіваецца на яе творчасці, – падзялілася меркаваннем Вольга Рацэвіч. Пад гэтым разумеецца тое, што маладое пакаленне не пражывае карэнных змен у грамадстве і на яго ў большай ступені ўплываюць культурныя падзеі.

Якія жанры і сродкі выразнасці ў літаратуры набылі папулярнасць апошнім часам?

Віктар Шніп і Вольга Рацэвіч сышліся на меркаванні, што гэта верлібры, фантастычныя апавяданні, эсэ. Цікава, што класічныя жанры літаратуры нікуды не сышлі – з цягам часу яны мадэрнізуюцца. Гэта тычыцца у асноўным інтэрпрэтацый паводле твораў Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Аднак важна памятаць і пра іх першапачатковае значэнне.

– Папулярнасць у беларускай літаратуры могуць набыць фанфікі і коміксы, – адзначыла падчас рпзмовы Людміла Рублеўская.

Якім мусіць быць сучасны пісьменнік?

Віктар Шніп упэўнены, што чалавек, які піша, павінен мець свой голас, менаіта такую асаблівасць, якая вылучыць яго з вялікай колькасці іншых твораў:

– Сапраўдны аўтар павінен напісаць пра любоў да Радзімы без слова «люблю» так, каб чытач зразумеў, што да яго хочуць данесці.

Вольга Рацэвіч лічыць, што навучыцца пісаць верш нельга і што радкі павінны проста «нараджацца» з душы:

– Бывае такое: калі чытаеш верш, то дзівішся, наколькі цікавыя думкі і незбітыя выявы ўзнікаюць у аўтара, але форма абрана няўдалая – тады даводзіцца дапамагаць і ўносіць свае карэктывы.

А Людміла Іванаўна нагадала, што ў літаратуры неабходна заставацца сабой, нягледзячы ні на якія каноны і літаратурныя законы.

– Памятайце: крытыка лепш, чым пахвала. Дзякуючы ёй, вы зможаце лепш аналізаваць свае творы. Пакуль сам не пастукаеш у дзверы, ніхто не адчыніць, – сказаў Віктар Шніп, звяртаючыся да публікі.

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы дзеліцца пераможца конкурсу ў намінацыі «Паэзія школьная» Надзея Поклад:

– Хачу падзякаваць арганізатарам «БрамаМар» за магчымасць паразмаўляць з вядомымі людзьмі, даведацца пра іх меркаванне, а таксама абмяняцца сваім творчым вопытам і цёплымі абдымкамі з іншымі ўдзельнікамі. Пасля гутаркі я зразумела, што цяпер мне нястрашна памыляцца і спрабаваць пісаць зноў і зноў!

Адказы на пытанні сучаснасці ў беларускай літаратуры. Топ-10 кніг на ўсе часы

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"